Зелімха Яндарбі — першы чачэнскі паэт, якога мы для сябе адкрываем. Добрыя перастварэньні — Барадулін ня ўмее перакладаць кепска. Кніга Яндарбі таксама выпрабоўвае нашы перадузятасьці.
Піша Валянцін Тарас.
У Расеі яго ведалі як «Зелимхана Яндарбиева», але гэта зрусіфікаваная форма ягонага імя і прозьвішча — у сваёй роднай Чачэніі ён зваўся Зелімха Яндарбі. Міжволі згадваецца, як на Беларускім тэлебачаньні тэлежурналіст Казіятка, калі бэсьціў Васіля Быкава — вядома, па-расейску, — называў яго не Васілём, а Васіліем. Здавалася б, дробязь, аднак характэрная. «Дробязь» таго ж кшталту, што і «Белоруссия» замест «Беларуси»: найменьне «Беларусь» выклікае ў нашых фанатычна прарасейскіх казіятак ідэасынкразію, то бок псыхічную алергію. А ў расейскіх казіятак, акрамя таго, ідэасынкразія на чачэнскія імёны ў чачэнскай транскрыпцыі, а таксама на найменьне Ічкерыя, бо менавіта так стала называцца Чачэнія, калі абвясьціла сваю незалежнасьць ад Расеі ў сярэдзіне 1990-х. Дакладней, стала называцца Чачэнскай рэспублікай Ічкерыяй.
Зелімха Яндарбі быў віцэ-прэзыдэнтам Ічкерыі, у 1996 г. выконваў абавязкі прэзыдэнта. Потым крывавая завіруха чачэнскай вайны закінула яго ў эміграцыю, у Катар, дзе ў 2004 г. ён загінуў у выніку тэракту, зьдзейсьненага супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў… Але яны забілі ня проста палітычнага дзеяча ненавіснай Ічкерыі — яны забілі паэта. Гэтае імя — Зелімха Яндарбі — накрэсьлена на вокладцы кнігі вершаў «Сэрца майго сьвятыня», выдадзенай сёлета ў Вільні выдавецтвам «Gudas» у перакладах Рыгора Барадуліна.
Першы чачэнскі паэт, якога мы для сябе адкрываем. Першыя ў гісторыі перастварэньні з чачэнскай мовы на беларускую. Добрыя перастварэньні — Барадулін ня ўмее перакладаць кепска, — і чытач можа толькі здагадвацца, якія цяжкасьці давялося пераадолець перакладчыку, каб убачыць за голым кустоўем падрадкоўніка лістоту паэтычнага зьместу, які паэтычны слых трэба мець, каб пачуць у празаічным пераказе мэлёдыку чачэнскага вершу, чачэнскай мовы. І якім майстэрствам трэба валодаць, каб зрабіць чачэнскія вершы зьявай беларускай паэзіі, захаваўшы пры гэтым іх першасную ўнутраную прыроду, іх чачэнскую адметнасьць. Безумоўна, ня ўсё ўдалося перастварыць бездакорна, сустракаюцца ў кнізе трохі грувасткія пераклады, радкі, сэнс якіх даволі цьмяны. Але гэта дробязі, спыняцца на іх ня буду. Хачу сказаць, не магу не сказаць пра іншае — пра стэрэатыпы, зьвязаныя з вобразам чачэнца наагул. Перадусім згадваецца хрэстамацыйная «Казачья колыбельная песня» Міхаіла Лермантава, вялікага паэта Расеі, якога, дарэчы, вельмі люблю, аднак зь песьні слова ня выкінеш!
…По камням струится Терек,
Плещет мутный вал;
Злой чечен ползёт на берег,
Точит свой кинжал.
Но отец твой — старый воин,
Закалён в бою:
Спи, малютка, будь спокоен,
Баюшки-баю.
Сам узнаеш, будет время,
Бранное житьё;
Смело вденеш ногу в стремя
И возьмёшь ружьё.
Прадчуваў Міхаіл Юр’евіч, што і сыну старога воіна трэба будзе браць стрэльбу, каб дазаваёўваць Чачэнію. Сёньня мы ведаем, што і ўнуку давялося тое ж, і праўнуку, і прапраўнуку!.. Проста жахліва думаць, колькі пакаленьняў дзяцей у Расейскай імпэрыі слухалі гэтую лермантаўскую «Калыханку» і на ўсё жыцьцё запаміналі вобраз «злого чечена» з кінжалам! Нікому не прыходзіла ў галаву, што той чачэн караскаецца на свой родны бераг, каб помсьціць за тое, што гэты бераг адабралі ў яго «закалённые русские воины», апаэтызаваныя Лермантавым, дарэчы, адным з расейскіх афіцэраў, якія «замиряли Чечню» ў 30—40-я гады XIX ст. То бок — «усмиряли». Праўда, трэба памятаць і пра тое, што ў Лермантава гучыць і спачуваньне горцам Каўказу, захапленьне іхняй мужнасьцю, павага да іхняга пачуцьця годнасьці і гонару, да іхняга вальналюбства. І разам з «Калыханкай», разам з радкамі пра «злога чачэнца» згадваецца і той верш паручніка Лермантава, які ён напісаў, атрымаўшы загад адправіцца на Каўказ:
Прощай, немытая Россия,
Страна рабов, страна господ,
И вы, мундиры голубые,
И ты, послушный им народ.
Быть может, за хребтом Кавказа
Укроюсь от твоих царей,
От их всевидящего глаза,
От их всеслышащих ушей.
Так што ня зь Лермантава пачалося, ён толькі аддаў даніну традыцыі. Злавесны вобраз чачэнца пачала ствараць менавіта «немытая Россия» яшчэ напрыканцы XVIII ст., з моманту першых паходаў расейскага войска ў каўкаскія горы, з імпэрскай пыхай малявала яго дзікуном, барбарам, прыроджаным разбойнікам. Гэта закон псыхалёгіі: людзі вельмі ня любяць тых, каго пакрыўдзілі, падманулі, ашукалі, чый дом і багацьце захапілі.
Як крыўдзілі чачэнцаў, апісана ў гістарычным дасьледаваньні «Мусульманскі супраціў царызму. Заваёва Чачэніі і Дагестану» М.Гамэра — вялізны том гэтага дасьледаваньня я скончыў чытаць акурат перад тым, як атрымаў ад Рыгора Барадуліна кнігу вершаў Зелімхі Яндарбі. І, чытаючы іх, бачыў перад сабою ўсе этапы заваёвы Чачэніі Расейскай імпэрыяй, карныя апэрацыі, чуў стрэлы, якія адгрымелі 150 з гакам гадоў таму, і рэха тых стрэлаў зьлівалася зь сёньняшняй стралянінай у чачэнскіх гарах. І дзівіўся моцы маленькага чачэнскага народу, чыё сэрца ўвабраў у свае грудзі паэт Зелімха Яндарбі. Сэрца, поўнае болю памяці. Памяці і пра трыццацігадовую Каўкаскую вайну ХІХ ст., і пра сталінскую дэпартацыю чачэнцаў у казаскі стэп, і пра дзесяць гадоў найноўшай ельцынска-пуцінскай чачэнскай вайны, якая ўсё яшчэ працягваецца і атручвае сваім смуродам грамадзкае жыцьцё Расеі. Вайна, шчупальцы якой дацягнуліся да Яндарбі далёка за межамі Чачэніі. Шчупальцы нянавісьці тых расейскіх імпэрцаў, у чыіх вачох паэт быў і застаецца пасьля сьмерці спрадвечным ворагам, «злым чеченом», які, маўляў, у наш час зрабіўся зацятым тэрарыстам. Але ці быў ён тэрарыстам? Ці датычны ён пэрсанальна да выбухаў у маскоўскім мэтро і да захопу Дуброўкі? Расейская прапаганда сьцьвярджае, што датычны, аднак неабвержных доказаў не прыводзіць. Думаю, што доказаў і няма. Мяне асабіста пераконвае ў гэтым тое, што паэт сам гаворыць пра сябе ў сваіх вершах. Можна схлусіць у палітычнай прамове, у газэтным артыкуле, але ў вершах схлусіць немагчыма — у вершах паэт як на далоні, хоча ён гэтага ці не. На далоні ўвесь — як чалавек, як асоба. З усімі сваімі перакананьнямі, прынцыпамі, маральным крэда. Калі, вядома, ён паэт, а не спрактыкаваны вершаплёт, не імітатар пачуцьцяў. Ды імітацыя распазнаецца адразу, бо адрозьніваецца ад праўды паэзіі гэтак жа, як штучная кветка адрозьніваецца ад жывой. А Зелімха Яндарбі — само пачуцьцё, раскрытае людзям сэрца.
