Як птушыны памёт стварыў магутную дзяржаву, якая была важным партнёрам імперыі інкаў
Доўгі час лічылася, што магутнасць старажытных цывілізацый грунтавалася выключна на вайсковай сіле ці рэлігіі. Аднак новае даследаванне паказвае нечаканую крыніцу росквіту аднаго з народаў дакалумбавага Перу. Ключом да багацця, палітычнага ўплыву і нават саюза з вялікай імперыяй інкаў стаў звычайны птушыны памёт — гуана. З падрабязнасцямі знаёміць Der Tagesspiegel.

У перыяд з 1000 па 1400 год нашай эры, яшчэ да росквіту імперыі інкаў, на ціхаакіянскім узбярэжжы сучаснага Перу дамінавала каралеўства Чынча. Гэта была магутная дзяржава з насельніцтвам, якое часам перавышала 100 000 чалавек. Даследчыкі даўно ведалі, што чынча былі надзвычай заможнымі, але крыніца гэтага дабрабыту заставалася прадметам дыскусій.
Адказ знайшла каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам Джэйкаба Бонгерса з Сіднэйскага ўніверсітэта. У артыкуле, апублікаваным у часопісе PLOS One, яны сцвярджаюць: рухавіком уздыму гэтай цывілізацыі стаў інтэнсіўны збор і выкарыстанне гуана — натуральнага ўгнаення. Як адзначыў Бонгерс, у старажытных андскіх грамадствах угнаенне фактычна азначала ўладу.
Сакрэт урадлівасці
Земляробства на ўзбярэжжы Перу — задача не з лёгкіх. Мясцовы клімат вельмі засушлівы, а пясчаныя глебы хутка губляюць пажыўныя рэчывы. Каб пракарміць вялікае насельніцтва, патрэбны быў радыкальны сродак павышэння ўраджайнасці.
Выратаваннем стала гуана — натуральнае ўгнаенне, якое ўтвараецца з высушаных экскрэментаў марскіх птушак або кажаноў. Яно адрозніваецца высокім утрыманнем азоту, фосфару і іншых элементаў.
Выкарыстанне гэтага рэсурсу, як сцвярджаюць вучоныя, дазволіла земляробам даліны Чынча атрымліваць лішак сельскагаспадарчай прадукцыі, перадусім кукурузы — аднаго з найважнейшых прадуктаў харчавання ў Амерыцы. Вынікам стаў рост насельніцтва, развіццё гандлю і ўзмацненне рэгіянальнага ўплыву.
Каб пацвердзіць сваю гіпотэзу, навукоўцы правялі дэталёвы аналіз. Яны вывучылі біяхімічныя ўласцівасці 35 узораў кукурузы, знойдзеных у старажытных пахаваннях даліны Чынча. Вынікі паказалі анамальна высокія ўзроўні азоту, якія немагчыма растлумачыць натуральнымі ўласцівасцямі мясцовых глеб. Гэта стала прамым доказам таго, што расліны шчодра ўгнойваліся птушыным гуана.
Марскія экспедыцыі за «белым золатам»
Здабыча ўгнаення патрабавала развітых навыкаў мараходства. Гуана здабывалі на бліжэйшых астравах Чынча, якія славіліся сваімі багатымі і якаснымі пакладамі гуана. Яго асноўнымі вытворцамі былі такія віды птушак як перуанскі баклан (Leucocarbo bougainvilliorum), перуанская олуша (Sula variegata) і перуанскі пелікан (Pelecanus thagus).

Паводле пісьмовых крыніц каланіяльнага перыяду, жыхары ўзбярэжжа Перу і поўначы Чылі выпраўляліся да гэтых астравоў на плытах. Валоданне флотам і доступ да астравоў сталі стратэгічнай перавагай чынча.
Культурная значнасць марскіх птушак і кукурузы адлюстроўваецца і ў мастацтве таго часу: выявы птушак, рыбы і качаноў кукурузы знаходзяць на тэкстылі, кераміцы, насценнай разьбе і роспісах. Усё гэта пацвярджае, што ўжо не пазней за 1250 год мясцовыя супольнасці свядома і арганізавана выкарыстоўвалі гуану як угнаенне.
Гуана і саюз з інкамі
Даследчыкі мяркуюць, што менавіта гуана стала ключавым фактарам у адносінах паміж народам чынча і самай магутнай дзяржавай рэгіёна — імперыяй інкаў.
Інкі, якія жылі ў высакагор'і Анд, высока цанілі кукурузу. З яе рабілі рытуальны ферментаваны напой — чычу, які выкарыстоўваўся ў важных цырымоніях. Аднак у суровых умовах гор вырошчваць кукурузу ў дастатковай колькасці было складана. Акрамя таго, інкі, будучы горным народам, не валодалі мастацтвам мараходства, што закрывала ім прамы доступ да астравоў з угнаеннем.
Тут інтарэсы двух народаў супалі. Чынча былі выдатнымі мараходамі і мелі вялікую колькасць грузавых плытоў, здольных дастаўляць гуана. Гэта зрабіла іх неацэннымі партнёрамі. У выніку гуана стала важным элементам дыпламатычных пагадненняў і стратэгічнага альянсу, дазволіўшы чынча захаваць значны ўплыў нават пад ценем імперыі інкаў.
Спадчына і сучаснасць
Росквіт каралеўства Чынча скончыўся з прыходам іспанскіх канкістадораў: хваробы і сацыяльныя ўзрушэнні прывялі да краху папуляцыі і заняпаду культуры. Аднак гісторыя поспеху, заснаваная на птушыным памёце, паўтарылася стагоддзі пазней.
У 1804 годзе нямецкі прыродазнавец Аляксандр фон Гумбальт прывёз узоры перуанскага гуана ў Еўропу. Аналізы пацвердзілі яго фенаменальную эфектыўнасць. З 1840 года пачалася сапраўдная «гуанавая ліхаманка»: экспарт з Перу выбухнуў, а сам рэсурс пачалі называць «белым золатам». Гэтае вобразнае імя ўзнікла не проста так.
«Белым» гуана называлі з-за яго характэрнага колеру: дзякуючы высокаму ўтрыманню мачавой кіслаты і сухому клімату ўзбярэжжа, дзе дажджы — вялікая рэдкасць, птушыны памёт высыхаў на сонцы, ператвараючыся ў беласнежныя напластаванні. Здалёк астравы нават здаваліся пакрытымі снегам.

«Золатам» жа яго празвалі за неверагодны прыбытак, які прыносіў гэты гандаль. Перу імкліва багацела, а еўрапейская сельская гаспадарка дзякуючы гэтаму ўгнаенню атрымала магутны штуршок для росту ўраджайнасці.
Гэтая эпоха скончылася толькі пасля 1913 года, калі нямецкі хімік Фрыц Габер вынайшаў метад сінтэзу аміяку (працэс Габера — Боша). Танныя сінтэтычныя ўгнаенні, якія можна вырабляць у неабмежаванай колькасці, выціснулі прыродны аналаг з рынку.
Сёння цікавасць да натуральнага ўгнаення часткова вяртаецца — перш за ўсё ў арганічным земляробстве. Але яго значэнне ўжо не параўнальнае з тым, якое гуана мела ў часы, калі яна магла ўзняць цэлае каралеўства да вяршыняў магутнасці.
«Такіх эмоцый, што «ваў!» — іх шмат!» Падарожнік з Салігорска расказаў, як праехаў на скутары ўсю Лацінскую Амерыку
У Перу адправілі ў адстаўку прэзідэнта — ужо трэцяга запар
Амерыканскі горад запаскуджваюць гусі. Улады выдаткуюць амаль 400 000 даляраў, каб адпудзіць птушак
«Хутка ўсё з'ядуць». Рыбаловы скардзяцца, што ад гэтай птушкі няма паратунку
Каментары