У доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука ёсць 700-старонкавая кніга «Раман Скірмунт (1868—1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю». Мы выбралі з яе шэраг нечаканых фактаў пра аднаго з прэм’ераў БНР.
Бацькі мелі 10 дзяцей, але разам не жылі
Аляксандр ажаніўся з Тэафілай Любанскай. Першых назвалі ў гонар бацькоў — Тэафіла і Аляксандр. Пара разам не жыла: Тэафіла толькі зімавала ў Парэччы, а з вясны да восені жыла ў Тэклінаполі на Вілейшчыне.
Чамусьці большасць дзяцей Аляксандра і Тэафілы не стварылі ўласнай сям’і. Ніхто з пяцёх сыноў не ажаніўся, і толькі дзве дачкі мелі дзяцей.
Пакахаў жонку свайго фурмана
Раман Скірмунт не быў жанаты, але меў каханую жанчыну. Ёю была сялянка Кацярына Цярэшка, ці то на 7, ці то на 12 гадоў маладзейшая.
Кацярына стала ўдавой у 1915-м, прычым помнік яе мужу ставіў сам Скірмунт, на камені захаваўся надпіс: «Pamięci Romana Tereszki. Druha wiernego Romana Skirmunta poswięcam». Фурман трагічна загінуў у 40 гадоў — скінулі коні.
Сыноў Кацярына нарадзіла яшчэ пры мужу, але не ад яго, лічаць вяскоўцы, з якімі размаўляў Алесь Смалянчук. Бо ўсе чацвёра сыноў: Олесь, Раман, Уладзімір і Петрусь — «былі падобныя да Скірмунта як партрэты».
Кацярына дажыла да 1957 года, а лёс сыноў склаўся па-рознаму. Олесь пражыў 37 гадоў, памёр у вайну. Вядома, што ажаніўся з дзяўчынай, якая не падабалася Скірмунту, бо выступіла супраць яго на сялянскім сходзе. Скірмунт гэты шлюб не ўхваліў, не даў дрэва на хату, і маладым прыйшлося пераехаць у суседнюю вёску. Олесь стаў кавалём, яго жонка Гэля — краўчыхай.
Іншы сын, Раман, быў лесніком у маёнтку Скірмунта, у 1939 годзе высланы.
Петрусь у час вайны служыў у паліцыі, адступіў разам з немцамі. У Польшчы яго нібыта арыштавалі, вывезлі на Усход.
Уладзімір Цярэшка дажываў пры маці, а ягоныя дзеці перабраліся ў Пінск.
Меў дзяцей ад некалькіх жанчын?
Магчыма, Кацярына Цярэшка была не адзінай жанчынай Скірмунта. Алесь Смалянчук запісаў успаміны кабеты, якая сцвярджае, што яе дзядзька, Георгій Кучынскі, — сын Рамана Скірмунта. Той клапаціўся пра адукацыю хлопца, дапамог паступіць у Пінскую гімназію, настаўніцкую семінарыю і, урэшце, Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве.
Чаму вяскоўцы так спакойна ставіліся да Скірмунтавых пазашлюбных дзяцей? Можам прыгадаць jus primae noctis, або «права першай ночы». Польскі антраполаг Юзаф Абрэмбскі падчас палескай экспедыцыі 1934—1936 гадоў запісваў успаміны пра часы прыгону. У прыватнасці, сюжэт пра Скірмунта з маёнтка Вітчоўка, да якога маці мусілі прыводзіць сваіх дачок перад вяселлем.
Генрыка Скірмунта, які жыў у Моладаве, лічылі шалёным
Раманаў брат спускаў сабак, як толькі нехта падыходзіў да палаца, часта крычаў на людзей. Калі мясцовыя дзеці аднойчы прыйшлі спяваць калядкі, ледзь не пазабіваў «за нашу мову», успамінае жыхарка Моладава. Псіхічна неўраўнаважаным чалавекам называе Генрыка Скірмунта дачка ягонага аканома.
Хаця дырэктар моладаўскай школы памятае наадварот: «пан Генрык ніколі не быў абыякавы да няшчасцяў, якіх хапала ў вёсцы», і дапамог скончыць будаўніцтва новай школы.
Пляменнік забіў сябе праз няшчаснае каханне
Аляксандр, сын Зянона Скірмунта, быў студэнтам гданьскай палітэхнікі. Пакахаў настаўніцу, бацькі былі супраць шлюбу.
Трагедыя здарылася ў маі 1930-га. Сучасныя вяскоўцы ўспамінаюць, што Генрык Скірмунт забараніў хаваць самагубцу на родавых могілках у Моладаве. Няшчаснай маці дапамог іншы дзевер, Раман Скірмунт: самагубцу пахавалі ў ягоным Парэччы, у парку.
У сям’і бытавала легенда пра велікакняскае паходжанне, але гаварылі пра гэта з іроніяй
Адна са Скірмунтаў, Ганна, падпісала ліст да віленскага выдаўца Юзафа Завадскага ў 1842 годзе: «Pana Dobrodzieja Najniższa sługa Anna Skirmuntt, Wielka Księżna Litewska, nieswieżska y Nowogródzka» («Пана дабрадзея недастойная слуга Ганна Скірмунт, вялікая князёўна літоўская, нясвіжская і навагрудская»).
Скірмунты падзяліліся прозвішчам з татарамі
Прадстаўнікі княжацкага роду Кадушэвічаў, або Аксак-Мірза, у 1631 годзе прынялі прозвішча Скірмунт. Прычыны пераймання невядомыя.
Яшчэ ў ХІХ стагоддзі прадстаўнікі татарскага роду — Мустафа, Асман, Ахмет Скірмунты — жылі на Гарадзеншчыне.
З сялянамі размаўляў на іх мове
Аднойчы новы войт прыехаў у Парэчча з «інспекцыяй». Зайшоўшы ў дом, наткнуўся на гаспадара, які накіраваў яго да аканома. Войт, аднак, вырашыў, што яго зневажаюць, і настойваў, каб да яго спусціўся сам Скірмунт. Раззлаваны Раман аблаяў яго «па-простаму» і выгнаў.
Па-беларуску Раман Скірмунт упершыню выступіў у Менску 12 сакавіка 1917 года, на Дні беларускага значка. Меў тады 48 гадоў. Паводле сведчання ксяндза Гадлеўскага, «добра ўладаў беларускай мовай (трохі з палескім акцэнтам: «шо, шчо»)».
Не даў зямлі польскім асаднікам
У Парэччы не выкарыстоўваліся два вялікія ўчасткі зямлі, і павятовая ўлада ў пачатку 20-х хацела перадаць іх асаднікам — польскім каланістам. Скірмунт, даведаўшыся пра гэта, тут жа прапанаваў яе ў арэнду мясцовым сялянам на любых умовах. Калі з’явіліся асаднікі, гаспадар развёў рукамі: маўляў, сяляне ўсё разабралі, так што і мне не засталося.
Забіраць зямлю ў сялян польская ўлада не наважылася.
Спадзяваўся на Сталыпіна
Скірмунт прызнаваўся, што Пётр Сталыпін ствараў уражанне чалавека, якому можна давяраць. Ён звязваў з асобай Сталыпіна надзеі на перамены, а таксама на супакаенне грамадскіх настрояў: сялянскія выступленні 1905 года закранулі і землі Скірмунтаў.
У вайну жыў на плошчы Незалежнасці
Пераехаў у Менск у час Першай сусветнай, з набліжэннем нямецкіх войскаў.
Разам з маці і двума слугамі пасяліўся на трэцім паверсе даходнага дома Абрампольскага, які стаіць на цяперашняй плошчы Незалежнасці, побач з Чырвоным касцёлам (дарэчы, фундатар касцёла, Эдвард Вайніловіч, быў адным з найлепшых сяброў Скірмунта). У гэтым жа доме здымала кватэру вядомая беларуская мецэнатка Магдалена Радзівіл.
Кастрычніцкі пераварот 1917-га пабачыў на ўласныя вочы і быў шакаваны
Жыў тады ў Петраградзе ў гатэлі «Еўрапейскі» і за абедам 25 кастрычніка яшчэ выказваў надзеі, што франтавыя вайсковыя часткі ўмяшаюцца і за пару гадзін зменяць сітуацыю. Да вечара спадзяванні зніклі.
Баючыся нападу, Скірмунт пераначаваў у апартаментах свайго сябра, Ежы Асмалоўскага, які меў уласных ахоўнікаў. Адзін з іх, Патап Еўтух з Піншчыны, вельмі ўсхваляваўся, пачуўшы, што будзе абслугоўваць славутага «поріцького пана».
Напісаў чарнавік тэлеграмы кайзеру Вільгельму
Тэлеграму з вітаннем германскаму кіраўніцтву адправілі 26 красавіка 1918 года.
«Сам прынцып пасылкі тэлеграмы не выклікаў вялікіх спрэчак, a доўгую, вельмі доўгую дыскусію выклікала рэдагаванне тэлеграмы i яе змест. Ішло аб тое, каб не сказаць замнога i не сказаць замала», — успамінаў Вінцэнт Гадлеўскі.
Вось якой атрымалася тэлеграма:
«Рада БНР, як выбраная прадстаўніца ўсяго беларускага народа, звяртаецца да Вашай Вялікасці са словамі глыбокай падзякі за вызваленне Беларусі германскімі войскамі з цяжкага чужога ўціску, гвалту і анархіі. Рада БНР дэкларавала незалежнасць цэлае і недзялімае Беларусі і просіць Вашу Вялікасць абараніць у яе кіраваннях да ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці і недзялімасці Беларусі у хаўрусе з Германскай імперыяй. Толькі пад абаронай Германскай дзяржавы бачыць добрую долю сваёй стараны ў будучыні».
«Высылаючы, спадзяваліся хуткага адказу i разам з адказам прызнання Беларускай Рады i Беларускай Народнай Рэспублікі de jure з боку сільнай тагды яшчэ Нямеччыны, — успамінаў ксёндз Гадлеўскі. — Спадзяваліся такжа, што такім парадкам беларуская справа стане на грунт міжнародны».
Быў незаменны ў перамовах
Антон Луцкевіч востра патрабаваў таленту Скірмунта на перамовах з польскай дэлегацыяй у 1919 годзе ў Парыжы.
«Старайцеся зрабіць усё, каб Скірмунт сюды прыехаў», — пісаў у лісце да сяброў дыпмісіі БНР.
Чытайце таксама: Раман Скірмунт. Страчаны шанс БНР
Тое ж і брату Івану: «Мы тут маемо вельмі многа работы. Страшэнна не хватае Рамана Скірмунта. Калі будзеш мець аказію, то напішы яму, каб канечне сюды прыехаў».
Захапляўся літаратурай, спрабаваў сябе ў крытыцы
У прыватнасці, Скірмунт напісаў артыкул на смерць Гётэ, а я яшчэ пад псеўдам Ро…мунт выдаў брашуру «Мішура і бляск. З разважанняў пра Славацкага». І за такую ацэнку сурова атрымаў ад прыхільнікаў творчасці польскага класіка.
Не цаніў Льва Талстога
У канцы 1910 года Раман Скірмунт выступіў у Дзяржаўнай Думе з прапановай скараціць тэрмін аўтарскіх правоў з 50 да 30 гадоў пасля смерці аўтара. Аргументаваў прапанову тым, што творы «сторонников общего переворота», такіх як Леў Талстой і Карл Каўцкі, разыходзяцца ў тысячах асобнікаў.
А творы, што маюць вялізнае культурнае значэнне, немагчыма перавыдаць.
Апошняя дапамога Максіму Багдановічу
У час Першай сусветнай у Мінску Раман быў кіраўніком харчовай камісіі Мінскай губерні, а Багдановіч быў яго сакратаром.
21 лютага 1917 года харчовая камісія разглядала план перавозак прадуктаў на сакавік, а таксама прашэнне сакратара камісіі пра адпачынак дзеля аздараўлення. Багдановіч атрымаў двухмесячны адпачынак з захаваннем зарплаты і 200 рублёў на лячэнне ў Ялце, адкуль ужо не вярнуўся.
Меў свой погляд на гісторыю
«Гісторыя — гэта жыццяпіс народаў, памылкі мінулага — яе папераджальныя знакі, праявы мудрасці і мужнасці продкаў — указальнікі шляху. Яна пашырае погляды, дае досвед. Досвед — гэта добры настаўнік, і хоць вучань часта бывае тупым, але пэўныя высновы з яго ўсё ж робіць».
Каментары