Гісторыя4141

Вячаслаў Насевіч: «Нацыянальнае пытанне» ў Вялікім Княстве Літоўскім

Словы «нацыянальнае пытанне» ўзяты ў двукоссе невыпадкова. Сярод гісторыкаў пашырана думка аб тым, што трэба пазбягаць мадэрнізацыі ўяўленняў аб мінулым. Не варта прыпісваць людзям даўніх часоў сённяшнія погляды і матывы. Трэба імкнуцца «ўлезці ў іх скуру» і рэканструяваць па магчымасці іх уласную карціну свету, шкалу каштоўнасцяў.

Аднак гэтае патрабаванне можа быць рэалізавана толькі часткова. Як бы нам ні хацелася, але мы не ў стане цалкам пазбавіцца ментальных стэрэатыпаў, якія былі часткай працэсу фармавання нашай асобы. А калі б такое і было магчыма – то не мела б сэнсу. Большасць таго, што хвалявала нашых продкаў, не мае для нас сёння ніякай актуальнасці. Максімальна поўная рэканструкцыя іх светапогляду была б і максімальна нецікавай. Наадварот, мы мэтанакіравана вывучаем ў мінулым тыя аспекты, якія маюць пэўныя паралелі з сённяшнім днём, сугучныя нашым клопатам і каштоўнасцям.

Суадносіны паміж прадстаўнікамі розных этнасаў – адно з такіх «балючых» пытанняў. У сучасным свеце такія суадносіны час ад часу становяцца вельмі напружанымі, а то і проста варожымі. У крайніх выпадках гэта прыводзіць да такіх пачварных з’яў, як генацыд і этнічныя часткі. У больш мяккіх формах варожасць да «іншых» не раз ператваралася ў адзін з істотных фактараў распаду вялікіх імперый, у тым ліку і Савецкага Саюза. Сучасным шматнацыянальным грамадствам, каб захаваць сваю стабільнасць, прыходзіцца сачыць за міжэтнічнымі стасункамі вельмі пільна.

ВКЛ таксама ўяўляла сабой шматнацыянальнае грамадства. Якую ролю адыгрывалі адносіны паміж этнічнымі групамі ў яго жыцці? Ці можам мы наблізіцца да разумення, пазбягаючы адначасова і спрошчанай мадэрнізацыі, і поўнай страты звыклых арыентыраў? Безумоўна, сённяшняе ўяўленне пра нацыю як пра супольнасць асоб, аб’яднаную агульнымі інтарэсамі незалежна ад свайго сацыяльнага статусу і шмат якіх іншых другасных момантаў, з’яўляецца вынаходніцтвам больш позняй эпохі. Жыхары XVI стагоддзя наўрад ці б паверылі, што некалі можна будзе склікаць у адзіны шыхт селяніна, гандляра, вучонага і арыстакрата, каб павесці іх на змаганне супраць такога ж шыхту іх суайчыннікаў толькі таму, што тыя адносяць сябе да іншай нацыянальнасці. Але гэта зусім не азначае, што ў мінулым людзі не адчувалі наяўнасць нейкіх агульных інтарэсаў і патрэбу іх разам бараніць.

Няма падстаў таксама думаць, што ў тыя часы людзі не звярталі ўвагі на розніцу ў мове, вопратцы, паводзінах. Адной з генетычна абумоўленых псіхалагічных рыс чалавека з’яўляецца ксенафобія: для нас натуральна ставіцца да непадобных на сябе насцярожана. Калі паводзіны чужынцаў могуць быць расцэнены як варожасць ці небяспека, пераход да агрэсіі ў іх бок адбываецца імгненна і не стрымліваецца тымі сацыяльнымі тармазамі, якія звычайна дзейнічаюць у адносінах да «сваіх». Галоўным элементам апазнавальнай сістэмы «свой – чужы» звычайна была мова, бо значна цяжэй схаваць няведанне мовы ці характэрны акцэнт, чым пераапрануцца. Таму сітуацыя, калі частка жыхароў уласнай краіны размаўляла на той жа мове, што і адзін са знешніх ворагаў, заўсёды несла ў сабе магчымасць канфлікту – хай сабе па непаразуменні. Для тых жа, хто некалі пацярпеў ад ворага з такой мовай, яна назаўсёды несла ў сабе негатыўныя асацыяцыі.

Жыхары ВКЛ таксама час ад часу сыходзіліся шыхт на шыхт альбо натоўп на натоўп. Найбольш важкай падставай для гэтага станавілася абвінавачанне ў тым, што іншы бок мае няслушную веру (асаблівае абурэнне выклікала, калі гэта была іншая форма веры ў таго самага Бога). Але прычынай магло паслужыць і несупадзенне эканамічных інтарэсаў – бойкі за спрэчны кавалак зямлі адбываліся і паміж сялянамі, і паміж панамі. Калі ж удзельнікі такога рэлігійнага ці эканамічнага канфлікту выразна адрозніваліся па сваім этнічным складзе – гэта значна павялічвала яго цяжар.

Удакладню, што ва ўмовах ВКЛ рэальную вагу мела толькі самасвядомасць палітычнай эліты. Кім уяўляла сябе сялянская «маўклівая большасць», пазбаўленая ўдзелу ў палітычным жыцці і вайсковай справе, нікога асабліва не клапаціла. Менавіта таму свядомасць «простага люду» і не знайшла адлюстравання ў крыніцах. Усе далейшыя разважанні тычацца толькі шляхты і ў некаторай ступені мяшчанства. Не закранаецца фактар наяўнасці яўрэйскага насельніцтва, бо ў «яўрэйскім пытанні» этнічныя, канфесійныя і эканамічныя фактары перапляліся настолькі шчыльна, што іх разгляд патрабуе адмысловых метадаў і заслугоўвае асобнага даследавання.

Першы яскравы прыклад праяўлення этнічнага фактару – усобіца, якая ахапіла краіну пасля смерці Вітаўта ў 1430-я гады. Большасць рухавікоў канфлікту варта шукаць у сацыяльна-эканамічнай сферы. Адчувалася выразнае напружанне паміж старой знаццю, якая служыла вялікім князям на працягу некалькіх пакаленняў, і «новымі літвінамі», якіх Вітаўт імкліва ўзвысіў і наблізіў да сябе, надаўшы ім вялізныя зямельныя маёнткі. Існавалі супярэчнасці таксама паміж кансерватарамі, якіх задавольваў прынцып «старыны не рухаць», і прыхільнікамі больш цеснага збліжэння з Польшчай, каталіцкім Захадам. Напэўна, была і гандлёвая канкурэнцыя паміж тымі, хто меў маёнткі на Полаччыне і быў арыентаваны на дзвінскі водны шлях, і землеўладальнікамі ў вадазборах Нёмана і Буга. Значная доля напружання выклікалася тым, што ўмовы Гарадзельскага прывілея 1413 г. выразна дыскрымінавалі адну з рэлігійных канфесій (праваслаўную) у параўнанні з іншай (каталіцкай).

Але атрымалася так, што ўзвышэнцы Вітаўта, якія мелі маёнткі пераважна ў заходняй частцы дзяржавы і былі пагалоўна католікамі, адначасова мелі і балцкае паходжанне (якое ў тыя часы вызначалася тэрмінам «літвін»). А вось адсунутыя ад пасадаў прадстаўнікі старых баярскіх родаў не толькі мелі маёнткі на ўсходзе і былі праваслаўнымі, але і з’яўляліся русінамі (сваю этнічнасць яны вызначалі менавіта гэтым тэрмінам). Мы не ведаем, як гэтае спалучэнне інтарэсаў асэнсоўвалася самімі ўдзельнікамі міжусобіцы – гэта не знайшло адасаблення ў наяўных крыніцах. Але мы ведаем, як яно было асэнсавана нашчадкамі і захавалася ў гістарычнай памяці. Калі праз некалькі дзесяцігоддзяў ствараўся летапісны тэкст, што дайшоў да нас у складзе шэрагу беларуска-літоўскіх летапісаў (Яўрэінаўскім, Нікіфараўскім, Рачынскага, Красінскага, хроніцы Быхаўца), яго аўтар рэтраспектыўна апісваў канфлікт 1430-х гадоў як процістаянне двух этнічных масіваў – Літвы і Русі: «Літва ж пасадзіша вялікага князя Жыдзімонта Кестуцевіча на вялікае княжанне на Вільні і на Троцех. І… пасадзіша князя Швітрагайла на вялікае княжанне Рускае…. Князь вялікі Швітригайла сабра сілу многу рускую і пойдзе на Літву, і паваяваша Літоўскаі зямлі множаства…. Князь вялікі Жыкгімонт, сабраўшы ўсю сілу сваю літоўскую, і паслаў сына сваяго князя Mіхайла на Русь» і г.д.

Кожная усобіца прыводзіць да заняпаду ў дзяржаве – хаця б частковага. Калі ж прычына варожасці тоіцца ў этнічным складзе насельніцтва, гэта робіць пагрозу перманентнай. На той час Жыгімонту Кейстутавічу і яго прыхільнікам удалася перамагчы, але дзеля гэтага яны мусілі часткова паступіцца сваёй сацыяльнай выключнасцю: Троцкі прывілей 1434 г. распаўсюдзіў на праваслаўных значную частку палітычных і эканамічных правоў, якімі раней валодалі толькі католікі. У наступныя дзесяцігоддзі былі створаны ці пашыраны першыя рэдакцыі земскіх прывілеяў, якія надавалі русінскай знаці выключную ролю ў кіраванні падзвінскімі Полацкай і Віцебскай землямі – але за кошт таго, што ёй быў па-ранейшаму зачынены доступ да ключавых пасад у панямонскіх Віленскім і Троцкім ваяводствах.

У час доўгага панавання Казіміра Ягайлавіча (1440–1492) мы не маем сведчанняў пра масавыя канфлікты, якім надавалася б выразная этнічная афарбоўка. Але мы ведаем пра трывалае процістаянне дамінуючай палітычнай групоўкі, якая па-ранейшаму складалася з узвышаных пры Вітаўце літоўскіх па паходжанні і каталіцкіх па веравызнанні родаў (Манівідавічаў, Гаштаўтаў, Кезгайлаў, Радзівілаў і інш.), і моцнай апазіцыі, якая групавалася вакол тых Гедымінавічаў, што мелі праваслаўнае веравызнанне. Правадыром яе быў спярша кіеўскі князь Сямён Алелькавіч. Пасля яго смерці ў 1471 г. Кіеўскае княства было скасавана, а створанае замест яго ваяводства (на кіраўніцтва ім быў пастаўлены Марцін Гаштаўт) атрымала, верагодна, такі ж земскі прывілей, як раней Полацкая і Віцебская землі – з відавочнай мэтай прыцягнуць да лаяльнасці хаця б частку тамашняй праваслаўнай шляхты.

Роля правадыра апазіцыі перайшла да Сямёнава брата Міхаіла Алелькавіча, які абапіраўся на сваё Слуцка-Капыльскае княства. Разам з іншымі праваслаўнымі князямі літоўскага паходжання (Фёдарам Бельскім і Іванам Гальшанскім-Дубровіцкім) ён давёў справу ў 1481 г. да спробы дзяржаўнага перавароту, звесткі пра якую вельмі ўрывачныя і супярэчлівыя. Пры гэтым маскоўскія летапісы, што ўзыходзяць да зводу 1480-х гг. (Львоўскі і Сафійскі), паведамляюць, што змоўшчыкі нібыта намераваліся «по Березыню реку отсести на великого князя Литовской земли». Летапісец, напэўна, ўспрымаў Беразіну як мяжу дзвюх складовых частак ВКЛ — «Літвы» і «Русі». Прынамсі, такое ўяўленне крыху раней зафіксаваў у сваёй хроніцы Ян Длугаш. Фактычна гэта азначае, што змоўшчыкі мелі (ці маскоўцы прыпісвалі ім) намер адарваць ад ВКЛ якраз тую тэрыторыю, якая за паўстагоддзя да таго была апорай Свідрыгайлы.

