Як пад Гроднам робяць стрэхі з чароту для ўсёй Беларусі
Раней беларусы жылі надзвычай экалагічна, хоць і не ведалі такога слова. Традыцыйнымі для Беларусі былі драўляныя і саламяныя дахі — рабіліся з таго, што было пад рукой. Пазней прыйшоў шкодны шыфер, а салома на даху ўжо выглядала бедна. Сёння людзі паступова вяртаюцца да старых тэхнік крыцця даху натуральнымі матэрыяламі — саломай, чаротам, дрэвам. Толькі зараз дазволіць сабе натуральны дах могуць збольшага забяспечаныя беларусы.
Ці можа экабудаўніцтва быць больш танным, наколькі пашыраецца практыка крыцця даху дрэвам і чаротам, як нарыхтоўваюць матэрыял, мы распыталі ўладальніцу фермерскай гаспадаркі «Хілякі» Вольгу Саламенік.
Навучылі польскія майстры, а дапамагаюць аднавяскоўцы
Дзесяць гадоў таму Вольга пазнаёмілася ў Польшчы з тэхналогіяй крыцця дахаў з натуральных матэрыялаў — чарот, дранка, гонта. Паколькі ў Беларусі такога не было, яна вырашыла наладзіць вытворчасць на радзіме. Пачыналі з вучобы сваіх майстроў. Ахвотных доўга шукаць не давялося: выказалі жаданне мясцовыя хлопцы. Вучылі іх польскія ўмельцы. Практыкаваліся на страсе Вользінага старога дзедавага дома.
— Калі мы пачалі вучыцца, прыйшоў старэнькі дзядок з кіем. Паглядзеў, папляваўся. Пытаюся ў яго, у чым справа. Расказвае, што жыў у гэтай хаце яго сябар. Дзеду сказалі, што тут «красату робяць». Прыйшоў паглядзець ажно за тры кіламетры. «А ў вас, — кажа дзед, — нават грошай на шыфер няма, чаротам крыеце». Я тады вельмі засмуцілася. Падумала, ці вартую справу раблю. Вось такі пачатак нашай працы быў, — узгадвае Вольга.
У асноўным майстрамі працуюць мужчыны, якія мелі досвед дрэваапрацоўчай працы. На дадзены момант у гаспадарцы працуюць агулам дзевяць чалавек, але не ўсе робяць дахі. Большасць занятая на станках па вырабе дранкі, шчапы і пляценні чаротавых і лазовых матаў.
Для крыцця страхі дастаткова аднаго майстра і двух памочнікаў. На сартыроўку чароту ходзяць жанчыны. Летам іх больш, бо зімою няма дзе размясціцца, не хапае памяшкання.
Не можаш купіць — вучыся рабіць сам
Не кожны можа дазволіць сабе дах з натуральных матэрыялаў, бо гэта дастаткова дорага. Таму ў гаспадарцы прапануюць навучанне. Спачатку чалавек, які жадае авалодаць майстэрствам крыцця дахаў, вучыцца на працягу тыдня. Майстар глядзіць, ці атрымліваецца. Калі ўсё добра, жадаючы працягвае вучыцца і нават атрымлівае грошы за працу. Калі чалавек не мае здольнасцей да такой справы, з ім развітваюцца, каб не траціць дарэмна час.
Па словах Вольгі, навучанне карыстаецца вялікай папулярнасцю. Зараз модныя экадамы і экапаселішчы. Вучыліся ў іх двое хлопцаў з экапаселішча пад Мінскам. Звяртаўся за кансультацыяй малады дызайнер са сталіцы. Сам будаваў дом, вучыўся ў іх рабіць дах са шчапы, фасад дома таксама ёю абшыў.
Гонта — дахавы матэрыял у выглядзе драўляных пласцін, можа быць шпунтаванай і нешпунтаванай (дранка).
Пласціна шпунтаванай гонты мае сячэнне клінам (адна бакавіна шырэйшая, супрацьлеглая — вузейшая), у шырокай бакавіне робіцца паз. Гонты ў кожным шэрагу заводзяцца вузкімі бакамі ў пазы сумежных гонтаў і прыбіваюцца ўверсе і ўнізе да латаў цвікамі.
Пласціна нешпунтаванай гонты (дранка) мае прамавугольнае або лінзападобнае сячэнне.
Тонкая гонта (таўшчынёй да 10 мм) прамавугольнага сячэння называецца шчапой. (Падрабязней гл. тут або тут.)
— Нядаўна звярнуўся хлопец, таксама з-пад Мінска, які надумаў будаваць дом з гліны, але ў складзе самана будзе не салома, а чарот. Таму яму патрэбныя адкіды ад чароту (калі мы робім маты, станок абразае з двух бакоў па 5 см). Даслаў нам каля 500 мяшкоў, ужо два месяцы мы для яго збіраем гэты матэрыял. Спачатку думалі: навошта нам гэта патрэбна, прасцей выкінуць. А потым прыйшлі да высновы: раз людзі маладыя, развіваюцца, маюць жаданне спрабаваць нешта новае, трэба дапамагчы, — распавядае Вольга.
Тэхналогія падрыхтоўкі чароту і попыт на прадукцыю
Чарот у гаспадарцы нарыхтоўваюць самі, таксама купляюць у Расіі і Польшчы, бо ў Беларусі яго не хапае, масавыя нарыхтоўкі непрынятыя. Сыравіну набываюць брудную, несартаваную. Частку яе пакідаюць на дах. Чарот павінен мець гадовы ўзрост, быць тонкім, як салома, каб можна было яго збіць на страсе, спрэсаваць. Таўсцейшыя сцёблы выкарыстоўваюць для вытворчасці матаў. Ачышчаць чарот не трэба, бо нарыхтоўваецца ён зімой, пасля таго, як яго ачысціць мароз.
— Мы ніколі не ведаем, якая салома ў полі. Сухой ці мокрай яе ўкладалі ў стагі, якая колькасць насякомых і грызуноў жыве ў ёй. Зараз модна казаць «экалагічна чыстая салома». Адкуль ёй узяцца ў нас? Не паспелі пасеяць, як ужо пайшлі трактары з хіміяй для падкормкі, апрацавалі ад пустазелля і паразітаў. А чарот на балоце расце, яго ніхто не апрацоўвае ніякай хіміяй, — тлумачыць Вольга перавагі гэтага матэрыялу.
Вялікім попытам карыстаюцца чаротавыя і лазовыя маты. Большасць гэтай прадукцыі ідзе ў Расію. Ёю дэкаруюць сцены, падшываюць столі, выкарыстоўваюць у рэстаранах або для ізаляцыі нейкай зоны.
— Гэта наша асноўная вытворчасць, працуем ледзь не ў дзве змены, — прызнаецца Вольга. — Дахамі займаемся ў асноўным у Беларусі. З Расіі таксама часта тэлефануюць, але мы туды не ездзім, бо далёка, трэба думаць пра пражыванне, харчаванне. Пакуль тут хапае працы. Летам тэлефануюць бясконца, але не кожны сабе можа дазволіць, таму многія хочуць вучыцца.
«Імітацыя чаротавага даху — толькі наша выдумка»
Каб больш папулярызаваць дахі з натуральных матэрыялаў, у гаспадарцы прыдумалі рабіць імітацыю даху з чароту.
— Чаротавы дах значна цяжэй класці, чым драўляны. Патрэбныя сур’ёзныя навыкі, ды і не кожны мае грошы. Імітацыю лёгка зрабіць самому, прымацаваўшы чаротавыя пукі стэплерам або самарэзам. Дарэчы, імітацыя — гэта толькі наша выдумка. Нідзе ў Еўропе вы гэтага не знойдзеце, нават у суседняй Польшчы, — хваліцца Вольга.
Аднак імітацыя не з’яўляецца паўнавартасным дахам, як традыцыйны чаротавы дах. Пад яго патрэбная гідраізаляцыя, таму для дома яго нельга выкарыстоўваць, хутчэй як дэкарацыю для малых гаспадарчых пабудоў: альтанкі, хлеўчыка.
Чаротавы дах не саступае металачарапіцы
Чаротавы дах не баіцца снегападаў, навальніц, сонцапёку і ветру. Ён абсалютна экалагічны ў параўнанні з шыферам, які ўтрымлівае шкоднае рэчыва — асбест. Пры правільнай укладцы чаротавы дах не пашкодзяць ні агонь, ні ўраган. Чаго не скажаш пра дахі, пакрытыя шыферам або металачарапіцай. Таксама дах з чароту дазваляе падтрымліваць стабільную тэмпературу: узімку будзе цёпла, а летам халаднавата. Такі дах не патрабуе вентыляцыі на гарышчы, дадатковага ўцяплення. Ён добра паглынае гукі (лепш, чым шклавата).
З мінусаў Вольга адзначае высокі кошт. На квадратны метр ідзе вельмі шмат матэрыялу — 10—12 снапоў па 1,5—2 даляры за адзін. Сам матэрыял, яго нарыхтоўка (скасіць, перабраць, звязаць) і карпатлівая праца майстра цягнуць дадатковыя выдаткі.
Ёсць і тэхнічны мінус. На любую страху такі дах не пакладзеш. На плоскай страсе ён хутка згніе, таму вугал нахілу канструкцыі павінен быць дастаткова высокім (не менш за 40 градусаў), каб нармальна сцякала вада.
Драўляны дах — беларуская аўтэнтыка
Драўляны матэрыял для дахаў — дранку, гонту і асінавую шчапу — у гаспадарцы робяць самі на спецыяльных станках. Найбольш папулярныя дахі з асінавай шчапы.
— Я думаю, для Беларусі больш традыцыйны драўляны дах, — кажа Вольга. — З дранкі і шчапы заўсёды былі аўтэнтычныя беларускія дахі. Чарот для крыцця стрэх усё ж больш выкарыстоўваўся ва Украіне.
Дах з гонты
Аднойчы Вольга шукала старыя кросны. Ёй параілі звярнуцца да бабулі ў Свіслацкім раёне. Бабуля старэнькая, пад 90 гадоў, таму залезці на гарышча па кросны сама не магла, паслала Вольгу.
— Залезла я і ўбачыла страху, пакрытую шчапой, зверху шыфер. Мне ўжо не да кроснаў было. Папрасіла ў бабулі дастаць кавалачак — а шчапа знутры бялюсенькая, не згніла. Пытаюся, навошта хату шыферам закрылі. Бабуля кажа, што гэта яшчэ яе бацька зрабіў, бо толькі бедныя з драўлянымі дахамі заставаліся, — распавядае жанчына.
Калі браць Англію або Галандыю, то ў іх забаронена крыць стары дом, калі ён быў крыты чаротам або дрэвам, іншым матэрыялам. Калі дах сапсаваўся, ён павінен быць перакрыты такім самым матэрыялам.
Праекты, рэалізаваныя гаспадаркай
Найбольш буйны беларускі праект фермерскай гаспадаркі «Хілякі» — рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Працавалі і ў Расіі: пастаўлялі матэрыял на рэстаўрацыю старой царквы XVIII ст. пад Псковам. На Гарадзеншчыне рабілі аб’екты ў Ласосне і Баранавічах, Скідзелі, Свіслацкім раёне, крылі 4 аграсядзібы пад Ваўкавыскам. Сёлета дахі з натуральных матэрыялаў сталі замаўляць менш. Калі раней кожнай восенню шмат людзей запісвалася ў чаргу на вясну, то ў гэтым годзе замоў няма. Пакуль гаспадарка будзе дарабляць тыя аб’екты, якія засталіся незавершанымі. Напрыклад, маёнтак у Падароску. Там, калі Міністэрства культуры дасць дазвол на рэстаўрацыйныя працы, будуць крыць дах дранкай.
Здымкі з архіву Вольгі Саламенік
-
Кватэры, якія знаходзяцца ў працэсе прыватызацыі, могуць зноў стаць дзяржаўнымі. Пры якой умове?
-
У цэнтры Мінска на продаж выставілі кватэру ў сталінцы, дзе квадратны метр каштуе больш за 3 тысячы даляраў
-
«Пад домам сабраўся натоўп». Дзяўчына нечакана здала кватэру-«паўфабрыкат» у «Мінск-Свет» за лічаныя хвіліны
Каментары