Чарговы скандал у метро: міліцыянты пабілі інваліда і парвалі яму кашулю
Месяц таму ў Мінску адбылося адразу два канфлікты, якія ўскалыхнулі грамадства.
18 верасня ў пераходзе станцыі метро «Уручча» міліцыянты ў грубай форме затрымалі інваліда па зроку - працягнулі яго па зямлі на вачах у дзясяткаў пасажыраў.
А днём раней, 17 верасня, каля станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» міліцыянты выцягнулі з падземнага пераходу на вуліцу інваліда-вазочніка і, як ён заявіў пазней прэсе, збілі яго ў двары дома на вуліцы Кульмана.

У рэдакцыю Naviny.by звярнуўся яшчэ адзін чалавек, які сутыкнуўся з грубіянствам міліцыі. Ён просіць не называць яго прозвішча, але ў падрабязнасцях распавядае, як яго, інваліда другой групы, сяржант і маёр білі прама ў метро, а потым яшчэ паўтары гадзіны трымалі ў пакоі міліцыі.

«4 жніўня я адпрасіўся з працы, каб патрапіць на прыём да доктара, - пачынае свой аповяд 58-гадовы Леанід. - У лютым я перанёс найскладанейшую 8-гадзінную аперацыю, у мяне была анкалогія, мне выдалілі страўнік. Пасля чаго далі другую групу інваліднасці. І тады, і сёння я ўсё яшчэ хаджу ў адмысловым гарсэце. У той дзень я, як звычайна, паказаў кантралёру ў метро на станцыі «Плошча Леніна» сваё пасведчанне і пайшоў да перона. Нечакана мяне спыніў супрацоўнік міліцыі, запатрабаваў, каб я і яму паказаў сваё пасведчанне. Я пачаў удакладняць, з якой мэтай. Маўляў, калі ён хоча паглядзець мае дакументы, я магу паказаць пашпарт. Але міліцыянт сказаў, што будзе цяпер на месцы праводзіць экспэртызу, ці сапраўдныя мае дакументы. Паколькі я спазняўся да доктара, вырашыў усё-такі паказаць яму і пасведчанне інваліда, і нават службовае пасведчанне. На што ён сказаў, што выдаткаваў на мяне 30 секунд свайго асабістага часу. Наогул паводзіў сябе даволі груба, звяртаўся да мяне на «ты», хоць выглядае маладзей за маіх дзяцей».
Па прыездзе ў бальніцу Леанід ўсё-такі наважыў патэлефанаваць у «102», каб паведаміць, што маёрСергіюк (менавіта так прадставіўся той самы міліцыянт) некарэктна сябе вядзе ў дачыненні да пасажыраў. У дзяжурнай службе яму адказалі, што, так як ён знаходзіцца не на станцыі метро, а ў іншым раёне, супрацоўнік міліцыі прыйдзе да яго дадому ўвечары, каб узяць тлумачэнні.
«Пасля таго, як я вырашыў усе пытанні з доктарам, паехаў дадому. Зноў праз станцыю метро «Плошча Леніна», - працягвае Леанід. - Ля турнікетаў мяне спыніў усё той жа Сергіюк. Ён пачаў пытацца, ці тэлефанаваў я на «102». Мабыць, яму ўжо перадалі пра маю скаргу. Я не хацеў нічога тлумачыць, паспрабаваў сысці, але ён перагарадзіў мне шлях. Пачаў патрабаваць, каб я паказаў яму спачатку дакументы, а потым і тэлефон. Я паспрабаваў адмовіцца, бо ён ужо бачыў у той дзень маё пасведчанне, а даваць свой мабільны яму ў рукі я наогул не абавязаны. Тады Сергіюк паклікаў да сябе яшчэ двух сяржантаў, якія пачалі мяне штурхаць. Я набраў «102», але яны ўжо заломлівалі мне рукі, маёр Сергіюк наносіў кароткія ўдары ў левы праапераваны бок, а сяржант Шаўчэнка павіс на маёй руцэ, хоць мне нельга падымаць больш за пяць кілаграм. Парвалі маю кашулю, папружку ад гадзініка… Увесь гэты час людзі праходзілі міма, ніхто не спыніўся. Але адбывалася ўсё пад аглядам відэакамер, таму ў метро павінны быць запісы. Я наважыў, што лепш прайсці ў пакой міліцыі, як яны патрабавалі, таму што фізічна быў не ў стане супрацьстаяць ім. У дзяжурнай службе «102» мой выклік прынялі, абяцалі адправіць нарад».
У пакоі міліцыі Леанід, з яго слоў, прабыў блізу паўтары гадзіны. Увесь гэты час ён быў галодны - у шпіталі ён рабіў УГД, якое праводзяць нашча. Пасля аперацыі ў яго спецыяльная дыета, прымаць ежу трэба ў строга адведзены час.
«Я ж вяртаўся дадому, дзе жонка мне ўсё прыгатавала, - кажа ён. - Я і падумаць не мог, што мяне будуць трымаць у душным памяшканні, дзе не прадыхнуць».
Увесь гэты час Леанід спрабаваў высветліць, з якой прычыне яго затрымалі і чаму не прыязджае нарад міліцыі.
«Туды-сюды хадзілі міліцыянты, ніхто не прадстаўляўся і не адказваў на мае пытанні, - распавядае ён. - Потым мне патэлефанавалі з працы, каб даведацца, калі я буду на месцы. Я сказаў, што мяне затрымалі, папрасіў дапамагчы, таму што баяўся, што на мяне складуць пратакол, што я быў п'яны і аказваў супраціў. Прыехалі два маіх начальнікі. Калі яны зайшлі ў пакой міліцыі, ім сказалі, што мяне тут ніхто не трымае, што я сам не хачу выходзіць, уяўляеце? Толькі пасля гэтага мяне адпусцілі».
Леанід просіць не ўказваць, дзе менавіта ён працуе. Адзначым толькі, што ў дзяржаўнай арганізацыі, якая мае дачыненне да праваахоўнай сістэмы.
Увечары да яго дадому прыйшоў супрацоўнік міліцыі, каб узяць тлумачэнні.
«Я сказаў, што хачу, каб у мяне прынялі заяву аб тым, што маёр Сергіюк і яго калегі беспадстаўна мяне затрымалі, ужылі сілу і пашкодзілі мае рэчы, - кажа Леанід. - Я хацеў перадаць ім падраную кашулю, каб яны разабраліся ў сітуацыі. Але міліцыянт, які да мяне прыйшоў, адмовіўся прыняць і заяву, і кашулю»
Праз некаторы час пасля інцыдэнту супрацоўнікі міліцыі тэлефанавалі Леаніду і патрабавалі з'явіцца, каб даць тлумачэнні.
«Але я ўвесь гэты час быў на лячэнні, не ў Менску, - тлумачыць ён. – 28 верасня мне прыйшло паведамленне з міліцыі, што матэрыялы праверкі майго звароту ў «102» накіраваныя ў Следчы камітэт. А ў пачатку верасня прыйшоў адказ з СК: у распачынанні крымінальнай справы адмовіць, у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі няма складу злачынства. З матэрыяламі праверкі, дарэчы, мяне адмовіліся азнаёміць».


«У мяне няма на гэта здароўя. Я ўсё яшчэ праходжу рэабілітацыйны перыяд, - кажа ён. - Паводле досведу знаёмых і родных, у якіх была анкалогія, я ведаю, як праходзіць жыццё пасля аперацыі. Складана. Гэты Сергіюк, можа быць, адабраў у мяне палову таго, што мне засталося. Я вельмі перажываў, дагэтуль успамінаць непрыемна. Я так і не зразумеў - за што да мяне такое стаўленне? Каму я зрабіў дрэнна? Я быў цвярозы, прыстойна апрануты, проста ішоў у метро. Адмовіліся распачаць крымінальную справу… Але яны ж нават не папрасілі прабачэння. Ніхто! Ні Сергіюк, ні ягонае начальства».
Маёр Сергіюк адмаўляецца адказваць на пытанні
Пасля сустрэчы з Леанідам я адправілася на станцыю метро «Плошча Леніна». Маёр Юрый Сергіюк па-ранейшаму тут працуе, але на месцы яго не было. «Можа, выйшаў куды, - кажа дзяжурная па станцыі. - На абед ці яшчэ куды».
Праз некаторы час на станцыі з'яўляецца яго калега, ён тэлефануе Сергіюку на мабільны: «Юра, да цябе тут журналіст, падыдзі».
Аднак сустрэцца маёр Сергіюк адмаўляецца. У размове праз тэлефон кажа, што яму «няма чаго сказаць аб гэтай сітуацыі». «Няхай каментуе маё начальства», - адказвае ён мне.
Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі ад каментароў праз тэлефон і пры сустрэчы таксама адмаўляецца. Мы накіравалі ў ГУУС пісьмовы запыт, каб даведацца, што ўсё ж такі думае кіраўніцтва менскай міліцыі аб канфліктнай сітуацыі ў метро. Да гэтай гісторыі мы вернемся, як толькі атрымаем адказ.

Каментары