Пад Новы год кожны з нас, нават самы хмуры песіміст, верыць у цуды. А якіх цудаў чакае аматар гісторыі? Канечне, перанесціся ў мінулае. Стаць сведкам тых падзей, пра якія чытаў у кнігах, пабачыць мясціны, якія захаваліся толькі на старых фотакартках. Ну што ж, панове, апранайце свае самыя прыгожыя футры ды падвязвайцеся цёплымі шалікамі. Мы паляцім у мінулае, каб паглядзець, як адзначае свой апошні мірны Новы год старасвецкі горад над Свіслаччу. Запрашае гісторык-архівіст Дзмітрый Кішкілевіч.
«Як жа, паляцім, — пасміхнецца чытач, — няўжо з Дзедам Марозам на аленевай запрэжцы?» Запрэжка — гэта добра, але вось Дзеда Мароза тады, на пачатку ХХ стагоддзя, яшчэ не існавала. Хіба толькі Святы Мікалай у хрысціян, але і той не меў такога культу, як створаны за савецкім часам Дзед Мароз. Таму скарыстаемся толькі ягонымі аленямі.
31 снежня 1913 года. Серада. Перад намі горад, як тады любілі казаць, «на сямі пагорках». Праўда, мала хто са 102 тысяч жыхароў можа падлічыць іх дакладную колькасць. Прыгледзьцеся, і вы заўважыце, як вырас Мінск за 105 гадоў: звыклыя для нас раёны, такія як Серабранка, Малінаўка, Сухарава, Каменная Горка, яшчэ застаюцца глухімі вёсачкамі ў далечыні ад гарадскіх агнёў.
У Мінску ж усё больш вуліц асвятляюцца электрычнымі ліхтарамі. Дарэчы, са Швейцарыі якраз чакаецца пастаўка новай дынама-машыны для гарадской электрычнай станцыі. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да будаўніцтва ліній гарадскога трамвая, асфальтуюць маставыя, будуюць новыя дамы. Мінск паступова набывае рысы сучаснага еўрапейскага горада. Давайце паглядзім на яго бліжэй.
Meccano, Lionell і Teddy
Мы, як панства шляхетнае, павінны зайсці ў гэты святочны горад з параднага ўвахода. А іх у Мінску ажно два: Брэсцкі вакзал (не захаваўся) і Віленскі (цяпер станцыя Мінск-Пасажырскі). Апошні, як піша газета «Мінскае слова», сёння «ўпрыгожаны яловымі галінамі і святочнай ілюмінацыяй». Каля багажнага аддзялення вакзала штурханіна: тыя, хто не паспеў загадзя набыць падарункі для дзяцей, з нецярпеннем чакаюць грузавы цягнік з Вільні. Адтуль прыбудуць эксклюзіўныя замежныя тавары для аматараў навінак. Юныя мінчукі чакаюць найпапулярнейшых цацак і гульняў: англійскі канструктар Meccano, амерыканскую цацачную чыгунку Lionell і плюшавага мядзведзя Teddy. Натоўп узбуджанымі воклічамі сустракае доўгачаканы цягнік з пасылкамі. Магчыма, сярод дзяцей, што радасна пляскаюць у далоні, ёсць і будучая актрыса Стэфанія Станюта, чыя сям'я арандуе кватэру непадалёк. А мы ляцім далей.
«Мінчукі ў шоку ад таго, што на бялізну можа быць такі асартымент»
Цяпер паглядзім, што падрыхтавалі для мінчан гарадскія крамы: іх у Мінску заўсёды было нямала. Ля прылаўкаў, акрамя прыказчыкаў (прадаўцоў па-нашаму), стаяць і самі ўладальнікі, у большасці сваёй — яўрэі. Сваё свята Новага года яны адсвяткавалі яшчэ ў верасні. Зараз жа, не губляючы каштоўныя хвіліны ажыятажу, дапамагаюць хрысціянам выдаткаваць грошы з карысцю для душы і цела.
Пад намі доўгая Захар'еўская вуліца, што працягнулася праз увесь горад да самай Камароўкі. На першых паверхах невысокіх каменных дамкоў — упрыгожаныя вітрыны. Як і ў наш час, гандляры завабліваюць пакупнікоў выгаднымі прапановамі.
Навагоднія цацкі прадаюцца практычна ва ўсіх мінскіх крамах: ад аптэк да кнігарняў. Гэта рознакаляровыя шарыкі, кветачкі з пап'е-машэ і Віфлеемскія зоркі на вярхушку ёлкі. Вялікі выбар ёлачных цацак сёння прапануе магазін Шэйнгаўза (цяпер тут дом № 14 на праспекце Незалежнасці). Набор шарыкаў і цацак каштуе ад 1 да 2 рублёў, што складае дзённы заробак простага завадскога рабочага. Таксама на прылаўках раскладзеныя маскарадныя маскі, «тыповыя і рознахарактарныя».
Набыць падарунак сабе любімай юныя і дарослыя мінчанкі заходзяць у салон капелюшоў Les Modes, што ў доме Уніхоўскага па Захар’еўскай, 33 (будынак захаваўся па адрасе Савецкая, 19). Сёння тут апошні дзень акцыі, калі пры куплі некалькіх зімовых капялюшыкаў — футравае манто за паўцаны.
У 1913 годзе вялікую папулярнасць мелі велізарныя жаночыя капелюшы, з метр дыяметрам.
Трэба думаць, не менш пашыранымі былі канфлікты сярод пасажыраў гарадской конкі, якія ўзнікалі пры ўваходзе модніцы ў вагон.
Мужчыны аддаюць перавагу раскошнай краме «Элегант» на першым паверсе гасцініцы «Гарні» (знаходзілася па адрасе Захар’еўская, 64, цяпер на гэтым месцы пачатак сквера імя Дзяржынскага па праспекце Незалежнасці). Тут выстаўлены манекены з мужчынскімі касцюмамі з новага парыжскага каталога. У адным з трох пакояў крамы прадстаўлены шырокі асартымент мужчынскай бялізны ўласнай вытворчасці. «Мінчукі ўсё яшчэ ў лёгкім шоку ад таго, што на бялізну можа быць такі асартымент», — напіша пазней «Мінскі кур'ер».
Ёлачная дэманстрацыя
Адчуваеце свежы водар ялінкі? На Губернатарскай каля дома Браўдэ (цяпер на гэтым месцы жылы дом па Леніна, 4) створаны «спецыяльны ёлачны базар». «Цэны і выбар — па-за канкурэнцыяй», «для навучальных устаноў аптовыя цэны», — абвяшчае рэклама ў газеце «Мінскае слова». Ёлачны базар размясціўся проста на тратуары, каля яго збіраецца публіка. Усхваляваныя паліцыянты, баючыся палітычных дэманстрацый, спрабуюць рассеяць натоўп. Аднак людзі не разыходзяцца, наадварот — незадаволеныя воклічы і гучныя загады вабяць цікаўны народ.
Усё прайшло так, як і задумаў прадпрымальны Левітас, уладальнік аптэкарскай крамы праз дарогу. Гэта ён арганізаваў ёлачны базар на цэнтральнай вуліцы, дадаткова выставіўшы ў сваёй вітрыне наборы навагодніх цацак. Штраф у памеры 15 рублёў, які прысудзіць яму Мінскі акруговы суд за неналежную арганізацыю гандлю, анітрохі не засмуціць прадпрымальнага яўрэя. На гэтых ялінках ён паспеў зарабіць у дзясяткі разоў больш.
Бітва за мінскіх ласуноў
Які Новы год без прысмакаў? З гэтым цалкам згодныя мінскія гімназісты і гімназісткі, што атрымліваюць асалоду ад зімовых канікулаў і шакаладак «Марс». Аднайменная фабрыка знаходзіцца на Нямізскай вуліцы (цяпер тут тэрыторыя гандлёвага цэнтра па адрасе Няміга, 3). Цукеркі і шакалад гэтай фабрыкі былі настолькі папулярныя, што фанцікі ад іх знаходзяцца ў старых дамах і па сёння.
Навагоднія прысмакі ручной работы чакаюць мінчан у адной з найстарэйшых гарадскіх кандытарскіх — Франца Вянгржэцкага. Цукеркі, шакалад, печыва ды кексы тут лічацца дробнымі ласункамі.
На прылаўку выстаўлены цэлы палац з узбітых вяршкоў!
Да свята кандытары Вянгржэцкага вырашылі ісці на рэкорд: яны пякуць паўтараметровы торт, пасыпаны драбнёнымі арэхамі і напоўнены клубнічным джэмам. Самому ж уладальніку цукерні, Францу Вянгржэцкаму, не да святаў. Ужо некалькі гадоў ён прыкаваны да ложка цяжкай хваробай і даручыў кіраванне кандытарскай свайму вучню Белановічу, які спраўляецца на выдатна.
Але звярніце ўвагу на суседнюю шыльду. Кандытарская George названая ў гонар свайго гаспадара Георгія Рачкоўскага (яму не пагражае смерць ад сціпласці), і яна — галоўны канкурэнт Вянгржэцкага. Канкуруюць гэтыя дзве цукерні за сэрцы наведвальнікаў электратэатра Eden, што знаходзіцца акурат паміж імі. Сёння бітва кандытарскіх дасягнула апагею. У кожнай ідзе распродаж, зроблены пакой з більярдам… Але зніжка на пірожныя для наведнікаў «Эдэна» ёсць толькі ў Рачкоўскага. На аснове яго кандытарскай George узнікне фабрыка, якая існуе і сёння пад назвай «Камунарка». Няцяжка здагадацца, хто перамог у бітве за мінскіх ласуноў.
