Партыя «Апазіцыйны блок», у якую ўваходзяць пераважна былыя функцыянеры «Партыі рэгіёнаў», будзе пераназваная ў «Партыю развіцця і міру».
Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлеканала «Інтэр» заявіў былы кіраўнік адміністрацыі экс-прэзідэнта Віктара Януковіча Сяргей Лёвачкін.
Паводле яго слоў, перайменаванне павінна адбыцца на наступным з'ездзе партыі.
«Мы думаем пра рэбрэндынг, змену назвы. У назве партыі павінны быць словы, якія б дакладна адлюстроўвалі нашы мэты і задачы. Хутчэй за ўсё, партыя будзе называцца «Партыя развіцця і міру», — выказаў меркаванне Лёвачкін.
Лёвачкін належаў да праеўрапейскага крыла Партыі рэгіёнаў. Аднак яго таксама абвінавачвалі ў суўдзеле ў «дэрыбане». Ягоны стыль жыцця нашмат больш раскошны, чым афіцыйныя даходы.
Кіраванне Партыі рэгіёнаў у 2010—2014 скончылася рэвалюцыяй Еўрамайдану, а дэзарганізаваная армія і спецслужбы не здолелі супрацьстаяць захопу Расіяй Крыма і часткі Данбаса.
Каментары