Музыка33

Rokash пра адбор на «Еўрабачанне»: Пачынаеш разумець, наколькі ж цудоўна граць на нармальным жывым канцэрце

Беларускі ўдзельнік «Еўрабачання»ў 2015 годзе стане вядомы 26 снежня. 4-5 снежня праходзілі паўфіналы, з якіх у нацыянальны фінал прашлі 15 удзельнікаў. Сярод тых, хто не прайшоў, быў і гурт «Рокаш». Аўтар тэкстаў і бас-гітарыст гурта Лявон Казакоў распавёў «Нашай Ніве» пра адбор, канкурсантаў і «фанеру».

Rokash на адборы на «Еўрабачанне». Фота «Еўрарадыё»

«На самой справе, склад удзельнікаў быў больш чым стракаты. Цяжка сказаць, наколькі ўсе з удзельнікаў разлічвалі перамагчы, ці хаця б выйсці ў фінал. Але стараліся ўсе», — кажа Лявон пра амаль сотню канкурсантаў.

«Што парадавала асабіста мяне - дык гэта дастаткова вялікая колькасць гуртоў ды выканаўцаў, якія рабілі свае песні на беларускай мове, — прыгадвае ён.

«Калі не лічыць паўтара куплеты гурта MILKI, у фінале беларускай мовы не будзе, што асабіста для мяне вельмі прыкра».

«Вельмі шмат сустракалася музыкаў у вышыванках, у вопратцы з элементамі этна-стылю. Гэта прыемны момант, і ў пэўнай ступені ен сведчыць пра тое, што паступова беларускасць, беларускі стыль раскручваецца як трэнд», — кажа Лявон, які і сам выступаў у чорнай вышыванай кашулі.

Лявон мяркуе, што на такія конкурсы варта адсылаць беларускамоўныя песні: «Англамоўных кампазіцый і так на гэтым конкурсе адсоткаў 70, а то і болей. Таму не варта дзейнічаць па шаблонах і далучацца да гэтай шэрай масы — трэба зрабіць свае, унікальнае, арыгінальнае, ні на каго не падобнае і безумоўна беларускамоўнае».

«Бо нашая родная мова адна з самых прыгожых у Еўропе, а мы не карыстаемся такім козырам».

Rokash выступалі з песняй «Лойма», якую адаптавалі пад патрабаванні конкурсу.

«Не скажу, што гэта атрымалася проста. Усе ж такі скараціць гатовую песню амаль што на хвіліну, памяняць аранжыроўку, выразаць некаторыя месцы аказалася дастаткова цяжка», — сцвярджае музыка і абяцае ў хуткім часе прэзентаваць поўную версію песні.

Гурт практычна не рыхтаваўся да выступу. Граць яны мусілі ў першы дзень, але высветлілася, што іх жывы выступ не адпавядае ўмовам конкурсу: трэба «мінусоўка» і вакал, ніякіх жывых інструментаў.

«Гэта нас, канешне, шакіравала. На шчасце журы з разуменнем паставілася да нашай сітуацыі і дазволіла нам перанесці наш выступ на пятніцу», — распавядае Лявон. За ноч гурт паспеў запісаць «мінусоўку», з якой і выступіў на наступны дзень.

Ці цяжка выступаць пад «мінус» гурту, які звыкнуў граць нажыва? «Не столькі цяжка, колькі непрыемна было адчуваць сябе не выканаўцам, а нейкім элементам інтэр'еру з непадключанай гітарай», — смяецца музыка. Ён згадвае, што была эпатажная ідэя памяняцца інструментамі падчас выступу, але ад яе ўсё ж адмовіліся.

«Зрэшты, толькі выступіўшы ў такіх умовах пачынаеш разумець, наколькі ж цудоўна граць на нармальным жывым канцэрце з жывым гукам».

Гурт Rokash не трапіў у фінал, як і яшчэ дзясяткі выканаўцаў. «Ацэньвала ўдзельнікаў журы на чале з Аляксандрам Ціхановічам. Падчас выступаў яны рабілі нейкія запісы, відаць, нешта для сябе адзначалі. Ну а ўжо якім чынам і па якіх крытэрыях абіраліся пераможцы — пра тое не ведаю», — кажа Лявон.

Разам з Rokash «за бортам» засталіся зомбі-рокеры Sweet Brains, якіх многія лічылі фаварытамі адбору. «Салодкія мазгі былі б дастойнымі прэтэндэнтамі па канцэпцыі і эпатажнасці, калі б іх песня была цалкам арыгінальным матэрыялам, а не пераробленым саўндтрэкам гульні «Plants vs Zombies»», — мяркуе Лявон.

«Паслухайце кампазіцыю «Graze the Roof» — самі ўсе зразумееце».

Лявон не бярэцца казаць, каго з канкурсантаў сам абраў бы для «Еўрабачання» — усіх выступаў ён не чуў. «Ну а з тых, каго чуў, абраў бы бадай што берасцейскі гурт Muzzart», — кажа ён.

Па словах Лявона, Rokash, прайдзі яны на «Еўрабачанне», рабілі б тое ж самае, што і на адборы. «Іншае справа, што зрабілі б нашую імітацыю жывога выступу больш эфектнай - са святлом, піратэхнікай якой. Ну, у зомбі б дакладна б не пераапраналіся», — смяецца музыка.

Пасля Новага году Rokash плануе шэраг выступаў па Беларусі, а вясной-летам збіраецца выступаць за мяжой. «Былі б не супраць выступіць на Басовішчы ў наступным годзе. Разам з тым будзем працягваць працаваць над новымі песнямі для новага альбому», — абяцае Лявон.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу5

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу

Усе навіны →
Усе навіны

За год колькасць затрыманых украінскіх ухілянтаў, якія спрабавалі ўцячы ў Беларусь, вырасла ў чатыры разы4

Прэм'ерка Літвы: ЗША дапамаглі вырашыць праблему з метэазондамі2

«Я паўтары гадзіны нёс цела жонкі». Што расказваюць сваякі пратэстоўцаў, забітых у Іране4

Рабочаму Ford, якому Трамп паказаў сярэдні палец, заданацілі амаль мільён даляраў14

Марыя Калеснікава сустрэлася з прэзідэнтам Германіі22

Бацька Пачобута: Што б Анджэй ні вырашыў, мы гэта прымем і будзем яго падтрымліваць2

Стала вядома, колькі мірных грамадзян загінула ў Расіі, а колькі ва Украіне за чатыры гады вайны13

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі2

Мігрантку з Гвінеі дэпартавалі з Беларусі, а яе дачку забралі ў дзіцячы дом у Мінску19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу5

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць