Эканоміка77

Сланцавая рэвалюцыя цягне рукі да Паднябеснай

Кітайская нафтагазавая кампанія Sinopec — другая пасля PetroChina па аб’ёмах здабычы ў КНР — пачала актыўна займацца распрацоўкай радовішчаў сланцавага газу ў правінцыі Сычуань. Кіраўніцтва КНР надае сланцавым перспектывам вялікую ўвагу. У адпаведнасці з Дванаццатым пяцігадовым планам на 2011—2015 гг., аб’ёмы здабычы сланцавага газу да канца 2015 г. мусяць дасягнуць 6,5 млрд кубічных метраў штогод.
Але і гэта — не мяжа. У далейшым здабычы мусяць выйсці на паказальнікі ў 30 млрд кубічных метраў (гэта прыблізна палова аб’ёму газу, які Кітай спажыў у 2008 г.), а далей — і да 100 млрд.

Безумоўна, у Кітай сланцавая рэвалюцыя ў значнай ступені была экспартаваная. І галоўны экспарцёр — вядома ж, Злучаныя Штаты. Яшчэ ў 2009 годзе Барак Абама дазволіў перадаць Кітаю адпаведныя тэхналогіі, а таксама даў зялёнае святло непасрэдным амерыканскім інвестыцыям у кітайскую здабычу сланцавага газу.
У красавіку 2012 г. Sinopec за 2,4 млрд даляраў набыла праект на здабычу сланцавага газу і нафты ў амерыканскай кампаніі Devon Energy Corp (дадзеныя з сайта caixin.com).

Уласная здабыча сланцавага газу істотная для Кітая. Цяпер энергетыка КНР трымаецца ў асноўным на вугалі, на які прыпадае прыкладна 70% рэсурсаў, якія спажывае эканоміка краіны. На тэрыторыі Кітая знаходзіцца шмат радовішчаў гэтага карыснага выкапня. Праблема толькі ў тым, што яны моцна раскіданыя па тэрыторыі, і транспартаванне прыводзіць да значных стратаў. Да таго ж сама здабыча не самая бяспечная (навіны пра аварыі з вялікай колькасцю ахвяраў даводзіцца чуць даволі часта). Плюс даволі дзіўная схема фармавання цэнаў. І, безумоўна, экалагічныя страты: кітайскія гарады літаральна задыхаюцца ад смогу. Таму дыверсіфікацыя энергетыкі не была б залішняй. Тым болей што паводле сучасных дадзеных Кітай мае самыя вялікія даступныя запасы сланцавага газу, якія на 50% перавышаюць аналагічныя запасы ў ЗША.

Рост спажывання газу ў Кітаі ўжо павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Паводле дадзеных Міжнароднага энергетычнага агенцтва, у 2012 г. Кітай спажыў 147 млрд кубоў газу, у 2035 г. гэтая лічба можа скласці 634 млрд кубоў.
А гэта непазбежна прывядзе да росту імпарту газу, які ў 2007 г. складаў 5% ад унутраных патрэбаў, а цяпер яго доля дасягае 30%, на што ўказвае Чжоў Січжоў — дырэктар кітайскай кансалтынгавай фірмы IHS CERA (дадзеныя прыводзяцца на сайце газеты The Japan Times). Па аб’ёмах да 2030—2035 гг. імпарт вырасце да 200–300 млрд (паводле прагнозаў таго ж МЭА). Таму сланцавая рэвалюцыя для Кітая далёка не залішняя.

Але казаць пра сланцавы трыумф у КНР пакуль зарана. Існуе, напрыклад, такая праблема, як недахоп вады, неабходнай для здабычы сланцавага газу (паводле тэхналогіі, каб здабыць газ, трэба разарваць сланцавы слой, запампаваўшы ў яго ваду з хімікатамі).
Але больш за ўсё зніжае энтузіязм арганізацыйны момант. Рэч у тым, што Sinopec — дзяржаўная кампанія. А сістэма мэнэджмэнту дзяржаўных прадпрыемстваў моцна адрозніваецца ад прыватных. Адрозніваецца перш за ўсё па матывацыі. Калі для мэнэджмэнту прыватных кампаній асноўная матывацыя — атрыманне прыбытку, то для мэнэджмэнту дзяржаўных арганізацый галоўнае — прыкрыць азадак ад магчымых нечаканасцяў (дый чаканасцяў). Не, магчыма, выключэнні бываюць і там, і там, але яны толькі пацвярджаюць правіла.

Вось і ў здабычы сланцавага газу кітайская дзяржаўная бюракратыя гаворыць сваё важкае слова. У выніку, калі ў Паўночнай Дакоце новыя 60 свідравінаў для разведкі сланцавага газу з’яўляюцца кожныя 10 дзён, у КНР на такую ж колькасць свідравінаў спатрэбілася два гады.
Што цікава, кітайцаў, нягледзячы на іхную павагу да мінулага, нічому не навучыла ўласная гісторыя. У другой палове ХІХ ст. яны ўжо спрабавалі мадэрнізавацца «праз дзяржаву» і з трэскам прайгралі ў развіцці японцам, якія, хоць і пачалі мадэрнізацыю на дзесяць гадоў пазней, але іхную эканоміку развіваў прыватны прадпрымальнік (японцы хутка зразумелі, што дзяржава — найгоршы бізнэсовец у свеце, і пакінулі за ёй ролю таго самага «начнога вартаўніка»), а ў Кітаі мадэрнізацыяй займалася дзяржаўная бюракратыя. Вынік — параза Кітая ў першай японска-кітайскай вайне 1894—1895 гг. (і фактычна «страчанае» ХХ стагоддзе).

Бюракратыя негатыўна ўплывае на развіццё здабычы сланцавага газу і праз яшчэ адзін аспект. Як і ў любой «моцнай» дзяржаве, у КНР назіраецца зацятая канкурэнтная барацьба паміж рознымі дзяржаўнымі ведамствамі (мадэль якой вядомая кожнаму дзякуючы фільму «Сямнаццаць імгненняў вясны»).
За здабычу нафты і газу ў Кітаі адказвае Камісія па нацыянальным развіцці і рэформе. Але на сланцавы газ прэтэндуе Міністэрства зямлі і рэсурсаў, якое апелюе да таго, што сланец — гэта мінерал, якія ўваходзяць у сферу адказнасці міністэрства, таму, маўляў, і газ мусіць належаць яму. У выніку замест дзясяткаў свідравінаў — толькі адзінкі, а ўсе прагнозы па здабычы ператвараюцца ў фікцыю.

Але карэктаваць трэба не толькі прагнозы па здобычы газу, але і па яго спажыванні. Рост попыту на газ (не толькі ў Кітаі, але і ў Азіі ў цэлым) чакаецца ў першую чаргу з прычыны прагнозаў росту эканомікі ў дадзеным рэгіёне. Аднак некаторыя моманты могуць сведчыць, наадварот, пра запавольванне эканамічнага развіцця.
У першую чаргу гэта датычыць КНР. Трэба адзначыць, што паняцці «прагноз» і «кітайская эканоміка» — несумяшчальныя. Кітайская эканоміка занадта закрытая, яна нагадвае чорную дзірку, якая не дазваляе, каб хоць кропля святла прабілася ад яе да назіральніка. Таму ніхто не возьмецца казаць, якія трэнды ў ёй цяпер пануюць. Хоць некаторыя моманты, безумоўна, можна выкарыстаць, каб зрабіць вельмі асцярожны прагноз. Напрыклад, як было сказана вышэй, вельмі негатыўны ўплыў пакідае прысутнасць дзяржавы ў эканоміцы. Таксама, на маю думку, негатыўную ролю адыграе і магчымае пашырэнне правоў рабочых (у тым ліку і рост заробкаў), што можа быць звязана з пэўным дэфіцытам працоўнай сілы (да чаго непазбежна прывядзе дэмаграфічная палітыка КНР) і з павышэннем вагі працоўных у эканамічным жыцці. Такім чынам, калі б запыталі ў мяне, я б казаў, што Кітай чакаюць цяжкія часы, і спажыванне газу таксама можа не дасягнуць прагнозных паказальнікаў.

Дарэчы, да «цяжкіх часоў» можа спрычыніцца і сланцавая рэвалюцыя. Так, паводле меркавання сайта arabnews.com, танны газ у ЗША можа падарваць канкурэнтаздольнасць кітайскіх вытворцаў.
Нават калі КНР усё ж разгорне здабычу на сваёй тэрыторыі, для кітайцаў гэта будзе больш дарагі газ.

Што добрага можа даць сланцавы газ для КНР, дык гэта ўзмацненне пазіцый у перамовах па цэнах на імпартныя пастаўкі газу. Зусім нядаўна (у сакавіку) Кітай дамовіўся з Расіяй (то бок з Газпрамам) пра пастаўкі 38 млрд кубоў газу пачынаючы з 2018 г.
І вось цікавы момант: пра пастаўкі дамовіліся, а пра цану — не. Бо Кітай патрабуе ўсталяваць цану ў 200 даляраў за тысячу кубоў. Газпрам жа хоча, каб было «як у Еўропе», то бок 400 даляраў. Камізм сітуацыі, дарэчы, у тым, што цэны на газ на розных рэгіянальных рынках розныя, з вялікай разбежкай. Напрыклад, звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) у ЗША ў 3,3 разу таннейшы, чым у Еўропе. А ў Еўропе, у сваю чаргу, цэны на ЗПГ у 2 разы ніжэйшыя за азіяцкія. Пры гэтым ЗПГ значна прасцей транспартаваць (то бок перакідваць з рынка на рынак), чым прыродны газ у звычайным стане. Такім чынам, калі Газпрам прапануе азіяцкай краіне газ па «еўрапейскіх» цэнах, ён апрыёры аслабляе свае пазіцыі.

Больш за тое, пра цэны яшчэ не дамовіліся, а газаправод ужо пачынаюць будаваць (у выглядзе адгалінавання ад газаправоду з цудоўнай назвай «Сіла Сібіру»).
Гэта яшчэ адзін козыр Кітая ў спрэчцы вакол цэн. Маўляў, газаправод пабудавалі, дык што, вы хочаце, каб ён прастойваў? А тут яшчэ і здабыча сланцавага газу разгортваецца. Такім чынам, можна смела казаць, што Газпрам будзе вымушаны прыняць умовы, якія яму прадыктуюць кітайцы.

Для кітайцаў, дарэчы, расійскія пастаўкі — толькі эпізод у дыверсіфікацыі энергетычных рэсурсаў (нават калі аб’ёмы кантракту павысяцца з 30 да 60 млрд кубоў, як пра тое кажуць расійскія афіцыйныя асобы, напрыклад, міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак). А для Газпрама (які некаторыя так і называюць — «дзяржаваўтваральнае прадпрыемства») пытанне пра цэны паставак у КНР даволі балючае.
Увогуле, у свеце толькі два моцныя рынкі газу: Еўропа (29% ад сусветных паставак) і Азія (62%). І калі раней Газпрам марыў пра «замярзаючую Еўропу», якая дазволіць шляхам павароту вентыля не толькі фінансавыя патокі перанакіроўваць, але і палітыкай еўрапейскай руліць, дык цяпер сланцавая рэвалюцыя, а таксама ЗПГ пачынаюць ператвараць Газпрам у маргінала на еўрапейскім рынку. А гэта прымушае шукаць шчасця ў Азіі. А там — вось засада! — таксама сланцавая рэвалюцыя ідзе. І тут дапамагчы Газпраму не здолее нават гатовы на ўсё беларускі рынак.

Каментары7

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка патлумачыў, чаму яго не відаць па серадах і суботах19

Лукашэнка патлумачыў, чаму яго не відаць па серадах і суботах

Усе навіны →
Усе навіны

У найбліжэйшы час Ізраіль можа ўдарыць па Іране9

Амерыканскі мільянер прыехаў у Польшчу, каб набыць футбольны клуб, і насмерць падавіўся варэнікам13

СБУ ўкараніла свайго агента ў маскоўскі офіс паплечніка Януковіча, які займаўся шпіянажам для ФСБ1

Важныя змены ў законе аб нерухомасці — яны тычацца рэгістрацыі маёмасці

Берасцейцы ў Гданьску ставяць рэкорды па абароце кантэйнераў1

Стала вядома, калі можна спадзявацца на хуткасную электрычку з Мінска ў аэрапорт1

У Францыі могуць заблакаваць Bluesky і Reddit, а Макрон увогуле за забарону сацсетак для дзяцей4

Гандлёвым сеткам будуць даваць ільготныя крэдыты для перадаплаты за агародніну2

Намеснік дырэктара Вялікага тэатра Беларусі — падпалкоўнік міліцыі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка патлумачыў, чаму яго не відаць па серадах і суботах19

Лукашэнка патлумачыў, чаму яго не відаць па серадах і суботах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць