Грамадства5454

У Магілёве звольнілі наіўнага следчага, які балатаваўся ў парламент без узгаднення з кіраўніцтвам

Малады следчы страціў працу пасля спробы стаць кандыдатам у дэпутаты. Кажа, разумее: даказаць у судзе, што абедзьве падзеі — звальненне і перадвыбарная кампанія — звязаныя, немагчыма. «Таму я проста вырашыў расказаць, што адбылося, каб іншыя разумелі сітуацыю і не папаліся, як я, на словы пра тое, што кожны можа дапамагчы зрабіць краіну лепшай. Бо выходзіць, толькі павер у гэта і паспрабуй нешта зрабіць — і ад спробы не адмыешся», — сумна ўсміхаецца няўдалы кандыдат.

Гэтае фота Павел Зінін рабіў спецыяльна для перадвыбарчай кампаніі.

Павел упэўнены: змяняць імя ў публікацыі і спрабаваць неяк схаваць, хто ён і адкуль, сэнсу няма — выпадак у краіне адзінкавы, і «каму трэба, той і так ведае». Горш ужо не будзе. «Я цяпер беспрацоўны. А ў мяне хворая маці, маленькае дзіця і цяжарная жонка. Можа, камусьці патрэбен сумленны і адказны супрацоўнік. Так і напішыце: шукаю працу», — не губляе аптымізму малады чалавек.

Магілёвец Павел Зінін пасля 11 класаў паступіў у Акадэмію МУС, адвучыўся на следчага і па размеркаванні ў 2012 годзе трапіў у Клімавіцкі РАСК. У 2013 годзе з-за сур'ёзнай хваробы маці — ён адзінае дзіця ў сям'і — папрасіў перавод у Магілёў. Працаваў у Магілёўскім міжраённым аддзеле следчым. Кажа, за 4 гады працы былі і пакаранні за дрэнную, на думку начальства, працу, і матэрыяльныя заахвочванні — за добрую. Напрыклад, у 2015 годзе малады следчы быў адным з найлепшых у аддзяленні з 30 чалавек па паказчыках працы. 26 жніўня 2016 года Павел быў звольнены ў званні капітана юстыцыі.

— Калі пачалася агітацыя да ўдзелу ў выбарах, я падумаў: чаму б і не? У мяне юрыдычная адукацыя, вырашыў, што магу быць карысны ў працэсе заканатворчасці, — расказвае пра сваю матывацыю ўжо былы следчы. — У канцы мая — пачатку чэрвеня сабраў групу аднадумцаў — сваякоў, знаёмых — і 28 чэрвеня — самы першы — падаў дакументы на рэгістрацыю па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83.

Магілёвец тлумачыць: ён вырашыў балатавацца ад гэтай акругі таму, што ў яе ўваходзяць Клімавіцкі, Крычаўскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі раёны, праблемы якіх ён ведае: «У Клімавічах год працаваў. З Крычава — сваякі жонкі. У Чэрыкаве і Хоцімску таксама ёсць знаёмыя».

— Я падаў дакументы і не папярэдзіў пра гэта начальства — не палічыў патрэбным, наіўны, — усміхаецца Павел. — У рэшце рэшт, у законе пра гэта нічога не сказана, а падача дакументаў — гэта не значыць аўтаматычная змена месца працы. А раптам я б подпісы не сабраў?..

Дакументы прадстаўленыя героем артыкула.

30 чэрвеня ініцыятыўную групу Паўла зарэгістравалі. У гэты ж дзень кіраўніцтва даведалася пра яго жаданне стаць дэпутатам.

— Тут жа прайшоў агляд майго кабінета, працоўнага камп'ютара. Хоць, сапраўды, начальства мае права зрабіць гэта ў любы момант. Але цікавей іншае. 1 ліпеня ў нас быў карпаратыў у гонар Дня следства, мне павінны былі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыць капітанскія «зорачкі». Дык вось начальства вярнула мне грошы за карпаратыў і сказала: «Нам такія не патрэбныя».

Пасля выхадных мне адпісалі справы з катэгорыі эканамічных злачынстваў — імі звычайна займаюцца следчыя, якія спецыялізуюцца на такіх матэрыялах. Пры гэтым намякнулі: калі ты такі малайчына, у Палату сабраўся, значыць, можаш і справы больш сур'ёзныя расследаваць. А тыя, якія да гэтага былі ў вытворчасці, забралі. Да 8 ліпеня мяне «тузалі» па дробязях, паказвалі на недахопы — рэальныя і неістотныя. Адну з новых спраў я ўжо рыхтаваў перадаць у суд — яна была гатовая працэнтаў на 98. Яе забралі і аддалі іншаму следчаму.

Па словах Паўла, з 11 ліпеня ён пайшоў на бальнічны праз падазрэнне на пнеўманію. Таксама — ён мяркуе, што на нервовай глебе — у яго абвастрылася язва страўніка.

— 14 лiпеня мяне выклікалі да генерала. У час размовы я атрымаў ультыматум: альбо адмаўляюся ад жадання стаць дэпутатам, або мяне звальняюць. На гэта я сказаў: «Дык нават калі я адмоўлюся, вы ўсё роўна мяне звольніце». Мяне не сталі ў гэтым пераконваць, у тым ліку таму я вырашыў ісці да канца. І самае крыўднае, што нават не спыталі пра мае планы, ідэі, з якімі я іду да выбаршчыкаў, пра мае палітычныя перакананні. А я ж не апазіцыянер. У сутнасці, падтрымліваў дзейную ўладу, хацеў усяго толькі дапамагчы акрузе.

Да бальнічнага ў свае выхадныя Павел паспеў з'ездзіць у раён, сам хадзіў па хатах, збіраў подпісы. А потым, кажа экс-следчы, яму патэлефанавалі з выбарчай камісіі і сказалі, што два члены яго ініцыятыўнай групы падалі заявы аб адмове ад удзелу ў зборы подпісаў. Адна з іх была разгледжаная на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі.

— Я не разумею, каму і навошта гэта было трэба. Я нават у ЦВК тэлефанаваў, мне сказалі, што законам такая працэдура — падача заявы аб адмове — не прадугледжаная. Гэта выключна добраахвотная справа: альбо ты збіраеш подпісы, альбо не. І пацвярджаць гэта дакументальна не трэба.

1 жніўня Павал выйшаў на працу. Яго азнаёмілі з вынікамі праверкі па старых справах, якія ў ліпені забралі з-за яго бальнічнага і накіравалі іншым следчым, і аб'явілі вымову.

— У заключэнні было напісана, што 14 ліпеня я ў прысутнасці чатырох кіраўнікоў адмовіўся даваць тлумачэнні па выніках праверкі. Пры гэтым я быў на бальнічным, у той дзень асабіста меў зносіны толькі з генералам і з адным з тых, хто падпісаўся ў дакуменце чатырох кіраўнікоў аб тым, што я хварэю, у мяне тэмпература, і я пакуль не магу даць тлумачэнні. Пры гэтым той чалавек сам быў суб'ектам праверкі. З астатнімі трыма падпісантамі я наогул не бачыўся ў той дзень.

Павел напісаў заяву на атрыманне копіі заключэння службовай праверкі з подпісамі чатырох начальнікаў. Яму адмовілі.

Магілёвец кажа, што 1 жніўня заканчваўся тэрмін падачы подпісаў у акруговую камісію. Паколькі ў яго не было спраў у вытворчасці — усё забралі з-за выхаду на бальнічны, — Павел папрасіў выкарыстаць адзін з адгулаў, якіх за апошнія два гады назапасілася каля 50 за неаплачаныя дзяжурствы і перапрацоўку. Сказаў, што трэба ехаць у Крычаў падаваць дакументы, а зрабіць гэта раней не мог. Яму адмовілі і прапанавалі выкарыстаць адгул 4 жніўня — у дзень, калі ў экс-следчага па графіку быў «адсыпны» пасля дзяжурства 3 жніўня.

— Толькі ў 12.00 у гэты дзень мне адпісалі першую справу. Але пратэрмінаваць падачу дакументаў я не мог — дзесьці ў 12.40 я паехаў у Крычаў. Вярнуўся каля пятай гадзіны. Потым у матэрыялах службовай праверкі напісалі, што я адсутнічаў на працоўным месцы 2 гадзіны 38 хвілін. За гэта мне потым абвясцілі няпоўную службовую адпаведнасць. Наступнае за ім у спісе дысцыплінарных спагнанняў за грубае парушэнне дысцыпліны — звальненне.

У акруговую камісію Павел падаў 1068 подпісаў — астатнія сам выкінуў як няправільна аформленыя. На пасяджэнні 11 жніўня камісія Зініну ў рэгістрацыі адмовіла, бо «32,5% подпісаў былі несапраўднымі».

— Камісія палічыла, што ёсць парушэнні ў афармленні падпісных лістоў, а менавіта — даты прастаўляла член ініцыятыўнай групы з Хоцімска. Яна сама напісала гэта ў тлумачэнні па запыце камісіі. Па «дзіўным» супадзенні ў «выпадкова» выбраных 20% для праверкі подпісаў лістах палова аказаліся сабранымі ёю.

Павел кажа, што ў падпісных лістах гэтага члена ініцыятыўнай групы графы 6-7, якія абавязкова запаўняе сам выбаршчык, адрозніваліся колерам стрыжня ад запоўненых членам ініцыятыўнай групы.

