За тры «кактэйлі Молатава», кінутыя ў аўтамабілі ўнутраных войскаў, падпалкоўніку з Баранавічаў прысудзілі 12 гадоў калоніі
Судом Баранавіцкага раёна і Баранавічаў 23 чэрвеня разгледжана крымінальная справа ў адносінах да пенсіянера Дзмітрыя Нешты, які абвінавачваўся ў незаконных дзеяннях з паляўнічай агнястрэльнай зброяй (ч.1. арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса) і акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».

Справу разглядала суддзя Юльяна Шчэрба.
Дзмітрый Нешта — вайсковы пенсіянер, працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе.
Быў затрыманы ў кастрычніку 2021 года. Нядаўна ўключаны ў «спіс тэрарыстаў» па версіі КДБ.
Па матэрыялах следства, абвінавачаны Нешта 26 верасня 2020 года, знаходзячыся ў гаражы ў Баранавічах, вырабіў тры «кактэйлі Молатава».
Паводле абвінавачвання, у мэтах аказання ўздзеяння на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь адной з вайсковых частак, каб яны адмовіліся дапамагаць супрацоўнікам праваахоўных органаў падчас падаўлення пратэстаў на тэрыторыі Баранавічаў, «дзейнічаючы агульнанебяспечным спосабам», кінуў тры запаленыя «кактэйлі Молатава» ў аўтамабілі вайскоўцаў. Пераканаўшыся, што яны ўспыхнулі, сышоў з месца здарэння.
Па сукупнасці злачынстваў абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Дзмітрый Нешта пазбаўлены вайсковага звання «падпалкоўнік».
Каментары