Гісторыя22

Амерыканскі гангстар у Нясвіжы: карупцыя, падробка дакументаў і прастытуцыя

Пра яўрэйскую мафію ў Нясвіжы 1920-х распавядае гісторык Уладзімір Караленак.

Хутка па горадзе пайшла пагалоска, што дзякуючы амерыканскаму джэнтльмену можна пераехаць у Новы Свет. У тыя часы трапіць у Амерыку было ўжо не так проста. Амерыканскія ўлады закручвалі гайкі, пэўным катэгорыям забаранілі ўезд у ЗША. У 1924 годзе колькасць квот для імігрантаў скарацілі да 165 тысяч чалавек на год. Адна з прычын: толькі ўгледзеўшы статую Свабоды, імігранты ўжо знаёміліся з вярбоўшчыкамі, якія адразу ўцягвалі іх у крымінальны свет.

Той самы Баскін. Фота з Архіва новых актаў у Варшаве.

Консул п’е, віцэ-консул гуляе, мафія кіруе

Нью-ёркская яўрэйская мафія ў 1920—1930-я супернічала з чыкагскімі італьянскімі мафіёзі на чале з Аль Капонэ і востра патрабавала штогадовай падпіткі людзьмі, яшчэ невядомымі для паліцыі ЗША і гатовымі пры гэтым на ўсё, каб замацаваць за сабой месца на новай радзіме.

Прыехаўшы на радзіму ў 1927 годзе, Морыc распачаў працу са знаёмства з супрацоўнікамі пасольства ЗША ў Варшаве. Ён заўважыў, што віцэ-консул Гары Хал схільны да багемнага ладу жыцця. Гэта завяло яго ў вялікія даўгі, а консул на ўсё заплюшчвае вочы з прычыны свайго хранічнага алкагалізму.

Тры пашпарты для шлюбных афер

Так стала магчымым складаць пакет дакументаў для адпраўкі грамадзян у Амерыку за лічаныя тыдні. Мужчыны атрымлівалі працоўныя візы па запрашэнні амерыканскіх фермераў, разам з імі ехалі сем’і. Зразумела, што фермеры так і не дачакалі танных работнікаў з Усходняй Еўропы. Замест гэтага на вуліцах Брукліна з’яўляліся новыя зорачкі на цёмным небе крымінальнага свету.

Дэтэктывы аглядаюць месца злачынства: ахвяра гангстарскіх разборак у барабане на адным з палёў у Брукліне.

Набыццё пакета дакументаў для эміграцыі каштавала 600—650 даляраў. Для 1920-х гэта былі гіганцкія грошы, аднак у Баскіна не было адбою ад кліентаў. Падчас жыцця ў Польшчы, каб не надта прыцягваць да сябе ўвагу, ён выкарыстоўваў пры запаўненні розных дакументаў прозвішча Баскір. Акрамя гэтага, быў у яго і амерыканскі пашпарт на імя Сэмюэла Салаўя. Два амерыканскія пашпарты былі патрэбныя для іншага кірунку працы: у клубах і кабарэ Нью-Ёрка, якія кантралявала яўрэйская мафія, быў пастаянны недахоп супрацоўніц. Баскін прыдумаў геніяльны план: раздаўшы амерыканскія пашпарты сваім паплечнікам, ён разам з імі падарожнічаў па гарадах і мястэчках у пошуках прывабных дзяўчат. І вось у 1929 годзе лёс прывёў яго на малую радзіму, у Нясвіж.

Карыкатура на Морыса Баскіна ў амерыканскай прэсе. Фота: newspaperarchive.com.

Дзяўчаты ў той час практычна не мелі шанцаў трапіць у ЗША самастойна. Таму, падкупіўшы шэраг рабінаў і іх сакратароў, Баскін пачаў кар’еру шлюбнага аферыста. Ён і члены ягонай банды вербавалі дзяўчат з усёй краіны, але менавіта ў маленькім павятовым гарадку на мяжы з Савецкім Саюзам Баскін пацярпеў фіяска.

Нясвіжская паліцыя выходзіць на след

Вуліца Віленская ў 1927 годзе (цяпер Ленінская). Дом Баскіных знаходзіцца насупраць Ратушы, цяпер на яго месцы — пяціпавярховік. Фота: Інстытут мастацтва польскай Акадэміі навук.

25 чэрвеня 1929 года варшаўская паліцыя атрымала паведамленне, што гандляр жывым таварам Морыс Баскін знаходзіцца ў гатэлі «Лонданскі». Назва не павінна ўводзіць у зман — гэты гатэль не быў звязаны з англійскай сталіцай, затое быў цэнтрам яўрэйскай мафіі Варшавы. Тут збіралася арыстакратыя крымінальнага свету міжваеннай Польшчы. Час ад часу чуліся стрэлы, але паліцыя прыязджала сюды вельмі неахвотна.

Паліцэйская фотакартка Давіда Баскіна, зробленая падчас яго арышту ў 1929 годзе ў Варшаве. Фота: Архіў новых актаў у Варшаве.

Аднак калі паліцыя ўварвалася ў нумар Морыса Баскіна, таго ў гатэлі ўжо не было. У пакоі знайшлі дваццаць фотаздымкаў дзяўчат, пашпарты, пасведчанні аб шлюбах і карэспандэнцыю на мове ідыш.

Справу прыпынілі, але перад следчымі ўжо пачала разварочвацца афера Баскіна: за два гады па сваіх двух пашпартах ён ажаніўся больш за 60 разоў!

Паліцыя пачала сачыць за супрацоўнікамі амбасады і ў хуткім часе атрымала ордары на ператрус. У выніку былі знойдзены дзясяткі дакументаў для эміграцыі, пячаткі. У пісьмовым стале віцэ-консула Гары Хала, які паспеў узяць адпачынак для падарожжа на радзіму, знайшлі тэлеграму «Не пісаць. Не тэлеграфаваць. Справа дрэнь».

Усё адно арыштавалі

Як толькі Морыс Баскін зразумеў, што следчыя занадта блізка падабраліся да яго, выехаў з Польшчы. У акружэнні «жонак» ён у чарговы раз плыве на сваім улюбёным лайнеры «Левіяфан» з французскага Шэрбура ў Нью-Ёрк.

«Левіяфан» (першапачаткова «Фатэрлянд») — адзін з самых вялікіх караблёў у 1920-х гадах у заліве Нью-Ёрка. Фота: Wikimedia Commons.

Гэта быў адзін з самых шыкоўных лайнераў кампаніі United States Line. На ім падчас трансатлантычнага падарожжа можна было не адмаўляць сабе ні ў чым. На караблі быў нават басейн, а ў бары ў разгар сухога закона дазваляўся продаж алкаголю. Паліцыя накіравала ў Шэрбур і ў кіраўніцтва пасажырскай кампаніі тэлеграмы з апісаннем Баскіна і яго двух пашпартоў, але, відаць, той меў яшчэ і трэці, бо ў рукі паліцыі не патрапіў.

Басейн на борце «Левіяфана». Фота: Wikimedia Commons.

У ЗША, праўда, Морыса Баскіна і віцэ-консула Гары Хала хутка арыштавалі, але ўжо праз некалькі гадоў яны апынуліся на свабодзе. Баскін працягнуў сваё падарожжа па дарозе крымінальных прыгод, але на радзіму яго ўжо не цягнула.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком23

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі выпрабоўваюць расійскі перахопнік дронаў «Молат»5

У Луўры і Версалі дзесяць гадоў прадавалі падробленыя квіткі

Аліеў абвінаваціў Крэмль у свядомых ударах па азербайджанскім пасольстве ў Кіеве6

Расія перакрывае шляхі для ўвозу танных машын праз Беларусь2

Маладзечанская фермерка, чыю сядзібу атакавалі чужыя каровы, расказала, як вырашылі яе праблему4

У расійскай Уфе людзі душыліся ў змаганні за паветраныя шарыкі. Ёсць пацярпелыя9

«Рэцэпты прыйшлі яшчэ ад прабабулі». Мазыранка тры гады вядзе кулінарны блог і сабрала амаль 140 тысяч падпісчыкаў

Як прайшла першая творчая сустрэча з Максімам Знакам6

Прэм’ерка Даніі: Трэба дазволіць наносіць удары ўглыб Расіі, бо ў Расіі разумеюць толькі сілу13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком23

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць