У Рыа-дэ-Жанейра згарэў Нацыянальны музей Бразіліі — найстарэйшая ўстанова такога роду ў краіне. Пра гэта паведамляе тэлеканал Globo.
Пажар пачаўся раніцай у нядзелю. Нягледзячы на намаганні пажарных, агонь амаль цалкам знішчыў калекцыю музея, якая налічвала 20 млн прадметаў, а таксама большую частку бібліятэкі. Да будынка цяжка было падвесці ваду, ускладняў тушэнне і той факт, што для захавання многіх экспанатаў выкарыстоўваліся лёгкаўзгаральныя хімікаты. Шкода ад пажару пакуль не атрымала дакладнай ацэнкі.
Прэзідэнт Бразіліі Мішэл Тэмер выказаў шкадаванне з нагоды знішчэння музея і яго калекцыі. Прычыны ўзгарання пакуль невядомыя.
Як паведамляе выданне Estadao, згарэла большая частка будынка, дах абваліўся. Пажарныя паспрабавалі не даць агню ахапіць хаця б прыбудовы музея. Пажар у будынку працягваецца.
Будынак музея ў мінулым служыў рэзідэнцыяй партугальскіх каралёў падчас акупацыі Партугаліі французамі ў XIX стагоддзі, а затым і імператараў Бразіліі. Музей быў заснаваны ў 1818 годзе і спачатку быў зборам мясцовай флоры і фаўны, на той момант мала вывучанай каланістамі. Затым да іх дадаліся рэдкія мінералы, кнігі, а таксама археалагічныя артэфакты, уключаючы самыя старыя амерыканскія муміі і іншыя старажытнасці.
Каментары