Чыноўнікі адрэагавалі на матэрыял «НН»: развязкі ў Плешчаніцах пакуль не будзе, бо дорага

Нагадаем сутнасць гісторыі: на сёння жыхарам Плешчаніц, каб трапіць у мястэчка, даводзіцца прапускаць сустрэчны трафік, які рушыць з Віцебска ў Мінск, а ён досыць інтэнсіўны. Праз гэта тут пастаянна адбываюцца аварыі, хоць хуткасць на ўчастку абмежаваная да 40 км/г.
Цяпер М3 рэканструююць. Мясцовым жыхарам спачатку паабяцалі пабудаваць невялікую развязку, каб машыны маглі раз’ехацца на розных узроўнях. Але цяпер планы ў мэтах эканоміі перагледзелі — і на месцы цяперашняга скрыжавання замест развязкі зробяць бар’ер. А левы паварот увогуле забароняць.
Тым, хто рушыць з Мінска ў Плешчаніцы, прапануюць праехаць некалькі кіламетраў да наступнай развязкі з Р63, а пасля на ёй павярнуць у Плешчаніцы. Атрымліваецца дадатковыя 5 (па падліках Мінтрансу, каля 4) кіламетраў.
Тое самае аварыйнае месца. Уверх сыходзіць дарога ў Мінск, налева — у Віцебск, направа — у Плешчаніцы
Адміністрацыя прэзідэнта адрэагавала на матэрыял «Нашай Нівы» і даручыла Міністэрству транспарту даць тлумачэнні. У адказе ведамства гаворыцца, што каштарысная вартасць праекта складае 64 мільёны рублёў, рэканструкцыя адбываецца за кошт крэдытных сродкаў Банка развіцця.
«Адмова ад будаўніцтва двухузроўневай развязкі пры невысокай інтэнсіўнасці левапаваротных манеўраў дазволіць патанніць кошт будаўнічых работ, а таксама мінімізаваць вырубку зялёных насаджэнняў і паменшыць аб'ём грунту, які дастаўляецца да аб'екта», — лічаць у Мінтрансу.
Па разліках ведамства, перапрабег аўтатранспарту пры выкарыстанні развязкі на перасячэнні дарог М3 і Р63 складзе «каля 4 кіламетраў» (мясцовыя жыхары кажуць пра 5 кіламетраў).
Разам з тым у ведамстве абнадзейваюць, што разгледзяць магчымасць уключэння будаўніцтва гэтай развязкі ў праграму «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады. Праграму якраз пачнуць фарміраваць сёлета.
Каментары