Культура

«Я той самы мастак, які паказаў АМАПу х**». Мастака Кузьміча за яго дзёрзкія акцыі завочна пакаралі 15 суткамі

Мастак Аляксей Кузьміч ужо два месяцы жыве за мяжой. Але беларускі суд пра яго памятае: днямі Аляксей даведаўся, што за дзёрзкую акцыю на выбарчым участку яго завочна пакаралі 15 суткамі.

Фота Сяргея Балая, Tut.by

Паўтара месяца мастак правёў у Кіеве. Цяпер жыве на два гарады — Парыж і Берлін.

«У Парыж я паехаў да сяброўкі. Мне там спадабалася, я б і застаўся, але ўвялі жорсткі каранцін на месяц — была магчымасць толькі гадзіну на суткі выходзіць на вуліцу. Натуральна, я збег з парыжскай турмы, бо ў турмах сядзець не вельмі люблю, — усміхаецца Аляксей. — Прыехаў у Берлін па запрашэнні адной рэзідэнцыі. Цяпер жыву тут, даследую розныя тэмы па мастацтве».

9 жніўня мастак прыйшоў на выбарчы ўчастак выказаць сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне. З кабінкі для галасавання ён выйшаў у набедранай павязцы і з бюлетэнем з намаляваным фалічным сімвалам. Увечары ён паўтарыў гэтую ж акцыю на вуліцы перад АМАПам.

Фота Шуры Піліповіч-Сушчыц

10 жніўня ад самай раніцы людзі ў масках пачалі ламіцца да Кузьміча ў кватэру. У абед ён разам з адвакатам пагадзіўся праехаць у Цэнтральнае РУУС.

«На мяне склалі пратакол, двое сутак трымалі ў аддзяленні ў жорсткіх умовах: на 15 квадратных метрах сядзела 30 чалавек без ежы, пару разоў на суткі была магчымасць папіць і схадзіць у прыбіральню. А пасля прыехаў АМАП: нас прагналі праз калідор дубінак, пасадзілі ў аўтазак, прывезлі на Акрэсціна, зноў прагналі праз калідор.

На Акрэсціна я знаходзіўся гадзіны тры-чатыры. Потым прыехала брыгада хуткай дапамогі і звезла мяне ў бальніцу. Мне пашанцавала: я стаяў ля ўвахода ў камеру і дактары звярнулі на мяне ўвагу», — успамінае тыя дні мастак.

З ізалятара ён выйшаў у кровападцёках.

«Было адчуванне таго, што ты ў адзін момант пазбаўляешся ўсіх правоў, ператвараешся з чалавека ў нейкі аб’ект, над якім могуць чыніць любыя маніпуляцыі, і ты не маеш права запярэчыць. Да мяне было асаблівае стаўленне.

Калі праз сарафаннае радыё разнеслася інфармацыя, што я той самы мастак, які паказаў АМАПу х**, адразу пачаўся псіхалагічны ціск і пайшлі ў ход дубінкі. Пагражалі, што я не выйду адсюль ці выйду інвалідам».

Заяву на дзеянні сілавікоў Аляксей не падаваў — не бачыў у гэтым сэнсу.

Пра тое, што 23 верасня адбыўся суд, мастак даведаўся толькі цяпер. Хоць у пастанове суда напісана, што яго папярэдзілі поштай пра час і месца пасяджэння.

«Я думаў, яны, наадварот, паспрабуюць схаваць інфармацыю, што я калісьці быў на Акрэсціна і ў РУУС, бо ніякіх пратаколаў на рукі ні мне, ні адвакату не давалі», — кажа Аляксей.

Суд вырашыў, што сваёй акцыяй на выбарчым участку мастак парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян і праявіў яўную непавагу. Сведкай выступіла назіральніца Л. Н. Гераськова. За хуліганства (арт. 17.1 КаАП) суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня дала мастаку 15 сутак.

Вяртанне на радзіму пачнецца з нар, жартуе Кузьміч.

«Я збіраюся прыехаць у Беларусь, усё ж такі я мастак кантэксту, і цяперашняя сітуацыя ў краіне надзвычай важная для таго роду мастацтва, якім я займаюся. Але пакуль я ў вымушанай эміграцыі, адпачынку. Неабходна з боку паглядзець на тое, што адбываецца, адрэфлексаваць гэтыя працэсы. Я не падаваўся на бежанства і не планую быць імігрантам. Хутчэй я адчуваю сябе як турыст».

Каментары

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь35

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

У Іспаніі затрымалі беларуса, якога называюць адным з лідараў злачыннай міжнароднай хакерскай групоўкі

Telegram патлумачыў глабальны збой вайной на Блізкім Усходзе

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому7

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

У цэнтры Брэста паставілі незвычайны арт-аб'ект

Трэснуў будынак гімназіі ў Віцебску, вучняў перавялі ў іншыя школы

«Усе фігачылі па орках з усмешкай на твары. Мяне затрохсоцілі, і ўсмешкі зніклі»27

Прадзюсара Аляксандра Чахоўскага будуць завочна судзіць ужо другі раз

Вынеслі прысуды фігурантам справы аб падрыве самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах — да 25 гадоў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь35

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →