Культура

Лёсы

Няма бязгрэшных праведнікаў, як няма і злачынцаў ад самой прыроды. Анёлаў і д’яблаў выдумаў чалавек, каб з чымсьці параноўваць ці чымсьці апраўдваць свае ўчынкі ў тым апакаліпсісе, які называецца жыцьцём. Уладзімер Лялькоў. Апавяданьне.

Пазнаёміліся мы на курорце Пяцігорск, дзе я тым летам залечваў свае нечаканыя хваробы.

— Павал Гаўрылавіч! — працягнуў ён мне зьверху ўніз, з вышыні свайго амаль двухмэтровага росту, сваю шырокую моцную далонь. — Шахтар з Варкуты. Былы. Цяпер — пэнсіянэр зь Менску.

Зьвесткі былі вельмі сьціплымі, і мусіць толькі праз тыдзень яны дапоўніліся тым, што ён ня проста шахтар, а шахтар заслужаны, стаханавец, горны інжынэр, кандыдат тэхнічных навук. І больш таго — вэтэран вайны, уладальнік ці не паўтузіну розных баявых ордэнаў і мэдалёў.

У адрозьненьне ад мяне яму прызначылі шмат лекавых працэдур, але прымаў ён іх ня вельмі ахвотна.

— Лічу карысным толькі саўну з басэйнам, вечаровы прамэнад, — усьміхаўся ён. — Ды яшчэ, мабыць, сталоўку… Сьмеяцеся? А для мяне сталоўка — гэта найлепшае задавальненьне. Жыў жа я пры сацыялістычным раі, калі нават па кільку былі вялізныя чэргі, а па хлеб, памятаю, мы з матуляй займалі некалі чаргу яшчэ з ночы, каб раніцай атрымаць бохан заўжды жаданага хлеба. І цяпер, успамінаючы дзяцінства, знаходжу ў сябе адчуваньне голаду, жаданьне есьці, пад’есьці, якое было тады мацней за усе іншыя жаданьні…

У тую нядзелю Павал Гаўрылавіч з раніцы пашыбаваў у горад, а калі вярнуўся, выставіў на стол бутэльку хвалёнага армянскага каньяку. На мой, відаць, зьдзіўлены погляд ён адказаў ледзь мільгануўшай нейкай незразумелай усьмешкай.

— Сягоньня ў мяне вельмі памятны, можна сказаць — лёсавызначальны дзень… Дзень, калі я нечакана для самога сябе з падонка, з крымінальнага злачынцы ператварыўся ў нармальнага, як кажуць, законапаслухмянага чалавека, грамадзяніна…

— Вы? З падонка? З злачынцы? — зьдзіўлена ўсклікнуў я. — Шуткуеце, Павал Гаўрылавіч, сьмеяцеся…

— Ды не, дарагі суседзе, — пасур’ёзьнеў ён. — Гэта сьвятая праўда. Жыцьцё такая складаная рэч. Яно можа выкідваць такія каленцы, рабіць такія зыгзагі, што ніякаму фантасту гэта не пад сілу.

— Відаць, — шчыра ўсьміхнуўся Павал Гаўрылавіч, гледзячы на мой усё яшчэ зьдзіўлены твар, — вы ўжо не супакоіцеся, пакуль не пачуеце маю споведзь. Давайце для пачатку кульнем па стапырцы каньяку. Гэта ж ня менскі бальзам, а ўсё‑ткі пяць армянскіх зорачак. А выпіць сапраўды ёсьць за што. Самі потым пераканаецеся…

Ён напоўніў чаркі, прытуліў на міг сваю да маёй і хутка абярнуў яе сабе ў рот.

— Час сёньня ў нас ёсьць. Выходны, — пажаваўшы скрылёк лімона, пачаў Павал Гаўрылавіч. — Пачну, бадай, здалёк. З самага пачатку.

