Сахашчык пра арышт Зары і групы афіцэраў: «Для мяне было вельмі дзіўна, што ён апынуўся ў Беларусі»
Былы камандзір брэсцкіх дэсантнікаў і былы прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык пракаментаваў «Нашай Ніве» гісторыю Дзмітрыя Зары і затрыманні яго колішніх саслужыўцаў у Беларусі. Ён сцвярджае, што Зара займаўся ў яго выключна аналізам адкрытых крыніц, а ніякіх заданняў шукаць інфарматараў сярод беларускіх вайскоўцаў не атрымліваў.

Па словах Сахашчыка, Дзмітрый Зара сам звярнуўся да яго з просьбай аб працы. На той момант прапанаваць яму маглі толькі працу на будоўлі. Праз некаторы час Зара атрымаў невялікую траўму: кавалак акаліны трапіў у вока. Пасля чаго, па словах Сахашчыка, мужчына не мог больш працаваць на будоўлі. У выніку «нейкі час папрацаваў у невелічкай структуры, каторая займалася аналізам сродкаў інфармацыі адкрытых, і нічога апрач гэтага».
«На самай справе ўся аналітыка, якой у мяне займаўся Зара, — гэта быў аналіз адкрытых крыніц інфармацыі, толькі. І ніколі нічога апроч гэтага. Ні разу я не даваў яму нейкіх заданняў уваходзіць у кантакт з кімсьці, з кім ён служыў, штось даведвацца. Гэта папросту было не патрэбна, і ён гэтага не рабіў. (…)
Увогуле, ніхто з нашай структуры ў Польшчы не займаўся нічым падобным», — кажа Сахашчык.
«Ніякіх кратоў у нас не магло быць, — мяркуе ён. — Структура была вельмі маленькая, ну і я дакладна ведаю лёс кожнага чалавека з гэтай структуры: хто ён і што ён, і правяралі мы гэтых людзей вельмі добра», — даводзіць Сахашчык.
Па словах былога прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы, ён ведаў пра кантакты Зары з былымі саслужыўцамі. Некалькі разоў тыя прыязджалі да яго ў Польшчу. Сахашчык дапускае, што нехта з іх мог рабіць гэта па заданні беларускіх спецслужбаў.
«То, што ён выпіваў з імі алкаголь і аб чымсьці размаўляў, гэта так. То, што мог нешта нагаварыць, гэта так. Але нічога апрача гэтага не было», — сцвярджае Валерый.
Па словах Сахашчыка, ён больш за два з паловай гады не кантактуе з Дзмітрыем і нічога не ведае пра тое, дзе Зара знаходзіўся і чым займаўся.
«Для мяне таксама было вельмі дзіўна, што ён апынуўся ў Беларусі», — сцвярджае Сахашчык.
Затрыманні былых саслужыўцаў Зары на авіябазе Сахашчык лічыць не звязанымі з дзейнасцю сваёй структуры:
«Уся гэтая акцыя з арыштам вялікай колькасці афіцэраў на авіябазе — гэта проста нейкая правакацыя, не ведаю. Гэта нічога супольнага не мае з тым, чым займаліся мы».
Каментары