У Мінску затрымалі акцёра расійскіх серыялаў, які касіў ад войска з дапамогай ліпавых даведак аб вучобе
Для атрымання адтэрміноўкі ад прызыву беларус падаваў у ваенкамат падробленыя даведкі пра вучобу ў Маскве, паведамілі карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» ў Цэнтральным РУУС.
— Малады чалавек, з'яўляючыся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, з 2008 г. навучаўся на дзённым аддзяленні Тэатральнага інстытута імя Барыса Шчукіна ў Маскве. Пасля заканчэння ў 2012-м установы адукацыі ён пачаў падаваць у раённы ваенны камісарыят даведкі аб працягу навучання ў магістратуры, а пасля і аб навучанні на дзённым аддзяленні рэжысёрскага факультэта гэтай жа ВНУ, — распавяла прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Таццяна Абозная.
На падставе гэтых дакументаў хлопцу, якія не гарэў жаданнем мяняць службу Мельпамене на тэрміновую вайсковую, далі адтэрміноўку ад прызыву. Аднак пазней у ваенкамаце западозрылі прызыўніка ў несумленнай гульні. Праверка пацвердзіла асцярогі: перададзеныя маладым чалавекам даведкі — падробныя. У Тэатральным інстытуце пацвердзілі, што хлопец скончыў навучанне ў ВНУ ў 2012 г., але ні ў магістратуру, ні на дзённае аддзяленне рэжысёрскага факультэта не паступаў. А праведзеная экспертыза выявіла неадпаведнасць пячаткі на даведках, прадастаўленых хлопцам, сапраўднай пячатцы інстытута.
— Затрыманаму 26 гадоў, ён працуе акцёрам у адным з маскоўскіх тэатраў, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Зараз жа ў дачыненні да яго за выкарыстанне падробленых дакументаў распачата крымінальная справа па артыкуле 380 КК Беларусі, — распавёў начальнік аддзела крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС Андрэй Пятровіч.
Пагражаў вайскоўцам раскрыць, хто з іх гомасэксуал, каб выпытаць сакрэты і прадаць Украіне. Вось за што адыёзны функцыянер БРСМ атрымаў 17 гадоў калоніі
Каментары