Чалавек года па версіі «НН»: Франак Вячорка. Асобы года: Жызнеўскі, Бабарыка, Домрачава, Фіціль…
А ў асобе Вячоркі — усе папулярызатары вышыванак.
Беларусы адзеннем падкрэсліваюць уласны нацыянальны гонар. Гэта дэманстратыўны — у прамым і пераносным сэнсе слова — супраціў палітыцы русіфікацыі. І тут стала ясна, што беларусам быць модна!
Франак Вячорка быў адным з тых, хто прыклаў найбольш намаганняў для папулярызацыі нацыянальнага.
Галасаваннем супрацоўнікаў Рэдакцыі Вячорка быў абраны чалавекам 2014 года па версіі «Нашай Нівы». А ў яго асобе — і ўсе папулярызатары вышыванак.
Герой года — Міхаіл Жызнеўскі
Украіна сёлета была ў цэнтры ўвагі ўсяго свету. Беларусы не засталіся ўбаку ад падзеі ў блізкага народа. 25-гадовы Міхаіл Жызнеўскі загінуў у апошнія дні Майдану ад кулі невядомага снайпера. Ён не дажыў усяго тры дні да 26-га дня нараджэння. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў Жызнеўскага пасмяротна ордэнам Героя Нябеснай сотні. А ў Кіеве з’явіўся помнік беларусу.
Гэта было сімвалічна: беларус адным з першых загінуў за свабоду і еўрапейскі выбар Украіны.
Героямі года былі і тыя беларусы, якія адстойвалі справядлівасць ва Украіне. А іх былі сотні. Ніякі іншы з суседніх народаў не даў украінцам такой дапамогі.
Мецэнат года — Віктар Бабарыка
Адной з найбольш заўважных з’яваў у культурным жыцці краіны за 2014 год стала грандыёзная выстава «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», якую ад сакавіка да ліпеня прымаў Мастацкі музей. Гэтага мерапрыемства не магло б быць без дапамогі старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі.Банк падтрымлівае гісторыка-культурны праект «Арт-Беларусь», мэта якога развіццё творчага мыслення і ініцыятывы дзеячаў культуры. Добры прыклад для іншых багатых і ўплывовых людзей краіны.
«Пакуль у Беларусі будзе ідэя і думка, якая можа аб'яднаць нас, такіх розных, з розным мастацкім густам, палітычнымі прыхільнасцямі, узростам і адносінамі, датуль была, ёсць і будзе наша бел-чырвона-белая сінявокая Беларусь. Жыве Беларусь!» — гэтак Віктар Бабарыка прамовіў на адкрыцці выставы «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі».
Пісьменнік года — Віктар Марціновіч
Беларуская літаратура займела сёлета «Мову» — заўважны раман Віктара Марціновіча. Кніга адразу знайшла сваіх удзячных чытачоў. Напрыканцы года з’явілася ўжо другое выданне «Мовы», бо першы наклад разышоўся цалкам. А вось некаторых прызнаных пісьменнікаў папулярнасць Марціновіча нервавала.
Спартсмен года — Дар’я Домрачава
Наша біятланістка прадэманстравала сябе ва ўсёй красе на Алімпіядзе ў Сочы. Домрачава заваявала аж тры залатыя медалі, што прынесла ёй $450 тысяч прызавых. Беларуска добра трапіла ў мазь і няблага страляла на алімпійскай трасе, што гарантавала ёй поспех.
Увогуле, зімовыя гульні былі самымі паспяховымі для Беларусі: залатыя медалі ўзялі фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір, а бронзавую — біятланістка Надзея Скардзіна.
Вундэркінд года — Генадзь Караткевіч
Беларусь — радзіма геніяльных праграмістаў. У чарговы раз гэта даказаў 20-гадовы гамяльчук Генадзь Караткевіч, які перамог на прэстыжным конкурсе Google Code Jam. У гэтых спаборніцтвах удзельнічала 20 тысяч праграмістаў з усяго свету, а Караткевіч аказаўся найлепшым.
Дысідэнт года — Юрый Рубцоў
Ён не палітык, ён просты шафёр з Гомеля, які не згодны з беларускім палітычным ладам.
Юрый Рубцоў з зайздросным пастаянствам выходзіў на вулічныя акцыі ў майцы «Лукашэнка, сыходзь». Яго раздзявалі дагала, судзілі, штрафавалі, а Рубцоў усё адно не адмаўляўся ад фірмовых маек.
У выніку мужчыну асудзілі на 2,5 года «хіміі», якую ён будзе адбываць у Купліне, дзе да гэтага сядзеў Павел Севярынец. У Беларусі з’явіўся яшчэ адзін палітвязень.
Помнік года — Альгерд у Віцебску
Русафілаў раз’юшыла, што ў самым паўночным абласным цэнтры Беларусі паўстаў помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду. Таму самаму, што вадзіў свае войскі на Маскву. Шавіністычныя сайты нават пабачылі ў гэтым змену ідэалагічнага вектару. Тым не менш, ніякія дыверсіі не перашкодзілі ўсталяваць Альгерда ў цэнтры Віцебска, а глядзіць ён — так-так! — на ўсход.
Фанат года — Фіціль
Смелую акцыю яшчэ ў студзені правялі фанаты барысаўскага БАТЭ. Яны сфатаграфаваліся з плакатамі: «Трымайся, Украіна, мы з вамі», «Героям слава». У руках трымалі бел-чырвона-белы сцяг. Хлопцы замазалі твары, але міліцыя і КДБ пачалі па адным вылічваць удзельнікаў акцыі. Мабыць, знайшлі б усіх, калі б шуміху не паднялі ў СМІ.
У знак салідарнасці з Украінай і барысаўскімі фанатамі аналагічную акцыю правяла мінская інтэлігенцыя.
Ініцыятарам фанацкага перформансу быў 29-гадовы Аляксандр М., які больш вядомы пад мянушкай Фіціль. Цягам года яго яшчэ двойчы саджалі на суткі: спачатку за майкі «Асобны атрад БНР», а пасля падчас чэмпіянату свету па хакеі.
Мастак года — Silen
Светлагорскі графітыст Слава Silen сёлета стварыў выдатныя вобразы князя Кейстута ў Баранавічах і князя Вітаўта ў Гродне, Боны Сфорцы — у Рагачове. А пачынаў ён у родным горадзе працай «Заставайся сапраўдным».
Рэінкарнацыя года — Сяргей Міхалок
Гурт «Ляпіс Трубяцкі» спыніў сваё існаванне. На яго абломках з’явіліся два новыя калектывы — Brutto і «Трубяцкі».
Новы праект Сяргея Міхалка заявіў пра сябе на поўную гучнасць. Brutto, з удзелам найкруцейшага Віталя Гуркова, прапагандуе здаровы лад жыцця і традыцыйныя мужчынскія якасці. Але, як і раней «Ляпісам», Brutto не дазваляюць выступаць на сцэнічных пляцоўках краіны.
Развітанне года — Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін
Адышлі ў іншы свет выдатныя паэты — Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Яны застануцца ў вечнасці, дзякуючы сваім творам. Каму не помніцца: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем», «Лілею млявы плёс люляе» ад Барадуліна ці «Мы здалёк убачылі свабоду і яшчэ не вырваліся з пут», «Пакрысе на расе патухаюць зоркі-сплюшкі» ад Бураўкіна?
Трэш года — Канчыта
Еўрабачанне сёлета выйграла каларытная аўстрыйская спявачка Канчыта Вурст. Колькі было незадаволеных! Еўропа ў заняпадзе, там адны вычварэнцы, пісалі каментатары. Беларускае журы не дало ёй ніводнага бала. Пасля жартавалі: як наша журы знойдзе добрага прадстаўніка ад Беларусі, калі не здольныя разглядзець пераможцу.