«Каўказ» ды «Сіла»
«Гэта ўсё добра, але дзе ж сапраўдная навагодняя весялосць у гэтым горадзе?!» — спытае нецярплівы чытач. Ну што ж, настаў час паказаць, як адпачывае Мінск напярэдадні Новага года. На скрыжаванні Пецярбургскай і Каломенскай вуліц, у круглым драўляным будынку цырка (цяпер тут Міхайлаўскі сквер), сёння апошні дзень гастроляў цырка «Калізей». Свае ўменні пакажуць акрабаты, фокуснікі ды «знакамітыя музычныя клоўны Мішэль і Нік, выканаўцы вядомай карціны «Чацвёра чарцей». Асабліва мінскія гледачы чакаюць выступ трыа мускулістых асілкаў «Сіла». На імпрэзу прыйшла публіка рознага ўзросту і дастатку. Гэта выдатна ведаюць мінскія кішэнныя зладзеі-«мазурыкі», гатовыя прыступіць да выканання сваёй працы пры першай штурханіне на ўваходзе ў цырк. Цікава, колькі кішэняў яны сёння абчысцяць?
У апошнія гадзіны 1913 года дробныя чыноўнікі і гараджане сярэдняга дастатку скіравалі свае погляды на кафэ і рэстараны. Недалёка ад цырка, на рагу Каломенскай і Захар'еўскай вуліц (цяпер на гэтым месцы будынак па Свярдлова, 1), вабіць водарам усходняй кухні рэстаран «Куток Каўказа». «Усё танна! Правізія свежая», — абвяшчае рэклама ўстановы ў газеце «Паўночна-заходняя капейка». Што яшчэ трэба для шчасця?
«Негры-танцоўшчыкі» і вясёлы карнавал
Правесці 1913 год, які запомніўся грандыёзнымі гарадскімі будоўлямі (падрыхтаваны запуск першага трамвая, плануецца пабудова гарадской Ратушы, бетоннага моста і калектара для неспакойнай Нямігі), трэба адпаведна. «Грандыёзная, небывалая, урачыстая сустрэча Новага года ў рэстаране «Фрыц»!» У доме Мельцара па Губернатарскай (цяпер тут будынак Нацыянальнага банка) свята будуць сустракаць з размахам. Гасцей чакае «вялікая парадная вячэра» з чатырох страў і келіха шампанскага за 1,50 рубля. А 21.30 пачнецца выступ аркестра Франца Крафта, а пасля 12-й ночы — «вясёлы карнавал з арыгінальнымі капелюшамі, снежкамі і серпанцінам».
Мінскі бамонд збярэцца ў самым раскошным кабарэ горада «Акварыум». Гэта адзін з трох мінскіх рэстаранаў, дзе ёсць сцэна. Апоўначы на ёй выступяць «негры-танцоўшчыкі з Амерыкі», басаногая танцорка Анінская, французскі дуэт «Танга» ды шмат іншых. Пасля — танцы да 4-й гадзіны раніцы. Навагодняя вячэра тут чамусьці называецца «канцэрт-монстр». Геранім Друцкі-Любецкі, буйны землеўладальнік ды дэпутат Дзяржаўнай Думы, — пастаянны наведнік «Акварыума». Пасля святкавання ён паедзе на еўрапейскі курорт у Германію. Падлячыцца.
Новы 1914 год
Блізіцца поўнач. Мы паспелі праляцець толькі над цэнтральнай часткай горада. Разам са снежнай завеяй у горад урываецца новы год. Праляціць ён міма мігатлівых вокнаў кватэр, за адным з якіх святочны тост для сваёй сям'і вымавіць гарадскі галава Станіслаў Хржанстоўскі, закруціць у танцы гасцей рэстаранаў, ускалыхне брычкі (але не разбудзіць рамізнікаў). Пранясецца па ўсіх вуліцах ды кране хвілінную стрэлку гарадскога гадзінніка на вежы калегіума. Мінск уступіў у 1914 год. Але цуду, у які так верылі мінчане, не адбудзецца.
Праз некалькі дзён, 9 студзеня, у коле сям’і адыдзе на той свет Франц Вянгржэцкі. Праз паўгода пачнецца Першая сусветная вайна, якая стане пачаткам канца Расійскай імперыі. Яшчэ праз год Мінск запоўняць дзясяткі тысяч уцекачоў з Варшавы, Вільні, Брэста, Гродна, іншых гарадоў ды вёсак. Абапал недабудаванай лініі гарадскога трамвая будуць бадзяцца тысячы беспрацоўных і бяздомных. У дзясяткі разоў вырастуць цэны ў крамах, а эпідэміі і злачыннасць стануць звыклай часткай гарадскога жыцця.
Але гэта будзе потым, а зараз горад весяліцца. Дык не будзем яму перашкаджаць. Лепш запомніць Мінск такім — бесклапотным, яскравым і прыгожым.
Каментары