«Сярэдні заробак у калектыве на сёння — чатыры мільёны з невялікім. Бюджэт горада вылучае нам палову, другая частка зарабку — гэта тое, што атрымлівае тэатр, прадаючы свае паслугі. Хай гэта груба гучыць, але тэатр сапраўды прадае сваё мастацтва і гэтым зарабляе грошы, — расказвае дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч. — Атрымліваецца, што наш заробак не зусім залежыць ад нашай працы. І зноў вяртаюся да патрэбы людзей хадзіць у тэатр. Калі чалавек хоча хадзіць у тэатр, значыць, ён будзе набываць квіток, і ў нас, адпаведна, будуць грошы на ўтрыманне тэатра і заахвочванне калектыву. А калі ён не будзе хадзіць, то ў нас, вядома, і грошай не будзе.
Для творчага работніка заробак — гэта сродкі да існавання, але не да нажывы. Чалавек творчы працуе 24 гадзіны ў суткі. Яму трэба пракарміць сябе і сваю сям'ю. Калі яго зарплата складае два мільёны з невялікім, тры ці нават чатыры мільёны рублёў, што ён будзе рабіць? Ён будзе шукаць, як зарабіць грошы. Таму сёння артысты многіх тэатраў шукаюць другую працу, падпрацоўку. Хтосьці працуе педагогам у навучальных установах культуры і мастацтва, хтосьці вядзе прыватныя ўрокі, хтосьці спявае ў царкоўным хоры. А хтосьці раскладвае тавары па паліцах у краме, кладзе плітку, выконвае рамонтныя работы…»
Каментары