Архіў

Адкрыты ліст Аляксандра Фядуты Кангрэсу дэмакратычных сілаў

Альбо перамагайце, альбо саступіце месца новаму палітычнаму пакаленьню. Лідэры «дзясяткі» мусяць пайсьці ў адстаўку ў выпадку паражэньня адзінага кандыдата. Такую рэзалюцыю прапануе на разгляд Кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандар Фядута.

Настаў час палітычнай адказнасьці

Дагэтуль палітычныя сцэнары ў Беларусі пісаліся ананімнымі «групамі таварышаў» і рэалізоўваліся ва ўмовах, калі кожны меў права сказаць усім: «Мы б выйгралі, ды вы нам перашкодзілі!». Ніводная група «сцэнарыстаў» не ўзгадняла сваіх дзеяньняў зь дзеяньнямі іншых.

У 2006 г. такой магчымасьці перакласьці адказнасьць на плечы іншых ня будзе. Кангрэс дэмакратычных сілаў будзе праходзіць згодна са сцэнаром, распрацаваным «дзясяткай», і гэта варта толькі вітаць. Бо ананімны сцэнар мае на ўвазе калектыўную безадказнасьць. Лідэры асноўных палітычных сілаў дэмакратычнай супольнасьці навучыліся пераадольваць ідэалягічныя супярэчнасьці. Але ўменьне дамаўляцца — не адзіная якасьць, якой варта валодаць палітыкам.

Я невыпадкова кажу пра аўтарскі характар распрацаванага сцэнару. Імёны членаў кіроўнага органу «дзясяткі» вядомы ўсім нам. Таму ў кожнага, хто лічыць сябе дэмакратам і будзе гатовы галасаваць за вылучанага згодна з распрацаваным і зацьверджаным гэтымі людзьмі сцэнаром застаецца права чакаць, што гэтыя вядомыя ўсім людзі заявяць сумленна: «Мы распрацавалі менавіта такі сцэнар і прапануем яго дэмакратычнай супольнасьці таму, што верым у перамогу. Мы ня будзем абумоўліваць яго рэалізацыю спасылкамі на рознага кшталту перашкоды, бо ўлічылі іх. Мы гатовы ісьці да канца і ў выпадку паразы гатовыя ўзяць на сябе палітычную адказнасьць за гэтую паразу, абвясьціўшы аб сваёй адстаўцы з усіх статусных пасад у партыях, рухах і грамадзкіх арганізацыях, якія мы ўзначальваем. Мы будзем гатовы аддаць свае веды, свой вопыт, свае палітычныя сувязі новаму пакаленьню беларускіх дэмакратаў, якое прыйдзе нам на зьмену».

Так рабілі нават такія вялікія палітыкі, як Гэльмут Коль і Лех Валэнса. Зь імі заставалася павага аднапартыйцаў. А на зьмену ім прыйшлі новыя людзі, якія не пасьпелі наліпнуць на зубах выбарнікаў.

Я заклікаю арганізатараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў быць сумленнымі і прынцыповымі да канца. Узяўшы на сябе палітычную адказнасьць за распрацоўку сцэнару выбараў-2006, яны павінны абвясьціць пра сваю гатоўнасьць пайсьці ў адстаўку ў выпадку, калі гэты сцэнар не прывядзе да перамогі. Яны атрымаюць усе лаўры ў выпадку перамогі адзінага апазыцыйнага кандыдата — і стрымаюць дадзенае слова ў выпадку яго паражэньня. Бо толькі гэта будзе азначаць, што яны вераць у рэальнасьць прапанаванага імі сцэнару і гатовы ахвяраваць сваёй асабістай палітычнай кар’ерай дзеля яго рэалізацыі. Лідэры палітычных партый Беларусі павінны альбо перамагчы, альбо саступіць месца новаму пакаленьню.

Выказваючы сваю ўдзячнасьць арганізатарам Кангрэсу за запрашэньне ўдзельнічаць у яго рабоце, я, на жаль, не змагу скарыстаць гэтую магчымасьць. Таму прашу разглядаць мой ліст як тэкст выступу па парадку вядзеньня Кангрэсу і заклікаю дэлегатаў, што падзяляюць яго асноўныя палажэньні, паставіць на галасаваньне наступную рэзалюцыю.

«1. Кангрэс дэмакратычных сілаў заклікае ўсе палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы, прадстаўнікі якіх былі ўпаўнаважаны прымаць удзел у правядзеньні Кангрэсу, аказваць усялякую падтрымку штабу вылучанага Кангрэсам адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў, разглядаючы гэта як свой грамадзянскі абавязак, незалежна ад партыйнасьці кандыдата.

2. Кангрэс дэмакратычных сілаў лічыць кіраўнікоў арганізацый і партый, якія ўваходзяць у склад пастаянна дзейнай нарады дэмакратычных сілаў («дзясятка»), асабіста адказнымі за рэалізацыю рашэньняў Кангрэсу і заклікае іх пайсьці ў адстаўку з усіх грамадзкіх пасад у выпадку правалу прапанаванага і ажыцьцёўленага імі сцэнару і паражэньня вылучанага Кангрэсам кандыдата.»

Прашу паставіць на галасаваньне рэзалюцыю цалкам.

З павагай, Аляксандар Фядута

Каментары

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярную беларускую блогерку будуць судзіць за «распальванне варожасці»4

Вучоныя знайшлі «магістраль дыназаўраў» узростам 166 мільёнаў гадоў

Трымаеце ноўтбук увесь час падключаным? Гэта кепска для яго7

Чаму Трамп загаварыў пра Грэнландыю?30

За час паміж двума Калядамі 52 чалавекі загінулі падчас пажараў

«Вайна на парозе». Бондарава пабачыла ў беларускамоўных школах на вёсцы перашкоду для мілітарызацыі17

У цэнтры Гродна пабудуюць закрыты квартал таўнхаусаў3

Расіяне ўдарылі КАБ-амі па Запарожжы, шмат пацярпелых4

Беларускі трактар сабраў у тыктоку 5 мільёнаў праглядаў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Чаму ўлады паказалі Бабарыку менавіта цяпер?

Галоўнае
Усе навіны →