«На вяселлі плацілі за паветра і кідалі букет з арматурай». Маладзёны з Мінска зладзілі вяселле пад вадой ФОТА, ВІДЭА
«Гэта ўсё Антон, мой цяпер ужо муж прыдумаў», — дзеліцца Яна Піліпчук, мінчанка, якая сказала «так» пад вадой.
«Спачатку я думала, што ўсё гэта жарт: вяселле пад вадой, аквалангі, пытанні аб тым, як будзем распісвацца ў вадзе… А пасля таго, як наш інструктар па дайвінгу Аляксандр Назараў стаў усё ўсур’ёз пралічваць, я зразумела, што сапраўды выходжу замуж пад вадой», — кажа Яна.
Яна прызнаецца, што любоў да дайвінгу ў яе ўзнікла нечакана, разам са з’яўленнем у яе жыцці Антона.
«На 14 лютага ён мне падарыў сертыфікат на пагружэнне. Я і да гэтага любіла ваду, а цяпер дакладна магу сказаць, што гэта мая стыхія. А калі Антон прапанаваў узяць шлюб у вадзе, я падумала, ну калі я гатовая з чалавекам і ў агонь, і ў ваду, то гэта сапраўднае каханне», — дзеліцца Яна.
Прапановы выйсці замуж, прызнаецца Яна, яна так і не атрымала. Проста Антон хутка ўсё вырашыў разам з інструктарам, а Яну папярэдзілі пра тое, што ў яе вяселле, за пяць дзён да ўрачыстасці.
«Аказваецца, да вяселля цалкам можна падрыхтавацца за пяць дзён. Сукенку я купіла на «Куфары» за 70 рублёў. Паколькі роспіс быў пад вадой, мы зэканомілі на фатографах і аператарах — нас здымалі сябры, у якіх была адмысловая тэхніка. З прычоскай і макіяжам былі складанасці. Візажысты і цырульнікі, каторым я тэлефанавала, адмаўляліся. Адныя казалі, што гэта вельмі складана для іх, другія проста думалі, што я жартую і кідалі трубку. Затое мае сяброўкі ўдзячныя за тое, што я таксама ім зэканоміла грошы. Не спатрэбіліся ні ўкладкі, ні макіяж».
«Даражэй за ўсё нам абышлася арка з жывых кветак, за яе мы заплацілі каля 300 рублёў. Мы ж хацелі, каб усё было прыгожа пад вадой, каб там у нас была сапраўдная цырымонія, а не абмен пярсцёнкамі. А! І за паветра давялося заплаціць па 20 рублёў на чалавека», — смяецца Яна.
Агулам цырымонія пад вадой на глыбіні 6 метраў доўжылася амаль гадзіну.
За гэты час у маладых спыталіся, ці згодныя яны пабрацца шлюбам. Для гэтага раздрукавалі спецыяльныя таблічкі, якія вядучы цырымоніі, а ім быў інструктар Антона і Яны па дайвінгу Аляксандр Назараў, паказваў маладым. А тыя дружна ў адказ паднялі таблічку са словам «так». Пасля маладыя ў вадзе абмяняліся пярсцёнкамі, затым адбыўся першы танец маладых, пасля там жа, пад вадой, прымалі віншаванні ад сваякоў і сяброў, ну і, канечне ж, нявеста кідала букет.
«Букет я свой забылася ля басейна, таму сяброўкі лавілі букет ужо на паверхні вады. Але, каб ён даплыў па вадзе, давялося дадаваць у букет кавалак арматуры. Сяброўка, што злавіла букет, пажартавала, што цяпер таксама будзе вымушаная распісвацца пад вадой», — кажа Яна.
Наогул, з’яўленне нявесты ў раздзявалцы басейна не прайшло незаўважаным.
«Натуральна, людзі, што былі ў той дзень у аквапарку, аж міргалі, калі бачылі мяне. Нявеста ў вэлюме ў басейне, што гэта? І пакуль доўжылася цырымонія, у аквапарку ніхто не плаваў. Усе дзівіліся на нас, стоячы ля парэнчаў басейна», — расказвае Яна.
Праз два тыдні пару чакае афіцыйны роспіс у ЗАГСе, а пасля Яна і Антон зноў возьмуць аквалангі і паедуць у мядовы месяц у Егіпет, каб і яго правесці пад вадой.
Каментары