Што Толкін і яго пярсцёнкі тлумачаць нам пра Лукашэнку лепш за палітолагаў
Тое, што Лукашэнка апантаны ўладай, даўно сталася догмай — але ці задумваемся мы пра тое, што значыць быць апантаным уладай? Ключ да яго разумення — у персанажах Сарумане і Глыксе, піша Міхась Яснотка.

Мы ўсе звязаныя адны з аднымі больш-менш моцнымі адносінамі падпарадкавання, але яны, як правіла, рацыянальныя. Апантанасць ірацыянальная — рашэнні апантанага чалавека часцяком немагчыма растлумачыць у логіцы здаровага сэнсу. Вялікая памылка — спрабаваць прадказаць паводзіны такога чалавека на аснове тваіх уласных рацыянальных матываў. Нарэшце, трэба памятаць, што апантанасць — гэта залежнасць. Пазбавіць апантанага чалавека аб'екта яго апантанасці — гэта значыць пазбавіць яго сэнсу існавання.
Усё гэта аксіёмы, без якіх немагчыма зразумець, што сабой уяўляе чалавек, які стаіць на чале Беларусі ўжо больш за 30 гадоў. Але каб па-сапраўднаму разабрацца ў матывах людзей такога кшталту, можна паклікаць на дапамогу (так, ужо можна) палітычную навуку, клінічную псіхалогію, сацыялогію, палітэканомію і нават класічную літаратуру, не гаворачы ўжо аб тэалогіі і міфалогіі. Задача грунтоўная — нам трэба спасцігнуць прыроду ўлады, а яе феномен сягае далёка за межы адной навукі.
Але нам пашанцавала — практычна ўсю працу за нас ужо зрабіў Толкін. Троху нагадаем: быў такі Саўрон (нехта накшталт сатаны), які нядрэнна разабраўся ў чалавечай, эльфійскай і гномскай прыродзе і «дапамог» прагным да ведаў эльфам скаваць сем пярсцёнкаў улады для гномаў і дзевяць — для людзей. Тры эльфійскія пярсцёнкі былі скаваныя без ягонага ўдзелу. А свой Пярсцёнак, адзіны, ён скаваў сам, каб падпарадкаваць сабе ўсе астатнія.
Менавіта пра гэты пярсцёнак — увасобленую абсалютную ўладу — мы ведаем больш за ўсё.
Праз яго практычна страціў розум Барамір, ім спакушаліся Фарамір, Галадрыэль, Гэндальф і шмат хто іншы.
Глыкс, які валодаў Пярсцёнкам 500 гадоў (але выкарыстоўваў яго «па дробязях», таму і пратрымаўся так доўга), звар’яцеў, страціўшы яго. (Імёны, назвы і цытаты падаюцца па Р. Толкін, «Уладар пярсьцёнкаў. Дзве вежы» у перакладзе К. Курчанковай і Дз. Магілёўцава.)
Фрода не змог бы данесці Пярсцёнак да Гары Выраку адзін — ён проста насунуў бы яго і абвясціў сябе яго ўладаром значна раней, але рацыянальны голас лепшага сябра да апошняга моманту ўтрымліваў яго ад гэтага. Урэшце нават з дапамогай Сэма Фрода не змог бы знішчыць Пярсцёнак без умяшання Глыкса. А потым, страціўшы яго незваротна, Фрода так і не змог зжыцца з рэчаіснасцю і сплыў з эльфамі ў Добраславёную Зямлю, дзе няма месца смуткам гэтага свету.
Яшчэ лепш зразумець феномен улады дапамагаюць іншыя персанажы «Уладара пярсцёнкаў» — назгулы. Гэта каралі людзей, якія атрымалі дзевяць пярсцёнкаў і ўрэшце сталіся падняволенымі Уладара — стваральніка Адзінага Пярсцёнка. Гэта людзі, у якіх былі каралеўствы, але якія прагнулі большага — і прынялі пярсцёнкі ўлады. Вось яна, прырода апантанасці: ты валодаў пярсцёнкам, але ў выніку ён завалодаў табой і зрабіў цябе сваім рабом. У гэтым сэнсе назгул — раб улады. І раб «кіраўніка» Мордара.
Але, мабыць, дакладней за ўсё мы адгадаем з нашым персанажам, калі ўспомнім Сарумана. Ён вельмі хацеў атрымаць Пярсцёнак сабе. Парадаксальным чынам, тым самым ён бы стаўся уладаром Мордара — а тыя, хто даўно вывучае палітыку Беларусі, ведаюць, што ў дапуцінскія часы Лукашэнка марыў стаць на чале Расіі (або «саюзнай дзяржавы»). Але потым з'явіўся Саўрон, Пярсцёнак сплыў з рук, а Ізенградак стаўся прамысловым цэнтрам, які каваў для Мордара зброю і рыхтаваў войска для захопу Рохана. Тут ёсць дзіўны факт — у Толкіна Рохан называецца Riddermark — гэта край рыцараў, памежжа, якое было абаронай унутраных земляў валадарства. У ВКЛ такія землі называлі украінай, і менавіта так перакладаюць Riddermark у сваім найвыбітнейшым перакладзе Курчанкова і Магілёўцаў. Паводле кнігі, оркі зайшлі ва ўкраіну з тэрыторыі, падкантрольнай Саруману… Ну, вы самі ўсё бачыце.
Лёс Сарумана незайздросны. Некалі вялікі чараўнік, які валодаў харызмай («голас Сарумана»), ён спачатку стаўся марыянеткай Саўрона, а затым паспрабаваў правесці калектывізацыю і індустрыялізацыю Шыра — але ў выніку быў забіты сваім рабом Змеяротым.
Захад спрабаваў з ім размаўляць: «Ты можаш пакінуць Ортанк вольным — калі сам абярэш тое». Але Саруман зрабіў свой выбар, адмовіўся пакінуць вежу, у якой замкнуў сам сябе — і страціў рэшткі легітымнасці: «Саруман, твой кій — зламаны».

Вядома, нават геніяльная літаратура ці добра распрацаваная навука не даюць паўнаты карціны. Кожны канкрэтны чалавек заўсёды і прасцейшы, і складанейшы за якія-колечы канцэпцыі і вобразы, у якія мы хочам яго ці яе ўплішчыць. Але Толкін перасцерагае нас: пярсцёнак улады разбурае сутво чалавека, а ў ягонага раба не застаецца ніякіх каштоўнасцяў, апроч самога пярсцёнка — апроч улады, якую ён увасабляе.
Гэтая перасцярога гучыць і тады, калі чытаеш штосці накшталт «Святлана Ціханоўская спрабуе стрымаць Еўропу ад выкарыстання санкцыйных паслабленняў, якія могуць прывесці да вызвалення палітвязняў у Беларусі і спынення рэпрэсій». Для тых, хто не чытаў кнігі, а задаволіўся толькі фільмам, будзе дзіўна даведацца, што Саруман, збегшы з Ізенградка, падначаліў сабе Шыр, а хобіты, вярнуўшыся з сваёй вандроўкі, мусілі яго вызваляць. Так і ўяўляеш, што Саруман «спыняе рэпрэсіі», калі Мэры з Піпінам перастаюць «ціснуць». Узгадваецца персанаж Змеяротага, які загінуў у кнізе, але ў нашым свеце працягвае жыць у многіх асобах — бо імя ім легіён.
І ўсё ж, як кажуць, не Саруманам адзіным тлумачым мы нашага героя. Памятаеце яшчэ і Глыкса — мабыць, найбольш неадназначнага персанажа «Уладара пярсцёнкаў».
«Усё з ім зразумела!» — казаў Сэм.
«Трэба паспрабаваць яго выратаваць», — адказваў Фрода.
У расколатай Пярсцёнкам асобе Глыкса-Смеяголя святло жыло амаль да самага канца, і, калі б Фрода не спрабаваў яго ўратаваць, фінал гісторыі быў бы іншым.
Памятайма аб нашых каштоўнасцях, кажа Толкін. Інакш уладар Пярсцёнка пераможа — хай нават і нашымі ўласнымі рукамі.
Каментары
Лярвы ўспрымаюцца як узоры нежаданых думак і эмоцый, якія жывуюцца энергіяй чалавека. Яны могуць з'яўляцца ў выніку негатыўных паводзін, такіх як зайздрасць, нянавісць або страх, і імкнуцца авалодаць свядомасцю чалавека, прыводзячы яго да деструктыўных дзеянняў.
На прыкацы поўнасцю захопліваюць і замяняюць чалавечую сутнасць .
Залежыць ад чалавека. У Лукашэнкі і не было каштоўнасцей, лепшай сутнасці. Злы, пакрыўджаны. Толькі закаранеў ("замацярэў").
У рускім (і ўвогуле аўтарытарным) свеце губляць уладу небяспечна, бо яна перадаецца або праз спадчыну (назначэнне), або праз гвалт. Калі праз гвалт, то наступныя помсцяць папярэднім. Таму і чапляюцца яшчэ больш.
(Што за "сутво"? ШІ прыдумаў у перакладзе?)