Грамадства44

Касцёл, дзе вернікі вучаць ксяндза. Як у Гродне 20 гадоў праходзіць імша для глуханямых

У жніўні душпастырства людзей з абмежаваннямі па слыху адзначыла юбілей — 20 гадоў. Новы душпастыр ксёндз Ян Кузюк расказаў, як усё пачыналася ў 1998-м, навошта ксяндзы вучылі жэставую мову і чаму перакладчык на імшы — гэта не тое ж самае, што ксёндз, які ведае мову, піша Hrodna.life.

Як усё пачыналася

Асаблівая імша праводзіцца па нядзелях у Брыгіцкім касцёле. Зараз яна збірае каля 30 чалавек. Прыходзяць і дарослыя, і моладзь, і дзеці з абмежаваннямі па слыху. «Яшчэ «па Калядзе» не хадзіў», — усміхаецца ксёндз Ян у адказ на пытанне, колькі людзей у душпастырстве.

Касцёл, дзе вернікі вучаць ксяндза. Як у Гродне 20 гадоў праходзіць імша для глуханямых
Брыгіцкі касцёл.

Душпастырам ён стаў у ліпені гэтага года. А пачалося ўсё значна раней. «У 98-м годзе ксёндз Валерый Лісоўскі, будучы д’яканам, зацікавіўся гэтымі людзьмі. Ён бачыў, што яны патрабуюць імшы, сакрамэнтаў, але абмежаваныя тым, што не чуюць», — расказвае ксёндз Ян.

Людзі з абмежаваннямі па слыху маглі чытаць па вуснах, проста прысутнічаць на імшы, але не маглі ўдзельнічаць у працэсе. Так 20 гадоў таму з’явілася ініцыятыва ксяндза Валерыя, якой ён займаўся 20 гадоў. Першую імшу ў маі 98-га года правёў ксёндз Анджэй Радзевіч з перакладчыкам з жэставай мовы. Потым ксёндз Валерый вывучыў мову і шмат гадоў прыязджаў адпраўляць імшу, хоць ужо стаў настаяцелем прыхода ў Вярэйках Ваўкавыскага раёну. Праз нейкі час стаў дапамагаць ксёндз Віталій Дабраловіч, які быў дырэктарам дабрачыннай арганізацыі «Карытас» у Гродне. Зараз ён стаў дырэктарам «Карытаса» па ўсёй Беларусі і з’ехаў у Мінск.

Пры чым тут дзеці і футбол

Ксёндз Ян зацікавіўся імшой для людзей з абмежаваннямі, калі вучыўся ў семінарыі на трэцім-чацвёртым курсе. Па размеркаванні ён прыйшоў дапамагаць падчас святаў у Брыгіцкі касцёл.

«На тое, каб гэтым займацца, падштурхнула сустрэча міністрантаў [тых, хто прыслужвае ля алтара — рэд.], якія не чуюць. Я вельмі любіў і люблю гуляць у футбол. На сайце grodnensis.by часам выходзяць тэксты з фоткамі. Хлопцы мяне пазналі і давай са мной размаўляць жэстамі. А я не разумею! Няма ксяндза, яны мне нешта паказваюць, жэсцікулююць, а я ўсміхаюся і не магу зразумець. Потым яны пісаць на картках пачалі, я адказваць стараўся. Але што я адкажу?».

Касцёл, дзе вернікі вучаць ксяндза. Як у Гродне 20 гадоў праходзіць імша для глуханямых
Ксёндз Ян і перакладчыца з жэставай мовы. Ксёндз карыстаецца яе паслугамі, калі мае мала часу, як было гэтым разам.

Так семінарыст Ян вырашыў вывучыць мову і кожную нядзелю прыходзіў служыць на імшу для глухіх. Потым стаў ксяндзом і вікарыем у Путрышках і ездзіў сюды праводзіць імшу або спавядаць. Не аднойчы граў у футбол з хлопцамі, якія яго натхнілі на вывучэнне мовы. «Мне казалі: цікавая ў цябе каманда — ані слова не скажуць. Толькі паказваюць жэстамі. Гэта такая тактыка?» — усміхаецца Ян.

А потым яго адправілі служыць вікарыем у Ашмяны на тры гады і ў Ваўкавыскі раён на дзевяць месяцаў. Жэставая мова паступова забывалася. Але неўзабаве ў ксяндза Валерыя пачаліся праблемы са здароўем і ён не мог ужо так часта прыязджаць на імшу, а ксёндз Віталій з’ехаў у Мінск. Так Ян з веданнем жэставай мовы зноў апынуўся ў Гродне. З лета ён вікарый у Бернардынскім касцёле і душпастыр глуханямых.

Ксёндз вучыць парафіян, а парафіяне ксяндза

Месяц хапіла ксяндзу Яну, каб узгадаць жэставую мову. А калісьці было складана. Вучыўся ў ксяндза Валерыя, па кнігах з карцінкамі, па відэароліках. Адразу шмат жэстаў запомніць цяжка. А ў астатнім — як звычайная мова.

«Бывае, слова выскачыць — і не можаш узгадаць. Так і з жэстамі. Хаця часам, калі забываеш ці не ведаеш, можна слова замяніць дактылем — паказаць па літарах», — расказвае Ян.

Як і ў любой мове, важна камунікаваць з яе носьбітамі. А прыхажане не саромеюцца пасля імшы сказаць ксяндзу, што ён робіць памылкі і патлумачыць, як трэба. «Даўно не прыходзілі — значыць, усё добра», — усміхаецца ксёндз Ян.

Касцёл, дзе вернікі вучаць ксяндза. Як у Гродне 20 гадоў праходзіць імша для глуханямых

Спачатку было нязручна, бо ксёндз Ян заканчваў беларускамоўную гімназію, а імша для глуханямых праводзіцца на рускай мове. Жэставая мова адрозніваецца ў розных мовах. І дактыль адрозніваецца з-за розных алфавітаў. Цяжкасці ўзнікаюць з рускамоўнымі тэрмінамі. Напрыклад, якім жэстам паказаць «благоволение»?

Усе выказванні ксёндз і прамаўляе, і паказвае жэстамі. Гэта таму, што не ўсе людзі цалкам глухія. Некаторыя на 60% чуюць, некаторыя са слухавым апаратам ходзяць. Часам прыходзяць глухія са здаровымі дзецьмі ці наадварот. Так што прамову зразумее кожны.

Касцёл, дзе вернікі вучаць ксяндза. Як у Гродне 20 гадоў праходзіць імша для глуханямых

Чаму перакладчык на жэставую мову — гэта мала?

— Розніца ёсць для іх, — сур’ёзна прамаўляе Ян. — Адна справа, калі хтосьці перакладае. І іншая — душпастыр, які можа з імі напрамую размаўляць. Яны хочуць ксяндза, які іх разумее і размаўляе сам, а не праз пасярэднікаў. У іх ёсць пачуццё, што іх не заўважаюць. Ім крыўдна. Многія не камунікуюць, бо няма магчымасці, іх не разумеюць. І ў іх ёсць неабходнасць прамой камунікацыі з ксяндзом, а не з пасярэднікам.

Таму прыходзілі ў касцёл і дарослыя людзі, у сталым узросце прыймалі хрост. Прыхаджане актыўна ўдзельнічаюць у літургіі. Ксёндз кажа, што ў іх дыялог: людзі цікавяцца, пытаюць. «Гэта як на ўроку: адно, калі выкладчык проста прачытае, і іншае, калі патлумачыць».

— І яны вельмі радыя. Радыя таму, што разумеюць. Гэта вельмі ўдзячныя людзі: кожнага ксяндза, які быў ці ёсць, яны памятаюць і чакаюць у госці.

Як праходзіць споведзь глуханямых?

Споведзь праходзіць у невялікім закрытым пакоі, бо трэба бачыць адзін аднаго. Калі няма ксяндза, які валодае жэставай мовай, той, хто спавядаецца, піша грахі на паперцы.

Пахаванняў і вяселляў у гэтым прыходзе ў практыцы ксяндза Яна пакуль не было. Быў хрост. Гэтыя таінствы для глуханямых і звычайных людзей не адрозніваюцца. Толькі словы малітвы не прапяваюцца, а прамаўляюцца жэстамі.

«Мы нясем Слова Божае ўсім людзям»

Камунікацыя з ксяндзом не абмяжоўваецца імшой. Тры гады таму разам з ксяндзом парафіяне ездзілі ў пілігрымку ў Польшчу па святых месцах. Перад імшой ці пасля яе ксёндз Ян цікавіцца, як справы на працы, у сям’я. У планах — арганізаваць дадатковыя сустрэчы, дзе можна будзе паразмаўляць, папіць гарбаты. Калі гэта, канешне, будзе сапраўды патрэбна людзям.

— Чым яны горшыя за нас? Мы нясем Слова Божае ўсім людзям. Што ўбачыў ксёндз Валерый? Яны стаялі сярод людзей і проста прысутнічалі. Яны дагэтуль удзячныя, што такое ёсць. І прыходзяць слухаць, — кажа ксёндз Ян.

Самая складаная з моваў

У мінулым годзе ў царкве Святога Мікалая ў Гродне айцец Цімафей таксама пачаў праводзіць службы для глуханямых. У Беларусі такія богаслужэнні для католікоў праводзяцца яшчэ ў Брэсце, для праваслаўных — у Гомелі, для абодвух канфесій — у Мінску.

— У Гродзенскай вобласці на ўліку стаіць 1256 людзей, — расказвае Ганна Супрун, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі «Беларускае таварыства глухіх», якая дапамагала ксяндзам з вывучэннем мовы. — Людзей з парушэннямі слыху нашмат больш. Яны нічым не адрозніваюцца ад нас — толькі тым, што ў іх парушэнні слыху. Яны так жа хочуць усё ведаць, хадзіць у касцёл і разумець, што там адбываецца. Я б сказала, гэта самая складаная з існуючых моваў. Бо ёсць абмежаваная колькасць жэстаў — і вялікая колькасць словаў. Імшу перакладаць — я сама перакладала — складана. Дзякуй ксяндзам, што, нягледзячы на сваю загружанасць, яны вывучылі гэтую мову.

Каментары4

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні2

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў4

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць