Прыгаворам суда Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці 27-гадовы і 20-гадовы мясцовыя жыхары асуджаныя за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула яе гібель, з хуліганскіх і іншых ганебных намераў, учыненае групай асобаў (ч. 2 арт. 339-1 КК).
Як паведаміла БелаПАН старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Ала Кузняцова, асуджаныя ў адзін з дзён лютага 2015 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, прыйшлі да свайго прыяцеля патрабаваць вяртання доўгу. Той знаходзіўся ў гэты час у доме сваіх знаёмых, размешчаным у вёсцы Маляцічы Крычаўскага раёна. Даведаўшыся, што ў прыяцеля няма ні грошай, ні спіртнога, каб вярнуць доўг, маладыя людзі забілі сабаку, які знаходзіўся ў двары.
Адзін з асуджаных выцягнуў за ланцуг жывёлу з будкі і нагой прыціснуў яе да зямлі, а другі з мэтай забойства сабакі перарэзаў яму нажом шыю.
Прыгаворам суда абодва абвінавачваныя прызнаныя вінаватымі ва ўчыненым злачынстве і кожнаму з іх прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на месяц.
Прысуд набыў законную моц.
Каментары