— Мястэчка Журавічы. Гомельшчына. Блаславёны край майго дзяцінства і юнацтва… У мястэчку — вялікі прыгожы касьцёл, сынагога, драўляная праваслаўная царква, вакол якой невялікі зялёны сквэрык. Тут я часта сяджу з кнігай, спрабую ўжо складаць вершы… У той летні дзень, памятаю, чытаў я паэму Якуба Коласа «Сымон‑музыка». Да мяне на траўку нечакана прысаджваюцца два хлапцы зь дзяўчынай. Знаёмяцца, выкладаюць на газэту ці не зь дзясятак пачкаў марозіва.

— Бяры, Паўлік, еж, — запрашаюць мяне.

— Ды не, — бянтэжуся я. — У мяне і грошай цяпер няма…

— Якіх грошай? — сьмяецца дзяўчына. — Дзівак! Еж колькі хочацца…

Яна працягвае мне марозіва, падаўшыся пры гэтым бліжэй да мяне. Дзяўчына вельмі прыгожая і гэта мяне цешыць. Трэба сказаць, што марозіва ці цукерку тады, у адрозьненьне ад сучасных падшыванцаў, я меў ці ня раз у год, па вялікіх сьвятах ці ў кірмашны дзень. Хутка яны адыходзяць, пакінуўшы мне дзьве некранутыя порцыі.

— Багатыя і такія добрыя, — падумаў я.

Сустрэліся мы і ў другі раз. Ужо безь дзяўчыны. Пілі ліманад і піва (мне яно доўга яшчэ не падабалася). Закусвалі сушонымі бычкамі і цукеркамі.

Тыдні праз два сустракаюць яны мяне каля хаты.

— Вазьмі, Паўлік, стакан і прыходзь у сквэрык. У нас пляшка файнага віна.

Зь імі зноў тая ж прыгажуня. Ад яе чароўных усьмешак, лёгкіх зьнянацкіх дакрананьняў, ад выпітага віна ў мяне кружыцца галава. Я вясёлы і шчасьлівы, хвалюся, што пасьля школы пайду ў інстытут, цяпер займаюся ў фотагуртку, люблю і ўмею фатаграфаваць. Можа, выпрашу ў маці грошай і куплю фотакор.

— Навошта ж абіраць маці, — упікаюць яны мяне. — Грошы можам пазычыць мы. А калі разбагацееш — аддасі…

— Ды я і за год не зьбяру столькі грошай, — адхіляю я працягнутыя мне паперкі.

— Гэта залежыць ад цябе, — загадкава глядзіць на мяне дзяўчына. — Захочаш — будзеш мець. Калі, вядома, станеш мужчынам…

— Каму з нас у дурнаватай маладосьці не хацелася шпарчэй стаць дарослым, называцца мужчынам? — паварочвае да мяне голаў Павал Гаўрылавіч, беручы чарговую цыгарэту. — І я ім стаў. Стаў, здаецца, ужо празь месяц…

Выклікаюць мяне аднойчы гэтыя мае новыя прыяцелі і кажуць, што ім тэрмінова спатрэбіліся грошы.

— У мяне цяпер нічога няма, — усхваляваўся я. — Вазьміце фотаапарат…

— На ліха ён нам здаўся? Нам патрэбныя грошы сёньня ж.

— Дзе ж іх знайсьці? — ледзь ня плачу я.

— Знайсьці б можна, — неяк загадкава адказваюць сябры. —Ёсьць у нас адзін плян. Калі б ты дапамог…

— Які плян? Чым я магу дапамагчы? — загарэлася ў мяне надзея.

— Вельмі ўсё лёгка і проста. Трэба пастаяць на стрэме…

— Як гэта? Дзе пастаяць?

— Пасьцерагчы. Пасачыць, пакуль мы будзем дзейнічаць.

Да мяне даходзіць, нарэшце, што яны будуць рабаваць бліжэйшы кіёск.

— Ні за што! Гэта ж злачынства, — рашуча пярэчу я.

— А калі ў лаўцы сядзіць спэкулянт і абірае нас — гэта не злачынства? — асаджваюць яны мяне. — Справа твая. Цябе ж не прымушаюць красьці. Трэба толькі пасьцерагчы дзесяць хвілін і атрымаць за гэта бабкі. Калі табе грошы не патрэбныя, гуляй. А даўжок вернеш сёньня ж.

— Што б вы рабілі на маім месцы? — пытальна глядзіць на мяне Павал Гаўрылавіч. — Грошай у хаце толькі на хлеб, маці хварэе, бацька атрым¬лівае грашы. Вярнуць жа пазычанае — справа гонару.

А тут яшчэ падыходзіць тая ж дзяўчына‑прыгажуня.

— Што вы яго ўгаворваеце! — з сумам кажа яна. — Ён жа баязьлівец, блазьнюк. Я сама вас пасьцерагу. Хай ідзе па грошы.

Гэта ўжо быў, разумееце, удар ніжэй пупа. Мой хлапечы гонар ня мог гэтага вытрымаць.

— Я згодзен! — нечакана для сябе, з выклікам выпендрыўся я. — Кажыце, што і дзе рабіць…

«Апэрацыя» прайшла пасьпяхова. За «дзяжурства на стрэме» мне на другі ж дзень адвалілі жменю мятых рублёвак, а гэта сказалася ўжо мацней за неўсталяванае і ўсхваляванае сумленьне. Я быў ужо завязаны, мной маглі маніпуляваць, уцягваць у новыя авантуры і махлярствы.

Так яно і здарылася. З маім удзелам было абрабавана некалькі кватэр, утварылася маліна. Ведаеце, што гэта такое? Зладзейская шайка, кампанія блатных, павязаных крымінальнымі ўчынкамі і свайго роду прысягамі і клятвамі — «корышы на ўсё жыцьцё». Звонку гэта дэкляравалася наколкамі, нашэньнем на шыі розных ланцужкоў, крыжыкаў, амулетаў, нават адрозьненьнямі ў адзеньні і абутку.

Неўзабаве да нас далучыўся вопытны «пахан» — старэйшына, кіраўнік, аўтарытэт, які сплянаваў ужо даволі буйную «справу»: абабіраньне ювэлірнага магазыну. Мне даручалася ўжо ня толькі стаяць «на стрэме», але і трымаць пад прыцэлам прадаўшчыц магазыну (пістоль, праўда, быў цацачны).

Адразу скажу, што справа ня выгарала. Нехта з прадаўцоў пасьпеў націснуць таемную сыгнальную кнопку, і хутка каля крамы засігналіла міліцэйскае аўто. Мае кампаньнікі пасьпелі ўцячы праз падвальны выхад, мяне ж цёпленькага, схапілі ў саміх дзьвярах.

Было сьледзтва, быў суд. Я як непаўналетні атрымаў толькі год пазбаўленьня волі і быў накіраваны ў «воспитательно‑трудовую колонию» гораду Полацку.

Мушу сказаць, што сваёй назвы «выхаваўчай» ні адна падобная ўстанова на тэрыторыі былога СССР не апраўдвала. Наадварот, усе гэтыя калёніі і лягеры разбэшчвалі асуджаных, судзейнічалі навучаньню і ўдасканаленьню крымінальнага рамяства, з пачаткоўцаў рабілі рэцыдывістаў. Менавіта ў калёніі я ўбачыў і пераканаўся, што крымінальны сьвет сапраўды існуе, што ён мае свае правілы і законы, сваю сымболіку і атрыбутыку, нават сваю мову і паэтыку.

Гэта страшэнна агідны сьвет, сіла і дзейнасьць якога трымаецца на фінцы і рэвальвэры, а жывучасьць на фізыялягічным страху сьмерці. Гэта міжнародны спрут, стогаловая неўміручая зьмяя, пік жыцьця якой — ноч, а пажыўная глеба — турма.

Змагацца з злачынным сьветам сучаснымі гуманнымі сродкамі — бескарысна. Можна запоўніць усе турмы, засьценкі, карцэры — ён будзе жыць. Можна палову насельніцтва апрануць у міліцэйскую форму — крымінал ня зьнікне. Тут хіба змогуць дапамагчы законы Ўсходу ці Афрыкі, дзе за любую кражу сякуць руку. А за разбой ці забойства — галаву.

