БЕЛ Ł РУС

Ціханоўскі з Карач згенеравалі 50‑старонкавы «маніторынг» дзейнасці «Нашай Нівы». Што з ім не так?

17.11.2026 / 16:51

Рэд.

У адным з пунктаў дайшло да таго, што Ціханоўскі — аўтар даклада — паставіў «Нашай Ніве» ў віну… свае ўласныя словы.

Вольга Карач, фота commons.wikimedia.org / Boelnorra; Сяргей Ціханоўскі, фота з Facebook

Сайт «Нашага дома» апублікаваў 50‑старонкавы «маніторынг» пра тое, як «Наша Ніва» нібыта цкуе дэмакратычных актывістаў. Гэты тэкст пісаў не чалавек, а штучны інтэлект. Пра гэта сведчаць не толькі аднастайная структура пунктаў, тыповая для ШІ лексіка, але і метаданыя PDF-файла, створанага на аснове Python-docx.

Аўтары даклада — Сяргей Ціханоўскі і «Наш дом» Вольгі Карач. Абое фігуруюць у ім і як «пацярпелыя». 

Такія доўгія тэксты часта разлічаныя на тое, што ніхто не будзе ўчытвацца.

Аднак мы ўзялі кожны кейс з даклада і перачыталі артыкулы, на якія ён спасылаецца. Мы праверылі ўсе ўказаныя кейсы па арыгінальных тэкстах. Ніводная прэтэнзія не пацвердзілася ў той форме, у якой яе падае даклад.

1. «Наш дом» і Ціханоўскі выдаюць задакументаванае за «недаказанае»

Вольга Сямашка і Фёдар Гарбачоў. Другі пашпарт Гарбачова на імя Віктара Макавеева пацвярджаюць дзве незалежныя крыніцы. Першая — аналіз фота «Белпола»: штучны інтэлект ацэньвае імавернасць таго, што на фота Гарбачова і Макавеева адзін і той жа чалавек, у 99,99992%. Другая — «Кіберпартызаны»: у пашпартнай базе ёсць два пашпарты, выдадзеныя аднаму і таму ж чалавеку. Пазіцыя Сямашкі ў тым жа тэксце прыведзена.

Пашпарты прыкрыцця на іншае імя ў Беларусі выдаюць толькі спецслужбы, у сваіх мэтах. Ніякіх іншых тлумачэнняў тут быць не можа.

Іншая гісторыя — пра апублікаваны скрыншот у канале блогера Віруса. Сямашка не адмаўляе, што рабіла скрыншот менавіта яна. Па яе словах, яна аддала яго іншаму чалавеку. Гэтае тлумачэнне (пазіцыя іншага боку) у артыкуле ёсць.

Святлана Галуза. Кейс былой памочніцы Андрэя Стрыжака трымаецца не толькі на версіі «Байсола», як сцвярджае даклад. Пра ўцечку кажуць абодва бакі: і той, у каго злілі перапіску, і той, хто яе публікаваў. Ілля Бягун у сакавіку 2021 года сам заявіў, што ўцечкі ішлі ад дзяўчыны, якая рабіла іх, будучы персанальным асістэнтам Стрыжака. Яшчэ ў студзені 2021 года НН называла Галузу яго крыніцай. У 2022 годзе каментар у Галузы рэдакцыя пыталася. Хвароба ў тэксце 2025 года згаданая з адзнакай, што Галуза яе перамагла.

Карач і «дэзерціры». «Наш дом» займаецца абаронай людзей, якія нібыта адмовіліся ад службы ў беларускім войску і ўцяклі за мяжу. Выснова «рэальных кейсаў няма» з тэксту пра Прэмію Людвіга Баўмана абапіраецца на расследаванне НН 2023 года. Абодва названыя «Нашым домам» мужчыны, як высветлілася, выехалі з Беларусі задоўга да 2022 года. Статыстыку, якую нібыта вядзе арганізацыя, журналісты не знайшлі: яна і дагэтуль, праз чатыры гады, не з'явілася. Пытанне пра «пацыфісцкую дзейнасць» засталося без адказу: «Наш дом» заявіў, што не дае каментароў.

«Народная Грамада». Тэкст пра даносы членаў партыі ў КДБ абапіраўся на ўзламаную базу зваротаў, сапраўднасць якой пацвярджалася і раней. У фігурантаў Рэдакцыя пыталася каментар: Бялюцін каментаваць адмовіўся, Цішкевіч не адказала. Партыя сама прыпыніла сяброўства Паўла Бялюціна і выключыла яго са спіса кандыдатаў у Каардынацыйную раду.

2. Тое, што пацвердзілася фактамі, «Наш дом» і Ціханоўскі выдаюць за рэдакцыйныя здагадкі

Дзмітрый Скіндзераў. Загаловак пра тое, што Літва лічыць яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і збіраецца пазбавіць статусу, адпавядаў паведамленню, якое ён атрымаў. У тэксце адзначана, што на абарону яму далі пяць дзён. Пасля гэта пацвердзілася: трэцяга лістапада статус уцекача ў яго адабралі і прынялі рашэнне выслаць з краіны.

Даклад таксама крытыкуе публікацыю звестак пра сям'ю Скіндзерава і пра перасячэнні мяжы. Але ў расследаванні яны патрэбныя для доказаў. Звесткі пра сям'ю паказваюць, што фірмы і долі, якія Скіндзераў выдаваў за свае, належалі сваякам. Даты з базы «Пасажырапаток» абвяргаюць яго версію ўцёкаў. Сам ён казаў, што з'ехаў 7 студзеня 2021 года. Паводле базы, 24 снежня 2020 года ён вярнуўся з Вільні і 30 снежня выступаў на пасяджэнні Віцебскага гарвыканкама, а з краіны вылецеў толькі 15 студзеня 2021 года.

Анатоль Котаў. У загалоўку пра Котава перададзеная выснова расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтра, OCCRP і DW. Reuters таксама адзначаў, што незразумела, чаму дысідэнт свядома сеў на лодку, якая ішла ў бок Расіі. Пазней, у жніўні, крыніца, блізкая да следства, паведаміла, што галоўнай версіяй польскіх следчых была магчымая разведдзейнасць Котава. БРЦ гэтую версію крытыкуе, і НН падала яго пазіцыю ў тым жа тэксце.

Алег Баршчэўскі. 27 сакавіка 2024 года НН напісала, што дэпартацыі мужа Вольга Карач не будзе. Рэдакцыя спасылалася на літоўскіх юрыстаў і на тое, што Карач сама неўзабаве стала пісаць пра дэпартацыю толькі як пра магчымасць. Праз некалькі дзён кіраўніца Міграцыйнага дэпартамента абвергла звесткі пра дэпартацыю, якія распаўсюджваў «Наш дом». Баршчэўскага не дэпартавалі.

3. «Наш дом» і Ціханоўскі прыпісваюць тое, чаго ў тэкстах проста няма

Яўген Вільскі. Даклад сцвярджае, што НН звязала кіраўніка «Народнай Грамады» Вільскага з Яўгенам Дудкіным, які прызнаўся ў працы на КДБ. У тэксце пра Дудкіна Вільскі згаданы адзін раз: як кіраўнік партыі, з якой групоўка Дзмітрука і Дудкіна ўтварыла кааліцыю. Ні ў якой датычнасці да КДБ Вільскага не абвінавачваюць.

Алена Дзядзюля. Паводле даклада, НН звязала яе з ГУБАЗіКам. У артыкуле ад 9 жніўня 2026 года гэтага няма. Там расказваецца пра кантакты з ГУБАЗіКам Дзмітрыя Скіндзерава, а пра Дзядзюлю сказана толькі, што яна распаўсюджвала інфармацыю пра яго прэс-канферэнцыю. Каментар у Дзядзюлі Рэдакцыя пыталася, і ў тэксце гэта адзначана: да публікацыі яна не адказала.

Belarus Democratic Forum. Даклад піша, што НН падала Форум як спробу перахапіць лідарства ў Ціханоўскай. У тэксце НН ад 8 жніўня 2022 года такой заявы няма. Там пералічаныя 17 удзельнікаў Нацыянальнай рады і пераказаны план Форуму. Пра Ціханоўскую адзначана толькі тое, што ні яна, ні Павел Латушка са сваімі камандамі на мерапрыемства не прыйшлі.

Вераніка Цапкала. Сцвярджаецца, нібыта яе спрабуюць штучна звязаць з «рускім светам». Але ў тэксце ёсць усе даты: Цапкала ў студзені 2021‑га стала старшынёй Беларускага дэмакратычнага фонда, якім да 2015 года кіраваў Вячаслаў Дзіянаў. Каментар у Цапкалы журналісты запытвалі.

4. Уласныя словы герояў выдаюцца за скажэнне

Руслан Хазін. Даклад называе «паклёпам» навіну пра тое, што 200 тысяч еўра, якія Сяргею Ціханоўскаму пасля вызвалення прапаноўвалі Хазін і Япішка, насамрэч — грошы Леаніда Неўзліна. А таксама тое, што Хазіна ў тэксце назвалі электрыкам.

Але ж крыніца гэтых звестак — сам Ціханоўскі. Гэта ён расказаў, што 6 жніўня сустрэўся з Хазіным у Варшаве і той сказаў, што ён электрык, а не бізнэсмен, і што пасля прагучала прапанова грошай ад Неўзліна. Цяпер Ціханоўскі як аўтар даклада ставіць Рэдакцыі ў віну, што мы працытавалі яго ўласныя словы.

Адмаўленні пра пераезд Ціханоўскага ў ЗША. Даклад прыводзіць іх як прыклад катэгарычных абвяржэнняў, якія пасля не пацвердзіліся. Абодва гэтыя тэксты («Сяргей Ціханоўскі пераязджае ў ЗША? Не, хлусня», 4 жніўня 2025; «Новы фэйк канспіролагаў і прапагандыстаў», 16 верасня 2025) абапіраюцца на Сяргея Бяспалава, на той момант члена каманды Ціханоўскага. Першы раз ён заявіў, што ніякай гаворкі пра пераезд няма. Другі раз патлумачыў, што правы кіроўцы выдалі па звычайнай візе і пашпарце. Абвяржэнні ішлі на карысць самога Ціханоўскага.

Сяргей Бяспалаў. Інтэрв'ю з былым прэс-сакратаром выйшла пад загалоўкам, які адразу паказвае, што гэта яго ацэнка («Крык душы Бяспалава…»). Адказ Ціханоўскага НН апублікавала тым жа вечарам, а адказ Пракоп'ева — асобна.

Яўген Каравулаў. Даклад сцвярджае, што загаловак «сказаў так» на прапанову супрацоўніцтва з КДБ выкідае кантэкст прымусу. Але гэта цытата самога Каравулава, а ціск на сваякоў і пагрозы ў тэксце апісаныя падрабязна, са спасылкай на яго. Па яго ж словах, ён даў згоду на супрацоўніцтва са спецслужбамі, і яму загадалі маўчаць. Званок ад кадэбістаў быў 25 чэрвеня, а публічна Каравулаў расказаў пра яго толькі ў верасні.

Валер Цапкала. Заявы пра тое, што асноўны хейтар Андрэя Стрыжака — «гэта Валер Цапкала», а таксама што ён «жыве ў ідэалагемах рускага свету», — словы самога Стрыжака. У загалоўках яны пададзеныя ў двукоссі як цытаты. У артыкуле пра фонд з Бандарчуком ёсць каментары Цапкалы, Анатоля Бандарчука і Анатоля Лябедзькі. Загаловак пра бота-фермы пачынаецца з «Цапкала:».

Сяргей Спарыш. Гаворка пра агляд публічнага эфіру, у якім ён сапраўды на пляцоўцы літоўскага блогера-«антылітвініста» крытыкаваў Святлану Ціханоўскую. 

Віталь Кандраценка. Пра працу ў дастаўцы і графік ён сам расказаў у інтэрв'ю расійскай «Соце».

5. Другому боку давалася слова, а ў дакладзе сцвярджаецца, што не 

Вольга Карач. Яшчэ ў красавіку 2021 года НН апублікавала адказ Карач на абвінавачванні Ігара Макара, а ў 2025‑м — абвяржэнне Юрася Зянковіча наконт «гарантый Карач». Загаловак абвяржэння — цытата самога Зянковіча: «Безумоўна, я б не паехаў у Маскву пад гарантыі Вольгі Карач».

Павел Усаў. Даклад папракае, што ў Усава не спыталі каментар да навіны пра польскія службы. Але яго пазіцыю НН апублікавала за дзень да гэтага, 10 студзеня 2026 года: тады ён назваў сітуацыю «жудаснай» і абвінаваціў асяроддзе Ціханоўскай. Навіна з трыма крыніцамі ад 11 студзеня была праверкай яго ж публічнай версіі.

Уладзімір Някляеў. Тэкст, які крытыкуецца ў дакладзе, — калонка Сяргея Навумчыка ў «Меркаваннях», — гэта адказ на эсэ Някляева, якое НН сама перад тым перадрукавала.

6. Палеміка і публічная інфармацыя

Дзмітрый Балкунец. Што пасля ЕГУ ён вучыўся ў аспірантуры расійскай Вышэйшай школы эканомікі, ён расказваў сам. Андрэй Суздальцаў выкладаў у Вышэйшай школе эканомікі і кіраваў там дысертацыямі па постсавецкай тэматыцы, а сам Балкунец займаўся гэтай жа тэматыкай. Абодва публічна выступалі разам як эксперты ВШЭ. Іранічны загаловак «Балкунец прычэпіць сябе кайданкамі да чыгункі. Ну амаль» не мяняе фактаў, а факты ўзятыя са слоў самога Балкунца.

Анатоль Фёдараў. Апісанне адпавядае яго публічнай пазіцыі. Пасля гэтага НН апублікавала і матэрыял пра збор грошай на яго лекаванне, з рэквізітамі.

Што мы маглі зрабіць лепш

Ёсць некалькі заўваг, з якімі мы згодныя, хоць яны не мяняюць ні сутнасці, ні высноваў нашых артыкулаў і расследаванняў:

Аўтары «маніторынгу» паспрабавалі паказаць, што артыкулы НН пра пэўных дзеячаў ці іх дзеянні не маюць пад сабой падстаў. Але, як бачна з апісанага вышэй, высновы Рэдакцыі грунтуюцца на фактах ці заявах саміх дзеячоў.

Мы лічым, што мэта публікацыі гэтага так званага даследавання — стварыць інфашум і заблытаць людзей. Мэта ж нашых артыкулаў — даць поўную карціну таго, што адбываецца ў беларускім асяроддзі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула