Па прозвішчы часта можна дакладна вызначыць, з якога рэгіёна Беларусі паходзяць вашы продкі.
Той, каму давялося расці на вёсцы, памятае: вясковыя роды называлі па мянушках. Калі ў вёсцы дванаццаць сем’яў Герасімчыкаў, мянушкі — найпрасцейшы сродак указаць на патрэбнага чалавека. Яны даваліся найчасцей ад імені дзеда або прадзеда. Або — бабы, мамы, калі жанчыны былі ў сям'і заўважнымі. Адны Герасімчыкі маглі быць Казімірчыкамі, другія — Апанасавымі, а трэція — Ганнусінымі…
З такіх родавых мянушак 500 гадоў таму фармаваліся прозвішчы. Як? Гэтым займаліся бюракраты Вялікага Княства Літоўскага.
Шляхта прагнула прозвішчаў
Першымі ў канцы XV ст. прозвішчы займелі баяры-шляхта. Спачатку яны не былі сталымі. Сыны баярына Грынькі рабіліся Грынковічамі, але дзеці ягонага сына Багдана ўжо былі Багданавымі Грынковічамі. Яшчэ праз пакаленне пра Грыньку маглі і забыцца, ператварыўшыся ў Багдановічаў…
Але Багдановічам цяжка было пацвердзіць свае правы на сяло, якое вялікі князь даў іх дзядам-Грынковічам. Таму чым больш дзяржаўная канцылярыя стварала папер-прывілеяў, тым важней для шляхціца было зафіксаваць сваё прозвішча раз і назаўжды.
Сяляне ж яшчэ ў пачатку XVI ст. прозвішчаў не мелі. Каму справа да селяніна, які жыў на хутары, мог вольна перамяшчацца па краі і быў эканамічна незалежны? Прозвішчы сялянам пачалі даваць кантрольныя органы ВКЛ. Адбывалася гэта ў сярэдзіне XVI ст., падчас Валочнай памеры 1557 г. — гіганцкай аграрнай рэформы.
Сялян «прымацоўвалі» да зямлі, высялялі ў вялікія вёскі і перапісвалі, дадаючы да імені імя па бацьку або мянушку, якія цяпер раз і назаўжды рабіліся прозвішчамі.
Лук’яновіч і Бабровіч
Тыя з іх, што паходзяць ад імя продка, называюць патранімічнымі. Большасць іх у беларусаў маюць суфікс -іч. Вось колькі іх у адным Попісе Гродзенскай каралеўскай эканоміі XVI ст.: Лук’яновіч, Івановіч, Ляўковіч, Амельяновіч, Хоміч, Навумовіч, Жуковіч, Васілевіч, Паласковіч, Міцкевіч, Козіч, Ячкевіч, Дашкевіч, Грынкевіч, Ламановіч, Зімаковіч, Бабровіч…
«Прозвішчы на -іч — адзнака славянскага паходжання, — расказвала «Нашай Ніве» светлай памяці доктар філалагічных навук Валянціна Лемцюгова. — Яны характэрныя не толькі для беларусаў, але і для заходніх і паўднёвых славян. У беларусаў суфікс -іч не меў саслоўных абмежаванняў, а ў Расіі прозвішчы на -іч атрымлівалі толькі прадстаўнікі вышэйшых колаў грамадства з царскага дазволу».
Таксама да групы патранімічных прозвішчаў, найбольшай і найстаражытнейшай, адносяцца тыя, што сканчаюцца на -ук (-юк), -эня (-еня), -энка (глядзі мапу).
Юркойць і Даўгяла
У беларускіх прозвішчах адбілася тысячагадовае суіснаванне славянаў з балтамі: часта славянскі корань спалучаўся з балцкім суфіксам — як у прозвішчы Даўгяла (корань «доўгі») ці Юркойць (ад Юркі).
А вось Гедройць — цалкам балцкае найменне, якое пазначае таго, хто нечым праславіўся.
Берман і Дзерман
Уплывы маглі быць не толькі балцкія. Сярод экзатычных — нямецкія.
Часцяком нямецкі пан-каланіст запісваў усіх сваіх сялянаў уласным прозвішчам, каб абазначыць гэтым права на ўладанне імі. Так з’явіліся Берманы, Дзерманы. Магчыма, так перараджаліся і некаторыя старыя балцкія прозвішчы (Шэйман).
Нелюбы і Пазнякі
Многія прозвішчы паходзілі ад мянушак і дахрысціянскіх імёнаў. Людзей тады называлі проста. Дзіця, народжанае апошнім, празывалі Пазняк. Хто адно дзіця ў сям'і — той Адзінец. Хто трэці — той Траццяк. Доўгачаканы — Ждан, нечаканы — Няждан.
Бывалі імёны татэмныя — ад звера ці дрэва, якому племя пакланялася (так, у летапісах трапляюцца Воўк, Воўчы Хвост), былі імёны ахоўныя, пакліканыя «падмануць» злыя сілы — Нелюб (каб любілі), Дыхля (каб здаровы быў).
Царква, выціскаючы паганства, змушала замяняць старыя імёны на хрысціянскія (у летапісах сустракаем прыклад літоўскіх князёў — Вітаўт рабіўся Аляксандрам, Ягайла — Уладзіславам).
Скарына і Гоўша
Дый Скарына — не ад скарынкі, кажа прафесар Лемцюгова.
Скарына — скарочанае старажытнае імя, тыпу Скараслаў, Скарагост, Скаравой, Скарамір. Частка прозвішчаў — такія добра забытыя імёны, накшталт Гоўша, Дымша.
Пераходзілі ў прозвішчы і скарочаныя формы: Мечык, Віліч, Стасік…
Нават такое, здавалася б, відавочнае прозвішча Трус — скарочанае ад Пятро, Пятрусь, Петрус.
Місюта, аказваецца, размоўны варыянт царкоўнага імя Міхаіл.
Масу варыянтаў мае Аляксандр. Самыя экзатычныя з іх — Шаша, Шоша.
Але Валянціна Лемцюгова перасцерагала: даследаванне гісторыі кожнага прозвішча вымагае індывідуальнага падыходу, міні-даследавання. Верыць у сямейныя легенды і тлумачэнні, якія, здавалася б, ляжаць на паверхні — небяспечна.
Тут як з назвамі населеных пунктаў:
Шапчыцы — не ад шапкі, знойдзенай там, а ад нашчадкаў чалавека з такой мянушкай ці прозвішчам. Пількаўшчына — не ад пілаў, якія ламаліся, а ад імя ўласніка зямлі, якога звалі Піліп, Пілька.
Кухта і Стэльмах
Наступная пасля патранімічных па колькасці група прозвішчаў з Попісу Гродзенскай каралеўскай эканоміі — ад асаблівасцяў выгляду: Коўш, Чарэпка, Казелак… Безумоўна,
не трэба абмінаць і прозвішчы, звязаныя з заняткам чалавека. У XVI ст. іх працэнт быў невялікі, але з часам Стэльмахі (у «Слоўніку паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» Стэльмах — той, хто робіць калёсы, калёснік), Рымары, Рымарчукі (рабілі вупраж для коней), Бондары (выраблялі цэбры, бочкі — бонды), Мясніковічы (былі рубшчыкамі мяса) з’яўляюцца ўсё часцей і часцей, адзначае А. Вашкевіч.
Тое самае паходжанне ў прозвішча Кухто, лічыць Валянціна Лемцюгова. Кухта — гэта памочнік кухара. А націск на -о ў такіх прозвішчах з’явіўся ад пазнейшага, часоў Расійскай імперыі, імкнення надаць ім «благозвучность». Тады з’явіліся Лапато, Капусто, Лапо, Козел і ім падобныя.
Цікавая гісторыя прозвішча Царук, Царык, Цароў, Царэвіч, Царэня. Адкуль у Беларусі «цар»? Аказваецца, «царом» называлі старшага валачобніка, які меў упрыгожаную бліскучую шапку. Хто выконваў ролю «цара», за тым і замацоўвалася такая мянушка.
Рабіновічы з’явіліся апошнімі
Найпазней жа ў Беларусі прозвішчы з’явіліся ў габрэя.
Улады Рэчы Паспалітай не ўмешваліся ў жыццё габрэйскай грамады, адносіны з ёю абмяжоўваліся атрыманнем падаткаў, якія збіраў сам кагал. Напрыклад, з дванаццаці габрэяў, якія мелі пляцы ў 1704 г. у мястэчку Сапоцкін, прозвішчы мелі толькі шасцёра. Прычым прозвішчы яўна паходзілі ад мянушак, звязаных з выглядам, — Іцка Вясло або Азік Чарток.
А калі царская адміністрацыя пачала браць габрэяў у рэкруты, забіраць дзяцей у кантаністы, пачалося прымусовае наданне беларускім габрэям прозвішчаў, прычым часта па той самай схеме, што і ў беларускіх сялян за трыста гадоў да таго. Так з’явіліся Абрамовічы, Іцкавічы, Абковічы або Зельманавічы.
А Рыўкіны, Соркіны, Рохліны — па імёнах жанчын, маці. У беларусаў такое здаралася радзей, а вось ва ўкраінцаў — даволі часта: Андрусішын, Васілішын, Стэфанішын, Байчышын (ад Андрусіха, Васіліха, Стэфаніха, Бойчыха, г. зн. жонка, удава Андруся, Васіля…).
Рэха прыгону ці поступ прагрэсу?
Нашы прозвішчы — вынік індывідуальнага прыгону, які запанаваў на землях ВКЛ з часоў Валочнай памеры. Там, дзе не было індывідуальнай залежнасці ад пана, не было патрэбы ў прозвішчах.
Яскравы прыклад — балгары, у якіх толькі ў сярэдзіне ХХ ст. замацаваліся прозвішчы. У захопленай асманамі Балгарыі селянін быў вольны, арандаваў зямлю ў дзяржавы і плаціў падатак — харадж. Патрэбы замацоўваць прозвішчы не было, і яго функцыі выконвала імя па бацьку. Іван Кольеў быў сынам Кольі, а ўжо сын Івана быў не Кольевым, а Іванавым. Да сёння ў Еўропе захавалася краіна з сістэмай прозвішчаў, утвораных ад імя бацькі, — Ісландыя, дзе ад часоў засялення вікінгамі панавала дэмакратыя.
Але як у такім выпадку быць з Расіяй, дзе, сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы, сялянскія прозвішчы замацаваліся толькі ў ХІХ ст., а прыгон быў яшчэ больш жорсткі, чым у ВКЛ?
Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расійскія
У Масковіі прозвiшча да XVI ст. было прывiлеем князёў і баяраў. А прозвішча на -іч давалася толькі з дазволу вялікага князя. У «Тысяцкай кнізе» 1550 на тысячу чалавек такія прозвішчы мелі толькі 28. Рэшта прозвішчаў — на -оў або на —ін.
У XVI—XVII стагоддзях прозвiшчы пачалi з’яўляцца ў асяроддзi расійскіх дваран. У XVII—XVIII стст. — у гараджан, у канцы XVIII — пачатку XIX стст. — у духавенства. Сяляне ў Расіі не мелi прозвiшчаў да сярэдзiны ХIХ ст.
Нашы прозвішчы — каштоўны скарб. Ім як мінімум 450 гадоў. А гэта значыць, што насілі іх да нас дзясяткі і нават сотні тысяч людзей, і трэба быць вартымі іх памяці.
Каментары
В жизни бьют не по паспорту, к счастью!