Архіў

Ёр з маслам

Хлеб называем «Віленскім», а малюем на этыкетцы Троцкі замак. Але гэта ў кожным выпадку лепш за «Савушкин продукт» або «Пернікі падмаскоўныя». Лепш, але мы ўжо другое дзесяцігодзьдзе незалежная дзяржава і можам сабе дазволіць капнуць глыбей.

Паўмесяца таму меў клопат: што завезьці ў падарунак у Літву? Калісьці вазіў «Крамбамбулю»: пляшка і дыск любога літвіна білі пад дых. Але надакучыла: штораз ставіць на стол адно і тое, расказваючы, што гэты даўні супольны наш напой менавіта мы, нашчадкі Скарыны, адрадзілі, а не духоўныя дзеці Мажвідаса. «Нарачанскі» хлеб таксама прыеўся. Хто будзе есьці яго, калі ў кожным гіпэрмаркеце Вільні ляжыць славутая «Vilniaus duona»?

Ледзь не павёз арабінавую настойку з дужа «мілай» назваю «Бульбашъ». Зь ёрам на канцы.

— Бяруць, нішто сабе, нібыта, — абыякавым тонам адказала мне прадавачка на запыт аб смакавых якасьцях прадукту.

— Напэўна, устрымаюся. Назва бянтэжыць, абразьліва. Мо яшчэ чаго маеце нацыянальнага? За бугор трэба! — умольна глядзеў я на дзяўчыну, якая, не падымаючы вачэй, абыякава чыркала нешта ў журнальчыку.

І павёз «беларускі» бальзам ды ўсё той жа «Радзівілаўскі» хлеб. На «Радзівілаўскі», які, аказваецца, «хлеб нашых продкаў», мае сябры паглядзелі зь цікаўнасьцю: «Ну-ну…»

Зрэшты, і я ня мог даць рады сабе: добра гэта ці ня надта — называць хлеб магнацкім мяном. Так жа, як ляпіць марку «Radzivill» на «левае» віно, на ўнівэрсам у менскай Вясьнянцы. Цікава, што думаюць наконт гэтага самі Радзівілы? «Всеслав Чародей», «Князь Гедемин», «Князь Витовт» — гучыць прыгожа. Але не пакідае адчуваньне: нешта ня тое.

У адной літоўскай сям’і, дзе я гасьцяваў, зайшла на гэтую тэму цэлая дыскусія: ці можна выкарыстоўваць знакавыя імёны нашай супольнай мінуўшчыны для прапаганды тае самае мінуўшчыны такім вось чынам. Жонка прыяцеля — гісторык, яна дакопваецца да прычын забойства Кейстута. Таму яна вельмі эмацыйна адгукнулася на вестку, што ў Горадні зьявіцца чарговы беларускі алькагольны цуд — гарэлка «Вітаўт». Яшчэ больш літвінка ўзрушылася, даведаўшыся, што беларусы пасьпелі ўжо назваць «Князем Вітаўтам» і шампанскае.

Літоўская «рэўнасьць» мне зразумелая. Хоць і па той мяжы часам «злоўжывалі» гучнымі «брэндамі». Але іх багатая кулінарная гісторыя дазваляе выкопваць і «Trejos devynerios» — настойку на зёлках, ня горшую за «Крамбамбулю», ад якое сам Караткевіч бываў на сёмым небе, і, урэшце, «Мідус», і проста «Літоўскую» гарэліцу.

А мы свой хлеб называем «Віленскім», але малюем на этыкетцы Троцкі замак. Так, гэта ў кожным выпадку лепш за «Савушкин продукт» або «Пернікі падмаскоўныя» (уявім «Смургонскія баранкі» ў Піцеры). Лепш, але мы ўжо другое дзесяцігодзьдзе незалежная дзяржава і можам сабе дазволіць капнуць глыбей ды адшукаць даўнія рэцэпты і гэткія ж старыя арыгінальныя назвы. Успомніць, што варылі, смажылі і разьлівалі пад «панскай» Польшчай, пад «царскай» Расеяй, ня кажучы ўжо пра «залаты век» Літвы. І «рэгенэраваць» рэцэпты ды брэнды.

«Літоўскі» сыр той жа, пра які пісала «НН», — чым ня ўзор для пачатку? А хлеб хай будзе «Радзівілаўскім», «Траецкім», гарэлка — «Вітаўтам». Каб жа толькі ў рэцэптуры сапраўды адбілася што-небудзь са спэцыфічна нясьвіскага, менскага і гарадзенскага, слодыч напраўду была неспадзяванага смаку, а гарэлка нагадвала хаця б аддалена трункі зь велікакняскага склепу.

Пакуль жа даводзіцца кожны дзень зьдзіўляцца, чаму масла «Сонейка», а шакаляд «Славянский», а не наадварот, і ў чым жа «чародейность» «Всеславовой» гарэлкі?

Калі адчуеце — напішыце, падзяліцеся, зьверым чуйнасьць нашых языкоў.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў15

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў

Усе навіны →
Усе навіны

«Бангкок лепшы за Лондан». Як беларуска пераехала ў Тайланд і будуе там бізнэс1

21‑гадовую дзяўчыну з Пінска асудзілі за палітыку. Яна вучылася ў Польшчы, але вярнулася ў Беларусь6

Як цяпер жыве Арына Рудніцкая — першая дзяўчынка з СМА, якой $2 мільёны на лекі сабралі самі беларусы3

Статкевіч трос клетку, суддзя смяяўся, гучалі «Муры». Ігар Лосік расказаў, як судзілі фігурантаў «справы Ціханоўскага»6

Севярынец: Ды дваццаць улезе, я табе кажу13

Ракета Blue Origin мільярдэра Джэфа Безаса выбухнула на старце1

Беларусу ў Польшчы выдалілі пухліну з мозгу — цяпер ён аднаўляецца пасля спынення сэрца. Сям'я просіць дапамогі3

Беларусбанк таксама будзе патрабаваць ад кліентаў геалакацыю4

Украінскія дроны атакавалі Валгаград. Гарыць НПЗ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў15

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць