Нават безь вялікіх музычных адкрыцьцяў «Басовішча» — гэта вялікі кайф і вялікая свабода. Запіс у студыі сёлета выйграў «Таварыш Маўзэр».
Піша Сяргей Будкін.
16-е «Басовішча» ў сталіцы беларускага року Гарадку — альтэрнатыва «Славянскаму базару», пляцоўка для вольных танцаў, месца сустрэч. Фэстываль перарастае свае старыя рамкі. «Усё роўна мы пераможам!» — сьпявае Вольскі.
МУС падтрымаў БАС
Месяц таму ўсе тэлеканалы абышлі кадры з буйнога эўрапейскага музычнага фэсту «Глястанбэры», які накрыла страшэнная залева. На «Басовішчы-2005» у першы дзень адбылося падобнае. Сотні ног ля сцэны ператвараюць зямлю ў гразкую калатушу, намётны стан вось-вось зьнікне пад вадой. Але ліцэісты, якія першымі выступілі ў межах «Вольнай сцэны», з годнасьцю прайшлі выпрабаваньне. Старшынька Беларускай асацыяцыі студэнтаў Ілона Карпюк на дождж не зважае: трэба вырашаць арганізацыйныя пытаньні. Некалі яе бацькі не хацелі пускаць яе на фэст: «Маленькая яшчэ!» — казалі. У 19 год яна ўпершыню выйшла на сцэну «Басовішча» ў якасьці вакалісткі групы «Праект-2001». «Тады я нават не ўсьведамляла значэньня фэстывалю, проста карцела выступіць на вялікай сцэне», — апавядае яна і адначасова падпісвае нейкія паперы зь Пітам Паўлавым. Сёлета яе новая група «5set5» таксама бярэ ўдзел у конкурсе: «У мяне такая натура — люблю дзейнічаць. Таму займаюся музыкай, студэнцкімі справамі і «Басовішчам».
Праект БАСу «Фэстываль маладой музыкі Беларусі» польскае Міністэрства ўнутраных спраў сёлета прызнала вартым увагі і выдзеліла грошы на правядзеньне фэсту. Паводле новага польскага закону, менавіта МУС мусіць займацца справамі нацыянальных меншасьцяў. Прадстаўнік міністэрства Яраслаў Малецкі — ці не адзіны чалавек на фэсьце, апрануты афіцыйна, зь цікавасьцю назірае за выступам рэпэраў «Чырвоным па беламу»: «Мне падабаецца тое, што адбываецца тут».
«Далі» выступіць далі
Акурат пад выступ «Далі» выглядае сонейка. Хлопцы вылучыліся сваёй пазытыўнай музыкай яшчэ на менскім адборачным канцэрце, але ня трапілі ў склад канкурсантаў. Дзякуючы прад’юсэру Ігару Зныку яны ўсё ж сыгралі на «Басовішчы», праўда, у межах «Вольнай сцэны». Актуальна прагучала іх «Эмігранцкая песьня». Анёл-заступнік гурту сп.Знык здымае выступ на відэа: «Далі» вартыя большага!» — крычыць ён і абяцае наладзіць беларусам турнэ па Польшчы. Журналіст Зьміцер Падбярэскі ад выступу «Далі» таксама ў захапленьні: «Яны ведаюць, як трымацца на сцэне». Слава Корань не пагаджаецца: «Ім толькі на вясельлях граць, а не на рок-фэсьце».
Пад выступ гасьцей фэстывалю — пераможцаў мінулых гадоў і польскіх камандаў — калюжыны перад сцэнай ужо зьніклі. Становіцца болей песень пра радыяцыю: акрамя «Тарпача» тэму ўзьнялі «Парасон» і «вольныя госьці» з «Чырвоным па беламу».
Ірве дынамікі берасьцейская «Сьцяна» (самы эмацыйны выступ на фэсьце), «Піўны горад» непадалёк ад сцэны нагадвае кітайскі квартал. Усё суцішыцца пад раніцу. Самая кароткая ноч за год — на «Басовішчы».
Стрэл «Таварыша Маўзэра»
Другі дзень распачалі канкурсанты. Сябар журы Лявон Тарасэвіч потым прызнбецца, што ніякіх адкрыцьцяў для сябе сёлета не зрабіў: «Шмат хто з выступоўцаў працягвае музычныя традыцыі 1980-х, а хочацца пачуць маладую музыку Беларусі — голас маладога беларуса, які ў тыповай рок-манеры крычыць пра тое, што яго турбуе, а не сьпявае пра сіняе неба». На ўвесь голас крычаў хіба Такінданг з «Рэха», але кансэрватыўнае журы яго не пачула.
«Ці ёсьць сярод вас наркаманы? — крычыць са сцэны Янка з «Таварыша Маўзэра». — Жарыце наркотыкі, я хачу, каб вас стала меней!» «Сэрца і душу ахвярую Беларусі» — такі патас у магілёўскіх гард-кораўцаў. Іх высілкі ацанілі. «Таварыш Маўзэр» атрымаў прыз ад радыё «Беласток» — права запісу свайго дэбютнага альбому на студыі «Rembrandt» — і прыз радыё «Палёнія» — фінансавую падтрымку ў тыражаваньні й раскрутцы кружэлкі.
«Мы гатовы запісвацца хоць заўтра!» — крычыць ашалелы ад радасьці Янка. «Маўзэру» каля двух год, сьпявае толькі па-беларуску. Янка кажа, што абудзіўся пасьля рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі і дзьвюхмоўі: «Тады я перастаў ставіцца да беларускай мовы як да школьнага прадмету».
Група з рэвалюцыйнай назвай настроена сур’ёзна. «Вы пра нас пачуеце!» — дзякуюць яны за авансы. Тарасэвіч абвяшчаючы вынікі, пажартаваў: «Цешыць, што ўзнагароду атрымаў гурт з тых мясьцін, адкуль паходзіць Лукашэнка!». «Ня ўсё горшае адтуль», — парыруе Янка.
Памяці Чаркасавай
Грашовую прэмію атрымаў «Imprudеnce», «Зьмяя» — узнагароду ад Беларускага саюзу ў Польшчы. Прэмію войта гарадоцкае гміны здабыў «5set5». Слава Корань зазначае, што асабіста яго сёлета ніхто не зачапіў: узнагароды атрымалі тыя, хто прафэсійна паставіўся да сваёй справы. «Затое адзначаныя летась пацьвердзілі сваімі выступамі, што яны былі варты той увагі», — гаворыць Корань.
Фэстываль скончыўся выступамі монстраў беларускага року і польскіх груп «HMP» ды «Rima». «Нэйра-дзюбэля» прысьвяціў «Жыцьцё» памяці Веранікі Чаркасавай, Кулінковіч прэзэнтаваў новыя песьні — «Край» і «Ўсама». Першая — «чыста сьмяротная» — напісана пад уражаньнем ад нядаўняй сьмерці Тацяны Кухарскай — кумы лідэра «Нэйра-дзюбэлю». Другая — вясёлы гард-кор. Па-над сцэнай беларускія і польскія сьцягі.
«Уліс» прысьвячае гітарную імправізацыю памяці Анатоля Сыса. «IQ-48» прэзэнтуюць песьню на верш Міхала Анемпадыстава «Сьвятло ў цемры». Закрываюць фэст «N.R.M.». Польская паліцыя вырашае скараціць праграму — час выйшаў. «І тут не даюць пайграць!» — кажа Вольскі і насуперак усяму выконвае яшчэ дзьве песьні. «Усё роўна мы пераможам!» — рэфрэн новай песьні «N.R.M.».
Сталіца беларускага року
Сёлета агаліліся праблемы фэстывалю — фармат ды агульныя ўмовы выступу. Фэст вымагае большых арганізацыйных высілкаў. Л.Тарасэвіч назваў Гарадок сталіцай беларускага року, таму фэстываль вымагае арганізацыі на больш высокім узроўні.
«Трэба, каб студэнты перадалі арганізацыю фэсту людзям, якія б заняліся гэтым прафэсійна. Годзе рабіць усё па-партызанску». Корань упэўнены, што на фэст трэба працаваць праз увесь год, палепшыць умовы разьмяшчэньня і ўзровень сэрвісу.
Дарэчы, сёлета на «Басовішчы» прагучала нетрадыцыйная музыка для гэтых мясьцін: у якасьці гасьцей з Італіі прыехаў «Orchestra Arturo Piazza». Гэта прафэсійны калектыў, заснаваны ў 1882 г. эмігрантам з Аргентыны Артура П’яца — вялікім прыхільнікам музыкі, што завецца «bandistica». Цяпер італьянскія музыкі намагаюцца спалучыць тагачасныя музычныя традыцыі з сучаснымі патрабаваньнямі публікі. Выступ італьянцаў прайшоў «на ўра». І толькі пацьвердзіў, што «Басовішча» можа быць пляцоўкай для музыкаў абсаютна розных стыляў. Цікава, што італьянцы самі праявілі ініцыятыву прыехаць на фэст, бо неабыякава ставяцца да таго, што адбываецца ў Беларусі, ды гатовы папрацаваць супольна зь беларускімі музыкамі.
Каментары