У Беларусі забароняць рознічны гандаль півам і слабаалкагольнымі напоямі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту не больш чым 7% з прымяненнем інтэрнет‑тэхналогій.Як паведаміла прэс‑служба ўрада, такая мера ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 2039 ад 30 снежня 2008 года.
Акрамя таго, рознічны продаж піва і слабаалкагольных напояў будзе забаронены ў гандлёвых аб’ектах на часавыя перыяды, якія будуць вызначацца аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам зыходзячы з асаблівасцей развіцця адпаведных адміністрацыйна‑тэрытарыяльных адзінак.
Паводле інфармацыі прэс‑службы ўрада, забарона рознічнага гандлю півам і слабаалкагольнымі напоямі пры дапамозе інтэрнет‑тэхналогій уводзіцца найперш для абмежавання спажывання гэтых напояў непаўналетнімі. Сёння ў Беларусі піва дазволена прадаваць асобам, якія дасягнулі 18‑гадовага ўзросту, а праз інтэрнет яго без праблем могуць замовіць падлеткі. Разам з тым гэтая забарона фактычна ніяк не адаб’ецца на аб’ёмах рознічных продаж піва і слабаалкагольных напояў, бо гандаль імі праз інтэрнет у краіне не развіты: пры дапамозе глабальнай сеткі ў Беларусі не рэалізуецца нават 0,5% ад агульнага аб’ёму рознічных продаж.
«Што да магчымай забароны рознічнага гандлю півам з боку Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў, то, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца ранейшая практыка нязначных абмежаванняў рознічных продаж піва падчас святаў і гулянняў», — зазначаецца ў прэс‑рэлізе.
Каментары