Кошт «квадрата» пры будаўніцтве сацыяльнага жылля прывяжуць да сярэдняга заробку па краіне
Кошт аднаго «квадрата» сацыяльнага жылля з 1 студзеня 2023 года будзе прывязаны да сярэдняга па краіне заробку. Такі нарматыў замацаваны ў пастанове Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры № 87 ад 17 кастрычніка, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Такім чынам, гранічны цэннік на 1 квадратны метр жылля ў шматкватэрных дамах, якія ўзводзяцца з дзяржпадтрымкай, будзе ўсталяваны на ўзроўні намінальнага налічанага сярэдняга заробку па краіне.
Па звестках Белстата, у верасні гэты заробак склаў 1637 рублёў — што эквівалентна 656 далярам па курсе Нацбанка на 4 лістапада.
Раней кошт «квадрата» сацыяльнага жылля быў прывязаны да сярэдняй зарплаты таго рэгіёна, у якім яно будавалася.
Лімітная цана «квадрата» ў індывідуальных жылых дамах пры гэтым будзе пералічвацца штогод па стане на 1 студзеня. Для гэтага нарматыў кошту памножаць на статыстычны індэкс кошту будаўніча-мантажных работ за студзень-снежань разліковага года да студзеня-снежня года папярэдняга.
Каментары