Перамагла ж Канчыта, бо ў яе была добрая песня, за якую галасавалі ў тым ліку слухачы ў Беларусі і Расіі.
Фраза года — «Что-то не так»
Нарадзілася яна падчас здымак айчыннага блокбастара «Авель». Але выказаць свае эмоцыі і пачуцці гэтымі словамі можна па шмат якіх пытаннях у сённяшняй Беларусі.
Прыкаліст года — Ваван
Анекдатычная гісторыя здарылася летам, калі ад імя сына Януковіча кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку патэлефанаваў расійскі пранкер Ваван. Ад’ютант і памочнікі прэзідэнта не пабачылі нічога падазронага ў гэтым тэлефанаванні. На поўным сур’ёзе гаварыў і сам Лукашэнка. Праўда, дзеля справядлівасці скажам, што лішняга нічога не сказаў. Імаверна, што гэты розыгрыш каштаваў пасады памочніцы Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч.
Слова года — крымнаш
На фоне эйфарыі пасля далучэння Крыма да Расіі з’явілася такое слова, яно пішацца разам. Праўда, бліжэй да канца года, калі Расію накрылі эканамічныя складанасці, усё часцей яно стала ўжывацца ў іранічным кантэксце. «Ну і няхай, што рубель абваліўся, затое Крым ваш», — усё часцей пішуць у інтэрнэце.
Апытанка
Франак Вячорка: Я ведаю, што ўсё раблю правільна
«Наша Ніва»: Франак, а хто для цябе Чалавек года?
Франак Вячорка: Міхаіл Жызнеўскі. Ягоны ўчынак на Майдане натхніў многіх. І, магчыма, без яго не было б і гэтай хвалі ўздыму сярод беларускай моладзі. З Майдану ўсё пачалося.
«НН»: Як думаеш, незадаволеных тваёй асобай будзе шмат?
ФВ: У нас любая навіна выклікае срач у інтэрнэце. Зрэшты, срач — гэта добра, бо гэта дыскусія, у якой нараджаецца ісціна. І тая дыскусія вакол Бахарэвіча, які мае альтэрнатыўную пазіцыю і лічыць, што вышыванкі — гэта вясковасць, таксама карысная. Канечне, ягоныя аргументы слабыя. Але няхай гэта абмяркоўваецца, людзі задумаюцца.
«НН»: У цябе ў жыцці шмат зайздроснікаў?
ФВ: Вядома. Часам робіш, а цябе тварам у бруд. Але калі я і пакутаваў, трапляў на суткі, то заўсёды ведаў за што. І пасля арміі я шмат чаму навучыўся.
«НН»: Шмат ад каго можна пачуць, што Франак Вячорка — вельмі самазакаханы чалавек.
ФВ: Значыць, яны мяне не ведаюць. Я не самазакаханы, я нават няўтульна сябе адчуваю, калі мяне фатаграфуюць. Я проста люблю сваю працу і ведаю, што ўсё раблю правільна. Магчыма, мая бескампрамісная пазіцыя падаецца ўпартасцю. Ммногім гэта не падабаецца. Але цяпер такі час, што беларусы мусяць умець за сябе пастаяць.
«Вышыванка — гэта схаваны пратэст»
«НН»: Тады вернемся да вышыванак, дзякуючы якім ты і стаў Чалавекам года. Адкуль з’явілася ідэя?
ФВ: Гэта было ў паветры, мы з «Арт-сядзібай» проста падхапілі ідэю і ператварылі гэта ў трэнд. Я зрабіў першы наклад вышымаек.
«НН»: Вышымайкі напачатку вельмі крытыкавалі. Казалі, маўляў, ніякая не вышыванка, а нейкі прынт.
ФВ: Дык і час цяпер іншы. Само слова «вышыванка» даволі новае для Беларусі. Цяпер жа яно асацыюецца з гэтай хваляй беларушчыны. І ўлада, як бы яна ні хацела гэтую хвалю асядлаць — не зможа.
«НН»: Дык яны асабліва і не спрабуюць.
ФВ: Спрабуюць. Яны займаюцца дробным шкодніцтвам. Калі б яны хацелі гэта падтрымаць, то ператварылі б гэта ўсё ў абавязалаўку. А пакуль гэта жывая ініцыятыва, якая мае вялікую каштоўнасць. Хваля вышыванкі — гэта схаваны пратэст. Улада пакуль не сфармавала аргументы і абгрунтаванне таго, чаму гэта варта забараніць. Беларускі арнамент ёсць на лукашэнкаўскім сцягу, імітацыя вышыванкі ёсць ва ўсіх гэтых дзяржаўных калектывах.
«НН»: Чый здымак у вышымайцы ты лічаш самым вялікім поспехам?
ФВ: Міс Беларусь 2004 і 2008 года ў часопісе ICON. Грыбалёва. Радзівонаў і Герасіменя выступілі ў вышымайках нават на АНТ. Вышыванак разышлося каля чатырох тысяч.
«НН»: А як упэўніць таго ж самага Бахарэвіча, што вышыванкі — гэта не сялянская плынь?
ФВ: Бахарэвіч выступае супраць усяго, што створана не ім. Таму заганяцца тут не варта. Нашая ж мэта зрабіць так, каб усё гэта вышымайкай не абмежавалася. Трэба дадаць сюды і іншыя аспекты нашай культуры. Вось чаму Лукашэнка перамагае? Бо ён мае форму, а змест пусты. У нас жа ёсць змест, а форма кульгае.
«Варта выпінаць сваю беларушчыну»
«НН»: А ты сам цяпер заўсёды ходзіш у вышыванцы?
ФВ: Імкнуся рабіць гэта заўсёды. Шмат хто пытаецца пра тое, дзе знайсці вышыванкі, і я кірую іх на «Арт-сядзібу» да Паўла Белавуса. Я ўвогуле скажу, што мы рулім. Сваімі ідэямі і ініцыятывамі свядомая моладзь можа шмат чаго змяніць. Не так даўно на адным з мерапрыемстваў да нас падышоў зэк і сказаў: «Калі вы размаўляеце па-беларуску, рабіце гэта гучна, каб вас усе чулі. І іншым тады будзе сорамна». Мне гэта вельмі запомнілася. Хопіць быць сціплымі беларусамі. Варта ўжо пачаць выпінаць сваю беларускасць. Людзі мусяць бачыць.
«НН»: Франак, а ці праўда, што ты цалкам сышоў з палітыкі?
ФВ: Так. Я займаюся журналістыкай і грамадска-культурнай дзейнасцю.
«НН»: Раней жа ты быў палітактыўны?
ФВ: У Беларусі палітыкі больш няма. Палітычнае поле знішчана, як і палітычныя партыі, якія дэградуюць.
«У войску было яшчэ горш, чым у кіно»
«НН»: Шмат нараканняў атрымаў фільм «Жыве Беларусь». Нібыта з дапамогай яго ты знайшоў магчымасць «распіліць» два мільёны даляраў.
ФВ: Я думаю, фільм дасягнуў сваёй мэты. Ен быў разлічаны на замежных гледачоў і прыцягнуў увагу да Беларусі. Ён атрымаў 8 міжнародных узнагарод. Што тычыцца грошай: я іх у руках не трымаў. Яны выдаваліся польскім урадам для польскай кінастудыі.
«НН»: Мірон Захарка — гэта ты?
ФВ: Гэты герой — зборны вобраз з мяне і маіх аднадумцаў. Такіх людзей, як Наста і Зміцер Дашкевічы, як Андрэй Кім. Вядома, што большая частка ў ім мяне. Шмат хто кажа пра непраўдападобнасць сюжэта. Але ў арміі было яшчэ горш, чым паказвалася ў фільме! «Жыве Беларусь», безумоўна, вельмі ўтрыраваны. Але каб глядач сказаў «ваў», патрэбна згусціць фарбы. Гэта прынцып мастацтва.
«НН»: Наконт таго, што ў арміі было яшчэ горш, чым у фільме. Наколькі расказваюць палітпрызаўнікі, да іх ніколі фізічная сіла не прымянялася.
ФВ: Супраць мяне таксама. Знішчаюць псіхалагічна. Фізічную сілу прымянялі да маіх знаёмых. І гэта нашмат горш, калі за цябе церпяць іншыя. З цябе робяць чалавека, які вінаваты ў пакутах іншых. Прыязджалі ж з БТ і здымалі пра мяне фільм у войску. Паказвалі, які я не патрыёт.
«НН»: Як на цябе паўплывала армія, якім ты стаў?
ФВ: Я шмат чаго кепскага забыў. Гэта добрая ўласцівасць памяці. Засталася нават настальгія па тым, як мы там парушалі дысцыпліну, скакалі цераз плот, халтурылі і не мылі падлогі. Але ёсць рэчы, якія я прабачыць не магу, — гэта здрада блізкіх і сяброў. Я пераканаўся ў наступных рэчах. Па-першае, нельга кожнаму верыць і давяраць. Па-другое, калі ты маеш сваю каманду, сваіх людзей, ты мусіш усімі сіламі яе падтрымліваць і развіваць.
«Імідж донжуана штучны»
«НН»: Нядаўна можна было прачытаць у тваім Фэйсбуку, што галоўны рэжысёр «Авеля» прапаноўваў табе супрацу. Якім чынам?
ФВ: Сяргей Ждановіч ужо некалькі год набіваецца ў сябры. Задобрываў і запрашаў на ўсе свае прэзентацыі. Мяне запрашалі ў якасці памочніка рэжысёра, потым прасілі дапамагаць з перакладам, а ў выніку ўвогуле прапаноўвалі быць кансультантам разам з Наталляй Радзінай [галоўны рэдактар сайта «Хартыя-97» — «НН»]. На мой погляд, вакол гэтага праекту сабраліся вялікія аферысты. Фільм будзе выкарыстаны для прапагандысцкіх мэтаў.
«НН»: Пасля фільма «Жыве Беларусь» ты пабываў на многіх кінафэстах, у тым ліку ў Канах. Які ён, гэты кінасвет?
ФВ: Ён хутчэй жорсткі, чым гламурны. Усе творцы паміж сабой канкуруюць. Рэжысёры адзін аднаму дапамагаць не хочуць. Калі ў цябе ёсць ідэя, не зрабі памылку і не раскажы пра яе, інакш ёй у любым выпадку скарыстаюцца. Я атрымаў там шмат кантактаў, якія спатрэбяцца нам для адраджэння беларускага кіно ў будучыні.
«НН»: Пасля таго, як ты выклаў фота з акторкай-мадэлькай, якая знялася ў фільме «Авель», ізноў пачуліся каментары, кшталту таго, што Франак ахмурае чарговую дзяўчыну. Табе падабаецца твой імідж донжуана?
ФВ: Імідж такі ствараўся штучна. У тым ліку лукашэнкаўскімі рэпартажамі, дзе мяне ў армію нібыта забіралі з прытона.
«НН»: А вяселля пакуль не плануецца?
ФВ: Пакуль не. Шмат яшчэ працы, яна стаіць на першым месцы.
Людзі мінулых гадоў па версіі «НН»
2008 — футбольны трэнер Віктар Ганчарэнка
2009 — Наталка Васілевіч і іншыя дабрачынцы
2010 — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў
2011 — музыка Сяргей Міхалок
2012 — людзі, што вярнулі ў Беларусь Статут ВКЛ: Аляксей Бацюкоў, Зміцер Яцкевіч, Андрэй Радкоў
2013 — беларускамоўныя дзеці
Каментары