Алексіевіч: Беларусь можа выратавацца, толькі павярнуўшыся ў бок Еўропы
У цяперашняй сітуацыі ў свеце Беларусь можа выратавацца, павярнуўшыся ў бок Еўропы. Пра гэта заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, аўтар цыкла дакументальных раманаў пра савецкую рэальнасць.
«Я чалавек рускай культуры, — сказала пісьменніца. — Я вельмі люблю яе, люблю рускую літаратуру. Але сёння ва ўсім гэтым вяршэнствуе цемра і слепата, у якія пагрузіўся рускі народ. Калі б ён здолеў паразумнець [у арыгінале — прозреть], то ў гэтым было б наша выратаванне. Калі ж гэтага не адбудзецца, то, думаю, мы можам выратавацца, павярнуўшыся ў бок Еўропы».
У той жа час Алексіевіч звярнула ўвагу, чым абярнулася жаданне быць разам з Еўропай для ўкраінцаў, дзе «ўсё адбываецца трагічна».
Бяда беларусаў, паводле слоў пісьменніцы, заключаецца ў тым, што няма агульнай для ўсяго народа ідэі.
Ідэя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне паказала, што яна «не можа сёння аб'яднаць людзей». «Гэта сімвалічнае свята, яго традыцыі ў нашай свядомасці вельмі моцныя. Але гэта не тая ідэя, якая можа аб'яднаць людзей, яе час ужо прайшоў», — растлумачыла Алексіевіч.
Пры гэтым пісьменніца лічыць, што «нацыянальнай ідэі цяперашняя ўлада баіцца» і калі яна яе выкарыстае, то «толькі ў апошні момант, калі ўжо будзе занадта позна, калі ўжо дойдзе да гэтага».
«Цяпер беларусы грамадства без ідэй, — са шкадаваннем адзначыла Алексіевіч. — Спачатку ідэяй у нас было жаданне валодаць аўтамабілем Mercedes, добра паесці і апрануцца, такая вульгарная ідэя, матэрыяльная. Яна і цяпер вяршэнствуе, але стала бачна, што гэтага мала. Чыста матэрыяльны чалавек — ён нічый, ён небяспечны чалавек, гэта ўжо ўсе зразумелі».
Сёння беларускае грамадства «хай ціхае і спакойнае, але падзеленае».
«Ёсць нейкая вялікая руская частка, ёсць нясмелая беларуская частка, якая ўсё ж вырасла за апошнія 20 гадоў, а ёсць людзі, якія жадаюць проста жыць, і шкада, што сярод такіх вельмі шмат маладых», — растлумачыла пісьменніца.
Маладым людзям, паводле яе слоў, здаецца, што «яны вышэй за ўсё, што адбываецца», што яны «ўвесь час будуць займацца сваімі ідэямі каля камп'ютара». Але пакуль беларусы «жывуць у досыць варварскі час, калі за свае ідэі трэба змагацца, ва ўсякім разе аказваць супраціўленне».
«Беларусы так устроеныя, што яны звычайна ціхенька сядзяць і чакаюць, чым усё скончыцца, — мяркуе Алексіевіч. — Гэта досвед гісторыі, бо праз землі нашых продкаў увесь час каціла — на Расію і з Расіі. Гэта вялікі гістарычны досвед выжывання».
Цяперашняя ўлада, паводле меркавання пісьменніцы, сёння спрабуе знайсці нейкую аб'яднаўчую ідэю, а таксама вектар уласнага развіцця. Так, Алексіевіч станоўча ацаніла пазіцыю беларускіх улад, якую яны занялі ў дачыненні да Украіны. «Але мы вельмі маленькія побач з Расіяй, і ўвесь час існуе небяспека, што нас зацягне ў гэты вір», — падсумавала яна.
Каментары