Мова1414

Клункі, афэлак, расхрыстаны. Беларусы дзеляцца трапнымі беларускімі словамі, якія яны выкарыстоўваюць у рускай мове

Беларуская мова часта «прарываецца» нават там, дзе чалавек размаўляе па-руску — у бытавых дыялогах, сямейных жартах і нават у перапісцы. У Threads беларусы пачалі дзяліцца словамі, якія яны натуральна ўстаўляюць у рускую гаворку — і часта нават не заўважаюць гэтага. Аказалася, што «шуфлядка» — толькі вяршыня айсберга.

Фота з сацсетак

«Словы, якія я выкарыстоўваю ў рускай, але, хіба што таму, што я беларуска: клумкі (у значэнні «сумки»), расхрыстаная (у значэнні «одета нараспашку»), напой (у значэнні «напиток»), раскарэка (у значэнні «неуклюжая»)», —

такі пост пакінула ў Threads адна з карыстальніц і прапанавала іншым падзяліцца сваімі «такімі» слоўцамі.

Пад допісам адразу пачалася дыскусія: частка чытачоў заўважыла, што яны гавораць гэтыя словы крыху інакш — з іншымі націскамі і варыянтамі вымаўлення.

«КлуНкі», «раскарЯка», «правільна — «клуНкі» ці «клумакі», «у нас былі «клуНкі» і «расхЛістаная», «у нас «клуНкі», «расхрЭстаная», «раскІрэка», — удакладняюць каментатары.

Яшчэ адна ўдзельніца дыскусіі тлумачыць, што «клунак» — гэта не проста сумка, а больш канкрэтная рэч:

«Клунак — это такая штука, калі рэчы ўвязваюцца хусткай за чатыры вуглы ў цэнтр».

«Швэндацца», «лапсердак» і «штучны интеллект»

Пасля «клунка» і «раскарэкі» людзі пачалі падкідваць свае словы і тлумачыць сэнс:

кашала́ — «бестолковая женщина»

зэдлік — маленькая табурэтка

швэндацца — «слоняться без дела»

пашэрудзіць — пашукаць у сумцы або кішэнях

лапсердак — пінжак або яго аналаг

сам-насам — «наедине»

Адзін з чытачоў прызнаўся, што выкарыстоўвае такі моўны мікс як «штучный (замест «искусственный») интеллект».

«Дахалеры», «афэлак» і «лётуценнік»

Некаторыя словы ў каментарах выглядаюць як сапраўдныя знаходкі — з густам да вобразнасці і народнай характарыстыкі:

уконтрапупіць — моцна стаміць

шэрубунькі — «всякие ошмётки, чаинки»

блындаць — хадзіць недзе, боўтацца

ёлупень — «глупый»

бадзяцца — хадзіць дзе-небудзь без мэты

карапэт — чалавек малога росту

гарэга — абыякавы чалавек

дахалеры — вельмі многа

лушпайкі — «в смысле очистки или мелкие мусоринки, скорлупки»

афэлак — «придурок»

летуценнік — фантазёр, чалавек, які «лунае ў аблоках»

цяльпук — «упитанный, румяный и неуклюжий в одном флаконе».

«Боўдзіла — увалень» — напісаў адзін з удзельнікаў дыскусіі і адразу атрымлівае каментар:

«Увалень пра боўдзілу — гэта вы вельмі дыпламатычна пераклалі».

Некаторыя прызнаюць, што іх словы спецыфічныя — і не кожны беларус іх чуў.

«Ведаю слова «марынарка». Хутчэй за ўсё, мала хто яго чуў», — заўважае чытач, але значэння не тлумачыць.

«Лахудра», — напісала адна жанчына. Іншая дадала: «Я так называла ляльку дачкі, і яна таксама потым так называла».

«Цурубалкі», «варэпа» і «кандзібоберам пайшоў»

Адна з чытачак падзялілася змястоўным спісам слоў, якія жывуць у яе сям’і.

«Шалупайкі (калі бульбу абіраеш), цурубалкі (тое, што засталося тырчаць ад раслін — напрыклад, пасля жніва, або ад бульбы, сланечніка, кропа), варэпа (нехта непрыгожы, нязграбны), туябень, сплюшка, буська, няўломак (здаровы дзяцюк), скуёўдзіцца (збіцца, скамечыцца), лайдак, прысмакі, нашатЫрыцца (напрыклад, кот выгнуў спіну і распушыўся, вожык наставіў калючкі), кандзібоберам пайшоў (кот бокам наскоквае або выпендрываецца нехта), збаёдаць (невядома куды падзець і не знайсці або папсаваць)».

А нехта дадае ўслед: «А яшчэ «нішто» в значэнні «клевый, хороший».

«У мяне ўсё стандартна…»

Шмат хто з удзельнікаў абмеркавання проста пералічвае больш зразумелыя беларускія словы без тлумачэнняў іх значэння на рускай:

«У меня все стандартно: шуфлядка, буська, бульба, буряк, хата, добра, парадная, хлопец, дзякуй, ссобойка, байка, закатки, жировка, болька, ластик, тралик, кахаю, грошы», — напісала чытачка.

А вось словы, якія згадваюць іншыя: цвік, ровар, ануча, абы-што, камізэлька, пацеркі, жменька, нягеглы, недарэка, кіпцюры, капялюш, збянтэжаны, непрывабны, мець рацыю, цёгацца, трымай, пачвара, парэчкі, аб’ява, шкандыбаць, шуфель, цэтлік.

«Я нават не заўважаю, што ўстаўляю беларускія словы»

Адна з чытачак прызналася, што доўгі час не заўважала, як беларуская мова жыве ў яе рускай гаворцы:

«Я зразумела, што я нават не заўважаю, што ўжываю ў рускай гаворцы беларускія словы, калі да нас прыехалі расіяне. Тут я зразумела, што, ёлкі-палкі, мне вельмі складана свабодна размаўляць з імі праз тое, што яны вялікую частку слоў не зразумеюць».

Іншыя — наадварот — свядома любяць гэты моўны мікс:

«Патэпала — «пошла куда-то», шклянка — «банка». Першае, што прыйшло. А так шмат, я люблю выкарыстоўваць [беларускую] мову ў гаворцы», — піша адна з чытачак.

А можа — час на беларускую?

«А можна больш допісаў пра беларускую мову?» — цікавіцца нехта ў аўтаркі трэда. Аднак жанчына адказвае, што не з’яўляецца спецыялістам.

«Пара пераходзіць на беларускую мову і перастаць хваліцца асобнымі славечкамі», — прапануе адзін з каментатараў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • Мх
    26.12.2025
    "«Пара пераходзіць на беларускую мову і перастаць хваліцца асобнымі славечкамі», — прапануе адзін з каментатараў." Цалкам падтрымліваю гэтага каментатара. Марная справа - прыгадваць асобныя словы, тым больш вучыць ім расейцаў, каб яны пазней сказалі "гэта спрадвечна расейскія словы, і ўвогуле усе славянскія мовы пайшлі ад расейскай". Гэты пост (які абяркоўваецца ў навіне) сведчыць якраз пра тое, што людзі адышлі ад беларускай мовы адносна нядаўна. (літаральна ў мінулым пакаленні).
  • геолаг
    26.12.2025
    Рэлікт, такі рэлікт. Ніводны пра беларускія словы не выказаўся як пра смецце, і вось адкапаўся выкапень...
  • Лайдак
    26.12.2025
    Які сорам. У якой яшчэ краіне акрамя Беларусі людзі ганарацца тым, што ведаюць літаральна некалькі словаў з роднай мовы?

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай32

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

Невялічкі эцюд Мікеланджэла прадалі за 27,2 мільёна даляраў. Гэта рэкорд1

«Бро, не купляй сабе бульбяны мяшок — ідзі ў залу»: беларускі вядучы ТНТ раскрытыкаваў мужчынскія касцюмы оверсайз13

Беларуска Марына Зуева заняла на Алімпіядзе 15‑е месца2

«Чароўны трусік» Юрый Дземідовіч узначаліў расійскі правінцыйны оперны тэатр13

Ціханоўская прызналася, што мала чым можа памагчы беларусам у Грузіі10

Адключэнне ад Starlink запаволіла тэмпы расійскага наступлення. Але ці надоўга?6

На Магілёўшчыне будуць вырабляць чырвоную ікру, але не для таго, каб яе есці5

Заходнія спецслужбы сумняюцца, што за замахам на генерала Аляксеева стаіць Украіна4

Люксавы італьянскі брэнд Miu Miu выпусціў калекцыю, якую параўналі з халатамі з ЦУМа5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай32

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць