Пагражаў вайскоўцам раскрыць, хто з іх гомасэксуал, каб выпытаць сакрэты і прадаць Украіне. Вось за што адыёзны функцыянер БРСМ атрымаў 17 гадоў калоніі
17 гадоў зняволення — такі прысуд атрымаў Уладзімір Цюхай — ябацька з педафільскім мінулым. Чалавек, які яшчэ нядаўна праяўляў сябе як заўзяты абаронца рэжыму і дапамагаў сілавікам, цяпер асуджаны за здраду дзяржаве, прычым на карысць Украіны. Справу вёў КДБ, яна засакрэчаная. Працэс пачаўся яшчэ ў чэрвені 2024 года, але толькі цяпер стала вядома пра вынік.

Як так адбылося, што чалавек, які быў часткай сістэмы і служыў ёй, атрымаў адзін з самых цяжкіх прысудаў?
Праваабаронца і былы палітвязень Уладзімір Лабковіч правёў з Цюхаем некалькі месяцаў у адной камеры магілёўскай турмы №4.
«Я настолькі адыёзных людзей за ўсё жыццё не сустракаў. Але гэта, мабыць, той выпадак, калі неадэкватнасць пасажыра нават для «сваіх» была звыш меры», — адзначае Лабковіч.
«Беларускі хунвэйбін»
Да арышту Уладзімір Цюхай быў чалавекам сістэмы. Ён працаваў у БРСМ, быў сярод кіраўніцтва пралукашэнкаўскай Камуністычнай партыі.
Лабковіч згадвае, як Цюхай раней удзельнічаў у запаўненні судовых залаў, каб не пускаць туды назіральнікаў і сваякоў палітвязняў.
«Там ён збіў з ног сваячку палітвязня Аляксандра Баразенкі, каб яна не зайшла ў залю. Я назваў яго тады маральным вырадкам. У камеры ён мне сам зласліва казаў: «Я вас яшчэ тады запрыкмеціў». Я, шчыра кажучы, нават не памятаў яго. Але, значыць, з першага позірку не памыліўся».
У 2020 годзе Цюхай кіраваў атрадамі БРСМаўцаў, якія зрывалі дваровыя сходы, правакавалі зборшчыкаў подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты і перадавалі людзей сілавікам. Некаторыя прадстаўнікі каманды Святланы Ціханоўскай пасля яго дзеянняў атрымалі крымінальныя справы.
Паводле Уладзіміра Лабковіча, у камеры Цюхай адкрыта называў сваім ідэалам Беніта Мусаліні. Распавядаў, як падчас аднаго з праўладных мітынгаў у 2020 годзе ў экстазе стаў на калені і прымушаў іншых маліцца за міліцыю. Ганарыўся тым, што ўдзельнічаў у пастаноўках: граў ролю звычайнага рабочага на прадпрыемствах падчас візітаў Лукашэнкі, у тым ліку на МАЗ.
«Ён адкрыта казаў: большасць людзей у кадры — пастаноўка. Такія, як ён. З БРСМ, з партыйных структур. Тыя, хто па сігнале становіцца мясцовым жыхаром аграгарадка або рабочым прадпрыемства», — згадвае Уладзімір Лабковіч.

Яшчэ Цюхай хваліўся, як разам з паплечнікамі адмываў бюджэтныя грошы, выдзеленыя на «патрыятычную працу».
«Ён гэтым кічыўся», — адзначае Уладзімір Лабковіч.
Паводле аповедаў Цюхая, партыйныя структуры стваралі ўласныя фірмы, атрымлівалі дзяржаўныя замовы на агітацыйную прадукцыю, выраблялі мінімум, а астатнія грошы распілоўвалі між сабой.
Ён быў дырэктарам выдавецкага дома «ВіАлВі», таму меў магчымасць рэалізоўваць такія схемы.
Шантаж вайскоўцаў
Нечаканы разварот гісторыі камуніста адбыўся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе.
Паводле словаў Лабковіча, Цюхай сцвярджаў, што меў кампраметуючую інфармацыю пра некаторых беларускіх вайскоўцаў з Генштаба і апарата Міністэрства абароны Беларусі аб тым, што яны гомасэксуалы. Ён спрабаваў шантажаваць іх, каб атрымаць сакрэтныя звесткі, якія маглі б быць цікавыя Украіне.
«Ён пачаў шантажаваць гэтых вайскоўцаў, каб яны перадавалі яму сакрэтную інфармацыю, якую можна было б прадаць Украіне. Як я зразумеў, у яго быў выключна камерцыйны інтарэс. Ён думаў так падзарабіць. Ніякіх ідэалагічных ці каштоўнасных матываў у яго не было», — лічыць Лабковіч.
Праваабаронца кажа, што аднойчы Цюхай нават паказаў яму фрагмент перапіскі з КДБ, дзе згадваліся гэтыя эпізоды.
Вайскоўцы паведамілі пра шантаж у спецслужбы. З гэтага і пачалася крымінальная справа. У выніку — закрыты працэс, абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве і 17 гадоў зняволення.
Справа Цюхая цалкам засакрэчаная. Пры гэтым, дадае праваабаронца, у Цюхая шэраг хранічных хваробаў, але праз засакрэчанасць справы нават медыцынская картка недаступная турэмнай адміністрацыі. І гэта, на яго думку, асобная праблема: незалежна ад учынкаў, чалавек мае права на медыцынскую дапамогу.
Як Цюхая адсадзілі ў камеры
У турме Цюхай апынуўся ў адной камеры з Лабковічам і яшчэ некалькімі вязнямі.
Паводле суразмоўцы, маўчаць ён не ўмеў зусім. «Не мог ні секунды без слова», — успамінае праваабаронца.
«Ён шмат гаварыў пра нібыта змову чыноўнікаў супраць Лукашэнкі. Паводле яго версіі, у 2020‑м чыноўнікі «выратавалі рэжым», але пасля гэтага ўлада канчаткова перайшла да сілавікоў. Асноўнай апорай сталі людзі ў пагонах, а розныя чыноўнікі і ідэалагічныя супрацоўнікі, маўляў, апынуліся адсунутымі на другі план. Ім, як ён лічыў, не далі той долі ўплыву, якую яны заслужылі. Цюхай сцвярджаў, што і сам трапіў пад пераслед нібыта праз размовы ў чыноўніцкіх колах, — кажа Уладзімір Лабковіч. — Але што там было праўдай, што хлуснёй, я не ведаю. Ён вельмі цьмяны і мутны чалавек, які любіў выглядаць больш значным, чым быў насамрэч».
Пры гэтым Цюхай, паводле суразмоўцы, падпісаў шмат абавязацельстваў пра неразгалошванне, але стрымацца не мог. У камеры ён сам раскрываў тое, што абяцаў трымаць у таямніцы. І адначасова вельмі баяўся. Найперш — палітвязняў. Разумеў, што праз ягоныя даносы людзі атрымалі тэрміны.
«Ён пэўны час быў у шклоўскай 17‑й калоніі, і ў суседнім атрадзе быў чалавек, які трапіў за краты дзякуючы яму», — кажа Лабковіч.
Статус Цюхая ў камеры змяніўся пасля размовы пра дзяцей. Паводле Лабковіча, Цюхай агучыў ідэю «забіраць дзяцей у палітычных» і выхоўваць іх у спецыяльных лагерах, каб з іх «вырасталі такія, як ён».
Нібыта нават падрыхтаваў праект закона і збіраўся яго кудысьці накіроўваць.
У турэмнай іерархіі пагрозы дзецям — безумоўнае табу. Камера пастанавіла: Цюхай «адсаджаны». Яму забаранілі сядзець за агульным сталом, харчавацца з усімі, з ім перасталі размаўляць.
Калі ж пагроза забраць дзяцей прагучала яшчэ раз, ужо ў бок звычайнага крымінальнага зняволенага, канфлікт скончыўся хутка. «Цюхай проста атрымаў у галаву і ляцеў праз усю хату ў адведзены кут», — кажа Лабковіч.
«Ён вельмі баяўся, што палітычныя будуць яму помсціць. Але ў выніку атрымаў не ад іх», — дадае ён.
«Адсаджанасць» Цюхая ў камеры — не тое самае, што «нізкі статус». Фактычна яго проста ігнаравалі ў камеры, але пры пераходзе ў новую камеру ён мог наноў выбудоўваць камунікацыю з іншымі арыштантамі на роўных.
Вядомы педафільскі бэкграўнд Цюхая. Так, у 2013‑м жодзінскія лаўцы педафілаў злавілі яго на жыўца, калі вялі перапіску ад імя 15‑гадовага хлопца, які запрасіў функцыянера БРСМ на «гарачую ноч». Пры сустрэчы ў Цюхая пры сабе знайшлі інтымную змазку і прэзерватывы. Зрэшты, у турме пра гэта ніхто не ведаў.
«І я цяпер разумею, чаму ён так баяўся за сваё мінулае, таму што калі б гэта ўсплыло ў турме, то яго б проста парвалі на кавалкі», — перакананы Уладзімір Лабковіч.
Выхаваны ў варожасці
Маці Цюхая, паводле Лабковіча, неаднаразова прыязджала ў турму і дамагалася, каб сына не крыўдзілі. Яна — фігура таксама адыёзная: працавала ў прапагандысцкіх СМІ, звязаная з Камуністычнай партыяй. Сам Цюхай часта згадваў яе як прыклад і як апраўданне ўласных поглядаў.
Ён распавядаў, што ў студзені 1991 года яго маці была ў Вільні як савецкая журналістка — у дні, калі літоўцы баранілі сваю незалежнасць. І нібыта ўсё жыццё баялася, што яе «схопяць літоўскія нацыяналісты». Гэты страх, гэтыя аповеды пра варожы Захад і здраду, паводле ягоных слоў, гучалі ў іх доме з дзяцінства.
«Ён выхаваны ў гэтай нянавісці фактычна з нараджэння», — кажа Лабковіч.
Цюхай з пафасам паўтараў пра ўплыў маці і яе прынцыповасць. І адначасова сцвярджаў: калі яна раптам «здрадзіць рэжыму» ці адступіцца ад камуністычных ідэалаў, ён адрачэцца ад яе без ваганняў.
«Ён фанатык. У сваіх поглядах — сапраўдны фашыст», — рэзюмаваў Уладзімір Лабковіч.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
цалкам згодны, ў маскоўскай імперыі няма нацыяналізму , там нацызм і імперыялізм кіруе усім .
"без нацыяналізму не будзе ў нас дэмакратыі"
- Алесь Б.
Никак не меньше, чем в МО лукашенко...