Грамадства1717

Дзяўчына, якая дала адпор рабаўніку з пісталетам: «Чаму грошы не аддала? Я і сама не ведаю…»

Мужная дзяўчына, якая дала адпор узброеным рабаўнікам ламбарда, распавяла «Нашай Ніве» падрабязнасці незвычайнай гісторыі.

Яўгенія Аніковіч, таваразнаўца па адукацыі, працуе прыёмшчыкам тавару ў мінскіх ламбардах з 2011 года. У пачатку ліпеня 24 гадовая дзяўчына ўладкавалася на новую працу ў адну з устаноў сеткі «Плацінум-ламбард».

Яўгенія Аніковіч, фота з яе архіва

На той момант яна і ўявіць сабе не магла, што праз пару месяцаў, увечары 15 верасня, да яе завітае не чарговы кліент з гадзіннікам ці тэлефонам, а самыя сапраўдныя рабаўнікі з пісталетам.

Мужчыны — а іх было двое — з’явіліся ў невялікім памяшканні на праспекце Пушкіна каля 8 вечара.

«На той момант кліентаў у ламбардзе больш не было. Адзін застаўся каля дзвярэй — ці то пільнаваць, каб ніхто не ішоў, ці то яны ведалі, колькі прыкладна трэба службе аховы, каб прыехаць, турбаваліся пра гэта. Другі адразу накіраваўся да мяне. Падышоў да акенца, нацягнуў на галаву капюшон і наставіў на мяне пісталет», — распавяла «Нашай Ніве» Яўгенія.

На руках у мужчыны былі сінія медыцынскія аднаразовыя пальчаткі, такія прадаюцца ў кожнай аптэцы. Рабаўнік адразу пачаў патрабаваць у дзяўчыны, каб тая аддала яму грошы.

«Што ён там даслоўна казаў, я і не памятаю ўжо — была ў шоку, такое адчуванне, што гэта ўсё ці то не на самай справе, ці то не са мной адбываецца. Больш-менш узгадала наш дыялог, толькі калі сама паглядзела тое відэа», — усміхаецца сёння Яўгенія.

Праўда, на той момант ёй было не надта смешна.

«Пісталет, хутчэй за ўсё, быў несапраўдны, муляж альбо цацачны. Праўда, пра гэта я даведалася ўжо пасля, мне распавёў следчы — кажа, што сапраўдная зброя цяжкая і халодная. А ў рабаўніка пісталет быў цёплым і лёгкім. Але ж тады я не ведала — сапраўдны ён ці не», — кажа дзяўчына.

На той момант у касе ламбарда было каля 2 тысяч рублёў (20 мільёнаў «старымі» грашыма). Плюс золата. Але рабаўнік патрабаваў, каб Яўгенія аддала яму толькі пачак дзесяцірублёвак.

«Больш нічога не хацеў. Не ведаю, чаму, — паціскае плячыма дзяўчына. — У тым пачку было недзе рублёў трыста-чатырыста, не больш».

Чаму яна адмовілася аддаваць злачынцу грошы, Яўгенія і сама не ведае. Кажа, было вельмі страшна, цалкам верылася, што мужчына можа і стрэліць у яе. Аднак, нягледзячы на страх, штосьці вось унутры «перамкнула» і ўсё, кажа яна.

«Чаму грошы не аддала? Не ведаю нават, пра што я ў той момант думала. Я ж ніколі не магла і ўявіць, што траплю ў такую сітуацыю, таму плану, як сябе паводзіць, у мяне не было. Так вось проста атрымалася, што не аддала, што рызыкавала жыццём за чужыя грошы. Чаму — і сама не разумею», — смяецца Яўгенія.

Падчас «перамоў» са злачынцам дзяўчына зразумела, што той п’яны.

«Ды і потым было бачна, што ён расслабіўся і толькі палохае, страляць не будзе. І я паспрабавала выхапіць у яго пісталет, праўда, не атрымалася, — кажа Яўгенія. — Ну і ён пачаў мне пагражаць трошкі, маўляў, вы прыгожая, а зараз сабе нашкодзіце… Я яму адказваю — вы ж таксама прыгожы малады чалавек, але што ж вы робіце?»

Дзяўчына працягвала размаўляць з рабаўніком, бо чакала службу аховы.

«Я адразу выклікала ахоўнікаў, націснуўшы кнопку, як толькі ўбачыла пісталет, — тлумачыць яна. — Ну і цягнула час, размаўляючы, каб гэтых паспелі затрымаць».

Праўда, мужчыны паспелі збегчы да прыезду аховы.

«Не ведаю, колькі ахоўнікі ехалі. Шчыра, для мяне ўся тая сітуацыя цягнулася нібы вечнасць», — прызнаецца Яўгенія.

Ад гэтай гісторыі дзяўчына адыходзіла цяжка. Кажа, думала пра ўсё гэта яшчэ некалькі дзён. Яна жыве з бацькамі, цяпер маці, канечне, хвалюецца. Аднак хадзіць на працу Яўгенія не баіцца і мяняць яе таксама не збіраецца.

«Не, звальняцца не думаю. Папрасіла свайго хлопца сустракаць мяне каля 10 вечара, калі ламбард зачыняецца, ды і ўсё», — кажа яна.

Яўгенія Аніковіч, фота з яе архіва

Заробак у дзяўчыны невялікі — каля 6 мільёнаў рублёў.

«Той з пісталетам казаў жа мне: «Давай, зайка, мне грошы, а то я мала зарабляю». А я ж яму адказала: «Я таксама працую тут за капейкі, дык што, мне таксама ламбарды рабаваць?» — пасміхаецца Яўгенія. — Ці далі мне прэмію? Не, пакуль нічога. Не ведаю, можа начальства падзякуе потым. Усё ж зберагла ім і грошы, і золата».

Па вялікім рахунку, гэтая гісторыя не толькі напалохала Яўгенію, але і надала ёй упэўненасці ў сябе.

«Што, калі штосьці такое здарыцца яшчэ раз? Не ведаю. Можа балончык сабе куплю, на будучыню, можа яшчэ што. Карацей, прыдумаю што рабіць, — смяецца дзяўчына. — Ужо буду гатовая!»

Каментары17

Цяпер чытаюць

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Усе навіны →
Усе навіны

Спёка. Як перажыць і як паводзіць сябе ў такое надвор'е?1

Чаму мужчын прыцягваюць жаночыя азадкі? Навукоўцы і гэта патлумачылі39

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА3

«Гэтыя аб'екты былі асуджаныя». Чаму наступствы балістыкі па лагістычных цэнтрах пад Кіевам такія цяжкія10

У ліпені Расія яшчэ больш павялічыла закупкі паліва ў Беларусі

Зяленскі: Ракеты для Patriot могуць не даваць, каб Украіна была больш саступлівая15

У Тайландзе маланка забіла 24‑гадовага футбаліста проста падчас матча ВІДЭА2

Колькасць ахвяр ДТЗ у Светлагорскім раёне павялічылася да 4-х. Памерла яшчэ адно дзіця1

Прафесія гэтага беларуса — пужаць людзей. Ён расказаў, што трэба рабіць і колькі за гэта плацяць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць