Палітолаг Бяспалька: Ролікі Саюзнай дзяржавы набіраюць у сацсетках менш праглядаў, чым прыватнае відэа школьнікаў!
Сябра рады па міжнацыянальных адносінах пры прэзідэнце Расіі Багдан Бяспалька (ён жа з'яўляецца намеснікам дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ) ў чарговы раз жорстка выказаўся пра беларуска-расійскія адносіны і назваў так званую «саюзную дзяржаву» фікцыяй.
Бяспалька прызнае, што ў «саюзнай дзяржавы» няма рэальна працуючых органаў улады, а ролікі сумеснай тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Расіі і Беларусі набіраюць праглядаў у сацыяльных сетках менш, чым прыватныя ролікі якіх-небудзь школьнікаў.
Адсутнічае таксама паўнавартасны эканамічны і вайсковы саюз.
«Пакуль што Саюзная дзяржава — інструмент па выбіванні кіраўніцтвам Беларусі розных прэферэнцый у кіраўніцтва Расіі»,
— кажа Бяспалька.
За апошнія 10 гадоў, сцвярджае Бяспалька, Расія ўклала ў беларускую эканоміку 106 мільярдаў даляраў, але замест удзячнасці Беларусь ўсё часцей імкнецца пасябраваць з Захадам.
У Беларусі паступова выбудоўваецца антыруская ідэнтычнасць, мяркуе Бяспалька і параўноўвае гэта з сітуацыяй ва Украіне. Больш за тое, афіцыйны Мінск нібыта ўзяў на ўзбраенне «гуманітарныя напрацоўкі беларускіх нацыяналістаў».
«Мінск, вядома, мае права весці, якую заўгодна палітыку ў дачыненні да Масквы. Хоць нейтральную, хоць варожую. Але ў такім выпадку: чаму мы павінны спансіраваць беларускую эканоміку?»
— пытаецца Бяспалька, які нарадзіўся ва Украіне.
Каментары