Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган канстатуюць пазітыўную дынаміку развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Турцыяй. Пра гэта гаворыцца ў сумесным камюніке, падпісаным прэзідэнтамі 11 лістапада па выніках перамоў у Мінску.
«Прэзідэнты канстатавалі пазітыўную дынаміку развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Турцыяй і праявілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым падтрыманні рэгулярнага двухбаковага палітычнага дыялогу на ўсіх узроўнях, уключаючы самы высокі», — гаворыцца ў дакуменце.
У камюніке падкрэсліваецца, што бакі адзначылі новыя магчымасці развіцця гандлёва-эканамічных адносін у сувязі з членствам Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама наяўнасцю ў Турцыі мытнага саюза з Еўрапейскім саюзам.
Лукашэнка рашучым чынам асудзіў спробу ваеннага перавароту ў Турцыі і выказаў словы падтрымкі абранаму дэмакратычным шляхам ураду. У сваю чаргу Эрдаган выказаў задавальненне ў сувязі «з прыхільнасцю Беларусі дэмакратычным прынцыпам».
Лукашэнка і Эрдаган падкрэслілі прыхільнасць выкананню агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права, мэтаў і прынцыпаў ААН, умацаванне цэнтральнай ролі гэтай арганізацыі ў забеспячэнні падтрымання міру і бяспекі, процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам, мірнага ўрэгулявання міжнародных канфліктаў.
«Толькі бесперашкодны, раўнапраўны і канструктыўны дыялог можа спрыяць урэгуляванню міжнародных рознагалоссяў», — сказана ў камюніке.
Кіраўнікі Беларусі і Турцыі «асудзілі любыя віды тэрарызму, падкрэслілі важнасць міжнароднага ўзаемадзеяння ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй».
Лукашэнка і Эрдаган лічаць неабходным пашыраць і паглыбляць двухбаковыя сувязі ў каардынацыі і развіцці супрацоўніцтва ў знешняй палітыцы, уключаючы ўзаемную падтрымку кандыдатур у рамках міжнародных арганізацый.
Яны выказалі зацікаўленасць у павелічэнні аб'ёмаў і дыверсіфікацыі структуры ўзаемнага тавараабароту, сумесным пошуку новых сфер эканамічнага ўзаемадзеяння, ва ўмацаванні вытворчай кааперацыі, прасоўванні сумесна вырабленай прадукцыі на рынкі трэціх краін.
Гэта першы візіт у Беларусь Эрдагана, абранага прэзідэнтам Турцыі ў жніўні 2014 года. У красавіку гэтага года Эрдаган і Лукашэнка сустракаліся ў Стамбуле ў рамках саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які беларускі афіцыйны лідар наведаў па запрашэнні турэцкага кіраўніцтва. Падчас перамоў Лукашэнка прапанаваў «актуалізаваць парадак дня беларуска-турэцкага супрацоўніцтва, ажыццявіўшы перазагрузку па шэрагу канкрэтных кірункаў з акцэнтам на гандлі і эканоміцы», гаварылася ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта Беларусі. Тады ж Эрдаган пацвердзіў гатоўнасць наведаць Мінск.
Каментары