«Калі надыдзе мой час, ці буду я радавацца свайму апошняму снегу?»
Піша Алесь Калоша.
Вясна пачалася снегам…
З брамы анкалагічнага інстытута ў Бараўлянах, куды я іду, каб наведаць знаёмага, выходзіць высокі пажылы чалавек у шпітальным адзенні, накінутым на плечы паліто. За руку трымае маленькую дзяўчынку. Відавочна, гэта дзед і ўнучка.
У мужчыны шэры худы твар, ідзе ён марудна, яму цяжка ісці па снезе. Наадварот, дзяўчынка падскоквае то на адной, то на другой ножцы, лепіць снежкі, кідае іх у дзеда, смяецца.
За імі — дзве жанчыны, напэўна, жонка і дачка мужчыны. Дачка трымае пад руку маці. Ідуць моўчкі, у іх чырвоныя ад бязгучных слёз твары…
Але каб яны ўбачылі вочы мужчыны — спакойныя, мудрыя, напоўненыя ціхай радасцю — то, можа, супакоіліся б, і сцішыўся б іх боль.
Падае снег.
Наперадзе ў дзяўчынкі — жыццё. У мужчыны — вечнасць… Белая бясконцасць снегападу знянацку адкрыла ім гэтую ісціну. І кожны з іх верыць у сваю будучыню.
Калі надыдзе мой час, ці буду я радавацца свайму апошняму снегу?..
Каментары