— Гэта значыць член ініцыятыўнай групы, выходзіць, спецыяльна браў іншую ручку пасля запаўнення пяці граф, ставіў дату сваёй рукой, а затым даваў гэтую ручку выбаршчыку? — усміхаецца Павел. — Пры гэтым камісія сказала, што была праведзеная почырказнаўчая экспертыза. Дык вось скажу як спецыяліст: зробленая па шасці лічбах, гэтая экспертыза не дае катэгарычнага адказу.

Па словах магілёўца, да 25 жніўня на працы яго працягвалі «прэсінгаваць»: «Я не кажу, што рабіў усё ідэальна. Знайсці, да чаго прычапіцца, можна ў працы любога. Проста калі раней на такія памылкі начальства проста паказвала, то ў жніўні гэта ўсё вылілася ў негатыў накшталт «ты дрэнны следчы і як ты наогул такі 4 гады прапрацаваў», а ў выніку — праверка і заключэнне: звольнены за сістэматычнае (больш за два разы на працягу года) невыкананне ўмоў кантракта аб службе».

Пасля заканчэння Акадэміі МУС следчы не адпрацаваў каля года з пяці патрэбных. За гэта яму трэба будзе заплаціць, па яго падліках, каля 4 тысяч рублёў. Таксама яму трэба будзе заплаціць за форму, тэрміны нашэння якой яшчэ не выйшлі, а таксама вярнуць адпускныя, атрыманыя ў пачатку года, і частку матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне прапарцыйна адпрацаванаму каляндарнаму году.

«Я ведаю, што мяне не пахваляць за тое, што выказаўся. І нават асцерагаюся, што за гэта могуць паплаціцца сваякі. Але тыя, хто захоча балатавацца ў кандыдаты праз 4 гады, не павінны наступаць на тыя ж граблі, што і я, — кажа магілёвец. — Проста хачу параіць: старанна выбірайце членаў ініцыятыўнай групы — тых, на каго не змогуць аказаць уздзеянне. Паспрабуйце сабраць большасць подпісаў самі. І калі не хочаце, каб ваша гісторыя аб вылучэнні ў дэпутаты скончылася гэтак жа, як мая, то ўсё ж такі скажыце начальству пра свае планы».

У Следчым камітэце падкрэслілі, што сувязі паміж звальненнем і выбарамі няма.

— Звальненне супрацоўніка звязанае выключна з ягонай службай. Ён звольнены за неаднаразовыя парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, — сказала афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. — Вымовы, аб'яўленне няпоўнай службовай адпаведнасці ў яго былі таксама ў 2014 годзе. Вядома, тады супрацоўнік быў малады, яго спрабавалі навучыць. Аднак у далейшым сістэматычныя грубыя парушэнні з яго боку працягнуліся. У тым ліку ў выніку яго дзеянняў былі парушаныя правы і свабоды пацярпелых. Чалавек проста не спраўляўся з працай, былі ўсе падставы для яго звальнення.

***

Сярод 522 кандыдатаў у дэпутаты супрацоўнікаў Следчага камітэта ў краіне няма. З прадстаўнікоў сілавых структур у Палату балатуецца толькі першы намеснік міністра ўнутраных спраў Валянцін Міхневіч — па Дзятлаўскай акрузе № 56 у Гродзенскай вобласці. Сярод яго канкурэнтаў — пракурор Віталь Заяц. У Крычаўскім акрузе № 83 за крэсла дэпутата змагаюцца старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Марачкава, спецыяліст па аналізе і прагназаванні прыватнай інфармацыйна-асветнай установы Таццяна Шамбалава і галоўны дзяржаўны санітарны доктар Чэрыкаўскага раёна Людміла Шматова.

Каментары54

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў4

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Усе навіны →
Усе навіны

Перастала выходзіць на сувязь полацкая журналістка і каталіцкая актывістка Ціна Палынская

У Расіі Вікіпедыю абвінавацілі ў «прапагандзе педафіліі»2

У Асіповіцкім раёне прызналі «дармаедамі» людзей з псіхічнымі захворваннямі1

Фэйсбук-старонку Лявона Вольскага прызналі «экстрэмісцкай»2

$5000 за метр. У Мінску з'явіўся прэміяльны дом, які па цане пераплюне нават Depo5

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?8

Расія прапанавала прыпыніць агонь на асобных участках фронту на 2—3 дні8

Прапагандыст Салаўёў заклікаў расстраляць салдата, які запосціў відэа пра атаку дронаў20

У Стамбуле дамовіліся толькі пра новы абмен палоннымі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў4

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць