82‑гадоваму Валерыю Звягінцаву і 71‑гадоваму Уладзіславу Галкіну прызначылі па 12,5 года калоніі строгага рэжыму.
Звягінцава — навуковага супрацоўніка Інстытута тэарэтычнай і прыкладной механікі Сібірскага аддзялення РАН (ІТПМ СА РАН)— затрымалі ў Новасібірску ў 2023 годзе. Пазней затрымалі яго калегу і суаўтара з Томска Уладзіслава Галкіна.
Суд над Звягінцавым і Галкіным працягваўся з восені 2024 года і праходзіў у закрытым рэжыме.
Справа была заведзена ў сувязі з публікацыяй вучоных у іранскім навуковым часопісе на тэму газавай дынамікі.
Вясной 2023 года супрацоўнікі ІТПМ напісалі адкрыты ліст у абарону калег, у якім папярэдзілі «пра набліжэнне краху» расійскай аэрадынамічнай навукі.
Да ўступлення прысуду ў сілу вучоныя застануцца пад хатнім арыштам.
У маі 2024 года ў Санкт-Пецярбургу далі 14 гадоў калоніі строгага рэжыму галоўнаму навуковаму супрацоўніку ІТПМ СА РАН — 79‑гадоваму Анатолю Маславу. Яго абвінавацілі ў перадачы Кітаю дадзеных, звязаных з гіпергукам, дадае «Медыязона».
У верасні таго ж года 15 гадоў калоніі прызначылі яшчэ аднаму сібірскаму вучонаму, дырэктару ІТПМ СА РАН Аляксандру Шыплюку. Яго абвінавацілі ў перадачы дакументаў падчас навуковай канферэнцыі ў Кітаі ў 2017 годзе. Сам навуковец настойваў, што інфармацыя, пра якую ідзе гаворка, знаходзіцца ў адкрытым доступе.
Каментары