Некалі польскі паэт Уладзіслаў Бранеўскі параўнаў сваё сэрца з гранатай — мэтафара, якую, здавалася б, мог бы ўжыць і Яндарбі, ваяр нацыянальнага чачэнскага супраціву імпэрскага гвалту, — але сэрца Зелімхі не зарад ятры, а зарад гуманізму:
Здаецца, і хвалявацца ня сьлед,
Што ўзарвецца сэрца маё раптоўна,
Калі б не было пагрозы,
Што разбурыць яно цэлы сьвет…
Чую ў гэтых радках збой рытму сэрца, якое баліць, але ў іншым вершы, які так і названы — «Пра сэрца», паэт кажа:
— Баліць?
— Дык значыць, здаровае.
Ні кардыяграмы, ані рэнтгену
Ня трэба,
Каб ведаць гэна.
Ня верыш, спытайся ў таго,
Хто паможа табе разабрацца.
Сэрца? Гэта й ёсьць ягоная праца:
Балець,
Покуль ёсьць боль у сьвеце.
І яшчэ адно май на прыкмеце:
Сэрца плакаць павінна,
Покуль ёсьць для плачу прычына.
І яшчэ:
Покуль жывеш, яно, трапяткое,
Ня мецьме спакою.
Праўда — яна суровая.
Баліць?
Дык значыць, здаровае.
Кніга кожнага сапраўднага паэта — гэта кардыяграма ягонага сэрца. З усімі ягонымі рытмамі. І з арытміяй, з вострымі зубчыкамі нясьцерпнага болю, з усплёскамі радасьці і шчасьця. А ў гэтай кнізе б’юцца суладна два сэрцы — сэрца Яндарбі і сэрца перакладчыка. Яшчэ адно пацьвярджэньне таго, што, як сказаў некалі Сяргей Ясенін, «паэт паэту ёсьць кунак». То бок сябра і брат. І тэма братэрства чачэнца Яндарбі зь Беларусяй, зь яе найлепшымі сынамі пранікнёна прагучэла ў ягонай кнізе. Адзін зь вершаў на гэтую тэму — «Сумленьне», з падзагалоўкам «На сьмерць Васіля Быкава»:
…Я ніколі ня верыў,
Што могуць музы маўчаць,
Калі
Прамаўляюць тамагаўкі альбо гарматы.
І калі нават атамны сьмерч
Спрабаваў стрэсьці мозаг Зямлі,
Сумленьне й толькі сумленьне
Ратавала Сусьвет ад страты.
Я ведаў,
Што велічы на зямлі няма ніякай.
Ёсьць Людзтва,
І вышэйшага за яго няма нічога.
Я зноў пераканаўся ў гэтым,
Калі Вечнасьць забрала з сабой
Чалавека,
Чыё сумленьне, як дар нятленны, —
Ад Бога.
Напісаны гэтыя радкі 23 чэрвеня 2003 г., на другі дзень пасьля сьмерці Васіля. Працяг беларускай тэмы — у прысьвечаным Зянону Пазьняку вершы «Беларус» і ў вершы «Сябра», які прысьвечаны Р.Б. Няцяжка здагадацца, што Рыгору Барадуліну.
Бачу, што мая размова пра кнігу «Сэрца майго сьвятыня» атрымалася далёка ня поўнай, мабыць, залішне палітызаванай. Нічога я не сказаў пра лірыку Яндарбі, пра ягоныя вершы аб каханьні, роднай прыродзе, абмінуў драматычную паэму «Аружа» — аповед пра векавечныя чачэнскія звычаі, пра чачэнскі кодэкс гонару, мацнейшы за ўсё на сьвеце, нават за каханьне: юная чачэнка Аружа не даравала каханаму ганебнага ўчынку, нялюдзкага забойства. Спадзяюся, чытач усё гэта ацэніць сам. А для мяне галоўным быў сам выхад кнігі Яндарбі.
Закончыць хачу словамі самога Яндарбі з прадмовы да кнігі: «Гэтак ужо здараецца на зямлі, што знаходзіш сардэчных сяброў і пабрацімаў там, дзе зусім не чакаў іх сустрэць… У той момант, калі мне, закінутаму за межы Радзімы, вораг пачаў адразаць апошнія шляхі, адсякаць апошнія надзеі, Вы падалі мне і ўсяму чачэнскаму народу сваю шчодрую братэрскую руку і сэрца. Няхай аддзячыць Вам Звышні за чыстыя сэрцы і высакародны дух». Гэта апошнія словы Зелімхі Яндарбі, якія дайшлі да нас. Горка, што кнігі сваёй на беларускай мове ён не пасьпеў убачыць.
ВАЛЯНЦІН ТАРАС — пісьменньнік, удзельнік партызанскага руху ў час другой сусьветнай вайны.
Каментары