Што мы слухалі ў кастрычніку: самыя значныя музычныя альбомы месяца
У падборцы найлепшых альбомаў другога месяца восені знайшлося месца ўсім: блэк-металу і танцавальнай музыцы, спевам беларускага Палесся і дабстэпавым эксперыментам. Паглядзіце, што мы для вас сабралі!
Разбітае Сэрца Пацана — Карняплоды любві

Пяты альбом культавага беларускага гурта. Музыкі пастараліся зрабіць яго разнапланавым, прыправіўшы гучанне ноткамі рэгі, фанку і панку.
У чарговы раз прызнаёмся у любові да РСП і раім вам зрабіць тое ж самае!
Behemoth — I Loved You at Your Darkest

Калі на баку цемры ёсць нешта неверагоднае, то музыка Behemoth дакладна ўваходзіць у гэты спіс.
Польскія блэк-металісты выдалі чарговы выдатны альбом. Кожная кампазіцыя перадае спакусу цьмянага боку, які пакрысе перацягвае цябе, пакідаючы ў душы ўсё менш святла.
Twenty One Pilots — Trench

У альбоме Trench музыкі зноў стварылі цэлы сусвет са сваім сюжэтам, які раскрываецца з кожным трэкам. Раней гэта была барацьба дабра са злом унутры чалавека, у новым альбоме Twenty One Pilots ёсць цэлы горад Дэма, дзе дзевяць тыранаў-епіскапаў утрымліваюць людзей, па іншы бок — паўстанцы, якія здолелі збегчы і цяпер спрабуюць вызваліць астатніх.
Слухайце, спрабуйце застацца ў жывых у горадзе Дэма.
Parcels — Parcels

Берлінскі гурт, які быў заснаваны ў Аўстраліі, выдаў свой дэбютны альбом.
Летась гурт выдаў сумесны трэк з легендарнымі Daft Punk, і, сапраўды, у гучанні Parcels можна знайсці нешта да болю знаёмае.
Tom Morello — The Atlas Underground

Легендарны гітарыст Rage Against The Machine запісаў вельмі незвычайны сольны альбом. Да супрацы Том Марэла запрасіў прадстаўнікоў абсалютна розных музычных жанраў, з чаго атрымалася нешта кшталту гістарычнага зрэзу таго, што модна слухаць сёння.
Vuraj — Lito

«Літо» — гэта беражліва сабраныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя каляндарна-абрадавыя песні беларускага Палесся.
Сяржук Доўгушаў і Vuraj на працягу 4 гадоў шукалі іх у экспедыцыях, знаходзілі і надавалі кожнай сваё адметнае «вурайскае» гучанне.
Disturbed — Evolution

Сёмы альбом амерыканскіх металістаў, які яны прысвяцілі памяці Чэстара Бенінгтана ды Віні Пола.
На стварэнне плыткі музыкаў натхняла тое, што яны слухалі ў сваім дзяцінстве, таму Evolution у кантэксце развіцця Disturbed — гэта вяртанне да вытокаў.
Tesla Boy — Remedy

Першы альбом расійскага электроннага гурта за апошнія 5 год.
Remedy запісваўся ў Маскве, Лондане, Празе, Санкт-Пецярбургу і нават на востраве Балі. Запіс у Лондане супаў з атручваннем Скрыпалёў, і лідар Tesla Boy Антон Севідаў (які нарадзіўся ў Мінску і мае беларускія карані) прызнаваўся, што было адчуванне, што ўвесь свет звар'яцеў.
І толькі атмасфера любові дапамагла зрабіць альбом такім, якім ён у выніку атрымаўся.
Луна — Заколдованные сны

У пачатку года ўкраінская спявачка паабяцала працяг альбома «Остров свободы», але замест яго выйшлі «Заколдованные сны». Гэта сапраўды вядзьмарскія песні з вывераным гукам і балансам настальгічнага і сучаснага.
Сама спявачка падала альбом як гісторыю кахання, апісаную ў 11 песнях.
Robyn — Honey

Легенда поп-музыкі вярнулася, і вярнулася трыумфальна.
Першая за восем гадоў плытка Робін — гэта тое, як гучыць сэксуальнасць у поп-музыцы.
А што вы слухалі ў кастрычніку? Пішыце ў каментарах!
Нашы папярэднія агляды:
-
У лідара гурта a-ha Мортэна Харкета дыягнаставалі хваробу Паркінсана
-
Ганна Бонд крытыкуе, дэпутатка Мірончык-Іванова спявае пра «крошку»: у Мінску з аншлагам прайшоў канцэрт «Руки вверх»
-
Каб зняць прапагандысцкі кліп, прыдворны кампазітар Алейнік выцягнуў літаральна з-пад кропельніцы 86-гадовую бабулю
Каментары