Хлопчык з галоднай Пярэспы, які дапамагаў круціць жорны рэпрэсій
Унук Андрэя Александровіча, уплывовага літфункцыянера трыццатых гадоў, перадаў мне электронную версію запісной кніжкі дзеда з вершамі. Гэтыя вершы напісаныя ў ГУЛАГу, куды Александровіч трапіў ў 1938-м. А перад тым ён, як лічылі сучаснікі, сам адправіў туды шмат каго. Піша Ганна Севярынец.
Была пры Сталіне такая практыка: перш чым адправіць чалавека на расстрэл, яго пясочылі ў прэсе і на сходах. Сярод беларускіх пісьменнікаў тады рэпрэсавалі 90 працэнтаў. Сярод пазасталых 10 працэнтаў злавесную ролю адыгралі Лукаш Бэндэ і Айзік Кучар. А таксама Андрэй Александровіч. Першыя два перажылі сталінскі перыяд у дабры і сытасці. А вось апошні сам трапіў у тыя жорны, якія дапамагаў круціць.
Злачынства без пакаяння
Ці ведае гісторыя літаратуры факты публічнага пакаяння літгенералаў, што спрыялі рэпрэсіям супраць сваіх калег? Я такога не прыгадаю. Не сустракала я мастацкіх тэкстаў ці мемуараў, у якіх чалавек пераасэнсоўвае гэты досвед: калі ты вымушаны падпісваць расстрэльныя паперы на сяброў.
Усё, што мы ведаем пра пакуты сумлення высокіх чыноўнікаў ад літаратуры, вядома на ўзроўні чутак.
Напрыклад, што літаратуразнаўца Іраклій Андронікаў, вінаваты ў арышце Данііла Хармса і Мікалая Забалоцкага, потым адчайна падтрымліваў жонку Хармса: насіў ёй прадукты, перадаваў грошы, дапамог перахаваць, а потым і выдаць тэксты з архіва Хармса.
Па ўспамінах савецкага класіка Леаніда Лявонава, Аляксандр Фадзееў (а ім былі падпісаны сотні арыштных папер на савецкіх пісьменнікаў) аднойчы сказаў: «Цяжка, Лёня, жыць са скрываўленымі рукамі».
Карней Чукоўскі тлумачыў самазабойства Фадзеева пакутамі сумлення, што, аднак, ніякім чынам не адлюстравана ў пасмяротным лісце шматгадовага генсака Саюза пісьменнікаў СССР.
Беларуская літаратура трыццатых таксама ведае спробу «высокапастаўленага суіцыду»: у 1937 годзе перарэзаў сабе горла Міхась Клімковіч, старшыня Саюза пісьменнікаў БССР. Праўда, невядома, колькі ў гэтым учынку было сумлення (і ці было) — а колькі жаху перад рэпрэсіямі.
Шкада, што літаратары, якія дажылі да вольных часоў, не рэфлексавалі публічна над уласнымі даносамі і здрадамі.
Пладавіты мемуарыст Максім Лужанін (памёр у 2000 годзе) ані слоўцам не ўзгадаў сваю непрыглядную ролю сексота пры Якубе Коласе, не паспрабаваў апраўдацца ані перад сабой, ані перад чытачом.
Удумлівы крытык Антон Адамовіч так і не апрылюдніў сваіх думак пра супрацу з НКВД. Па-людску гэта цалкам зразумела, але з пункту гледжання спасціжэння феномену масавых рэпрэсій — надзвычай шкада. Той даносчык, хто паспрабаваў бы зразумець самога сябе, зрабіў бы для выкрыцця агульнага злачынства больш, чым ахвяра.
Брат старэйшай сястры
Няшмат хто з беларускіх літаратараў нарадзіўся ў хрэстаматыйнай нішчымніцы, але Андрэй Александровіч выбіваўся ў людзі менавіта з яе. Ягоны бацька, фабрычны рабочы, памёр рана, і двух дзяцей, Алесю і Андрэя, гадаваў айчым, шавец з Пярэспы — гэта раён цяперашняга скрыжавання праспекта Машэрава і Старавіленскага тракта.
Алеся, надзвычай прыгожая і разумная дзяўчына, спявала ў легендарным хоры Уладзіміра Тэраўскага, была «сваёй» у «Беларускай хатцы». У яе быў моцна закаханы Міхась Чарот, а спевы ейныя да слёз любіў Янка Купала. Такім чынам, мастацкі свет адкрыўся Андрэю Александровічу лёгка і па-свойску, праз старэйшую сястру.
Лёс Алесі Александровіч складзецца драматычна. У 1926 годзе яна выйдзе замуж за тагачаснага Пастпрэда БССР пры ўрадзе РСФСР Міхася Мароза, народзіць двух сыноў. У 1937-м Мароз будзе арыштаваны, атрымае 10 год лагераў і з Сібіры ўжо не вернецца. Алеся будзе працаваць настаўніцай, бібліятэкаркай, потым — у музеі Купалы, складзе не адну чытанку-хрэстаматыю па беларускай літаратуры. Памрэ ад анкалогіі зусім маладой, у 1947 годзе, так і не дачакаўшыся мужа.
Тут, у «Беларускай хатцы», у аматарскім тэатры Уладзіслава Галубка, Александровіч пазнаёміўся з 16-гадовым Алесем Дайлідовічам, што граў у спектаклях і пакрысе папісваў вершы. Паспрабаваў гэта рабіць і Андрэй — атрымалася. Праз некалькі гадоў аднакласнікі па Белпедтэхнікуме будуць успамінаць, што сярод маладых паэтаў хуткасцю вершавання і бадзёрасцю рыфмаў вылучаліся двое: Дайлідовіч-Дудар і Александровіч. Паміж імі заўсёды трымцела жартаўлівае, але заўважнае суперніцтва.
Было, праўда, і такое: трапіў Андрэй пад уплыў рускіх шавіністаў і заявіў на ўроку, што беларуская мова — рэч нікому не патрэбная. За гэта настаўнік, якога звалі Язэп Лёсік, выгнаў Александровіча з класа і хацеў дабіцца ягонага выключэння. Але з гаваркім маладзёнам правялі выхаваўчую работу і ва ўстанове пакінулі.
З 1923 года Александровіч — у камсамоле. Актыўнічае, заводзіць знаёмствы. Разам з Дударом і Анатолем Вольным яны выконваюць тэрміновую замову камсамольскага ЦК — даць краіне савецкі прыгодніцкі падлеткавы раман. Калектыўны твор пад назвай «Ваўчаняты» б’е ўсе рэкорды продажу: да таго, як ягоных аўтараў пачнуць цягаць па допытах, раман будзе перавыдадзены пяць разоў.
Увогуле, некаторы час гэтая тройца сябруе не на жарты: «У тагачаснай «Савецкай Беларусі» склалася група супрацоўнікаў газеты, якая задавала тон усёй працы, асабліва ў справе асвятленьня пытанняў культуры і літаратуры. Гэта былі Александровіч, Вольны і я», — напіша пазней Дудар. Але пакрысе сябры пачынаюць адзначаць: Андрэю цікава не тое, што можа ён даць камсамолу, а тое, што камсамол можа даць яму. Для рамантыкаў дваццатых такая пазіцыя была не надта прымальнай, і пра кар’ерызм Александровіча пачынаюць пагаворваць паміж сабой. «Яго ідэалам з’яўляецца забяспечанае «капейкаю на чорны дзень» спакойнае сямейнае жыццё, і дзеля гэтага ён робіць усё магчымае, каб забяспечыць сабе добрую службовую кар’еру. Ён ніколі не браўся за працу, якая невысока аплачваецца. Да таго ж, каб забяспечыць сабе кар’еру, ён імкнуўся заўсёды быць на віду», — жорстка сфармулюе ў трыццатыя былы сябра Алесь Дудар.
Цяжка вінаваціць у імкненні да лепшага жыцця хлопчыка з галоднай Пярэспы.
Чыноўнік з Савецкай
Андрэй Александровіч, выбіўшыся ў людзі, жыў на самай прэстыжнай менскай вуліцы — Савецкай, якая з часам стане праспектам: Сталінскім, Ленінскім, Скарыны і, нарэшце, Незалежнасці. Гэта ў яго на кватэры па вечарах збіраўся тагачасны палітычны бамонд: наркам земляробства Зміцер Прышчэпаў, намеснік наркама Алесь Адамовіч, намеснік старшыні Белдзяржвыдавецтва Пятро Ільючонак і, вядома ж, прыяцелі-пісьменнікі. Адсюль, з гэтых вечарын, Александровіч вынесе потым скандальную паэму «Цені на сонцы», дзе апрылюдніць чуткі і плёткі пра цьмянае буржуазнае мінулае, контррэвалюцыйныя настроі і небяспечныя сваяцтвы калег па літаратурным і палітычным полі. Рэпрэсіі пачатку трыццатых, пасля якіх з Беларусі будуць высланыя болей за сто культурнікаў, аўтара палымянай паэмы абмінуць.
З 1934 года Андрэй Александровіч — намеснік старшыні праўлення беларускага Саюза пісьменнікаў. Партыйная дысцыпліна сярод падначаленых — ягоны клопат. Яшчэ галава баліць за беларускую мову: занадта шмат дыялектызмаў і наватвораў нацягнулі ў яе праклятыя нацдэмы, імкнучыся адарваць Беларусь ад старэйшай сястры, Расіі. За ўдзел у складанні зрусіфікаванага руска-беларускага слоўніка і актыўную працу па рэфармаванні беларускай арфаграфіі ён прызначаны дырэктарам Інстытута мовы Акадэміі навук.
Чыноўнік з Александровіча энергічны і круты. І ніводзін разгромны даклад не абыходзіцца без таго, каб ён не спляжыў былых сябрукоў Вольнага з Дударом.
Вязень ГУЛАГа
Але ў чэрвеньскім нумары часопіса «Полымя» за 1937 год у раздзеле «Хроніка» рэдакцыя паведамляе: «Агульнае абурэнне выклікала паведамленне аб дзейнасці намесніка старшыні праўлення ССПБ Александровіча. У сваіх выступленнях пісьменнікі Куляшоў, Кучар, Галавач, Крапіва, Лынькоў, Чорны, Глебка і іншыя расказалі сходу аб тым, якімі бруднымі шляхамі ў сваім мінулым ішоў да гэтых двурушніцкіх спраў Александровіч. Пісьменнікі расказалі аб склочніцтве і кар’ерызме Александровіча, які акружыў сябе «сваімі» людзьмі, многія з якіх выкрыты як ворагі народу. Ён адпомшчваў таварышам за малейшую спробу крытыкі яго творчасці і работы ў праўленні ССПБ».
Цяпер пад тыя самыя колы трапіў і ён сам: Андрэя Александровіча шальмавалі ў прэсе, выцягнуўшы на свет тую самую паэму «Цені на сонцы», напісаную, як цяпер казалі, па замове ворагаў. Яго выключылі адусюль, пазбавілі ўсіх магчымых пасад, ён перабіваўся перакладамі і артыкуламі ў другарадных газетах, а праз год, у ліпені 1938-га, быў арыштаваны і пасля нядоўгага разбіральніцтва асуджаны на 15 гадоў лагера.
У 1938—1947 гадах ён працуе на будоўлі Нарыльскага металургічнага камбіната, відавочна «выпраўляецца» — яму нават скарачаюць тэрмін зняволення да 8 гадоў. У 1947 годзе Александровіч вяртаецца ў Менск.
З ім вяртаецца і сям’я: жонка паехала за ім на выгнанне разам з сынам Радаславам.
Барыс Сачанка згадваў: «Калі ён вярнуўся па адбыцці кары ў 1947 годзе і паставіў пытанне аб аднаўленні ў правах члена Саюза пісьменнікаў, Янка Маўр сказаў: «Мы ж толькі і жыць пачалі, калі цябе забралі. А цяпер ты зноў з’явіўся, зноў захочаш барацьбу з усімі весці». Андрэй Александровіч такія словы Маўра ўспрыняў як чорную несправядлівасць.
У 1949-м Александровіча арыштоўваюць зноў: тады ішла хваля масавых арыштаў былых вязняў, якіх былі вызвалілі пасля вайны. Цяпер ён асуджаны да вечнага пасялення ў Краснаярскім краі.
Дзед
Алег, унук Андрэя Александровіча, там, у Канску, і нарадзіўся. Але дзядулю ён памятае ўжо ў Менску, у 1955-м сям’і дазволілі вярнуцца ў Беларусь. У свае 50 гадоў ён выглядаў як дзед дзедам: быў стомленым, спакутаваным туберкулёзнікам. Унукам асабліва не дазвалялася гасцяваць у дзеда-сухотніка, толькі летам, калі кашаль дзеда троху адпускаў, ён прыязджаў да ўнукаў на дачу ў Тарасава. Тут разам з дзедам унукі лавілі рыбу і ракаў, слухалі расповеды пра Пярэспу, Старажоўку, плотак і акунёў у Свіслачы. Памятае ўнук таксама кіслародныя падушкі і роспач бабулі.
«Ніяк не могуць дараваць мне нечага»
Сын Андрэя Іванавіча, Радаслаў, сабраў усю бацькаву друкаваную і недрукаваную спадчыну і склаў самаробны зборнік успамінаў пра бацьку — светлых, сяброўскіх.
Сярод гэтых успамінаў ёсць і запісы паэта-камуніста з Заходняй Беларусі Міхася Машары. Ён згадвае сваю апошнюю гутарку з моцна хворым Александровічам.
«А мне не хочуць верыць мае старыя таварышы, — гаварыў ён, — што мае радкі выходзяць у мяне ад шчырага сэрца. Ніяк не могуць дараваць мне нечага. Партыяй прызнаны невінаватым, а яны ўсё бочуцца і цураюцца мяне.
— Відаць, ты іх сапраўды моцна нечым пакрыўдзіў у дні твайго ўзлёту, калі ты быў старшынёй пісьменніцкага саюза.
— Не ведаю, чым я мог іх пакрыўдзіць тады. Я дбаў аб нашай літаратуры, як шчыры камуніст.
— Бачыш, Андрэй, павінен табе прызнацца. Я па радыё, зусім выпадкова, праслухаў увесь твой даклад аб беларускай паэзіі на ІІІ-м Пленуме Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР, які адбываўся ў Мінску.
— Думаеш, што гэты даклад яны не могуць мне дараваць?
— Па-мойму, ты быў у гэтым дакладзе не зусім аб’ектыўны. Шчодра вешаў ярлыкі нацдэмаўшчыны на такіх пісьменнікаў, якія ў часе жорсткага выпрабавання, у часе Вялікай Айчыннай вайны, паказалі сябе вялікімі патрыётамі сваёй Савецкай Радзімы i шчырымі камуністамі. Я гэта рашуча сцвярджаю, бо ўсё адбывалася на маіх вачах.
— Значыць, ты слухаў гэты мой злашчасны даклад. Калі жадаеш, можаш яшчэ раз прачытаць яго. Мне вярнулі стэнаграму гэтага даклада.
— Не трэба. Я яго добра памятаю.
— Праўда, зараз я вельмі шкадую, што зрабіў такі даклад. Быў малады, лічыў сябе правільным рэвалюцыянерам-камуністам. Адказваў за пісьменніцкі саюз i баяўся, каб наша маладая беларуская савецкая літаратура не скацілася ў нацдэмаўскае балота.
— Ну, бачыш, што гэтага не сталася, хоць наша літаратура развівалася далей без цябе, без твайго дбайнага кіраўніцтва.
— Твая праўда, я там, мабыць, занадта перасаліў. Але чаму ж мяне не паправілі ў ЦК? Там жа правяралі ўвесь мой гэты даклад?
— На ЦК ты не звальвай. Там цябе лічылі спецыялістам ад літаратуры і верылі табе як члену ЦК.
— Твая праўда. Гэта мая залішняя пільнасць і рэвалюцыйны запал прынеслі шмат каму бяды, а найбольш мне асабіста. Я ўжо даўно каюся ў гэтым.
— Усё гэта мінула, перажылося. I табе толькі здаецца, што твае былыя сябры адносяцца да цябе насцярожана, нядобразычліва. Ты ж бываеш на пісьменніцкіх сходах. Сустракаешся са старымі таварышамі, і ўсе яны адносяцца і прымаюць цябе як старога таварыша. З павагай і спагадліва адносяцца да тваіх пакутаў, да перажытых цярпенняў.
— Што датычыцца майго праклятага даклада, тут я лічу сябе вінаватым. Але я адпакутаваў у некалькі столак. Вось ты гаворыш аб сваім нялёгкім жыццёвым шляху, аб польскай дэфензіве, аб карных лагерах і астрогах. Разумею, што гэта было цяжка. Але недзе там, у глыбіні душы, заўсёды жыло такое пачуццё, што ты цярпіш і пакутуеш за сваю ідэю, за свой працоўны народ, і гэта давала табе сілы і веру ў перамогу. А вось я не меў гэтага. Цяжка было пераносіць пакуты без віны ад сваіх. Аднак гэта не парушыла маіх перакананняў. Я заставаўся на ўсім працягу маіх чорных дзён шчырым камуністам, хоць ніхто мне не верыў, не прызнаваў маёй нявіннасці. Я павінен быў нават глыбока хаваць, што радуюся перамогам маёй краіны i яе поспехам. У гэтым была мая найвялікшая пакута».
Невядома, ці была гутарка дакладна такою. Магчыма, яна была зусім не такой тактоўнай — заходнебеларускія камуністы ў пачатку 60-х ужо не так асцярожнічалі.
З таго самага даклада, які калегі не маглі дараваць Александровічу:
«Ахвосце разгромленага, але недабітага нацдэмакратызму, дзякуючы прытупленню класавай пільнасці некаторых выдавецкіх работнікаў, змагло пралезці ў наш друк з рэваншысцкімі контррэвалюцыйнымі вылазкамі. Вазьміце М.Лужаніна, які вытрымлівае контррэвалюцыйны стыль «самабытнасці», ужываючы такія словы, пасля якіх абавязкова трэба даваць самае шырокае тлумачэнне, але ад якіх, па Лужаніну, вее «першабытнай прастатой і свежасцю». Мова ў аповесцях Калюгі — гэта выразная, кулацкая, хутаранская мова, і яна арганічна выцякала з кулацкай нацыяналістычнай сутнасці яго творчасці. Мова ў вершах Таўбіна — вычурная, штучна-кніжная, жарганізіраваная — таксама арганічна выцякала з буржуазнае сутнасці твораў Таўбіна, гэтага паўпрэда ў літаратуры буржуазнай кулацка-нацыяналістычнай інтэлігенцыі».
Аўтарка і рэдакцыя дзякуюць супрацоўніку Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Віктару Жыбулю за дапамогу пры падборы ілюстрацый да артыкула.
Каментары