Меркаванні

«Лукашэнка так хацеў утрымацца ва ўладзе, што ахвяраваў сваім народам». Коратка пераказваем фільм Дудзя пра беларусаў, ад якога многа хто плача 

Папулярны расійскі блогер Юрый Дудзь зняў трохгадзінны фільм пра беларусаў, якія пасля пратэстаў у 2020-м вымушана пакінулі сваю краіну. Па словах аўтара, ён хацеў даследаваць, што значыць не па сваім жаданні паехаць з дому, які вельмі моцна любіш, прычым паехаць надоўга, а магчыма і назаўсёды. І паспрабаваць зразумець, ці могуць рэпрэсіі ў Расіі дасягнуць такога ж маштабу, як у сённяшняй Беларусі. 

«Мы жывём у атмасферы абсалютнай трывогі»

Першы герой фільма — журналіст Мікіта Мелказёраў, які да 2020-га працаваў у «Анлайнеры» і паралельна здымаў сваю праграму, а пасля цалкам сышоў у YouTube, дзе робіць праект «Жыццё-маліна». Свой ад’езд з Беларусі ён тлумачыць тым, што 3-га чэрвеня 2021-га затрымалі журналіста Аляксандра Івуліна, які рабіў у YouTube праект «Честнок» пра беларускі спорт. 

«Я разумеў, што ў сілавікоў існуюць расстрэльныя спісы актыўных людзей, якія навідавоку. Я разумеў, што я не ў першых шэрагах гэтых спісаў, але да 3-га ліпеня Саша Івулін быў значна ніжэй за мяне, і ён рэзка ўзняўся ўверх. Сітуацыя была рандомнай, і я дакладна разумеў, што трэба ўцякаць».

Адзначым, што Мелказёраў, у адрозненне ад Івуліна, не быў на акцыях, пратэстная тэма з’яўляецца толькі ў яго размовах з героямі, але сам ён у пратэстах не ўдзельнічаў, ні як грамадзянін, ні як журналіст, ні ў 2020-м, ні да таго.

«Трэба разумець, што мы жывём у атмасферы абсалютнай трывогі. І пытанні, чаму ты яшчэ не сядзіш, гучалі рэгулярна, — працягвае Мікіта. — Лета 2020 года — найлепшае ў маім жыцці і ў жыцці многіх беларусаў.

Мы адчулі такую датычнасць да краіны, што можам на нешта ўплываць, без усіх гэтых размоваў, што палітыка — гэта не ваша, ты напоўніў сэнсам слова «грамадзянін».

Летам 2020-га я кожныя дзесяць хвілін выскокваў паглядзець, ці няма пад маімі вокнамі міліцэйскай машыны. Ты жывеш у такім напружанні, не адказваеш на незнаёмыя нумары. А калі з’язджаеш, ёсць пачуццё віны, думаеш, ці правільна ты зрабіў, грызеш сябе знутры. 

«За 80 год нічога не змянілася»

Журналіст і блогер з Гродна Руслан Кулевіч на сваім канале «Мы вернемся» паказвае гісторыі беларусаў з розных сфер, не толькі айцішнікаў, якія выступілі за перамены і былі вымушаныя ратавацца ад пераследу за мяжой. 

«Мая задача — паказаць, што рэвалюцыя была не толькі ў Мінску, але і што было ў рэгіёнах, — Руслан Кулевіч. — Спачатку я здымаў пра герояў з Заходняй Беларусі, цяпер пераходжу на Усход. Мне самому было цікава, што там адбылося, бо ў нас, на Захадзе, кажуць, што на Усходзе жывуць ватнікі, то-бок больш прыхільнікаў далучэння да Расіі, але, як паказваюць гісторыі маіх герояў, там таксама былі пратэсты, і па 15 тысяч чалавек выходзіла». 

Руслан — аўтар некалькіх кніг пра гродзенцаў, якія яшчэ ў савецкія часы пакінулі свой дом.

«Я пытаў, чаму яны з’язджалі. Яны адказвалі, што беглі ад камунізму. Выбар быў ці Польшча, ці Сібір. Я і цяпер з імі стэлефаноўваюся, ім ужо па 90 год. І яны кажуць: «Мы збягалі ў 1946-м, калі дазволілі выехаць, але думалі, што вернемся, а ты цяпер збягаеш, і ад тых жа камуністаў. За 80 год нічога не змянілася, адныя і тыя ж людзі сядзяць ва ўладзе», — кажа хлопец.

«Хто ў турме не сядзеў, той не беларус»

Дудзь даследуе вымушаную эміграцыю не толькі з вядомымі блогерамі і журналістамі, але і з простымі беларусамі, якія ў 2020-м упершыню выйшлі на пратэст. Сярод іх пенсіянерка Аляксандра Ханевіч, якая ўзначальвала ветэранскую арганізацыю завода «Хімвалакно» ў Гродне.

«Хто ў турме не сядзеў, той не беларус. Я нават ганаруся гэтым», — кажа жанчына, якая вымушана з’ехала ў Беласток. 

Яна збірала подпісы за Лукашэнку, а пасля ўбачыла, як у яе горадзе затрымалі Ціханоўскага, і змяніла сваё меркаванне. Далей — мітынгі, затрыманне і суд. 

«Выбар быў, ці родная турма, ці замежжа, — падсумоўвае яна. — Многія кажуць так: у цябе былі лецішча, кватэра, машына, што табе яшчэ трэба было? А я не толькі за сябе выходзіла, я не бачу перспектываў для сваіх унукаў». 

У тым жа Беластоку апынуліся дзве сястры з Гродна — Жанна Захаркевіч і Надзея Сцяпанцава, былыя супрацоўніцы дзяржаўных арганізацый, асуджаныя да абмежавання свабоды. 

«Лукашэнка так хацеў утрымацца ва ўладзе, што ахвяраваў сваім народам, — тлумачыць вымушаны ад’езд Жанна. — Мы ўбачылі ў незалежных СМІ збіццё мірнага насельніцтва. Вось што прымусіла мяне выйсці.

Я не магла змірыцца з гвалтам, які прымяняюць сілавікі. Смерць Тарайкоўскага проста шакавала, калі ўжо пачалі страляць у наш народ. Дык а што будзе далей, калі мы будзем сядзець і маўчаць? Таму мы абавязаныя былі выйсці. Не так здзівіў вынік выбараў, да гэтага мы былі гатовыя, апошнія дваццаць год ён перамагаў і перамагаць будзе, пакуль народ маўчыць.

Але гвалт цярпець, калі на тваіх вачах ні за што збіваюць людзей? Людзі ад дажджу хаваюцца, іх збіваюць, з траўмамі забіраюць, а пасля на іх жа яшчэ і крымінальныя справы заводзяць! Ну як можна маўчаць? Гэта сябе перастаць паважаць. Калі можна было б памяняцца з 17-18 гадовым дзіцём, вызваліць яго і за яго адсядзець, мы б пайшлі на гэта». 

Алена — шматдзетная маці, больш за 16 год яна праслужыла ў войску, не мела ніводнага спагнання. Ёй заставаліся тры гады да пенсіі, але яна напісала рапарт на звальненне, таму што хацела быць на баку народа. Пры гэтым яе муж, таксама вайсковец, не прыняў яе выбару. Фактычна палітыка разбіла сям’ю. 

«Трапіла на плошчу, бачыла, як людзей білі, як іх зніштажалі. А яны выйшлі, каб сказаць, што скралі іх галасы, гэта была мірная акцыя. АМАП біў нават тых, хто праходзіў міма. Я апынулася побач з незнаёмымі маладымі людзьмі, на нас пабеглі, яны мне дапамаглі. Гэта было страшна. Я была ў арміі і лічыла, што мы павінны служыць народу, а не падтрымліваць Лукашэнку. Я ўдзельнічала ў акцыях, пасля працы хадзіла. А на працы нам паказвалі відэа, як робяцца рэвалюцыі за мяжой. Камандзір сказаў, што калі нехта не згодны з палітыкай нашага прэзідэнта, можна напісаць рапарт, я так і зрабіла. Пасля мяне сышлі яшчэ два чалавекі, але яны не самі падалі рапарты, ім далі такое ўказанне».

«Лукашэнка перакананы, што ён палітык сусветнага маштабу»

Эканаміст і блогер Сяргей Чалы быў у камандзе Лукашэнкі, калі той у 1994-м ішоў на свае першыя выбары. Як Лукашэнка змяніўся за гэты час?

«Па-першае, ён страціў харызму, хоць па-ранейшаму думае, што яна ў яго ёсць. Ён быў вельмі моцным аратарам, мог палемізаваць у кулямётным стылі. А ў апошнія гады падчас прэс-канфэрэнцый ладзіць сямігадзінныя маналогі, ён ужо не можна нармальна адказаць ні на адно пытанне, — мяркуе Чалы. — Ён занадта доўга знаходзіўся ва ўладзе, а з канца 1990-х кожнае важнае прызначэнне пад яго кантролем, у выніку ён паверыў у тое, што з’яўляецца фігурай сусветнага маштабу. І яго асяроддзе яму гэта ўвесь час паўтарае, а ўсе палітыкі вакол яго, як ён сам кажа, нікчэмнасці.

І да Пуціна ён так ставіцца, глядзіць на яго зверху ўніз, бо лічыць, што ў адрозненне ад яго, ён сумленна выйграў выбары ў 1994-м, яго не прывялі за руку ва ўладу». 

Айцшінік Павел Лібер, які зрабіў кар’еру ў EPAM, не цікавіўся палітыкай у 2020-м, а пасля зрабіў праграму «Голас», якая дазволіла сабраць даныя пра тое, што выбары былі сфальсіфікаваныя. 

«У Беларусі ўжо недастаткова не лезці ў палітыку, — разважае Павел. — Мы апынуліся вельмі блізка да 1937 года, калі адзін чалавек можа данесці на іншага. Сёння ні адзін чалавек у Беларусі не можа адчуваць сябе ў бяспецы. І калі не выконваецца першае патрабаванне аб асабістай бяспецы, цябе ўжо не цікавіць астатняе. Я думаю, самае вялікае дасягненне 2020 года, што людзі зразумелі, што адбываецца ў краіне, раней дзяржава ўсяляк спрабавала адвярнуць іх ад палітыкі. Думаю, тое ж адбываецца і ў Расіі». 

Чытайце таксама: 

«Ва Украіну маці праводзіла нібыта на вайну ў Чачню». Дзяніс Дудзінскі пра жыццё і працу ў Кіеве, стасункі з бацькамі і прапагандыстаў

«Бо ў Беларусі — жэсць». Калясачнік перабраўся на Канары і будуе там сабе дом

Каментары

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа14

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?8

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ сямі чалавек, вызваленых праз памілаванне

Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе10

Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?7

Выйшаў на волю заснавальнік «Кальяннай №1» Іван Мураўёў2

На Расію ўпаў астэроід21

Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча2

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

Расіянка некалькі гадоў прахадзіла з арэхам у носе. Але пасля стала цяжка дыхаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа14

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →