Неабыякавыя мінчукі паведамілі пра 114 суседзяў, якія нелегальна здаюць кватэры
У сталіцы падчас праведзенай падатковымі органамі акцыі «Здаеш кватэру — заплаці падатак» паступіла 105 тэлефанаванняў наконт 114 кватэр, якія, як мяркуецца, здаюцца ўнаём нелегальна, паведаміла намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінску Галіна Гурыновіч.
Акцыя, якая сёлета праводзілася з 21 па 25 сакавіка, адбылася ўжо ў трэці раз. Паводле слоў Гурыновіч, з 28 сакавіка пачатыя кантрольныя мерапрыемствы па сігналах, што паступілі: «Мы разаслалі інфармацыю па раённых падатковых інспекцыях, і яны будуць правяраць усе факты».
Летась паступіла прыкладна столькі ж тэлефанаванняў таксама пра 114 кватэр.
У 2015 годзе ў сталіцы было выяўлена прыблізна тысяча грамадзян, якія нелегальна здавалі кватэры ўнаём. Яны прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці на агульную суму 1 млрд рублёў. За першыя два месяцы 2016 года ў Мінску выяўлена 116 парушальнікаў, ім выстаўлена да выплаты 117 млн рублёў.
Каментары