Кулеш і песні: еўрамайдан у Львове. Рэпартаж «Нашай Нівы»
Барыкады ў Львове з’явіліся 24 студзеня пасля таго, як актывісты Еўрамайдану занялі Львоўскую абласную адміністрацыю.
Украінскаму мужчыну трэба два месяцы, каб прыбіць палічку на кухні, і дзве гадзіны, каб пабудаваць барыкады.
Такі жарт зараз папулярны ва Ўкраіне, хаця ў дачыненні да барыкад гэта проста канстатацыя фактаў.
«Будавалі хутка і сваімі сіламі. Толькі моладзь: мне 22 гады і я быў адным з найстарэйшых!» — узгадвае студэнт Назар.
— Тітушка?
— Та ні, журналістка з Білорусі!
— З Білорусі? Ну то підемо, дівчинко, чаю поп’ємо!
Так сустракаюць мяне руплівыя абаронцы штабу Народнай Рады. «Рознае здараецца, — тлумачаць яны, — вось учора [28.01] прыйшлі відавочна правакатары: крычалі, правы качалі, хаця напачатку казалі, што журналісты».
Мяне ўсё ж пускаюць на той бок барыкад, дзе шэрагі актывістаў здзіўляюць сваёю старакатасцю: тут і студэнты, што паспяваюць рыхтавацца да іспытаў, і паважныя львоўскія спадары, і маленькія дзеці, і святары.
«Раней я на Майдан не хадзіў, — кажа Андрэй (на ніжнім фота справа), — але пасля прыняцця дыктатарскіх законаў 16 студзеня ўнутры ўсё закіпела! Я тут ужо амаль тыдзень».
Пра побыт на барыкадах таксама дбаюць. Поруч і палявая кухня, дзе гатуюць гарбату ды казацкі кулеш, і нарыхтоўка дроваў, каб людзі не змерзлі.
Непасрэдна ў памяшканні аблрады знаходзіцца медпункт з асобнай аховай, а таксама тут дзяўчаты гатуюць для майданаўцаў бутэрброды ды заварваюць каву/чай, якімі потым частуюць людзей на барыкадах. Прадукты ды медыкаменты ў вялікіх колькасцях прыносяць жыхары Львова.
Бліжэй да ночы прыходзіць новая змена. Людзі вячэраюць куляшом (дужа смачным! Мяне ім таксама пачаставалі!) ды, згуртаваўшыся побач з вогнішчам, бавяць час за размовамі й спевамі. «Мы будзем тут да ранку. Гэта ўжо наш дом. Тут вольна дыхаецца», — кажа Назар.
Каментары