Меркаванні7575

Выбар Вольгі Комар

Піша дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас.

Калі я пачуў, што суддзя на першым працэсе па справе 19 снежня — выпускніца нашага ліцэя, то падумаў — недарэчны паклёп. Піша дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас.

Як толькі з’явілася інфармацыя пра гэты працэс, я, як, напэўна, і шмат хто яшчэ, звярнуў увагу на фота гэтай маладой, прывабнай жанчыны. Больш за ўсё ўразілі вочы — разумныя, добрыя. У якіх выразна чытаўся страх. Было відавочна, што яна разумее: тое, на што яе прымусілі пайсці — страшна і брыдка. Але не ісці на гэта было для яе, напэўна, яшчэ больш страшна. Незайздросны выбар, незайздросная сітуацыя. Але ў такую сітуацыю трапляюць усе суддзі. Ды што там суддзі — усе мы ў Беларусі знаходзімся цяпер у такой сітуацыі. Які выбар робіць у ёй пераважная большасць нашых суддзяў — таксама вядома. Таму мяне не вельмі кранула асабістая трагедыя гэтай маладой суддзі. Значна больш крануў і абурыў той тэрмін, які яна ўпаяла хлопцу, што першым пайшоў пад судовы канвеер. Дзе гэтая суддзя выконвала, відавочна, чыста механічныя функцыі.

А потым неверагодныя чуткі спраўдзіліся. На іншых фота я пазнаў нашу выпускніцу Вольгу Канойку, якая зараз мае прозвішча Комар. Я яе добра памятаю, бо ў ліцэі яна хадзіла і на мае заняткі па кіно. Добрая, разумная, сціплая дзяўчына. Крыху сарамлівая,

але ў вачах заўсёды ззялі вясёлыя гарэзлівыя праменьчыкі.

На «судовым» фота яны зніклі. Можа, таму адразу і не пазнаў. І яшчэ — з-за колеру валасоў. У ліцэі Вольга была шатэнкай. А можа, спецыяльна пафарбавала валасы, каб яе не пазналі выкладчыкі і сябры па ліцэі?..

Памятаю, неяк ужо даўно выпадкова сустрэў Вольгу ў будынку Гарадскога суда. Тады яна працавала адвакатам.

А я прыйшоў на нейкі чарговы працэс, пасля чарговых «выбараў». Уразіла, што Вольга адказвала мне толькі па-руску, і катэгарычна адмаўлялася пераходзіць на беларускую мову. Тлумачыла тым, што мова і сістэма, у якую яна трапіла пасля ліцэя, рэчы несумяшчальныя. Відавочна, што з гэтай сістэмай несумяшчальна і многае іншае, чаму мы вучылі і вучым. Але тэрмін нашай вучобы доўжыцца ўсяго чатыры гады. А потым нашы выпускнікі трапляюць у іншае вымярэнне. З іншымі нормамі і іншымі каштоўнасцямі. Дзе дагэтуль шануюцца помнікі катаў, на чыіх руках — кроў дзясяткаў тысяч бязвінных людзей. Дзе вуліцы носяць назвы тых, на чыім сумленні ахвяры па «ліпавых» судовых працэсах — узгадайце гучныя справы, звязаныя з «Саюзам вызвалення Беларусі», «Беларускім нацыянальным цэнтрам», і г.д. На гэтых судах таксама былі «суддзі». Якія прымалі да ўвагі ліпавыя «доказы», ці выбітыя катаваннямі «чыстасардэчныя прызнанні». І выносілі «правільныя» прысуды. Ці змянілася што з тых часоў у нашай «прававой» сістэме? Ці можна, працуючы там, заставацца сумленным чалавекам?..

Калісьці, яшчэ ў савецкія часы, калі ліцэй толькі пачынаўся, я запрасіў да вучняў Васіля Быкава. І спытаў, што ён можа параіць маладым людзям, якія, апынуўшыся, напрыклад, у войску, ці на дзяржаўнай пасадзе, атрымаюць злачынны загад: забіць ці асудзіць бязвіннага чалавека. Я чакаў, што Быкаў, які геніяльна распрацаваў у сваіх творах сітуацыю маральнага выбару, дасць нашым ліцэістам нейкую эфектную і пераканаўчую параду, універсальную інструкцыю паводзін у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. І мяне вельмі здзівіла, што спадар Васіль тады проста ўхіліўся ад адказу, прамовіўшы нешта не зусім па тэме і не зусім канкрэтнае.

Але потым я зразумеў. Быкаў не жадаў браць на сябе функцыі прапагандыста, кіраўніка розумаў і душ. Усё, што ён меў сказаць, ён сказаў у сваіх творах. І кожны, хто іх прачытаў, вольны рабіць свае ўласныя высновы і свой уласны выбар у тых няпростых сітуацыях, якія дорыць нам наша нялёгкае жыццё.

Для Васіля Парфянкова кошт ягонага выбару быў вызначаны Вольгай Комар — чатыры гады пазбаўлення волі.

Але і Вользе, якая таксама зрабіла ў гэтай сітуацыі свой выбар, прыйдзецца спазнаць ягоны кошт.
Хаця, чаму прыйдзецца? Яна яго ўжо спазнае.

Дарагія выпускнікі! Памятайце, чаму вы вучыліся ў ліцэі!

Дарагія беларусы! Жывіце па Быкаву!

Уладзімір Колас, дырэктар афіцыйна ліквідаванага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя.

Каментары75

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»7

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Усе навіны →
Усе навіны

Ветэрану з Гродна 97 гадоў — у 1945-м ахоўваў мост пад Ніжнім Ноўгарадам, а пасля вайны змагаўся з «бандэраўцамі»19

Анархісту ў Расіі далі 16 гадоў за падпал ваенкамата. Ён збег у Бішкек, яго злавілі і дэпартавалі

Брусэль плануе скараціць дыпперсанал у Беларусі11

Чарговы беларускі трэнер узначаліў кіпрскі «Арыс»

Колькі шэнгенскіх віз атрымалі беларусы ў 2024 годзе і якія краіны іх часцей выдаюць?9

Адзінаццаць гадоў Лукашэнка развівае гарады-спадарожнікі. Пакуль атрымліваецца не вельмі

У ЕС узгаднілі адмену штампаў на мяжы Шэнгену1

Людзі ў шоку ад таго, колькі каштуе восем дзён плыць па рэках Палесся на цеплаходзе «Белая Русь»13

Беларус знайшоў на набытым участку дзіўныя рэчы на выпадак апакаліпсісу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»7

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць