«Нардзін» зачыняюць
Міністэрства аховы здароўя 28 чэрвеня адклікала ліцэнзію прыватнага мэдыцынскага цэнтру «Нардзін» за грубае парушэньне ліцэнзійных патрабаваньняў, выяўленае падчас комплекснай праверкі цэнтру ў красавіку. 1 ліпеня суд пачне разгляд справы прыватнага «Экамэдсэрвісу», які абскарджвае ануляваньне міністэрствам сваёй ліцэнзіі.
Вайна бабрам
Папуляцыя баброў у Беларусі перавысіла дапушчальныя нормы — 45 тыс. асобін. Бабры шкодзяць лясам, палеткам, дарогам, мяркуюць у Акадэміі навук. Праз павелічэньне іх жыцьцёвай прасторы скараціўся арэал пражываньня аленяў, казуляў. Эколягі прапануюць лавіць штогод 3—4 тыс. жывёлін, кажучы, што бабёр — гэта ня толькі пушніна, але і 30 кг мяса.
«Гуртам» і бацьку добра біць
Група маладых людзей стварае грамадзянскую ініцыятыву інфармацыйнай падтрымкі «Гурт» (каардынатар — Юры Гуртоўскі). Ініцыятыва ставіць на мэце падаваць праўдзівую і бесцэнзурную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі як мага большаму колу людзей: актывіст арганізацыі на прынтэры ці ў інтэрнэт-кавярні раздрукуе дзясятак копій інфармацыйнага лістка «Гурту» і закіне ў скрыні суседзям у пад’езьдзе. Так за кароткі час інфармацыя дойдзе да сотняў людзей. Бюлетэнь мае выходзіць раз на тыдзень.
Прэзыдэнт санкцыянуе зборы
29 чэрвеня прэзыдэнт выдаў указ, паводле якога аблсаветам даецца права ўводзіць збор зь фізычных асобаў пры перасячэньні імі дзяржаўнай мяжы.
КДБ на варце інтарэсаў БелАЗу
Упраўленьне КДБ да Менску і Менскай вобласьці завяло крымінальную справу па нанясеньні шкоды Беларускаму аўтамабільнаму заводу. Шкода ў вельмі буйным памеры прычыненая ў выніку рэалізацыі ў 2003 г. кантракту з адной расейскай камэрцыйнай структурай. Кантракт прадугледжваў пастаўку на прадпрыемства частак для аўтамабіляў.
Філіна дыскваліфікавалі
Міжнародная фэдэрацыя хакею дыскваліфікавала на два гады форварда зборнай Беларусі і менскага «Дынама» Цімоха Філіна. Філіна засьпелі на допінгу на чэмпіянаце сьвету ў траўні, што паказаў шматразовае перавышэньне ў крыві хакеіста забароненага нарандрастэрону і нандралону.
Закон аб партыях
Палата прадстаўнікоў 29 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб палітычных партыях. Сярод ягоных навінаў — увядзеньне працэдуры прыпыненьня дзейнасьці партый на тэрмін да шасьці месяцаў.
Казулінцаў зарэгістравалі
Міністэрства юстыцыі зарэгістравала зьмяненьні ў статуце Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», зьвязаныя са зьменамі ў партыі. Цяпер партыя будзе звацца БСДП «Грамада». 10 ліпеня сацыял-дэмакраты зробяць пятую спробу правесьці зьезд, які б прызнаў Мін’юст.
АГ; svaboda.org, interfax.by
Каментары