Калі ж крымінал зрастаецца з уладнымі структурамі, ператвараецца ў карупцыю — ён наагул бесьсмяротны.

У калёніі прабыў я паўгоду. З выпадку якогасьці савецкага сьвята была амністыя, і я выйшаў на волю адным зь першых.

На варотах мяне ўжо чакалі «корышы». Адразу пайшлі папойкі, гулянкі, а неўзабаве і ранейшая «самадзейнасьць». Праўда, для гэтага мы перакачавалі ўжо ў Гомель, дзе мяне прытуліў да сябе адпеты зладзюга на мянушку Скрыпач. Сапраўднага прозьвішча яго я ня ведаю і па сёньняшні час.

Быў ён увесь у татуіроўках, на грудзях красаваўся арол над многімі царкоўнымі купаламі. Гэта сьведчыла аб ягоным найвышэйшым крымінальным званьні — «вор в законе» — і пра ягоныя былыя найцяжэйшыя злачынствы і тэрміны зьняволеньня.

Доўга ён нам (нас ужо была ладная шайка) цягнуць рызіну (жыць беструботна) не дазволіў. Разгульнае беспрацоўнае жыцьцё патрабавала грошай, і мы павінныя былі іх здабываць.

Скрыпач прапанаваў нам вельмі «даходнае дзела». Трэба было «абчысьціць» багатую кватэру бухгальтара Гомсельмашу, дзе, паводле зьвестак наводчыка, дарэчы, пляменьніка гаспадыні кватэры, было шмат каштоўных рэчаў: грошы, золата, калекцыя старадаўніх манэт. Гаспадар быў у камандзіроўцы ў Менску, гаспадыня адна дома. Яе меркавалася добра прыпужнуць, можа нават крыху і «пашчыкатаць», пакуль не аддасьць усе каштоўнасьці, «нагрузіць кашары і драць когці» — ці — напоўніць мяшкі і зьнікнуць уначы. Піць, ідучы на дзела, не дазвалялася, але справа здавалася такой простай і лёгкай, усё было дэталёва прадумана і падрыхтавана, што мы не ўтрымаліся і «прынялі па шклянцы для бадзёрасьці».

Гэта, думаю, і зьявілася прычынаю ўсяго далейшага.

Позна ўначы мы высадзілі шкло, адчынілі вакно на кухні і ўлезьлі ў дом. Яшчэ не пасьпеўшы прыкрыць твары ды ўключыць сьвятло, мы ў цемры выпадкова скінулі з халадзільніка вазу з кветкамі. На грукат разьбітага вазону выбегла гаспадыня і, заўважыўшы цені на кухні, імгненна кінулася да тэлефону. Скрыпач адкінуў яе ад тэлефону, аднак яна схапіла падсьвечнік і ваўчыцай кінулася на злодзея. Маладая, моцная, як высьветлілася потым, спарцмэнка, яна з такой сілай стукнула яго падсьвечнікам, што Скрыпач з усіх капытоў грохнуўся на падлогу. Праўда, не прайшло і хвіліны, як ён апамятаўся, выхапіў фінку і садануў гаспадыні ў грудзі. Нават не выкрыкнуўшы, яна адразу ж павалілася на дыван у перадпакоі.

— Бяжым! — спалохана закрычаў я.

— Страхні пыл з вушэй! — ашчэрыўся Скрыпач. — Справа зроблена. Нічога назад ня вернеш. Бярэм усё, што зможам зьнесьці…

У доме сапраўды было шмат каштоўных рэчаў, і мы пасьпешліва набівалі імі свае торбы. Калі ж Скрыпач адчыніў дзьверы другой спальні і засьвяціў туды ліхтарыкам, пачуўся прарэзьлівы дзіцячы крык: «Мама!»

Аказалася, што там спала дачка гаспадыні, сямі‑ ці васьмігадовая дзяўчынка, спала моцным дзіцячым сном, ня чуючы праз зачыненыя дзьверы нічога, што адбывалася ў сумежных пакоях.

— Маўчаць, гніда! — ступіў у спальню Скрыпач. — Ні гука, бо прырэжу як кураня…

Дзяўчынка забілася ад страху ў гістэрыцы і, калоцячыся ўсім целам, ціха, задыхаючыся, усхліпвала і паскульвала.

— Інашага выйсьця няма, — павярнуўся да нас Скрыпач. — Трэба канчаць і яе… Каб сёньня ж ня трапіць у рукі лягавым. Паўло, дзейнічай. Гэта твой экзамэн.

Што гэта такое, я ўжо ведаў. Так дзейнічаюць у бандыцкім асяродзьдзі заўсёды, вучачы пачаткоўцаў, прыгваздаючы іх да свайго злачыннага рамяства. І што б вы думалі?! Я абурыўся? Узбунтаваўся? Запратэставаў? Кінуўся ўцякаць?

Не! Нібы адубеўшы, чужы самому сабе, з памутнелым розумам і амаль нягнуткімі нагамі я зрабіў крок да дзяўчынкі.

— Бі прама ў сэрца, — пачуў я яшчэ настаўляльны голас Скрыпача.

Павал Гаўрылавіч змоўк і брызнуў сабе ў чарку кроплю каньяку.

— Ня бойцеся. Забойства ня здарылася, — з палёгкай пачуў я таксама ўсхваляваны голас Паўла Гаўрылавіча. — Зьберагло мяне і дзяўчынку нават ня ведаю што… Мусіць, нейкае наканаваньне, боская воля, лёс… Ці яшчэ што. Ня ведаю.

— Я ўбачыў вочы дзяўчынкі. Вялікія. Мокрыя. Спуджаныя. І малельныя…

Яны нагадалі мне вочы маёй сястрычкі, калі пасьля выпадкова разьбітай ёй бутэлькі гарэлкі на яе кінуўся п’яны азьвярэлы бацька. Я тады першы раз у жыцьці ўдарыў яго і скінуў на падлогу. Плачучы і лаючыся ён пагражаў мяне забіць, а я ў той жа дзень сышоў з дому, сышоў назаўсёды, каб пачаць сваё самастойнае распраклятае жыцьцё.

Дык вось, ужо трымаючыся за нож, я адчуў раптам нейкі туман у вачах, боль у сэрцы і як апантаны выскачыў з спальні.

— Не магу! Ня буду… Ня трэба, — зашаптаў я, зьвяртаючыся да сваіх сяброў.

— Ты чаго, чокнуўся, ідыёт! — падаўся да мяне Скрыпач. — Яна ж сёньня выдасьць нас лягавым, а за гэта, — кіўнуў ён на ляжачую ў перадпакоі жанчыну, — нам будзе вышка…

— Яна нас ня бачыла, цёмна ж навокал, — атачыў я нарэшце голас. — Досыць і адной ахвяры.

— Вось ты які, аказваецца, духарык. Хопіць! — ускінуўся Скрыпач. — Адыдзі ў бок…

— Дзяніс, давай ты, — зьвярнуўся ён да напарніка. — І бязь зіпішу. Хутчэй.

— Ня дам! — нечакана для сябе самога закрычаў я, адчуўшы штуршок крыві да галавы. — Яна ж зусім дзіця. Хіба мы зьвяры?

Прыкрыўшы дзьверы спальні, я стаў да яе сьпінай, а ўбачыўшы набліжаўшыхся да мяне нягоднікаў, выхапіў цясак і ўжо пагрозьліва спакойна працадзіў: «Заб’ю. Падыходзьце, гады…»

Гэта падзейнічала выцьверажальна. Ужо праз імгненьне я пачуў ласкава‑прымірэнчы голас Скрыпача:

— Ладна, Паўлік. Пагарачыліся і хопіць. Хай жыве казяўка.

Я з палёгкай уздыхнуў, прыадкрыў дзьверы спальні і калі пасьвяціў туды ліхтарыкам, убачыў… раскрытае акно і пустую койку дзяўчынкі.

Расказчык змоўк і задыміў мо ўжо пятую цыгарэту.

— Хочаце ведаць, што было далей? — памаўчаўшы, спытаў ён. — Беглі мы адтуль, зразумела, з хуткасьцю спуджаных шакалаў. Нават ня ўсё нарабаванае пасьпелі захапіць. На явачнай кватэры перасартавалі дабычу, пакінулі крыху наводчыку і барыгу, а самі ўжо раніцой, як прыстойныя багатыя пасажыры, ехалі ў напрамку Растова. Заўважу, што перад гэтым Скрыпач правёў «лятучку».

— Хоць ніякіх сьлядоў і доказаў мы, здаецца, не пакінулі, тым ня менш магчыма ўсё. У выпадку забурэньня мы адзін другога ня ведаем. Хто пырнуў гаспадыню — невядома. Было цёмна. Калі ж стане невыносна, усё бярэ на сябе Паўло. Ты самы малады, непаўналетні, вялікага тэрміну табе не дадуць, а мы ўсю дарогу бу¬дзем дапамагаць. Чым жа разьлічваюцца за шухер, ты ведаеш.

Так, гэта ўжо ўсё я ведаў. Як ведаў напэўна і тое, што за свой учынак у начной кватэры, за непадпарадкаваньне злодзею ў законе я ўжо прыгавораны і ў любы час магу чакаць кулі ў патыліцу ці нажа ў плечы. Давяраць мне не маглі, значыць, павінныя былі ад мяне пазбавіцца.

Не магу сказаць, што гэта мяне ня страшыла ці не хвалявала, але паверце, літаральна трасло ад думкі, што я толькі што мог стаць забойцам, забойцам дзіцяці, што толькі нейкая хвіліна аддзяляла мяне ад бездані, і як я ўцалеў — невядома.

Калі я не «завяжу» ці ня буду забіты, гэта можа паўтарыцца і тады ўжо на мне можна будзе паставіць крыж.

Трэба было шукаць выйсьце.

Бачылася яно ў адным: бегчы! Бегчы як мага далей ад гэтых месцаў, бегчы ў пустыню, у тундру, куды‑колечы — хоць на край сьвету.

На першым жа прыпынку цягніка я зьняў зь сябе пінжак, кінуў яго на даручаны мне чамадан з рэчамі, кіўнуў паплечнікам: «Выбегу па піва» і сышоў з вагону. Пераканаўшыся, што сачэньня няма, я хутка перабег праз вакзал на другі бок станцыі і ўскочыў у адыходзячы ў адваротным напрамку цягнік. У Бахмачах адразу купіў білет на Маскву, выпіў бутэльку піва і, залезшы на верхнюю лаўку вагону, заснуў непрабудным амаль да Масквы сном: дало сябе адчуць нэрвовае напружаньне апошніх дзён.

Масква сустрэла мяне незвычайным шукам і гамам, гудкамі і сыгналамі незьлічоных машын, званкамі і крыкамі насільшчыкаў, гандляроў, грузчыкаў. Ад перапоўненых людзьмі плошчаў стаяў безупынны гул.

Прыпыняцца тут нават на некалькі гадзін я ня меў намеру.

Экспрэс Масква—Варкута залучыў усе мае грошы. Засталося толькі на сьціплую куртачку ў прывакзальнай лаўцы «Рабочае адзеньне».

— Чаму Варкута? Прыпомніліся паведамленьні ў «Гомельскай праўдзе» пра паўночныя шахты, прызывы і запрашэньні туды працоўных. І сапраўды, ужо адразу на прывакзальнай плошчы вялізны шчыт бялеў аб’явамі тыпу: «Патрабуюцца…», «Прымаюцца…», «Запрашаюцца…».

Пайшоў па першым жа бліжэйшым адрасе. У канторы за сталом сядзеў пажылы мужчына з крыху стомленым тварам.

— Прозьвішча, імя, узрост, адкуль родам, хто бацькі, якое навучаньне? — закідаў ён мяне шматлікімі пытаньнямі.

Пачуўшы адказы, крыху памаўчаў, гледзячы на мяне добрымі вачыма, потым працягнуў ліст паперы і самапіску.

— Пішы. Начальніку шахты №4. Сваё прозьвішча, імя. Прашу прыняць на работу ў якасьці праходчыка. Дата. Подпіс.

— Дакумэнтаў, пэўна, няма, — прымаючы ад мяне заяву ня то пытаў, ня то сьцьвярджаў ён. — Згубіў? — што ж, бывае. Ды гэта не бяда. Зьмесьціш аб’яву ў «Варкуцінскай праўдзе». Гэта і будзе твой першы надзейны дакумэнт.

Зрабіўшы некалькі запісаў у сваіх кнігах, ён працягнуў мне друкаваны лісток паперы.

— Пойдзеш у брыгаду Дарашчука. Ён, дарэчы, твой зямляк, аднекуль зь Беларусі. Будзеш спачатку вучнем. З гэтай паперкай зайдзі ў прафкам. Там табе дадуць накіраваньне ў інтэрнат. Заўтра ў касе атрымаеш аванс.

— Ну, добрых табе посьпехаў, Павал, — працягнуў кадравік мне руку. — Віншую з пачаткам сумленнага працоўнага жыцьця.

Дзіўна. Неверагодна. Фантастычна. За нейкія паўгадзіны, без дакумэнтаў, без анкет і жыцьцяпісаў, характарыстык і накіраваньняў я прыняты на працу, атрымаў жыльлё, празь дзень буду мець аванс.

І гэта — у СССР, краіне хваравітага недаверу і падазрэньняў, уміленьня перад пячаткай і блатам (памятаеце: «без паперкі ты букашка, а з паперкай — чалавек», «блат — вышэй саўнаркаму»).

Пачутая ўсім нутром чалавечнасьць, цеплыня і давер патрабавалі адпаведнай аддачы. Гэта праявілася неяк нават неўсьвядомлена на маёй працы, паводзінах, грамадзкай дзейнасьці. Мяне пачалі прыкмячаць, вылучаць, адзначаць падзякамі, прэміямі, віншаваньнямі. Хутка я ўжо перадавік, стаханавец, ударнік. Накіроўваюся на вучобу. Сярэднюю. Вышэйшую. Займаюся навуковай працай. Абараняю кандыдацкую. Праз год — дэпутат гарадзкога савету. Яшчэ праз чатыры гады — ардэнаносец, кавалер адной з самых прэстыжных узнагарод — Ордэну Працоўнага Чырвонага Сьцягу.

— Бачыце, — неяк іранічна ўсьміхаецца Павал Гаўрылавіч, — суцэльная дывановая дарожка, ганаровая лесьвіца на неба. Піць ужо няма за што… Ды і няма чаго, — шчоўкае ён пазногцем па амаль пустой бутэльцы. — З таго часу ўпэўніўся я, што ў жыцьці кожнага чалавека ёсьць свае сьветлыя і цёмныя палосы, шчасьлівыя і нешчасьлівыя часіны ці пэрыяды. Кожны носіць у сабе дабро і зло, яны нябачныя, нават няведамыя самому чалавеку і праяўляюцца толькі ў выключных выпадках, пры незвычайных абставінах і ўмовах.

Няма бязгрэшных праведнікаў, як няма і злачынцаў ад самой прыроды.

Анёлаў і д’яблаў выдумаў чалавек, каб з чымсьці параноўваць ці чымсьці апраўдваць свае ўчынкі ў тым апакаліпсісе, які называецца жыцьцём.

— Вось і ўся мая споведзь, паважаны калега, — павярнуўся да мяне ўсім сваім крэслам Павал Гаўрылавіч. — Што вы можаце на гэта сказаць? Якое ваша рэзюмэ?

— Мне здаецца, што вы яшчэ нечага не дагаварылі, — заўважыў я. — Ёсьць нейкі працяг…

— Сапраўды, — засьмяяўся ён, — ёсьць, ну, не працяг, а нешта кшталту эпілёгу. Там, у Варкуце, прапанавалі мне неяк пуцёўку ў Ялту, на Чорнае мора. Я даўно ня быў тады ў адпачынку і з задавальненьнем туды накіраваўся. Толькі… апынуўся раптам дзе б выдумалі? У Гомелі! Сам ужо добра ня ведаю, як і чаго я туды павярнуў. Мабыць, мае рацыю сьцьверджаньне, што злачынцу заўжды цягне на месца злачынства. Ну, з маім тагачасным рэпрэзэнтабэльным выглядам ды іканастасам на грудзях я хутка раздабыў патрэбныя мне зьвесткі. Высьветлілася, што бухгальтар даўно ўжо на пэнсіі, гаспадыня абрабаванай намі кватэры засталася жывой: нож Скрыпача прайшоў міма сэрца. Іх адзіную дачку завуць Рэгіна, яна скончыла ўнівэрсытэт і працуе ў цэнтральнай бібліятэцы.

Доўга раздумваць я ня стаў. У магазіне кветак купіў шыкоўны букет руж, прыхаваў у сярэдзіну залаты пярсьцёнак і маленькую паперку «В память о летней ночи 1959 г.» і пайшоў у бібліятэку. Жанчыну, што паліла ў калідоры, папрасіў выклікаць Рэгіну.

Выйшла стройная, прыгожая, нават вельмі прыгожая дзяўчына.

— Вы Рэгіна Станіславаўна? Вам кветкі, — працягнуў я ёй букет руж.

— Мне?! — зрабіла яна зьдзіўленыя вочы. Тыя ж вочы, вялікія, прыгожыя, толькі ўжо ня мокрыя, перапуджаныя, а чыстыя, сьветлыя, зялёныя…

— Так, вам. Прасілі перадаць.

— Хто? Калі?

— Малады прыгожы чалавек, — зманіў я. — Ён не назваўся, сказаў, што вы яго ведаеце. Прыйдзе ў абедзены перапынак.

Хвіліну яна вагалася, але згледзеўшы мае валасы, што пачыналі ўжо сівець, ды зьзяючы золатам ордэн, перамагла сумненьні і ўзяла букет.

— Дзякуй, — пачуў я прыемны мілагучны голас.

— Табе дзякуй, родная, — хацелася мне сказаць, — дзякуй за тое, што ты ёсьць, што была тады, бо менавіта з таго часу пачалося маё новае сумленнае жыцьцё, толькі празь цябе я стаў Чалавекам.

Уладзімер Лялькоў

* * *

Уладзімер Лялькоў жыве ў Менску. Яму 88 гадоў. Ён прайшоў праз савецкія канцэнтрацыйныя лягеры. Ягоны ўнук Ігар дзейнічае ў беларускай апазыцыі.

Глядзі яшчэ
Аляксей Бацюкоў. Хто сьмяяўся апошнім
Сьвятлана Курс. Новы год з Толікам і Колікам
Тацяна Барысік. Маленства пад горку кацілася
Аляксандар Апон. Каўбаса лівэрная, палепшанай якасьці
Рэйманд Карвэр. Відашукальнік
Пэтар Шабах. Сьвяты вечар

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці16

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі расказаў, што менавіта дапаможа Украіне перажыць зіму6

Пуцін упершыню прыехаў на Курылы. Японія выказала рашучы пратэст8

«Вы бачылі шпалеры ад забудоўшчыка? Гэта ж страшны сон». За што крытыкуюць дзяржаўны рамонт у кватэрах для чаргавікоў?8

Салават у Башкартастане атакуюць украінскія дроны1

Памёр Чжу Жунцзі — чалавек, які ператварыў Кітай у наймагутнейшую гандлёвую дзяржаву4

Севастопаль застаўся без святла пасля начных атак УСУ1

У Пецярбургу прадавачка з Беларусі паверыла махлярам і вынесла грошы з касы. Але кампенсаваць гаспадару адмовілася

Дажджы падмылі помнік Ажэшкі ў Гродне, але яго своечасова ўратавалі

Такое паўночнае ззянне назіралі ўчора ў Верхнядзвінскім раёне ФОТЫ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці16

Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць