Меркаванні6363

Дашкевіч: «Дно беларускага палітыка: прынізіць сваіх жа прыхільнікаў, каб узвялічыць сябе»

Можа быць, я і дарма ўвязаўся ў гэтую сечу, але ўжо як ёсьць. Зь іншага боку, нічога новага я і не сказаў — толькі тое, што многія і многія гавораць па-за СМІ. Напэўна, прыйшоў час называць рэчы сваімі імёнамі публічна. Тым больш на коне, як заяўляе і «ўлада», і апазіцыя, незалежнасьць краіны.

Цягам дыскусіі вакол #БНР100 папсаваліся ацэнкі многіх да многіх, але тут я хацеў бы разважыць не пра ацэнкі, а пра адэкватнасьць.

Напрыклад, мне не падабаецца Лябедзька, мне не падабаецца, як ён тое ці іншае робіць, але ці цікава гэта ўсё, калі ў вырашальны момант Лябедзька мчыць у Курапаты адбіваць Сяргея Пальчэўскага? Якое значэньне маюць мае персанальныя ацэнкі, калі трэба арганізаваць супольнае для ўсіх беларусаў мерапрыемства? Напрыклад, мне вельмі не падабаецца фотка Губарэвіча з Ярмошынай, але ці мае гэта значэньне, калі мы павінны зрабіць супольна тое, што важна для тысяч і тысяч патрыётаў? Каб хрысьціць дзяцей разам ці ўступіць у іхныя партыі, гэта перашкаджала б, але не перашкода для арганізацыі вялікага сьвята вялікай падзеі.

Мне шмат хто не падабаецца ў беларускай апазіцыі, і я шмат каму не падабаюся таксама, але ўласныя эмоцыі — гэта не прычына ставіць свае інтарэсы вышэй за інтарэсы іншых, калі на коне незалежнасьць. Таму мы сядзім за адным сталом і абгаворваем, хто і што можа зрабіць, а галоўны крытэр для такіх размоваў — адэкватнасьць людзей, якія хай сабе і антаганісты па многіх пазіцыях, але ўмеюць размаўляць.

Зь іншага боку, ёсьць палітыкі, ідэі і рухі якіх падабаюцца нам больш, але размаўляць зь імі немагчыма — яны ўвесь час падзяляюць сваіх прыхільнікаў на правільных і няправільных. Цяпер я пра Мікалая Статкевіча.

Я тапіў за Статкевіча ў 2010, я тапіў за яго, калі ён сядзеў, я разам зь блогерамі і іншымі Белавусамі бегаў за ім пасьля вызваленьня, але што выйшла на выхадзе? Мяркуйце самі.

Пасьля сваркі аргкамітэту нейкі фрэнд Статкевіча ў фб запытаў яго: «Калі вы такі сьмелы, дзе вы былі, калі патрыёты ваявалі за Курапаты?» У сваім адказе спадар Мікола спачатку прыкінуўся, што ня ведае, пра што гаворка, а потым напісаў, што «нейкія людзі баранілі пляцоўку ў Зялёным Лузе, а не Курапаты». Для кіраўнікоў Касьцёла і Праваслаўнай царквы, для Янукевіча і Пазьняка, для Якубовіча і Давыдзькі, для сотняў абаронцаў і тысяч падтрымоўваючых — гэта была абарона Курапатаў, а для Статкевіча — «нейкія людзі ў Зялёным Лузе». Можна было б падумаць, што гэта выпадковыя эмоцыі, але ж такія адносіны Статкевіча да іншых сімптаматычныя.

Так, пасьля начной акцыі ў Курапатах 29—30 кастрычніка, спадар Мікола пісаў у сваім фб: «Некаторыя ходзяць на могілкі, а сьмелыя ідуць да забойцаў [на праспект]». Уяўляеце сабе такое дно беларускага «палітыка»: прынізіць сваіх жа прыхільнікаў, каб узьвялічыць сябе.

Тое ж самае і пра сёлетні Дзень Волі: «У каго ёсць мужнасць і годнасць, то давайце разам праявім яе [пойдзем на шэсьце], а пасля пойдзем у кавярні. У каго няма мужнасці і годнасці, то ідзіце адразу піць. І не замінайце тым, хто захаваў у сабе гэтыя якасці». Альбо: «Недзе за дрэвамі ў парку сьвяткаваць стагодзьдзе незалежнасьці таксама трэба. Але павінна быць годнае шэсьце па вуліцах сталіцы».

Разумееце, якая сітуацыя, патрыёты, калі дзяўчына з дзіцёнкам сваім ня пойдзе на шэсьце, а возьме бел-чырвона-белы сьцяг, дасьць сьцяжочак у ручкі свайму дзіцёнку і яны прыйдуць на дазволены мітынг, то яна ня мае мужнасьці і годнасьці, яна схавалася за дрэвамі.

Патрыёт, калі табе абрыдла бессэнсоўнае бадзянне па праспектах з людзьмі, якія ўжо самі ня ведаюць, куды і навошта ходзяць — ты страціў мужнасьць і годнасьць, ідзі адразу напіся і схавайся за дрэва ля Опернага тэатра!

У маім зборніку турэмных апавяданьняў «Чарвяк» ёсьць адно пад назваю «Статкевіч — баец!», але цяпер я разумею, што ў ім істотная памылка: заместа клічніка павінна стаяць кропка. Статкевіч — мужны, гераічны баец, яму б эпоху войнаў і рэвалюцыяў — быў бы нацыянальны герой, яму б у турму, — дзе таксама штодня трэба дзяліць усіх на ворагаў і сваіх, — быў бы наш лідар. Але пакуль няма вайны і мы на адноснай волі, тут часам трэба прыслухоўвацца да людзей, тут часам трэба быць спагадным да слабасьцяў і старацца падцягнуць прыхільнікаў да свайго геройскага ўзроўню, а не прыніжаць іх з вышыні адседжаных гадоў.

Можа быць, і дарма я ўвязаўся ў гэтую сечу, сябры, але калі ўжо прыйшоў час называць рэчы сваімі імёнамі, нам трэба сказаць ня самыя прыемныя словы.

Сказаць іх, каб прыйшло наступнае пакаленьне нашых палітычных лідараў, якое мусіць быць адначасна прынцыповым, але адэкватным, гераічным, але і спагадным, пакаленьне, якое будзе не падзяляць сваіх прыхільнікаў, а яднаць іх. Тады, відавочна, мы вельмі хутка засьвяткуем Дзень Волі на дзяржаўным узроўні.

Каментары63

Цяпер чытаюць

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon7

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon

Усе навіны →
Усе навіны

«Залічаная па нестандартнай працэдуры». Стала вядома, як шчодра падмазваў Эпштэйн універсітэт, у якім вучылася Карына Шуляк14

15 тысяч еўра на лячэнне Юрася Юркевіча сабралі за два дні2

У Мінску і Дзяржынску зніклі два 35‑гадовыя мужчыны. Праз некалькі дзён іх знайшлі мёртвымі9

Рубіа ў апошні момант адмяніў сустрэчу з лідарамі Еўропы аб пытанні Украіны7

Студзень 2026 года ўвайшоў у пяцёрку самых цёплых першых месяцаў года ў свеце. Як гэта ні дзіўна для беларусаў

Трамп заявіў, што Пуцін гатовы да здзелкі. Каб толькі Зяленскі не спудлаваў19

Самы першы «Боінг» з флоту «Белавія» зрабіў свой апошні рэйс1

Мошэс: У ЕС змірыліся, што Лукашэнка назаўсёды застанецца ў зоне ўплыву Расіі24

У Мінску развіталіся з выдаўцом і кніганошам Раманам Цымберавым1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon7

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць