Меркаванні77

Фатограф Франсуаза Юг'е: Нават краіны Балтыі ментальна бліжэйшыя да Расеі, чым Беларусь

Беларусы нашмат бліжэйшыя да еўрапейцаў, чым многія іх суседзі.

Франсуаза Юг'е здымала рэпартажы - для газеты Libération, рэкламныя кампаніі - для Lanvin і Lacroix. Яе аб'ектыў бачыў мусоны ў Індыі, пейзажы Сібіры і нават афрыканскую правінцыю Квазулу-Натал. У пачатку 2000-х францужанка прыехала ў Санкт-Пецярбург, каб апець такі знікаючы феномен, як камунальныя кватэры: з бруднымі кухнямі, развешанымі цэлафанавымі пакуначкамі на батарэях і чужымі людзьмі, змушанымі жыць побач адзін з адным. Франсуаза не толькі паразмаўляла з жыхарамі камуналкі, але і сама пасялілася тут на некалькі месяцаў. Пра прыгоды францужанкі у камунальнай кватэры яна распавяла ў кнізе, фільме, фотавыставе (якую паказвалі ў Менску ў рамках Месяца фатаграфіі) - і ў інтэрв'ю «Большому».

- Выставу «Камуналка» бачылі ў розных краінах, у тым ліку ў Францыі і Расеі. Якой была рэакцыя на яе?

- Выстава заўсёды выклікае жывую цікавасць. Людзі задаюць пытанне: як мне наогул удалося трапіць у камуналку? Як людзі дазволілі здымаць сябе? У краінах Заходняй Еўропы ўсім здаецца, што ў такіх кватэрах жывуць бедныя людзі. Я тлумачу, што на самой справе гэта не так, і камуналкі - гэта не жыллё для бедных. Тут побач суіснуюць вельмі розныя людзі: прадавец, працоўны, выкладчык універсітэта.

- Што ў жыцці камуналкі здалося вам самым дзіўным?

- Было вельмі шмат людзей і рэчаў, якія мяне ўражвалі і шакавалі. Памятаю сямейную пару: ён - машыніст, яна - прадавец, гандлявала шакаладам на вуліцы і вельмі нядрэнна спявала. Мне любіла распавядаць небыліцы: маўляў, ёй тэлефанаваў участковы, калі затрыманыя буяна сябе паводзілі, і дасылаў за ёй машыну - каб прадаўшчыца супакойвала іх сваім спевам. А потым на гелікоптэры вярталася назад.

Самым дзіўным у камуналцы для мяне стала тое, што тут у чалавека не застаецца асабістай прасторы. Ніякіх таямніц. Варыш ў абед бульбу, а вечарам сусед абавязкова спытае: «Ну, як бульбачка?» - Хоць ніхто не бачыў, як ты гатавала. Калі я прыйшла ў камунальную кватэру з камерай і пачала здымаць фільм, людзі распавядалі мне ўсё пра сваіх суседзяў. Так я даведалася гісторыю ўкраінкі з камуналкі: дома, ва Украіне, яе сям'я займалася бізнэсам, але потым прыйшлі нейкія людзі і забілі ўсіх. З Украіны збегла ў Расею, хавалася ў камунальнай кватэры ад мафіі.

- Я чула такія водгукі аб вашай выставе «Камуналка»: «Я не хачу глядзець на гэтыя фатаграфіі, яны брыдкія». Навошта людзям непрыгожае мастацтва?

- На самай справе мастацтва не заўсёды сінонім прыгажосці. Гэта тычыцца як жывапісу, так і фота. Але мяне эстэтыка камунальных кватэр прыцягвае: прыгажосць і гармонію я бачу ў побыце.

- Тут хочацца правесці паралель з сучасным мастацтвам у прынцыпе: многія скардзяцца, што не разумеюць яго. Што вы можаце параіць такім людзям?

- Ёсць дзве катэгорыі людзей. Першыя кажуць: «Я нічога не разумею ў гэтым, навошта такое мастацтва?» Другія паўтараюць: «Я б сам так зрабіў». Асабліва гэта актуальна для жывапісу. Напрыклад, чорны квадрат Малевіча. Многія людзі пытаюцца: «Што ж у ім такога? Чаму гэта ўнікальны твор мастацтва?» Справа ў тым, што чым больш абстрактны жывапіс, тым ён больш універсальны. Больш свабоды, фантазіі. У чорным квадраце кожны бачыць нешта сваё.

- Фатаграфія сёння даступная кожнаму. Гэта добра ці дрэнна?

- Я называю фатаграфію найменшым з мастацтваў. Са мной згодныя не ўсе, але многія: напрыклад, экспэрты і галерысты. Калі сёння мы кажам пра тое, што рынак фатаграфіі вырас, то гэта таму, што фатаграфія таннейшая за жывапіс. Я не ведаю, ці стане фотаздымак сапраўдным, паўнапраўным відам мастацтва. Усе сёння здымаюць. Мы жывем у свеце, поўным малюнкаў: facebook, instagram. Я не маю нічога супраць сацыяльных сетак, але для мяне галоўнае - каб у мастака было сваё, унікальнае бачанне свету. Я знаходжу эстэтыку ў брудзе і разрусе камунальнай кватэры ў Расеі, і ў гэтым маё артыстычнае крэда. Я не магу не паказаць гармонікі батарэй на сценах, якія чамусьці заўсёды вісяць крыва, - для мяне гэта сюррэалізм, гэта ўнікальна. Ведаеце мастака Фрэнсіса Бэкана? Ён адлюстроўваў дэфармаваныя чалавечыя асобы. Гэта непрыгожа, але гэта яго бачанне - і яно мае права на жыццё.

- Назавіце некалькі імёнаў фатографаў, за якімі сёння варта сачыць.

- Сафі Кале, францужанка. Яе здымкі - нешта на мяжы фота і пластычнага мастацтва. Для аднаго са сваіх праектаў яна наняла пакаёвак у гатэлі Венецыі: рылася ў рэчах пастаяльцаў і здымала іх, каб потым зрабіць выснову пра чалавека па яго рэчах. Або Уільям Кляйн: пажылы чалавек, але дагэтуль шмат што значыць у фотамастацтве. Я памятаю яго серыі з Рыма і Токіо, гэта нешта ўнікальнае. Дэні Дарзак, французскі фотамастак. У яго цікавыя праекты - напрыклад, «Падзенне». Трэба яшчэ згадаць аб Антуане Д'Агата з фотаагенцтваў Magnum, адным з самых вядомых фатографаў у Францыі. Каб вы не думалі, што сачыць варта толькі за французамі, назаву яшчэ Чжана Цяньці c Тайваня. Я пільна назіраю за гэтым маладым фотамастаком.

- Франсуаза, якое ўражанне на вас зрабіў Менск?

- Люблю Менск! Я другі раз у гэтым горадзе. Архітэктура пасляваеннага Менска - гэта вельмі прыгожа, проста пышна. Як і ўсе замежнікі, я здзіўленая чысцінёй у горадзе: такое адчуванне, што смецце тут прыбіраюць круглыя дні. Многія не ведаюць, дзе знаходзіцца Менск, але ўсё часцей сустракаюцца людзі, якія пра яго чулі - напрыклад, дзякуючы візіту сюды «нармандскай чацвёркі». Ваш горад унікальны - і пра гэта трэба гаварыць. На вуліцы Кастрычніцкай стаіць помнік Леніну, побач - дошка гонару, а за ёй - сучасныя графіці. Такі пераход ад савецкага перыяду да нашага часу вельмі цікавы.

- А што вы можаце сказаць пра менчукоў?

- Вы бліжэй да еўрапейцаў, чым да расейцаў. Вядома, старэйшае пакаленне - напрыклад, жанчыны старой загартоўкі, якіх я сустракала ў гатэлі, - гэта яшчэ савецкая фармацыя. Але, нягледзячы на гэта, беларусы - еўрапейская нацыя. Мне здаецца, нават краіны Балтыі куды бліжэй да Расеі ў ментальным плане, чым Беларусь.

Каментары7

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»18

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

У Чылі паліцыя знайшла скрадзеныя ў Лос-Анджэлесе гадзіннікі Кіяну Рыўза

Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і пайшоў з канала9

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей2

Былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр памёр ва ўзросце 100 гадоў2

Казахстан адправіць чорныя скрыні з Azerbaijan Airlines у Бразілію

Гардон: Гарачая фаза вайны завершыцца ўжо заўтра27

У Жодзіне адкрылі краму з мерчам БелАЗа6

Некаторыя «заменнікі мяса» далёка не бясшкодныя для чалавека10

Бондараву абурылі слова Раство і зоркі НАТА на навагодняй елцы ў Мінску27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»18

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →