Незабыўная Італія вачыма беларуса: Балонья, Фларэнцыя, Верона, Чэнта… ФОТА, ВІДЭА
Беларусь — гэта бацькі, якіх паважаеш і любіш. Але ў жыцці здараецца каханне, і ты проста губляеш розум, ідэалізуеш аб’ект захаплення. Пачуцце цябе апаноўвае, засцілае вочы туманам шчасця. У мяне — гэта Італія, вытанчаная прыгажуня, яна зачароўвае колерам, атмасферай, густам і прагай салодкага жыцця. Яе хочацца любіць, пісаць вершы і марыць. Вядома, калі б з ёй ажаніўся (застаўся там жыць), пасля першай шлюбнай ночы пабачыў яе без касметыкі (штодзённымі праблемамі звычайнага жыцця), я б засумаваў і можа нават здрадзіў бы ёй з кузінай Іспаніяй, але я турыст і я закаханы. Каханне ж робіць нас лепшымі: мужнымі, прыгажэйшымі, дзеля яго мы кідаем кепскія звычкі і ўрэшце змяняемся самі. Не становімся падобнымі да каханага, бо копію не любіць ніхто, а паляпшаем сябе і як вынік — сваю краіну Беларусь, дзе жывуць нашы дзеці, якія, спадзяюся, нас паважаюць і любяць.
Балонья
Колькі б загадзя не знаёміўся з месцам будучай вандроўкі, на ўласныя вочы заўсёды бачу іншае. Самыя жывыя відэанарысы ці найпрыгажэйшыя здымкі не перадаюць сутнасць месца. Гэта як слухаць музыку ў выкананні аркестра і тое самае атрымліваць у фармаце скампрэсаванага mp3. Калі ж ты на месцы, вугал гледжання, высвятляецца, іншы, а кругагляд значна шырэйшы. Ты адчуваеш подых ветра, пахі казычуць твой нос. Жорсткая спёка ці, наадварот, люты мароз нацягваюць на вочы каляровыя фільтры, нібы ў instagram — толькі тут успрыманне месца фармуецца ўсімі пяццю пачуццямі, і яно рэальнае. У Балоньі горача, стракочуць цыкады. Мы прыляцелі.
***
Аэрапорт Балоньі адметны дзвюма рэчамі — простай, але геніяльнай формулай на развітанне «kiss and fly» і суперкарам Ламбаргіні. Вымаўляць трэба менавіта так, а не з блізкім кожнаму беларусу «дж». Аўтамабіль стаіць у зале прылёту і з’яўляецца сапраўдным гонарам сталіцы Эміліі-Раманьі. Ён невялікі ў вышыню, з адмысловай пасадкай, настолькі нізкай, што вашу модную кашулю могуць нават не заўважыць, а жорсткая падвеска прымусіць пазнаёміцца з усімі хібамі трасы. Ён можа сабе дазволіць такое аскетычнае аздабленне салона, што BMW і Mercedes побач з ім пададуцца палацамі шэйха Мансура. Lamborghini ўсё дазволена, бо ён — суперкар, шырокі ў плячах, і моцы ў ім столькі, што закіпае асфальт. Стаіць бычок (на лагатыпе залатога колеру раз’юшаны бык) не дзеля рэкламы, а транслюе простую думку — тут робяць рэчы з прыстаўкаю супер.
Чаму б і нам замест таго, каб ствараць вобраз краіны-казіно, не выставіць у Мінск-2 суперкары Белазы ці прынамсі трактары Беларус? Дарэчы, і ў Балоньі, калі суперкар замяніць на трактар, гэта будзе цалкам слушна. Нават марку мяняць не прыйдзецца. Эмілія-Раманья — сельскагаспадарчы цэнтр краіны, а трактары Lamborghini, з якіх і пачыналася кампанія, у значнай ступені спрыялі развіццю рэгіёна. Суперкары ж узніклі выпадкова з-за фанабэрыстасці Энца Ферары, які не жадаў прыслухоўвацца да парад свайго сталага кліента Феруча Ламбаргіні. Заснавальнік Lamborghini цікавіўся тэхнікай і патрабаваў, каб яна была такой жа дасканалай, як і яго трактары. Выпраўляць недахопы ды ўвогуле слухаць нейкага там «трактарыста» ганарлівы сіньор Энца не жадаў, чым спарадзіў сабе канкурэнта. Словы Зорга з фільма «5 элемент»: «Калі хочаш зрабіць нешта добра, зрабі гэта сам», — былі спраўджаныя Феруча Ламбаргіні. Так узнікла легенда, галоўным колерам быў абраны жоўты — любімы колер фундатара, а сапраўды годныя рэчы — тыя, што падабаюцца аўтару.
***
Што рабіць, калі пасярод ціхага раёна, на вуліцы, дзе дзвюм машынам не размінуцца, вісіць светлафор і гарыць чырвоны? Руху няма, але ёсць цяжкія заплечнікі. Нездарма кажуць, што беларусаў у Маскве адразу відаць, бо толькі мы пераходзім вуліцу па правілах. Вольніца 90-х - калі перакрытыя дэманстрантамі праспекты ўспрымаліся натуральна - сышла ў гісторыю. Нулявыя прынеслі нам чысціню, парадак ды страх. Вось і цяпер, навокал нікога няма, але ж вісіць светлафор, значыць так трэба ці ёсць нейкі падвох. Стаім мы такія прыгожыя, быццам герой Брэда Піта ў фільме «Мексіканец», які пасярод пустыні знайшоў светлафор і ледзьве не трапіў у ДТЗ, вагаемся і ўрэшце ідзём. Мы ж беларусы — вольныя людзі і часам нават смелыя.
***
Каму цяжка ў Балоньі, дык гэта прадаўцам капелюшоў і парасонаў. Увесь горад аблытаны галерэямі-порцікамі, якія выратоўваюць у спякотны жнівень такіх валацуг, як мы. Галерэі з’явіліся дзякуючы студэнтам мясцовага ўніверсітэта, кажуць, найстражытнейшага ў свеце (1088 г.). Што цікава, сталае памяшканне ўніверсітэт атрымаў толькі ў 1565, а да гэтага часу выкладалі па кватэрах, нібы заняткі Коласаўскага ліцэя ўзору 2015 года. Не было, вядома ж, і інтэрнатаў, студэнты здымалі кватэры ці пакоі ў мясцовых жыхароў, які скарысталіся шчылінай у законах, што нерухомасць, якая «завісае» над зямлёй, не абкладаецца падаткамі. Так і ўзніклі галерэі, а былі б інтэрнаты, можа, і сусветная гісторыя склалася б іншым чынам. Мікалай Капернік заявіў, што думка пра кручэнне Зямлі паўстала ў яго ўпершыню ў 1497 годзе, калі ён вучыўся ў Балонскім універсітэце, а ўсе наступныя гады ён усяго толькі правяраў сваю здагадку. Хто ведае, можа, жыў бы ён у інтэрнаце, спаткаў бы якую-небудзь прыгажуню ды іншыя думкі апаноўвалі б яго. Шмат хто тут навучаўся, сярод іх Дантэ, Петрарка, наш славуты Францыск Скарына. Здымалі свой кут, вучылі канспекты, напэўна, гаспадыні бурчалі, што свечак шмат паляць ды ўвогуле водзяць сяброў. Жыццё ва ўсё часы аднолькавае, а моладзі ўсё роўна, што там на вуліцы: спёка ці дождж.
***
Не праца зрабіла з малпы чалавека, а амбіцыі, жаданне быць лепшым за суседа сагнала нашага прашчура з галіны дрэва на сцежку канкурэнцыі. Тым і займаемся ўвесь час. Хто хутчэй вогнішча развядзе, хто большага маманта заваліць, а ў Балоньі, хто найвышэйшую вежу пабудуе. Перамагала сям'я Азынелі, іх гонар меў 97,2 метраў вышыні, з якога яны з задаваленнем назіралі за тымі, хто прайграў, чые вежы мала таго што ніжэйшыя, да таго ж яшчэ і пахіснуліся. Цяпер засталося 20 вежаў, на Азэліні можна ўзняцца, а ў Прындэпарце — нават пажыць. Уся шасцідзесяціметровая вежа — гэта гатэль з адзіным нумарам, дзе любое эга будзе цалкам суцешанае. А жаданне пабудаваць у Балоньі сабор большы за ватыканскі, што гэта, калі не ганарліваць? Быццам у большым храме і вера сапраўднейшая. Толькі вось жаданне Папы прадухіліць гэта было мацнейшым, таму і стаіць сабор святога Пятронія да гэтага часу недаабліцаваны. Кожны ведае, як цяжка раніцой уставаць на працу, а вось жаданне нешта даказаць яшчэ як бадзёрыць і вымушае рухацца наперад.
***
У мяне ёсць такая забаўка — глядзець мясцовую тэлевізію. Нават калі нічога не разумею, мне тое цікава, быццам праз мову лаўлю туташні рытм. Ток-шоў, навіны, кіно ці футбол — не істотна, гляджу быццам оперу, дзе мова, дарэчы, таксама італьянская. «Карцінка», што тут, што у Іспаніі ці Грэцыі адна і тая ж. Іншая справа — прагноз надвор’я, у Італіі ён асаблівы — пра тэмпературу і магчымыя дажджы распавядае не мясцовая прыгажуня, а чалавек у вайсковым строі. Я першы раз, калі пабачыў, вырашыў, што ў краіне адбыўся пераварот і вайскоўцы ўзялі пад свой кантроль усё, не выключаючы атмасферныя франты. З чым гэта звязана, я так і не даведаўся, італьянцы ж ціскаюць плячыма, быццам так было спрадвеку. Мабыць, словы вайскоўца гучаць больш упэўнена, і калі ён сказаў, што дажджу не будзе, то так таму і быць. Не хоча ж ён трапіць пад трыбунал.
***
Невыносна Нептуну ў Балоньі. Птушкі назаляюць, турысты віснуць у жаданні зрабіць сэлфі, але ўсё гэта нішто ў параўнанні з тымі пакутамі, што давялося перажыць уладару ўсіх мораў-акіянаў. Пабудаваны ў сярэднявечныя часы помнік памерамі свайго чэлеса баламуціў тагачасныя розумы мацней за «Дэкамерон». Трэба было нешта рабіць, бо жанчыны думалі не пра тое, як смачна прыгатаваць рагу па-балонску, а марамі былі на П’яца Маджора. Спачатку вырашылі начапіць на Нептуна майткі, але тое выглядала смешна. Тады прымусілі архітэктара Тамаза Лаўрэці зрабіць Нептуну «абразанне». Толькі вось майстра ўсіх падмануў. Знешне прыстойны Нептун, калі зірнуць на яго з пэўнага месца, вяртае сабе страчаны гонар.
***
«Osteria Del Sole» — мясцовая славутасць. Бар, у якім прынцыпова не прадаюць ежу, але дазваляюць прыносіць сваю, пачаў сваю працу ў 1465 годзе. За трыццаць год да адкрыцця Амерыкі, задоўга да таго, як навучацца рабіць піцу і спаляць апошнюю вядзьмарку. «Не было Галілея, ні Боба Марлея…», а «Астэрыя Дэль Соле» была. Толькі не цягніце свае гітары і бубны, граць і танчыць вам там не дазволяць, як і гуляць у шашкі ці «тысячу». Усё гэта строга забаронена, што там ваш wi-fi, кіньце! Тут размаўляюць і п’юць віно.
Адшукаць астэрыю даволі складана, доўга блукаючы паміж вуліц, мы ўрэшце знаходзім яе сярод крамаў, што гандлююць вяндлінай і сырамі — яна зачыненая. Месяц жнівень у Італіі — гэта месяц вакацый, і як жартуюць самі італьянцы, яны пакідаюць свае гарады турыстам, а самі едуць на мора. Уладальнік бара Нікалас выкарыстаў гэты час, каб прывезці ў належны стан сваю ўстанову.
Нам пашанцавала, нас запрасілі ўвайсці і нават пачаставалі віном. Пакуль мы дэгуставалі фірмовае «Дэль Соле», у залі працягваліся працы. Робяць усё акуратна без ніякага «еўрарамонту», каб не разбураць легенду. Чалавеку, які шукае шыку, там рабіць няма чаго: драўляныя сталы, і адзінае ўпрыгожванне інтэр‘еру там – шыльды ды гравюры на сценах. Але адчуванне, што сутыкаешся з жывой сапраўднай гісторыяй, робіць сваё. Адна справа, калі ты проста брындаеш па музеях, і табе ў адно вуха залятае інфармацыя пра славутых майстроў і змешваецца з масівам інфармацыі пра незразумелую табе эпоху, іншая рэч, калі ты сам п’еш віно, як некалі тры чарапахі, што па-ранейшаму цягнуць зямлю.
Ведаеце, аб чым мараць італьянскія дзеці? Не пра піцу Маргарыту колераў італьянскага сцяга, не пра любыя усім дзецям на планеце спагеці. Не, гэта яны маюць і так. Іх мары пра Макдональдс. «Вось вырасцем, — думаюць яны, — будзем есці толькі там». Мара, мабыць, не тое слова, але жаданне вялікае. Калі ж насамрэч становяцца дарослымі, густы іх ужо сфарміраваныя і прыходзіць разуменне, што луста хлеба з памідорам і аліўкавым алеем лепшая за любы гамбургер. «Не рабі з ежы культу», — кажуць некаторыя. Хіба пра высокае лепш думаецца, калі кепска паесці. Проста набіць страўнік і пры гэтым казаць, мы жывём не дзеля ежы. Непадобна на аскетызм манахаў, а выглядае хутчэй як самападман. Можа лепш прыгожа жыць і смачна есці? І гэта зусім не пытанне коштаў, бо ў аснове італьянскай кухні — майстэрства спалучаць простыя прадукты, раскрываць іх патаемны смак.
У Італіі амаль немагчыма знайсці рэстаран, дзе дрэнна гатуюць. Адзінае – варта пазбягаць турыстычных месцаў, дзе даражэй і, як кажуць, могуць падмануць. А яшчэ лепш – гуляйце ды згубіцеся сярод вузкіх вуліц, як некалі мы ў Рыме. Можа, вам пашанцуе, і вы таксама трапіце ў траторыю без шыльды і меню, дзе шэф-кухар гатуе выключна па натхненні. Ён спытае, які ў вас сёння настрой, і будзе вам мора, будуць вам горы. Ды і, дарэчы, марце аб нечым высокім, бо бургеры даступныя ў макдаках, а піцы ў Італіі. Вось вам паліто.
***
Балонья чырвоная, сытная. Цікава назіраць, з якім імпэтам італьянцы абмяркоўваюць рэгіянальная асаблівасці прыгатавання якой-небудзь стравы. Столькі слоў захаплення прадуктам не пачуеш нават ад прыхільнікаў кампаніі Apple, калі ім прэзентуюць новы дэвайс. Італьянцы будуць нахвальваць свой рэгіянальны хлеб, рызота, піцу і што сапраўдны смак гэтай стравы зведаеш выключна ў іх вёсцы і нідзе больш. Толькі вось ніхто не можа аспрэчыць статус Балоньі як кулінарнай Мекі, бо пармезан, прашута, рагу баланьезэ, лазанья і разнастайныя каўбасы кшталту салямі і мартадэлы паходзяць адсюль. Таму Балонья сытная і смачная. А чырвоная, бо навокал усё чырвонае: чарапічныя дахі, драпіроўка, цагляныя сцены і, у дадатак, тут самы вялікі ў краіне камуністычны электарат. Кулінарная сталіца Італіі, дзе пралетарыі ўсіх краін аб’ядналіся ў сваёй любові да Ламбаргіні.
***
Начное кіно. Увесь ліпень і жнівень на П’яца Маджорэ паказваюць італьянскую кінакласіку. Сеансы адбываюцца ноччу, сіньёры ўжо паспелі павячэраць, вымыць посуд і замест начнога шпацыру ідуць глядзець кіно. Для сталага пакалення гэта самы зручны час, бо хутка вернецца неспакойнае студэнцтва і горад ізноў атрымае порцыю адрэналіну маладосці з яго дыскатэкамі, матацыкламі, бясконцым вяселлем. Для нас гэта магчымасць спыніцца і крыху адпачыць, бо за дзень столькі ўбачана, з’едзена, выпіта, што хочацца проста перавесці дух. Сёння паказваюць фільм 63-га года «Таварышы» пра цяжкую долю простых італьянцаў. Гэта нават карысна для нас, турыстаў, бо сёй-той палічыць, што ўвесь той дабрабыт, усе гэтыя мартыні ды фіяты зваліліся італьянцам з нябёсаў. У аснове фільма цяжкая праца турынскіх рабочых і галоўнае — іх барацьба за правы і годнасць, але без разумення дыялогаў кіно робіцца плоскім, і хутка стамляешся. Ужо відавочная асноўная думка і чым усё скончыцца, толькі невядома як сысці. Нас выратоўвае тое, што пасярэдзіне фільма рвецца стужка, і гэта дае нам шанец нясорамна пакінуць плошчу.
Фларэнцыя
Фларэнцыя сустракае крыніцай вады для паліву газона. Яна стрыкае, верціцца, запырсквае ўсё навокал. Мы, стомленыя балонскай спёкай, з асалодай сунемся пад кроплі, чакаем новага вітка. Наш гатэль побач з Домам правасуддзя — справядлівасць ёсць.
***
Калі прыляцелі ў Балонью, разанула, што ў аўтобусе мужчыны не саступілі месца жанчынам. Не проста сядзелі, а яшчэ паклалі чамаданы на вольныя месцы. Ужо потым мы ўпэўніліся, што па першых уражаннях нельга рабіць высновы, бо італьянцы ў большасці сваёй ветлівыя і галантныя, а тое была недарэчнасць — з кім не бывае. У Фларэнцыі мы сталі сведкамі іншай карціны. У грамадскі аўтобус увайшоў пажылы мужчына, які на ўсе прапановы прысесці катэгарычна адмаўляўся. Бачыць тое было цяжка — сядзець пры ім немагчыма: дзядулю хістала, ён амаль што валіўся з ног, але сядаць не жадаў. Так і даехаў да свайго прыпынку, дзе выйшаў сапраўдным пераможцам: ён яшчэ шмат чаго варты, ды наогул ніякі ён не стары.
***
Не шукайце гэта месца ў трыпадвайзерах ці на старонках «Адзінокай планеты». Пра яго вам не распавядзе ніводны гід, нават парцье не дапаможа, колькі грошай яму ні давай. Але яно таго вартае, нібы адмыслова створанае для рамантычнай вячэры, гэты момант стане незабыўным успамінам для расповеду будучым унукам. Там няма назвы, афіцыянтаў і нават кухні з шэф-кухарам, а на вячэру будзе тое, што прынесяце з сабой. Гэта месца — ферма моста Святой Тройцы, што насупраць Понтэ Век’ё. Дастаткова спаўзці ці прыгнуць на прыступку памерам у некалькі квадратных метраў –і вы часовы ўладальнік унікальнага месца. Віно, хлеб, сыр і эксклюзіўныя сонца захады — выключна вашы, як і зайздрасць усяго наваколля, не дасягальная ніякімі мішленаўскімі зоркамі найлепшых ф’ярэнтыйскіх траторый. Галоўнае – не зваліцеся ў Арно, бо там плаваюць метровыя нутрыі. І не кажыце пра гэтае месца нікому, хай гэта застанецца паміж намі.
***
Капэла валхвоў — знакамітая фрэска Беноца Гоцалі на сюжэт прыбыцця валхвоў у Віфлеем. У вобразе валхвоў выступілі члены сям'і Медычы, узначальвае працэсію сам Ларэнца Цудоўны. Думка, што гісторыю робяць людзі, як нідзе моцна адчувацца ў Фларэнцыі. Амаль тысячагоддзе Еўропа знаходзілася ў стане 35-гадовага бэйбуса, які моцна пагуляў у маладосці (антычны перыяд), а потым нарасціў бруха, і адзінае, што рабіў — гэта разбіраўся ў сваім унутраным свеце (інквізіцыя ў барацьбе за чысціню, вогнішчы з кніг і нязгодных і г.д.). Дазмагаліся да таго, што не ведалі як будаваць, бо недзе згубіўся рэцэпт цэменту. На антычнае глядзелі як на недасягальную вяршыню творчасці, быццам тое зрабілі не людзі, а іншапланецяне. Але крызіс сярэдняга ўзросту ўсё змяніў, імя яму было Медычы. Бізнэсоўцы, палітыкі, рымскія папы, але галоўнае – мецэнаты, яны падтрымалі людзей мастацтва і навукі, чым спарадзілі абуджэнне Еўропы. Брунэлескі, Рафаэль, Батычэлі, да Вінчы, Мікеланджэла, Галілей — вось некаторыя імёны тых, што атрымалі дапамогу Ларэнца Цудоўнага і яго сям’і. Можна спрачацца, рабілі яны тое дзеля ўласнага піяру ці была нейкая іншая выгода, галоўнае ж вынік. Тое, што праз фразу Галілея «і ўсё ж такі яна круціцца», да гагарынскай «Паехалі», чалавецтва крочыла ў космас, ёсць у гэтым частка заслугі сям’і Медычы. Багатыя людзі вольныя як заўгодна распараджацца сваімі капіталамі, але ў гэтым і праяўляецца сапраўдны маштаб фігуры. Пампаваць нафту і гуляцца ў Чэлсі ці, як Юрый Мільнер, фінансаваць тэлескопы ў пошуках новых форм жыцця — у кожнага свой выбар. Пакуль адныя глядзяць у будучыню, другіх чакае сум забыцця.
***
Ля ўваходу ў адну з галоўных сусветных скарбніц мастацтва — Галерэю Уфіцы, Саша чытае «Казкі пра дарослых» ад Адама Глобуса, пісьменніка і мастака.
***
— Я на ўласныя вочы бачыў, як подых Зефіра прыносіць Вясну.
— І што? Мяне не цікавіць палітыка.
— Я адчуў пах пяціста розных кветак, пакуль Хларыда ператваралася ў Флору.
— І што? Рубель стаў нішто.
— У дрыжыкі кідае ад таго, як намаляваў Леанарда да Вінчы ваду.
— І што? Дажджу не было, суседзі павесілі на калодзеж замок.
— Ды там сіенцы паказалі фларэнтыйскім, што існуе перспектыва!
— І што? Мая перспектыва — увосені збожжа.
— Ты ведаеш, што лагатып Нокіа — гэта дотык Мікеланджэла?
— Дзякуй, што нагадаў. У цябе МТС? Дай пазваніць.
Так, «Стварэнне Адама» Мікеланджэла знаходзіцца ў Ватыкане, у Галерэі Уфіцы ёсць толькі адна праца майстра — «Мадонна Доні». Але няхай «Адам» крыху павісіць і ў фларэнтыйскім музеі, вам не прынцыпова, а мне тое патрэбна для дыялогу. Сам Мікеланджэла лёгка абыходзіўся з фактамі: у Давіда занадта вялікая рука, а на скульптурах Медычы больш прыгожыя, чым былі пры жыцці. У мяне ж была задумка паказаць сучаснае ўспрыманне мастацтва. Прастаяць шматгадзінную чаргу, каб потым зрабіць сэлфі з Венерай — вось місія значнай часткі наведнікаў музеяў. Яны не бяруць аўдыёгіды, не чытаюць тлумачальныя запісы, а фатаграфуюць іх, быццам пацікавяцца потым. «Я тут быў» — запісам у сацыяльную сетку з тэгам на геалакацыю. Бегчы, бегчы, бегчы, замест таго, каб спыніцца і паглядзець. Што ж рабіць, калі вас не цікавіць мастацтва, але вы тут апынуліся, бо жонка хацела пабачыць «Вясну»? Не сумуйце, проста звярніце ўвагу на музейных наглядчыкаў, год за годам вымушаных глядзець на адныя і тыя ж рубенсы ды рафаэлі. Калі і ёсць нехта сумны ў зале Батычэлі, дык гэта чалавек з бэйджыкам на кашулі. Бачыце, не ўсё так кепска ў вас, бо ў адрозненне ад наглядчыкаў, вы можаце ў любы момант сысці на вуліцу, дзе робяць самы смачны ў свеце гарачы шакалад.
***
Суровыя рынкавыя законы вымушаюць вулічных гандляроў быць спрытнымі і адпаведнымі моманту. Хвіліну таму прапаноўвалі палкі для сэлфі, закапаў дождж і палка ператвараецца… ператвараецца ў парасон.
***
«Т-с-с-с-с! Цішыня!» — аўтаінфарматар голасам настаўніцы патрабуе парадку ў Санта Марыя дэі Ф’ёрэ. Мабыць, калі б пачуў камандны роў вайскоўца, рэакцыя была б іншай. А тут спакойныя, але ўпэўненыя ноткі «Марыі Іванаўны» абуджаюць забытыя моманты пачатковай школы. Супакойвае імгненна — і вось я ізноў васьмігадовы, моўчкі гляджу на незвычайны італьянскі гадзіннік.
***
Вымярэнне часу — рэч увогуле бессэнсоўная. Зразумела, патрэбен будзільнік, каб не спазніцца на працу, дзе наканавана працаваць у рэжыме таймера на 8 гадзін плюс абед. Зімой мы марым пра спёку, летам пра мароз. А ўвогуле ўсё жыццё гартаем каляндар, дзе пазначаны ўвесь наш кірунак: сад (3 гады) — школа (6) — войска ці ВНУ (18) — праца (18+) — пенсія (60 ці 65). Толькі пытанне, як скарысталіся часам, чаму колькасцю вымяралі якасць, што ўвогуле застанецца пасля? Скульптар Ларэнца Гібэрдзі 50 год са сваіх 77 рабіў адну працу — паўночныя і ўсходнія дзверы баптыстэрыя Санта Марыя дэі Ф’ёрэ. Мікеладжэла заўважыў: «Яны такія прыгожыя, што падышлі б для дзвярэй раю». Праца жыцця, адзіная, на ўсе часы.
***
І на радзіме сярод сваіх не з усімі паразумеешся, а што казаць пра чужыну: іншы менталітэт, звычкі, традыцыі. Людзі, калі падаюцца ў эміграцыю, ахвяруюць сённяшнім днём дзеля будучыні сваіх дзяцей, самі ж жывуць, як давядзецца. Пры гэтым ад змены краіны ніхто не мяняецца: песіміст не становіцца аптымістам нават пад пяшчотным сонцам Італіі.
— Вы, можа, ведаеце, дзе тут побач добра паесці? — пытаемся ў рускамоўнай жанчыны, з якой сутыкнуліся ў краме. — Ды нідзе, наогул, нідзе добра не гатуюць, — выносіць вердыкт. Цяжка ёй жывецца, і нічога з гэтым не зробіш, хіба што пашкадуеш, бо ўласна мы зведалі Фларэнцыю цікавай і смачнай. Можа таму, што «гэта — усяготкі выспа, а свята трэба прывозіць з сабой».
***
— Шэф, усё прапала! Наш найлепшы агент рассакрэчаны італьянцамі!
— Што? Вы ж яго некалькі год рыхтавалі: найлепшая фанетыка, граматыка, знаўца культуры і розных там футбалістаў Ювентусу!
— Усё так. Ён быў найлепшым.
— Што ж такое?
— Банальная кава, дакладней капучына, мой генерал. Ён замовіў яе пасля абеду.
Паўднёвыя еўрапейцы, як і іх суродзічы з Лацінскай Амерыкі, не ўяўляюць сябе без філіжаначкі кавы зранку, глытка ў дзень і абавязковага паўтору ўвечары. Без хлеба яны пражывуць, без алкаголю стрываюць, без кавы — ні дню. Як апісваў Маркес беднасць сям’і ў «Палкоўніку ніхто не піша»? Менавіта праз адсутнасць пражанага зерня. Гэта мы, паўночныя таварышы, калі п’ём раніцай каву, невядома, робім тое з жадання прачнуцца ці каб проста аб кубак рукі сагрэць. Хасэ, Марыі, Антоніо ды Альфонсы з Джульетамі знаходзяць у каве магчымасць сустрэцца ды абмеркаваць хто палітыку, хто незабіты пенальці, а хто проста новую спадніцу, што заўважылі на Ізольдзе, калі тая здраджвала мужу з Радрыга. Некалі ў Мадрыдзе, я бачыў простых рабочых, што ў 4 гадзіны раніцы пілі каву ў бары. Ля грэцкага Афона я ішоў фатаграфаваць світанак, а незнаёмы мне рыбак сталага ўзросту выходзіў у мора. Праз некалькі гадзін яго я сустрэў у кавярні, дзе стары пад эспрэса нешта тлумачыў сябрам. Якія там крызісы? Кавярні і кава будуць апошнім, чым ахвяруюць гэтыя людзі. Калі з віном французы ды іспанцы неяк могуць канкураваць з італьянцамі, у справах кавы — роўных жыхарам Апенінаў няма. Кава з яскрава насычаным смакам, атрымліваецца моцнай і выразнай настолькі, што часам, здаецца, сэрца з душою вырвуцца і самастойна пойдуць у скокі. Каву тут любяць і ведаюць, дзе і як яе піць. З агентам ж усё было проста — капучына, макіята ды іншыя віды кавы з малаком італьянцы п’юць выключна зранку.
***
Апошняе лета выдалася даволі спякотным, фларэнтыйская рэчка Арно значна абмялела, і бачна, як лодачнікі датыкаюцца дна, каб, адштурхнуўшыся, плыць. Гэта безумоўна не Венецыя, але турысты і тут не супраць пракаціцца на лодцы. Тым часам дзве шэрыя качкі і бялюткая чапелька жывуць сваім жыццём. Яны ціха слізгацяць ля беражку побач з Понтэ Век’ё, ім няма ніякай справы да разявак з усіх канцоў свету. Птушкі чысцяць пёры, і адзіная іх турбота — аграмадная нутрыя, якая раз-пораз спрабуе да іх дабрацца, але птушкі смела шыкаюць і даюць бой. Паўметровы баязлівец панура цягне прэч свой доўгі хвост і адплывае бервяном у ноч.
***
«Всё таки город грязноватый», — з адмысловым расейскім «ря» мы чуем ад маладой дзяўчыны. Разань? Ці можа яна, як і мы, з самага чыстага горада ў свеце? Хочацца думаць, што тое будзе не адзіным яе ўражаннем ад Фларэнцыі. Цікава, што мае белыя кеды так і засталіся белымі, як і тое, што італьянцы ходзяць па доме неразутыя. Саша кажа, што гэта праз тое, што мала дрэваў на вуліцах і, як вынік, не пыльна. Адно ведаю, мае дарагія разанцы, «если вы все еще кипятите, тогда мы идем к вам!»
***
Цікавяць людзі. Безумоўна, ёсць прыгожыя нерукатворныя краявіды, і, як вядома, на небе толькі і размоваў, што пра мора. Толькі ж на зямлі ўсё для ці пра людзей. Гісторыя, культура, нават навука з яе тэорыямі адноснасці — усе гэта нішто іншае як спроба зразумець, знайсці чалавека. Без нас гэта былі б проста камяні ды Н2О. Мы зусім не ідэальныя і можам нават знішчыць усю гэтую прыгажосць, але менавіта мы надаём усяму гэтаму сэнс. Што такое Фларэнцыя, калі не людзі Адраджэння, як і закінутая вёска на Міншчыне, калі б не была радзімай маіх дзядоў, — проста каардынаты на мапе, але за імі стаіць гісторыя, лёсы. Чэнта — гэта Света. Таня і Света — нашы сяброўкі, што звязалі сябе з Італіяй. Палюбілі, сталі яе часткай, навучыліся рабіць пасту і настойваць пэста, але ж раз-пораз вараць халаднік, які італьянцы называюць супам колеру фуксіі. Смажаць і родныя дранікі, дзеля чаго набываюць адмысловую горную бульбу, бо іншая не падыходзіць. Усім гэтым дапаўняюць жыццё, пішуць сваю італьянскую старонку. Фларэнцыя — гэта супрацоўнікі цудоўнага гатэля «Diva», якія не ўзялі з нас грошы за тое, што мы з’ехалі раней. Фларэнцыя — гэта і жанчына, якая намагалася «развесці» нас, упарта прадаючы нам дарагія квіткі на цягнік, але мы ведалі з сайту мясцовай чыгункі, што ёсць танныя, і былі настырнымі. Усё гэта людзі, адзін на аднаго не падобныя, мабыць дзеля таго, каб на карціне былі розныя колеры.
***
Ф’ярэнцінай клічуць мясцовую футбольную каманду і знакаміты фларэнційскі стэйк. Падаецца ён памерам не менш за кіло з Т-падобнай косткай. У меню можна сустрэць порцыі ў 500 г, але мяса там зусім іншае. Кавалак смажаць па 3-6 хвіліны з кожнага боку, у выніку чаго стэйк атрымліваецца звонку — падрумянены, нават абгарэлы, але ўнутры застаецца далікатным, ружовага колеру. Ніякай солі ды перца, ужо потым, у талерцы, мяса можна апырснуць аліўкавым алеем. Увогуле, адсутнасць солі ці яе малая колькасць — адметнасць фларынтыйскай кухні, бо з-за высокіх падаткаў не кожны мог сабе яе дазволіць. Але ж вернемся да нашых кароў. Стэйк гатуюць з рэдкага віду ялавічыны — к’яніны, прызнанай гурманамі адной з лепшых у свеце. Парода, вядомая яшчэ з 4 стагоддзя да н.э., гадуецца выключна ў тасканскай даліне К’ян, можа дасягаць 2 метраў ў вышыню і мець вагу большую за 1700 кг. Бялюткія, нібы фарфоравай афарбоўкі каровы раней выкарыстоўваліся для прац у полі, зараз жа ўсё накіравана, каб задаволіць аматараў стэйка. Акрамя Фларэнцыі вы нідзе больш такога не пакаштуеце, бо за межы Тасканы нічога не ідзе. Таму, калі вам пашанцуе трапіць у Фларэнцыю, ахвяруйце частку вашага бюджэту на бутэлечку К’янці і замоўце добры стэйк (ад 40 еўра за кг) — не пашкадуеце, яно таго вартае. Калі ж вы абаронца белых кароў ды ўвогуле мяса не ясце… Ведаеце, Гітлер быў вегетарыянцам, і паглядзіце, да чаго яно давяло.
***
Мы не ведаем, чым адгукнецца нашае слова, пагатоў у іншай краіне ды калі размаўляеш на незразумелай тубыльцам мове.
— Глядзі, якія «фігі» нясуць гэтыя хлопцы.
А тыя ажно кіснуць ад смеху. Маглі б раззлавацца, і бойкі не мінуць, а яны проста рагочуць. Як потым растлумачыла Света, «фіга» па-італьянску — жаргонная назва жаночых полавых органаў. Такі вось, спадарства, італьянскі «інжыр». Вучыце мову. А, Бі, Чы…
***
Як бы вы растлумачылі іншаземцу, які зусім не ведае замежных моў, хто такі Кастусь Каліноўскі? Відавочна праз словы, зразумелыя ўсюды, напрыклад, што ён быў рэвалюцыянерам.
— Хто такі Джузэпэ ГарыбаРдзі? — спыталіся мы ў афіцыянткі, што працуе ў аднайменным рэстаране.
Яна падумала і мовіла:
— Гладыятар, які аб’яднаў Італію.
— Чаму ж праз «р», мы ж ведаем такога героя як ГарыбаЛьдзі?
— Гэта тасканскі варыянт правапісу, — растлумачыла дзяўчына і пабегла, бо такіх цікаўных як мы была поўная зала. Гладыятар, дык гладыятар, шкада толькі, што ў яго сучасніка і калегі рэвалюцыянера Яські, гаспадара з-пад Вільні, не атрымалася рэалізаваць задуманае.
***
Пінокіё — хлапец тасканскі. Менавіта тут Карла Калодзі прыдумаў гісторыю пра драўлянага чалавечка, якая потым была перакладзена на 300 моў. Блізкі нам з дзяцінства Бураціна, нават такі геніяльны з Беларусьфільма — есць нішто іншае як адаптацыя, калі заўгодна, імпартазамяшчэнне. Кажучы мовай сучасных рэалій — Пінокіё быў затрыманы на мяжы і чакаў яго лёс санкцыйнай ежы. Далей па краіне паехаў Бураціна, як вы напэўна здагадаліся, на Fiat (закрэслена) Жыгулях. Імпартазамяшчэнне — слізкае слова з вуснаў палітыкаў урэшце вартае самога грамадства, што з захапленнем унтэрафіцэрскай удавы ліха сябе высякае. Арыгінал не патрэбен, ён для эліты, якая нават падчас блакады будзе есці эклеры. Лямант нязгодных, што паленне ежы — бесчалавечнае, і не замяшчаць, а ствараць трэба ўласны ўнікальны прадукт, тоне ў гвалце. Цікава, што ў «Прыгодах Бураціна» малады гарэза так і застаўся драўляным у адрозненне ад Пінокіё, які праз маральныя ды фізічныя высілкі стаў чалавекам. Імпартазамяшчэнне не прадугледжвае чалавечнасці? Пытанне без адказу, казка на ўсе часы.
***
Час развітання. На прыпынку аўтобуса нас вітае незнаёмец і ветліва ўсміхаецца. У гэты момант хочацца застацца тут назаўжды. Падзяляць з гэтымі людзьмі спёку жніўня, вільгаць зімы, пад пеннае белае есці кветкі цукіні, не чакаючы, калі яны стануць памерамі падобнымі на гарбузы, атрымліваць асалоду ад Сярэднявечча, якое, як высветлілася бывае лёгкім, светлым. Вось ён, сіндром Стэндаля. Француз пад уражаннем ад Фларэнцыі некалькі тыдняў не мог размаўляць. У мяне словы ёсць, галоўнае з іх «чао». Застацца. У анкеце прычынай эміграцыі пазначыць, што ў Беларусі не вітаюцца суседзі, што бацькі ў дзіцячым садку сустракаюць дзяцей з выглядам, што жыццё гэта боль і нават прадаўцы модных буцікоў адным сваім існаваннем кажуць, што ты ўжо нешта ім вінен. Я ведаю, што мы, беларусы, знешне варожыя і няветлівыя, а калі трапіць ў «блізкае кола» — няма лепшых людзей за нас. Гэта як брыдкія пад’езды дамоў з прыгожымі кватэрамі ўнутры. Усё гэта ведаю, але усё роўна хочацца застацца, да таго ж ранішнія аўтобусы ў горадзе Дантэ ходзяць са спазненнем. Увесь час да гэтага былі пунктуальныя, а сёння фанабэрацца, і нават валідатары не працуюць. Кіроўца паціскае плячыма і на поўным сур'ёзе прапануе нам самім напісаць на квітку час і нумар аўтобуса. Потым кажа, што «туто бэнэ», і можам ехаць так. Мы спяшаемся на цягнік на Балонью, дзе нас чакаюць Света і Таня.
Верона
Знакамітай Верону зрабіў англічанін Шэкспір, амерыканец беларускага паходжання Ды Капрыё актуалізаваў яе для сучаснікаў. Усё гэта дзякуючы самай сумнай аповесці на свеце — той, што «аб Рамэо і Джульеце». Не цудоўная каларыстыка горада, не старэйшая за рымскі Калізей Арэна, а менавіта гэтая прыдуманая гісторыя вабіць турыстаў. Вам пакажуць дом, дзе нібыта жыла Капулеці, балкон пад якім быццам сумаваў яе Мантэкі, усе разумеюць, што гэта казка, але гуляюць у гэтую гульню.
Робім гэта і мы, як некалі кідалі манеткі ў фантан Трэві ў спадзяванні вярнуцца ў Рым, быццам з вады зараз выйдзе Нептун са словамі «вось вам квіткі на самалёт, аплачаны гатэль з уключаным шчасцем». Разумелі, але манеткі ляцелі ў ваду, бо, мабыць, без казкі ў жыцці немагчыма. Так і тут не верым, але пагаджаемся, што гэта той самы дом Джульеты і, абняўшы яе статую, жадаем, каб мары спраўдзіліся.
Серэга Аліг’еры
У кіламетрах 20 ад Вероны наведваем знакамітыя вінаграднікі сям’і Дантэ Аліг’еры. Аўтар «Камедыі» быў не толькі геніяльным паэтам, але і актыўным грамадзянінам, не баяўся пайсці супраць абсалютнай большасці, адстойваючы сваю пазіцыю. Быў выгнаны з Фларэнцыі і больш ніколі туды не вярнуўся. Калі ён ж памёр, «удзячныя» землякі запатрабавалі, каб яго пахавалі ў Фларэнцыі, толькі вось жыхары Равены, дзе Дантэ знайшоў апошні прытулак, адмовілі. «Не цанілі, калі быў жывы, чаго ж вы цяпер лямантуеце?» Ужо потым да назвы «Камедыя» дададуць слова «боская», а твор стане самай вялікай крыніцай для вывучэння жыцця Сярэднявечча і асновай для сучаснай італьянскай мовы. А пры жыцці цкавалі, гналі прэч. Першыя гады выгнання паэт правёў у Вероне, дзе ўрэшце і застаўся яго сын П’ятра, фундатар вінакурні. Праз дваццаць адно пакаленне яна па-ранейшаму належыць сям’і, і, як на мой погляд, паэзію нашчадкі не кінулі, проста ствараюць яе праз віно. Гармонія сонца, зямлі і вінаграду разліваецца харэямі і ямбамі па бакалах. Спалучэнне некалькі разоў ферментаванага віна з падсушаным вінаградам, водар чарэшні, дуба немагчыма апісаць словамі, гэта трэба пакаштаваць. Гэтаксама як і хараство краявідаў, дзе на фоне гор з кіпарысамі вінаградная лаза казыча неба.
Чэнта
Пасля вандровак па залітых промнямі сонца палях, дэгустацыі віна ад сям’і самога Дантэ Аліг’еры, прыемная стома гасіцца кроплямі душа, што сагрэліся праз сонечныя батарэі дома Рыкарда і Светы. Гармонія — яна такая.
***
Некалі ў Мінску вісела рэклама рэстарацыі са слоганам «Смачна, як у мамы». Адной фразай ствараўся вобраз сям'і, дома, дзе заўсёды табе рады, дзе мама накорміць смачней за ўсе рэстараны. У Італіі прынята пазначаць, што іх бізнес сямейны, як адзнака таго, што якасці надаецца асаблівая ўвага, бо тое гонар сям’і. Сям'я ж у Італіі — аснова ўсяго. Бізнес, палітыка, спорт ды ўсе мафіі ёсць праявы сям’і. Быць яе часткай — гэта ўтульна: сям’я заўсёды цябе абароніць, будзе намагацца быць справядлівай да кожнага сына, дачкі. Італьянцы не спяшаюцца сыходзіць з дому, вялікі працэнт жыве з бацькамі амаль да 40 год. Нават калі заводзяць свае сем’і, застаюцца жыць у адным доме з бацькамі проста на розных паверхах. Рэальная вертыкальная структура, але справядлівая. Калі сталася так, што Света з мужам Рыкарда і двума дзеткамі займалі меншую плошчу, чым сястра мужа з дзіцём, бацькі вырашылі памяняць іх паверхамі, каб даць прасторы тым, каго больш. Увогуле наконт прыняцця рашэнняў у сем’ях, як мне казалі самі італьянцы: «У нас у сям'і галоўны тата, а хто тата, вырашае мама». Так ці не — гэта іх «cosa nostra», мая справа — проста пра тое вам напісаць.
***
Чэнта моцна пацярпеў ад двух землятрусаў. Амаль стагоддзе ўсё было ціха, а потым зямля ажыла. Першы раз здарылася ноччу і кажуць, што не паспелі нават спужацца, другі раз адбылося ўдзень і тое было жудасна. Дзеці ледзь паспелі выбегчы са школы, як там падала столь, офіс Рыкарда быў зруйнаваны. Да гэтага часу многія будынкі стаяць часткова пашкоджаныя, сярэднявечныя дэкоры як знялі з муроў, так яны і ляжаць на зямлі. У дзяржавы не хапае сродкаў на рэстаўрацыю, таму робяць павольна. Галоўнае, што не было шматлікіх ахвяр. Пасля другога землятрусу людзі некалькі дзён начавалі ў намётах, а потым за кошт мясцовай улады месяц адпачывалі на моры. Цяжкасці збліжаюць людзей, адрываюць ад розных там інтэрнэтаў, нагадваюць пра сапраўднае, вартае. Дзеці згадваюць той час з захапленнем, як вялікую вандроўку з бацькамі, дарослыя разумеюць усе рызыкі і каштоўнасць кожнай хвіліны.
***
Дачка Светы і Рыкарда — Маша, дзяўчынка ветлівая і ёй хочацца размаўляць. Падлеткам, незалежна ад таго, дзе яны жывуць, не стае ўвагі, і больш за ўсё яны хочуць быць пачутымі. Маша разважае пра будучую прафесію і ў якой краіне яна хацела б жыць і працаваць. Пра магчымыя мінусы і плюсы ёй распавёў Рыкарда і адчуваецца, што яго меркаванне аўтарытэтнае для дачкі. Света сумуе, што да яе дачка прыслухоўваецца менш, але адчуваецца, што эмацыйна і густамі дачка падобная да маці.
***
Па аўторках у Чэнта ладзяць кірмаш, дзе фермеры гандлююць прадуктамі ўласнай вытворчасці. Цэны тут даволі высокія, бо за якасць і экалагічнасць даводзіцца плаціць. Прымаўка «мы тое, што мы ямо» цалкам спраўджвае вартасць такіх пакупак, бо, напрыклад, калі гатуеш цірамісу, дзе яйкі не падвяргаюцца тэрмаапрацоўцы, пытанне якасці прынцыповае. У любым выпадку заўсёды ёсць выбар паміж таннымі «Е»-прадуктамі з супермаркетаў і прадукцыяй ад фермераў, дзе жывёла гадуецца на волі і спажывае толькі натуральны корм без розных там магічна-біялагічных дадаткаў.
***
Мафія. Пакуль усе жанчыны Савецкага саюзу церлі вочы ад слёз па цяжкай жаночай долі рабыні Ізаўры, мужчынская частка з прыдыханнем назірала за прыгодамі камісара Катані. Хто ведае, магчыма, менавіта пад уплывам серыяла «Спрут» мы і атрымалі знакамітыя бандыцкія 90-я. Стылістыка, метады і, галоўнае, прынцып, што мафія бессмяротная, сталі мадэллю паводзін для вызваленага з-пад савецкага прыгнёту грамадства. На жаль, мафія існуе не толькі на экране, яна - частка італьянскага жыцця, з якой вымушаныя ўсе лічыцца. Рыкарда распавёў пра тое, як яго кампанія набыла невялікую вытворчасць у Неапалі, і сутыкнулася з тым, што частка прадукцыі некуды пастаянна знікала. Накіравалі туды інспектара і высветлілі, што тавар проста перакідвалі праз плот. Але інспектар быў не роўня Катані, на другі дзень, знайшоўшы ў сваім нумары труну, імгненна сабраў рэчы і з’ехаў. Як вынік, кампанія махнула рукою на гэткі «рэвалюцыйны падатак» і стала лічыць тое сацыяльным укладам у мясцовае жыццё. Паўночныя італьянцы кажуць, што гэта ўсё на поўдні, а індустрыяльная поўнач - зусім іншая. Сільвіа Берлусконі нават раззлаваўся і, жартуючы, мовіў: «Калі я даведаюся, хто з’яўляецца аўтарам «Спрута», то, клянуся, я прыдушу яго». Што магло выклікаць такую рэакцыю палітыка-бізнэсоўца? Верагодна, тое, што разбураўся кінематаграфічны вобраз бестурботнай Італіі з яе танцамі пад Чэлентана і сумна-іранічным неарэалізмам. Як сапраўдны «self-made man», ён разумеў фактар іміджу і, як патрыёта, гэта яго непакоіла. Але час усё згладжвае, і праблемная для саміх італьянцаў мафія стала ўспрымацца іншаземцамі як нешта фальклорнае. Толькі вось пра хісткую мяжу паміж кіно і жыццём усё ж варта не забываць.
***
На першы погляд італьянская кухня даволі простая. Ну, што там прыгатаваць тую пасту ці, як кажам мы, «зварыць макароны». Кінуў у ваду, пачакаў — чым даўжэй, тым больш разварацца — ды еш сабе з кетчупам, ну яшчэ сыра мяккага расійскага ці пашахонскага пасып. Толькі чамусьці атрымліваецца не так смачна, і да таго ж чамусьці любыя джынсы сталі малымі. Гэта пры тым, што самі італьянцы, хоць клічуць іх макароннікамі, з большага стройныя. Дзіва дзіўнае, але насамрэч усё вельмі проста — трэба ведаць сваю справу. Пасту варыць дакладны час, і тады яна не затрымліваецца ў вашым арганізме выпіраючымі складкамі тлушчу, бо цвёрдыя гатункі пшаніцы добра расшчапляюцца. Калі ў рэцэпце пазначана чатыры жаўткі, то гэта менавіта чатыры жаўткі, не два, і нават не тры, а менавіта чатыры. За прастатой, з якой гатуюць італьянскія бабулі ды шэф-кухары рэстаранаў, стаіць вялікі досвед і дакладная рэцэптура, якой варта прытрымлівацца. На абед мы запрошаныя ў дом Тані і Алесандра, дзе нас частуюць пастай пэста. Соус, аснова якога базілік, кедравыя арэхі, сыр і аліўкавая алея, Таня прыгатавала загадзя, бо ён павінен настаяцца, а складнікі — насыціцца адзін аднаго. Варыць пасту Алесандра, ён дакладна вымярае вагу спагеці на кухонных вагах, гэта прыкладна 80 г на чалавека. Таня, да таго як пераехала ў Італію, працавала з італьянцамі, што намагаліся весці справы ў Беларусі. Адзін вырашыў вырабляць мацарэлу і хутка зразумеў, што не сумна вядомая бюракратыя, а наша абыякавасць да дэталяў з’яўляецца галоўнай перашкодай. Як у анекдоце пра спевы Каруза ў выкананні Рабіновіча, беларуская мацарэла не была падобная да італьянскай. Пакуль італьянец быў у Беларусі, усё ішло добра, калі з’язджаў з краіны, невядома чаму, усё раптам пачынала ісці не так. Ён таемна вяртаўся, набываў у крамах мацарэлу і разумеў сваю неабходнасць знаходзіцца тут заўжды. Узгадваецца наведванне знакамітым італьянскім шэф-кухарам Мінска, дзе ён дэгуставаў піцы лепшых рэстарацый горада. Высветлілася, што з дзясятка замоўленых пазіцый, не было ніводнай піцы ў італьянскім разуменні гэтай стравы. Наша роднае «хутка-смачна» перамагае, як і ў выпадку з тутэйшымі броварамі, якія ганарацца прызамі на сусветных конкурсах, толькі вось само піва чамусьці піць немагчыма: пасля першай паспяховай партыі яно псуецца. У рэстаранах тое ж самае: галоўнае — аформіць «па-багатаму» залу рэстарана, а тое, што «паста баланьезэ» — ці як кажуць у Балоньі «балонскае рагу» — гатуецца з пасты тальятэлі, хіба гэта істотна?
***
Італьянская вёска нагадвае польскую: усё засеяна, дагледжана, і не падобна на тое, што яна кінутая жыхарамі. Выязджаючы за горад, амаль не бачыш розніцы, хіба дамы сталі ніжэй і зрэдку сустракаюцца каровы. Няма адчування таго, што за спінай застаецца цывілізацыя: асфальт і інтэрнэт паўсюль. Зразумела, што ў горадзе большыя магчымасці, але жыццё там даражэй і экалогія зусім іншая. Звычайна яшчэ кажуць, што ў вёсцы бяспечна, але з гэтым ёсць пэўным цяжкасці. Таня з Алесандра жывуць ва ўласным доме, як бы сказалі ў нас, на хутары, і пакідаць яго без дагляду баяцца, бо ўжо не аднойчы іх рабавалі. Абараніцца іншым чынам не атрымліваецца, сістэмы бяспекі бандзюкі абыходзяць, а сабаку могуць атруціць. Парадокс у тым, што дом знаходзіцца ў ландшафтнай зоне, і за захаваннем яго менавіта ў такім стане ўлада сочыць праз аэракасмічныя здымкі. Немагчыма ні зрабіць перабудову, ні нават спілаваць дрэва, калі загадзя не атрымаеш дазволу. Вялікаму брату няма справы да жыцця простых людзей, іншае пытанне, ці варта чакаць той час, калі за кожным фазанам будзе сачыць зоркае вока Вялікага брата?
***
Маё захапленне футболам пачалося крыху раней за кубак свету Італія-90, але менавіта тады я спазнаў сапраўднае заўзенне. Яно супала са з'яўленнем у нас каляровага тэлевізара, толькі не колеры зачароўвалі мяне, а менавіта свята футбола з непадробнымі эмоцыямі, што ліліся з экрана. Шмат чаго ўжо забылася, але перамога каманды Дыега Марадоны над скуадрай адзурай — самы яскравы ўспамін. Здзівіў нават не вынік, а яго наступствы, бо людзі скончвалі самагубствам, сардэчнымі прыступамі, і ўчарашні ўлюбёнец Марадона імгненна стаў ворагам нумар адзін. Было відаць, што італьянцы не пойдуць проста піць гарбатку, як мы пасля фіналу 88-га, быццам нічога не адбылося. Яны жылі футболам, з ім і гінулі. Існуе версія, што футбол з’явіўся ў сярэднявечнай Фларэнцыі, а ўжо потым патаемным сцежкамі прабраўся да брытаў. Наколькі гэта так, можна пабачыць на ўласныя вочы ў Фларэнцыі, старажытнае «кальчо» і сучасны футбол яднае адно — страсць. Пачуцце ж тое заўсёды з рызыкай, і гэта разумеюць італьянскія бацькі, калі пытаеш іх пра футбол. Света кажа, што цяпер у футболе шмат грошай, карупцыі, крыміналу, і дзеці падпадаюць пад вялікі псіхалагічны ціск. Да таго ж яе Стэфан заўзее тэнісам: кожнаму, як вядома, сваё. Мяне ж уразіў той факт, што, па словах Светы, дзеці ўвогуле не гуляюць у футбол у дварах. Відаць, кубак свету 2030 года, што пройдзе ў Беларусі, выйграюць хлопцы з пяскоў горкі Каменнай.
***
«Bello» перакладаецца з італьянскай як «прыгожа» і з’яўляецца адзінкай вымярэння ўсяго годнага, сапраўднага, вартага. Апранацца, будаваць, рабіць аўтамабілі, піць віно, спажываць ежу — усё трэба рабіць прыгожа, бо іначай тое будзе не па-італьянску.
Пасля вяселля з Алясандра Таня пачала рабіць тое, што ўласціва кожнай жонцы — удасканальваць свой дом. Гэты мы, мужчыны, думаем, якая цудоўная ідэя была зрабіць тое-сёе ў доме, але ж калі прыглядзецца ды ўзгадаць, усё стане на свае месцы — нас да гэтага падвялі, а мы і радыя. Дык вось Таня надумала пазбавіцца старога стала, і так таму было б і быць, калі б сяброўка ёй не патлумачыла, што стол не стары, а «antico», бо прыгожы. Антыкварыят жа лепш адрамантаваць, і ён праслужыць шмат яшчэ часу. Так вырашылі і зрабілі Алясандра і Таня.
Ферара
Нягледзячы на назву, Ferrari не вырабляюць у горадзе Ферара. Галоўны офіс і вытворчасць знаходзяцца ў Маранэла, паблізу Мадэны.
***
На плошчы ля замка князёў Д'эстэ, што ў Ферары, стаіць помнік Саванаролу. Манах-дамініканец ферарскага паходжання ўвайшоў у гісторыю адным з самых жорсткіх дзеячаў царквы 15 ст. Актыўная пазіцыя ў справах чысціні рэлігіі і нораваў тагачаснага грамадства вынесла яго на вяршыню ўлады. Сам Папа і сям'я Медычы вымушаны былі лічыцца з дамініканцам. У выпадку з царквой дзейнасць манаха была накіравана на спробу ачысціць яе ад карупцыі і вярнуць да вытокаў, дзе не павінна быць месца індульгенцыі і раскошы клірыкаў. Іншая справа, што за добрымі ідэямі хаваліся фундаменталізм і непрыняцце нічога свецкага. Гэтая барацьба амаль не вытаптала парасткі Рэнесансу, што толькі пачынаў нараджацца ў Фларэнцыі. Уздзеянне ягоных казаняў на тагачасны розум было такім моцным, што, напрыклад, аўтар «Вясны» і «Нараджэння Венеры» Сандра Батычэлі кінуў займацца жывапісам, а Мікеланджэла прысвяціў манаху рымскую П’яту. Аўтарытэт Саванаролы дазваляў яму крытыкаваць нават Папу. Усё скончылася традыцыйна — карная сістэма паглынула свайго найлепшага вучня. Ворагі Саванаролы скарысталіся яго канфліктам з францысканцамі, абвінавацілі ферарца ў баязлівасці, і захапленне народу ў адно імгненне знікла. Галава Ватыкана наклаў на манаха анафему, і 23 мая 1498 паборнік сярэднявечных «скрэпаў» быў спярша павешаны, а потым спалены на плошчы Сіньёрыі, што ў Фларэнцыі. Неадназначная фігура манаха да гэтай пары выклікае спрэчкі даследчыкаў і гісторыкаў. Хто ён, фундаменталіст, што паліў кнігі, ці рэфарматар, прадвеснік пратэстантызму? Праз чатыры стагоддзі на другім канцы Еўропы з'явіцца іншы рэфарматар, які сваімі ідэямі распаліць сусветны пажар рэвалюцыі. Помнік яму паставяць не толькі на яго радзіме, як Саванароле ў Ферары, а на ўсіх цэнтральных плошчах малых і буйных гарадоў імперыі. А пытанне, станоўчыя ці адмоўныя гэта былі персоны, застанецца адкрытым да гэтага часу.
***
Балонья
Раніца. Кава. Амаль не спалося. Света адвозіць нас у аэрапорт, дзе зноў кава і сум развітання пад геніяльна простую формулу шчасця — наяўнасці блізкіх людзей. Kiss and fly. Бязмежна ўдзячныя, мы крочылі ў бок самалёта, калі пайшоў дождж, і ледзь чутна гучала яго мармытанне: «Вы ж куртак балоневых не набылі. Мо застанецеся?»
Каментары