Несумненна, што маскоўскі бок разглядаў усе праявы незадаволенасці на рускіх землях ВКЛ як падставу прэтэндаваць на іх – з той самай нагоды, на якую спасылаўся Сямён Алелькавіч, калі тытулаваўся «з ласкі Божай вялікім князем Кіеўскім». Гэтай нагодай быў факт існавання ў мінулым Рускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Існавала памяць аб ёй, існавала агульная саманазва ўсіх частак, на якія гэтая дзяржава распалася. Кожны, хто валодаў адной з такіх частак, меў спакусу пазмагацца за астатнія. Калі верыць рэтраспектыўнай згадцы позняй «Хронікі Літоўскай і Жамойцкай», Іван ІІІ ужо ў 1499 г. дамагаўся ад ВКЛ «рускіх панстваў усіх аж па Беразіну раку». Такое ж патрабаванне, выказанае на перамовах у 1549 г., зафіксавана дакументальна. Маскоўскія паслы тады сцвярджалі, што Рурыкавічы, непасрэдныя продкі Івана IV, валодалі ўсімі рускімі гарадамі, «а рубеж был тем городом с Литовской землею по Березыню».

Гэтая акалічнасць давала падставу праваслаўным вотчыннікам з рускай часткі ВКЛ (незалежна ад іх уласнага этнічнага паходжання) пры сепаратысцкіх памкненнях і нават пры пераходзе на маскоўскі бок адчуваць сябе, хаця б ва ўласных вачах, «не зусім здраднікамі». Адзін з трох галоўных змоўшчыкаў 1481 г., Фёдар Бельскі, уцёк менавіта ў Маскву. Неўзабаве пачаўся даволі масавы пераход у маскоўскае падданства памежных князёў разам з вотчынамі. Гэта было ўжо яўнай пагрозай дзяржаўный бяспецы ВКЛ. З 1487 па 1493 г. такі пераход здзейснілі князі Варатынскія, Бялеўскія, Мярэцкія, Вяземскія. У канцы 1490-ых гг. на бок Масквы перайшлі са сваімі уладаннямі Сямён Бельскі і трое князёў маскоўскага паходжання, бацькі якіх у свой час атрымалі вялізныя вотчыны (Бранск, Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі) за пераход у падданства ВКЛ: Сямён і Іван Мажайскія і Васіль Шамячыч.

З’явай такога ж кшталту быў мяцеж братоў Міхаіла і Васіля Глінскіх у 1508 г. Паводле хронікі М. Стрыйкоўскага, кіеўскі ваявода Васіль Глінскі спакушаў мясцовую шляхту праектам перанясення сталіцы на Русь і аднаўлення «Кіеўскай манархіі». Праўда, Глінскім давялося ўрэшце перайсці ў Маскву без вотчын.

Пра асэнсаванне гэтых тэндэнцый тагачасным грамадствам мы ведаем не вельмі шмат. Але тое, што ведаем, дазваляе сцвярджаць, што праваслаўнае веравызнанне альбо рускае паходжанне пэўнага арыстакрата ўспрымаліся як фактары патэнцыяльнай рызыкі для агульнадзяржаўных інтарэсаў. У гэтым сэнсе этнічныя літвіны, што вызнавалі каталіцтва, выглядалі больш надзейнымі, і менавіта гэтым трэба тлумачыць жывучасць дыскрымінацыйных умоў Гарадзельскага прывілея. Але такое абагульненне, як усякае іншае, спрацоўвала далёка не заўжды, і нейкі пэўны русін, безумоўна, мог быць больш шчырым патрыётам, чым пэўны літвін. Незаслужаныя папрокі яшчэ больш распальвалі ўзаемную варожасць.

Пра тое, наколькі напружанымі былі адносіны ў асяроддзі тагачаснай эліты, сведчыць красамоўны факт. Калі вярхоўная ўлада ў парушэнне ўласных прывілеяў узнесла на другую ў службовай іерархіі пазіцыю князя Канстанціна Астрожскага, гэта выклікала глухое абурэнне ў літоўска-каталіцкім стане. Вядома эмацыйная характарыстыка, дадзеная Астрожскаму віленскім ваяводам Альбрэхтам Гаштаўтам у лісце да каралевы Боны: «чалавек новы, подлай кандыцыі, русін, сын мізэрнага княскага роду». У гэтым кантэксце слова «русін» гучыць як абраза – пры тым, што Астрожскі ўсім сваім жыццём прадэманстраваў, наколькі лаяльным да дзяржаўных інтарэсаў можна быць праваслаўны русін.

Зняць напружанне магла б інтэграцыя пануючай эліты, якая ў тых умовах магла быць дасягнута толькі шляхам асіміляцыі. Але хто каго мусіў асіміляваць: літвіны русінаў ці наадварот? Якраз па гэтым пытанні ў першай палове XVI ст. адбывалася своеасаблівая завочная дыскусія, водгукі якой захаваліся ў крыніцах.

Спрэчка пачалася не з таго, якой мовай карыстацца. Дэ-факта на той момант роля «мовы міжнацыянальных зносін» належала рускай літаратурнай і канцылярскай мове, якой выдатна валодалі абодва бакі і на якой яны вялі палеміку (называць яе «старабеларускай» ці «стараўкраінскай» не дазваляе аднолькавая пашыранасць на тэрыторыях абедзвюх сучасных краін). Даследчыкі ўжо звярталі ўвагу, што ў прадмовах Скарыны да нанова перакладзенай ім Бібліі не прасочваецца якой-небудзь заклапочанасці станам рускай мовы. Пры выданні ў 1529 г. першай рэдакцыі Статута ніякіх пытанняў яб яго мове таксама не ўзнікала. Яшчэ больш паказальна, што і створаная ў асяроддзі літвінаў легенда пра іх рымскае паходжанне была запісана на той самай мове.

Больш выразна адрознівала вера, але тут інтэграцыйныя магчымасці былі абмежаванымі. Не маючы глыбокіх каранёў, каталіцтва пры усёй дзяржаўнай падтрымцы не здолела перацягнуць на свой бок нават частку «прынцаў крыві» з ліку Гедымінавічаў, не кажучы ўжо пра правінцыйныя эліты. Таму канфесійная еднасць была пажаданай, але пакуль недасягальнай мэтай, і глебай для інтэграцыі магла стаць толькі рэлігійная талерантнасць. Усведамляючы гэта, абодва бакі на рэлігійны фактар асабліва не націскалі.

Рашаючым «полем бітвы» стала гістарычная свядомасць. Адчуваць сябе прадстаўніком Русі, носьбітам яе старажытнай культуры, альбо нашчадкам рымскіх патрыцыяў, што некалі прыплылі з Палямонам? Супрацьстаянне гістарычных міфаў добра прасочваецца ў тым, як складаліся летапісныя зводы. Спярша ўсе яны, напэўна, нагадвалі Нікіфараўскі спіс, які датуецца прыблізна 1460-мі гг. і пачынаецца з легенды пра прызванне Рурыка, а затым змяшчае звесткі пра агульнарускія справы, прычым нават аповед пра Кулікоўскую бітву падаецца з выразна маскоўскай пазіцыі. Тое, што «безбожный князь Мамай» быў на той момант саюзнікам уладара ВКЛ Ягайлы, у летапісе абыходзіцца маўчаннем. Падобны ж падыход выкарыстаны і пры стварэнні Валынскага кароткага летапісу (1510-я гг.), Акадэмічнага і Супрасльскага (1530-я). Але ў той час ужо несумненна існаваў тэкст, які распавядаў пра Палямона і пра захоп часткі Русі (сучаснай Беларусі) літоўскімі князямі. З яго пачынаюцца летапісы Яўрэінаўскі, Рачынскага, Красінскага, Румянцаўскі, Быхаўца, і месца агульнарускім звесткам у іх ужо не знаходзіцца. Меркаванне аб тым, што гэты тэкст быў створаны ў атачэнні якраз Альбрэхта Гаштаўта, выглядае цалкам верагодным.

Прымячальны лёс выдавецкага праекта Скарыны, распачатага ў 1517 г. – за пяць гадоў да публікацыі Лютэрам Новага Запавета на нямецкай мове. Намеры ў абодвух былі аднолькавыя – даць сваёй дзяржаўнай эліце, расколатай палітычна і канфесійна, кананічны сакральны тэкст на зразумелай («роднай») мове, які б мог паслужыць падставай для кансалідацыі. Але калі пераклад Лютэра імгненна разышоўся 5-тысячным накладам і вытрымаў за 11 наступных гадоў яшчэ 16 дадатковых выданняў, то праект Скарыны аказаўся па сутнасці правальным. Ні Псалтыр, ні адна з 19 кніг Старога Запавету, выдадзеных ім на працягу трох гадоў накладамі да 500 асобнікаў, не выклікала патрэбы ў перавыданні. У 1525 г. Скарына вымушаны быў спыніць кнігадрукаванне, каб больш ніколі да яго не звяртацца. Прычыну трэба шукаць не толькі ў няўдалым выбары (Новы Запавет, напэўна, знайшоў бы большы водгук і ў ВКЛ), але і ў стане аўдыторыі, які выразна адрознівае тутэйшую сітуацыю ад нямецкай. Прапанаваны Скарынам сродак кансалідацыі аказаўся проста незапатрабаваным. Магчыма, справа якраз у тым, што сам Скарына не толькі не хаваў, але і падкрэсліваў сваю русінскую свядомасць, што не магло спадабацца «нашчадкам Палямона».

Зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў, больш пажаданай выглядала перамога ліцвінскага асіміляцыйнага праекта, якая назаўжды выбіла б ідэйную зброю з рук прамаскоўскіх сепаратыстаў. Але гэты праект быў унутрана супярэчлівым: ён прадугледжваў захаванне рускай літаратурнай мовы пры адмове ад рускай гістарычнай ідэнтычнасці.

Намеціўся, між тым, і трэці варыянт, прыхільнікам якога выказаў сябе Мікалай Радзівіл – славуты аматар пальшчызны, які атрымаў за гэта мянушку Amor Poloniae. Бадай што першым з арыстакратаў ВКЛ ён пачаў успрымаць дынастычную унію з Польшчай як факт існавання агульнай дзяржавы. З такой пазіцыі вынікала, што падставай для інтэграцыі магла выступіць не літвінізацыя русінаў і не русінізацыя літвінаў, а паланізацыя і тых, і другіх – па ўзору самога Amor Poloniae. Перавагай такога падыходу было тое, што ён не патрабаваў ад аднаго з бакоў поўная капітуляцыі на карысць другога – абодва нечым ахвяравалі і нешта набывалі ўзамен. Жыццё даказала, што менавіта такі шлях быў адзіным рэальна дасягальным, але і ён здзейсніўся далёка не адразу.

Цікавым прыкладам эвалюцыі грамадскай думкі ў наступным пакаленні з’яўляецца лацінскамоўны трактат Міхалона Літвіна. У ім упершыню робіцца адкрыты выклік панаванню ў грамадскім ужытку «рутэнскай» мовы: яна, маўляў, «чужая нам, літвінам, італійцам, што паходзяць ад італьянскай крыві». Апрача таго, аўтар наўмысна атаясамлівае літаратурную мову ВКЛ з «маскоўскім пісьменствам», якое «не заклікае да доблесці», выразна намякаючы на нядаўнія сепаратысцкія грахі русінаў. Але прапанаваная альтэрнатыва – прыняць у якасці літаратурнай мовы лаціну з-за яе нібыта блізкасці да балцкай гутарковай мовы – была зусім утапічнай. Здаецца, аўтар у палемічным запале згубіў мяжу паміж міфам і рэчаіснасцю.

Амаль адначасова з напісаннем трактата Міхалона, у 1547 г., адбылася і першая спроба стварэння літаратурнай мовы на падставе ўласна балцкай гутаркі. Яе здзейсніў пад час навучання ў Каралявецкім (Кёнігсбергскім) універсітэце Марцін Мажвід, на хвалі рэфармацыі выдаўшы па-літоўску пратэстанцкі катэхізіс. Але гэтая спроба была запозненай: хаця літоўскамоўныя выданні ў далейшым і з’яўляліся час ад часу, але так і засталіся маргінальнай з’явай у культурным жыцці ВКЛ.

Тым часам пашырэнне ў 1550-я гг. Рэфармацыі на тэрыторыі ўласна ВКЛ значна актуалізавала паланізацыйную альтэрнатыву. Берасцейская друкарня, заснаваная ў 1553 г. пад патранажам правадыра пратэстантаў Мікалая Радзівіла Чорнага, друкавала літаратуру выключна на польскай мове, і яна, у адрозненне ад выданняў Скарыны і Мажвіда, карысталася нарастаючым попытам. Асаблівы поспех меў новы польскамоўны пераклад Бібліі з пратэстанцкімі каментарамі, выдадзены ў 1563 г. Паводле рашэння Евангельска-рэфармаванага збору ВКЛ кожны мясцовы збор павінен быў мець асобнік гэтай Бібліі. Такое рашэнне магло быць прынята толькі ў разліку на тое, што яе мова не выкліча цяжкасцяў у любой пратэстанцкай суполкі, дзе б на тэрыторыі краіны яна ні ўзнікла.

На такім фоне пратэстанцкае кнігавыданне на рускай мове выглядае з’явай амаль такой жа маргінальнай, як і літоўскамоўнае. Як спробу выправіць сітуацыю можна разглядаць выданне ў 1562 г. у Нясвіжы катэхізісу і невялікага палемічнага трактата Сымона Буднага на мове, значна набліжанай да мясцовай гутарковай. Фактычна мы маем такую ж спробу стварыць новую літаратурную (у сучасным разуменні – беларускую) мову, як і нядаўняя спроба Мажвіда. Але вынік быў той самы.

Сваю ўласную пазіцыю Будны выказаў у прысвячэнні Радзівілам, змешчаным у тым жа выданні: «… абы ся ваши княжацские милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся тежь, ваши княжацские милости, и того здавна славного языка словенъского розмиловати и оным ся бавити рачили». Гэта ўжо зусім іншая танальнасць, чым у прадмовах Скарыны. Справа пра тое, каб руская літаратурная мова заставалася асноўным сродкам зносін, ужо не ідзе. Буднага непакоіць, што яна можа знікнуць і з перыферыі моўнага ўжытку – менавіта супраць гэтага ён заклікае.

Такім чынам, літвінскі і русінскі асіміляцыйныя праекты завязлі ў безвыніковым процістаянні, у той час як польскі імкліва набіраў моц. З гэтага пункту гледжання Люблінскую унію можна разглядаць як вырашальны крок, які расчысціў шлях да рэальнай інтэграцыі не толькі паміж часткамі пануючай эліты ВКЛ, але і з польскай элітай. Для канчатковага замацавання на гэтым шляху спатрэбілася яшчэ адно пакаленне.

Апошняя спроба супраціву з боку «свядомых русінаў» звязана з асобай Льва Сапегі. Шырока вядома праграмная фраза з яго прадмовы да выдання Статута 1588 г.: «А естлі катораму народу ўстыд праў сваіх не ўмеці, пагатовю нам, каторыя не обчым якім языком, але сваім уласным права спісаныя маем». Але паказальна прысутнасць нават у гэтай фразе яўнага паланізму: «обчы» замест «чужы». Польскі моўны ўплыў пашыраўся непрыкметна, але няўхільна. Яшчэ больш яскрава гэта можна ўбачыць у дзённіку Фёдара Еўлашэўскага і рускамоўных лістах Філона Кміты. У іх зафіксавана тая ж з’ява, якую ў наш час называюць «трасянкай» альбо «суржыкам»: фанетычная сістэма захавалася ад роднай гутарковай мовы, але лексіка ўжо ў значнай ступені запазычаная: «прамавілэм»,«кроль» (у польскай фанетычнай сістэме гэтыя словы гучалі б як «пшэмувілэм», «круль»). Дарэчы, частка лістоў Кміты і Сапегі напісана на даволі добрай польскай мове, у той час як узораў чыстай (ад паланізмаў) рускай мовы мы ў іх не знойдзем.

Патрабаванне па-ранейшаму весці справаводства «языком сваім уласным», з падачы Льва Сапегі заканадаўча замацаванае ў Статуце, на практыцы даволі хутка вырадзілася ў фармальнасць: загаловак і прэамбула дакумента пісаліся па-руску, а змястоўная частка – на «трасянцы», ці ўсё часцей на літаратурнай польскай мове, звыклай для ўдзельнікаў судовай справы ці аўтараў тэстаментаў. Дарэчы, сам Сапега ў канцы свайго доўгага жыцця, як потым і выхаваныя ім сыны, уласныя тэстаменты пісалі па-польску.

Так «нацыянальнае пытанне» ў адносінах паміж двума часткамі палітычнай эліты, літвінамі і русінамі, было ўрэшце вырашана, але ні на карысць аднаго з бакоў, ні праз кампраміс паміж імі. Адбылася асіміляцыя з трэцяга боку, хаця яна і не была безагаворачнай. У побыце, пры стасунках са слугамі і сялянамі, уласнікі маёнткаў на Русі карысталіся гутарковай рускай мовай, а пры наяўнасці такіх жа маёнткаў у этнічнай Літве і Жамойці яны, незалежна ад этнічнага паходжання, мусілі ведаць тамтэйшую гутарку – гэтаксама, як многія паны ведалі ў мінімальным памеры ідыш для стасункаў з яўрэямі (гэта, напрыклад, з пэўным гонарам адзначае ў сваім дзённіку Еўлашэўскі).

Канфесійны падзел, які ніколі дакладна не супадаў з моўным і этнагенетычным (паходжаннем «па крыві»), у выніку Рэфармацыі, контррэфармацыі і Берасцейскай уніі стаў настолькі стракатым, што амаль зусім страціў ролю дадатковага этнавызначальнага маркёра. Той, хто адчуваў сябе літвінам па крыві, мог вызнаваць каталіцтва ці пратэстанцкую веру, а этнічных русінаў можна было знайсці і сярод католікаў, і сярод пратэстантаў, і сярод уніятаў. Праваслаўнае веравызнанне захоўвалася адносна шырока сярод дробнай шляхты і мяшчанства (у першыя дзесяцігоддзі пасля уніі яго працягвалі прытрымлівацца і некаторыя магнаты).

Руская гістарычная свядомасць была страчана таксама не канчаткова – нехта ж увесь час замаўляў і захоўваў летапісныя зводы накшталт Супрасльскага і Нікіфараўскага. Але яна практычна не праяўлялася больш у актуальным літаратурным дыскурсе. Дарэчы, шмат пацярпеў у працэсе паланізацыі і літвінскі гістарычны міф, які ў адукаваных палякаў выклікаў толькі кпіны. Ён таксама не знік цалкам, але быў выцеснены на маргінэс. На змену прыйшлі больш актуальныя ў новых умовах ідэйныя канцэпты накшталт сарматызму, які дазваляў адчуваць гістарычнае адзінства з тымі ж палякамі.

Адзінства палітычнай эліты ВКЛ, дасягнутае за кошт знікнення суверэннай дзяржавы, не вырашыла ўсе праблемы міжэтнічных стасункаў. У пэўнай ступені яно прывяло да абвастрэння сацыяльнага ў сваёй аснове процістаяння паміж панамі і сялянамі, дадаўшы яму дадатковае адценне: пан, апрача іншага, успрымаўся як «лях», носьбіт чужой культуры. Неўзабаве гэты акцэнт прагучаў у казацкіх войнах.

Адзіным несумненным поспехам літвінскага асіміляцыйнага праекта стала тое, што для вызначэння саманазвы новай польскамоўнай супольнасці замацавалася слова «літвін». Так з таго часу называлі сябе, у адрозненне ад «карэнных» палякаў, прадстаўнікі шляхецкай «палітычнай нацыі» ВКЛ. У такім сэнсе літвінамі адчувалі сябе ў XVII – XVIII стагоддзях даўно перамяшаныя па крыві нашчадкі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, полацкіх і жамойцкіх баяр. Гэтая традыцыя дажыла да ХІХ стагоддзя, калі свае літвінскія карані не раз падкрэслівалі (усё на той жа польскай мове!) і Міцкевіч, і Кіркор, даўшы падставы для міфічнага атаясамлівання гістарычных літвінаў з продкамі беларусаў.

Каментары41

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыплмататычнае слова3

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыплмататычнае слова

Усе навіны →
Усе навіны

Мінск пачаў атрымліваць трамваі з нізкай падлогай. Вось як яны выглядаюць8

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек5

Рэктар БДУ пра жонку: У нас цывілізаваныя дагаворныя адносіны8

У Стаўрапольскім краі РФ выбухнуў ларок з феерверкамі ВІДЭА1

Самалёт ЗША падбілі «сяброўскім агнём» над Чырвоным морам1

«Гэта літаральна зрывае дах!» Тэлевядучая Люцыя Герашчанка распавяла пра паездку ў Індыю з сынам8

Ужо тыдзень у Расіі не могуць знайсці мужчыну, які забіў паліцэйскага, а пасля згвалціў і забіў яго маладую жонку12

«Скралі тры партсігары, тры курткі». Віцебскі губернатар абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару3

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года69

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыплмататычнае слова3

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыплмататычнае слова

Галоўнае
Усе навіны →